Четверг, 18.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Да 520-годдзя першай згадкі пра Хойнікі ў пісьмовых крыніцах
Амаль 375 гадоў таму, 17 чэрвеня адбылася бітва пад Загаллем

Да 265-годдзя з дня нараджэння Караля Прозара
16 красавіка
210 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча
Да 120-годдзя з дня нараджэння Раісы Кашэльнікавай
Да 115-годдзя з дня нараджэння Якава Жыліцкага
Да 110-годдзя з дня нараджэння Ізраіля Фішмана

Да 105-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Чэчата
Да 95-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Кандрусевіча
Да 90-годдзя з дня нараджэння Змітра Бяспалага
Да 70-годдзя з дня нараджэння Міколы Мятліцкага

Анекдот ад газеты “Наша ніва”:
– Тата, а што бліжэй: Месяц ці Хойнікі?
– Сынку, не дуры галавы. Глянь у вакно,
Месяц бачыш
? А Хойнікі?
..

[тэму людзі на  Хойнікшчыне і на Брагіншчыне,
куды аднойчы метэарыт упаў, разумеюць дакладна:
Менск/Мінск – пуп Зямлі і нават Сусьветаў,

альбо навошта тыя геаграфія з астраноміяй,
калі іх амаль няма на ЦТ?!]

      Хойніцкі раён заснаваны 8 снежня 1926 года. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе Беларусі. З паўночнага захаду мяжуе з Калінкавіцкім раёнам, з паўночнага ўсходу – з Рэчыцкім і Лоеўскім, з усходу і паўднёвага ўсходу – з Брагінскім, з захаду і паўднёвага захаду – з Мазырскім і Нараўлянскім раёнамі Гомельскай вобласці. На поўдні прымыкае да Украіны, мяжуе з Іванкаўскім (да 1988 г. з Чарнобыльскім) раёнам Кіеўскай вобласці.
     Старажытная гісторыя Хойнікшчыны пазнаецца праз археалагічныя помнікі, якіх на яе тэрыторыі да аварыі на ЧАЭС заставалася каля 50-ці, дзяржаўнае значэнне з іх мелі 16. Рэшткі найбольш старажытных стаянак людзей – эпоха мезаліта, 9-5 тыс. гадоў да н.э. – знойдзеныя каля вёсак Барысаўшчына, Краснаселле, Ломыш, Масаны, Хвашчоўка. Вядомыя таксама 29 неалітычных стаянак 4-3 тыс. гадоў да н.э. Іх групы адкрытыя паблізу вёсак Аравічы, Гнездзенка, Ломыш, Хвашчоўка, Краснаселле. Асобныя паселішчы месціліся каля вёсак Барысаўшчына, Гноеў (Віць), Кажушкі, Масаны, Ламачы, Тульгавічы; ёсць таксама помнікі жалезнага веку і... – ні аднаго сярэднявечнага (невялічкі курганны могільнік, магчыма, сярэднявечны, паміж вёскамі Храпкаў і Казялужжа, на пачатку 1980-х гг. быў знішчаны мясцовым сельгаспрадпрыемствам, каб максімальна пашырыць пасяўныя плошчы і даць Радзіме больш хлеба альбо кармоў). Праўда, тутэйшыя скарбашукальнікі сцвярджаюць, што ў наваколлі Хойнік, як і па іншых месцах на тэрыторыі нашага і суседняга Брагінскага раёнаў, сустракаецца шмат сярэднявечных знаходак. Але ж яны – не навукоўцы, а апошнія да нас больш не едуць...   
  Штó з даўнейшай пісьмовай гісторыі нашага рэгіёна падаецца відавочна памылкова ў друкаваных выданнях, у т. л. энцыклапедычных, у залежных ад іх відэаматэрыялах ды на сайце Хойніцкага райвыканкама?
    Найранейшая згадка пра Хойнікі (у арыгінале – Хвоиники ) пазначана  3 (13) днём чэрвеня 1504 года, калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр, вылучыўшы іх і Астраглядавічы з усімі прылегласцямі з Брагінскай воласці, падараваў на вечныя часы за вайсковыя заслугі пану Сямёну Фёдаравічу ПалазовічуЗ яе, як з самага даўняга дакумента, пачынаецца вопіс архіва князёў Шуйскіх са збору "Archiwum Prozorów i Jelskich", што захоўваецца ў фондах Галоўнага архіву старых актаў у Варшаве (Archiwum Główny Akt Dawnych). А вядомае  абмежаванне Брагінскай воласці (альбо "hrabstwa" ў кнізе Мазырскага гродскага суда 1776 года) ад 7 (17) сакавіка 1512 г., якое выконвалася на загад караля Жыгімонта Старога дзеля чалабітнай князя Міхаіла Васільевіча Збаражскага, было адначасова і размежаваннем яе з добрамі С. Палазовіча. Мяжа прайшла паміж брагінскім сялом Лісцвін і месцам, дзе пазней узнікла хойніцкая слабада Паселічы. Адпаведна, пра самыя Хвойнікі ў тым абмежаванні звестак няма і быць не магло, бо – геаграфічна занадта далёка.

       Уладальнікі Хойнікаў і Астраглядавічаў (наступна ад пачатку XVI ст.): пан Сямён Фёдаравіч Полаз ("Polusz miles Ruthenus insignis" (слаўны русінскі ваяка Полаз), "Polus Rusak, sławny kozak", як назвалі яго польскія гісторыкі Justus Ludwik Decjusz і Marcin Bielski) альбо Палазовіч, яго зяць князь Дзьмітры Раманавіч Любецкі (Відэніцкі), яго жонка княгіня Фенна Сямёнаўна (з роду Полазаў) Любецкая, іх сын князь Богуш Дзьмітрыевіч Любецкі, яго сястра князёўна Фенна Дзьмітрыеўна Любецкая, яе муж пан Шчасны (Фелікс Адаукт) Харлінскі, іх сын пан Мікалай Харлінскі, пан Мікалай Абрагамовіч (Абрамовіч), пан Максіміліян Бразоўскі, яго дачка пані Зофія, княгіня Шуйская, яе муж князь Канстанцін Ян Шуйскі, іх сын князь Дамінік Ян Шуйскі, яго сын князь Мікалай Шуйскі, яго брат князь Ігнацы Шуйскі, яго жонка пані Людвіка (з роду Збароўскіх), княгіня Шуйская, іх сын князь Адам Шуйскі, яго жонка княгіня Марыяна (з роду Халецкіх) Шуйская, іх дачка князёўна Людвіка Канстанцыя Шуйская, яе муж пан ("граф") Караль Прозар, іх сын пан Уладзіслаў Прозар (апошні ўладальнік і самога мястэчка Хойнікі), яго сын пан Мечыслаў Прозар, яго сын пан Канстанцін Прозар. Гэта ўсё – землеўладальнікі з паноў-братоў шляхты. У 1887 г. хойніцкай часткай усяго маёнтку авалодалі расійскія купцы Міхаіл Пятровіч Авраамаў і Гаўрыла Сямёнавіч Курындзін, аднак, у "Списке землевладельцев Минской губернии. 1911 г." названыя адно браты Андрэй Міхайлавіч, Сямён Міхайлавіч, Васіль Міхайлавіч, Мітрафан Міхайлавіч, Іван Міхайлавіч Аўраамавы; Курындзіных няма. Гэткай сітуацыя, відавочна, заставалася і на восень 1917 года.
   Ад пачатку Хойнікі належалі не да Брагінскага графства князёў Вішнявецкіх, пра што зацята сцвярджалі даведнікі, пачынаючы з "Беларускай савецкай энцыклапедыі" (Т. XI. Мінск, 1974. С. 70). Пра тое графства ў XVI ст. нават і дзедзічы маёнтку Брагінскага ні разу не згадалі. Адзіны, хто ўпершыню ажно ў 1733 г. назваўся "графам на Брагіне", быў князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, які спачыў у 1744 г. Іншых "графаў" тут да часоў новых уладальнікаў, паноў Ракіцкіх, не было! Да лета 1504 г. Хвойнікі былі ў Брагінскай воласці Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З 1569 г., напярэдадні ўтварэння федэратыўнай Рэчы Паспалітай, будучы райцэнтр і большая частка раёна адным росчыркам пяра караля Жыгімонта Аўгуста апынуліся ў межах Кароны Польскай, а заходняя яго частка, па збольшага няроўнай лініі Хвойнае – Куравое – Небытаў – Настолле – Барысаўшчына – Тульгавічы, у складзе Мазырскага павету была далучаная да Мінскага ваяводства ВКЛ. Ад 1793 г. пасля другога падзелу Речы Паспалітай Хойнікшчына сталася часткаю Рэчыцкага павету спачатку Чарнігаўскага намесніцтва, а з 1797 г. – Мінскай губерні Расійскай імперыі. У парэформенны перыяд, г. зн. ад 1860-х гг. і да часу рэвалюцыйных пераўтварэнняў, тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад некалькіх валасцей Рэчыцкага павету – Аўцюцевіцкай, Дзёрнавіцкай, Маладушскай, Мікуліцкай, Хойніцкай, Юравіцкай.
[на фотаздымках Ісаака Сербава 1912 г. бачым унікальную хойніцкую нэаготыку: фундаваныя Уладзіславам Прозарам касцёл і капліцу пачатку 1860-х гг., а таксама курган з пахаваннем Людвікі Канстанцыі (з Шуйскіх) Прозар больш ранняга часу. Усе тры помнікі знішчаныя ў мірныя савецкія гады]
  9 лютага 1918 г., яшчэ да свайго наступлення і падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Хойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 мая тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы" гетмана П. Скарападскага. У снежні 1918 г. германскія войскі пакінулі наш край. 1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І з'езда КП(б) Беларусі ў Смаленску, Хойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ), аднак 16 студзеня рэгіён разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. 8 снежня 1926 г. Хойнікі і наваколлі вярнулі ў склад ужо Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), адначасова мястэчку нададзены быў статус раённага цэнтра спачатку ў Рэчыцкай, потым у Гомельскай акрузе. Ад 15 студзеня 1938 г. старонка нашая знаходзілася ў Палескай вобласці з цэнтрам у горадзе Мазыры, а з 8 студзеня 1954 г., пасля ліквідацыі апошняй, апынулася ў складзе Гомельскай вобласці, як яно ёсць і да сёння. 29 верасня 1938 г. мястэчка названае пасёлкам гарадскога тыпу. У Другую сусветную вайну ад жніўня 1941 да канца лістапада 1943 г. Хойнікшчына была пад нямецкай акупацыяй. 10 лістапада 1967 г. наш пгт. атрымаў статус горада.
   Адміністрацыйны цэнтр раёна горад Хойнікі месціцца за 103 км ад абласнога цэнтра г. Гомеля і за 60 км ад г. Мазыра, 350 км ад сталіцы г. Мінска, 140 км. ад г. Чарнігава, 250 км ад г. Кіева. Ёсць чыгуначная станцыя, што злучае Хойнікі з Васілевічамі, а значыць і з усёй астатняй краінай. Аўтамабільнымі дарогамі райцэнтр звязаны з Брагінам, Рэчыцай, Мазыром і Гомелем, з усімі цэнтральнымі сядзібамі гаспадаракраёна. Тэрытарыяльнараён раздзелены на шесць сельсаветаў: Алексіцкі, Барысаўшчанскі, Вялікаборскі, Паселіцкі, Стралічаўскі і Судкоўскі.

   На тэрыторыі раёна працякаюць рэкі Прыпяць з прытокамі Віць і Тур'я, Несвіч (правы прыток ніжняй Брагінкі), ёсць некалькі азёраў – Жартай, Ломыш, Стараселле, Вьюры, Гнезднае, Масцішча, Семяніца, вадасховішчы Вялікаборскае, Віць, Судкоўскае, Уласы. Функцыянуюць шматлікія меліярацыйныя каналы – Амелькаўшчынскі, Бонда, Вялікі, Варанец, Ізбынька, Кліўскі, Кажушкаўскі, Конанаўскі, Краснагорскі, Стралічаўскі, Шчалбінскі. [на здымку: унікальны будынак у адселеным Бабчыне, узведзены адначасова з Рудакоўскім сядзібным домам паноў Ваньковічаў (праэкт Тадэвуша Раствароўскага); хутчэй за ўсё, у ім ад часу пабудовы каля 1903 г. месцілася другакласная (настаўніцкая) школа з інтэрнатам для настаўнікаў і вучняў, пра якую маюцца шматлікія звесткі ў "Памятных кніжках Мінскай губерні" і ў "Мінскіх епархіяльных ведамасцях"; апекаваўся ўстановай тагачасны і ўжо шматгадовы (ад 1878 і да 1907) святар бабчынскай Крыжаўздзвіжанскай царквы айцец Міхаіл Драздоўскі. Вучыліся ў ёй, падобна, выпускнікі сельскіх пачатковых школ паўднёвай часткі Рэчыцкага павету. З іншымі гістарычнымі помнікамі Хойнікшчыны можна азнаёміцца на сайце Андрэя Дыбоўскага "Глобус Беларусі" ] Паверхня раёна раўнінная, у межах Усходняга альбо Мазырскага Палесся. Цэнтральную яго частку займаюць Хойніцка-Брагінскія ўзвышшы. Пераважаюць вышыні 110 – 140 м над узроўнем мора, максімальная – 160 м (каля в. Стралічаў). Сярэдняя тэмпература студзеня – -6,6°С; ліпеня – +18,6ºС. Ападкаў бывае каля 565 мм на год. Вегетацыйны перыяд 195 сутак. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя. Геаграфічная плошча раёна складае 202,8 тыс. га, з іх пад лесам 58,2 тыс. га. Гэта пераважна маладыя і сярэднеўзроставыя змешаныя лясы з хваёвых парод дрэваў, з бярозы, дуба, асіны ды іншых. Агульная плошча сельгасугоддзяў складае 45,9 тыс. га, у тым ліку ралля – 23,0 тыс. га, асушаныя землі – 18,9 тыс. га, 3,4 % тэрыторыі знаходзіцца пад балотамі, што складае 6,9 тыс. га. З карысных выкапняў ёсць торф, будаўнічыя пяскі, нафта, радовішчы якой пачалі распрацоўваць у 2004 годзе каля вёсак Дубровіца, Амелькаўшчына, Рашаў. Геалагічныя работы не спыняюцца. Хойніцкая зямля багатая на знакамітых людзей. Сярод іх Героі Сацыялістычнай працы, Герой Беларусі, заслужаныя аграномы, настаўнікі, лекары, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі і прэміі камсамола Беларусі. Нямала дзеячаў навукі і культуры. Гэта прафесары і дактары навук І. М. Бяляўская (нар. Тышкевіч), І. Б. Рабіновіч, І. С. Фішман, У. К. Чэчат, І. М. Тойбін, У. Ф. Багінскі, А. В. Бераснеў, В. Р. Герасіменка, П. А. Амельчанка, Л. В. Казлоўская (нар. Бераснева), У. І. Лук'яненка, Я. С. Цішкевіч, І. І. Сачанка, Л. А. Антанюк (нар. Бендэга), А. М. Дземідзенка, народная артыстка Беларусі Р. М. Кашэльнікава, заслужаная артыстка Беларусі Г. В. Аўдзеенка, народны артыст Беларусі, рэжысёр-дакументаліст В. Н. Дашук. Асобнае месца займаюць імёны лаўрэата Ленінскай прэміі, народнага пісьменніка І. П. Мележа і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Б. І. Сачанкі. Вядомыя сваёй творчасцю ўраджэнцы Хойнікшчыны паэты і празаікі Аркадзь Кандрусевіч, Зьмітро Бяспалы, Алесь Шлёг, Мікола Мятліцкі, Мікола Згубарэвіч (Ляшчун), Барыс Пятровіч (Сачанка), Ала Канапелька, мастакі Уладзімір Гардзеенка, Уладзімір Васюк, Уладзімір Зінкевіч; працяглы час жыў і працаваў у Хойніках майстар пейзажу, выкладчык гарадской СШ № 3 Мікалай Мікалаевіч Асаўляк. На зямлі раёна ўсталявана больш за 70 помнікаў, мемарыяльных дошак і абеліскаў. Сярод іх У. І. Ульянаву (Леніну), Героям Савецкага Саюза У. Р. Калесніку, М. А. Грачыхіну, А. Г. Качаткову, партызанцы М. А. Барысавай, у гонар воінаў 2 гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, брацкая магіла на гарадскіх могілках, помнік воінам танкавай брыгады, якія вызвалялі раён у лістападзе 1943 года; помнік землякам, што загінулі ў Афганістане; помнік Смутку з пералікам выселеных вёсак ды помнік і памятны знак у гонар энэргетыкаў і аўтамабілістаў, якія змагаліся з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

   На вялікі жаль, дагэтуль аніяк не ўвекавечаныя імёны знакамітага паплечніка Тадэвуша Касцюшкі, па жонцы ўладальніка Хойнік (тут і пахаванага), Караля Прозара; инжынера-палкоўніка, лаўрэата "половинной" Дзямідаўскай прэміі Расійскай Акадэміі навук Мікалая Ястшэмбскага з Барысаўшчыны; першага консула Расійскай імперыі ў Японіі, лаўрэата поўнай Дзямідаўскай прэміі РАН Іосіфа Гашкевіча**, ураджэнца Стралічава, 200-гадовы юбілей якога ў 2014 годзе адзначаны выставай у штаб-кватэры UNESCO ў Парыжы, а кароткая біяграфія (без указання месца нараджэння) і партрэт змешчаны ў школьным падручніку сусветнай гісторыі (9 клас; тое ж і ў падручніку 2018 г. для 8 кл.); аднаго з арганізатараў паўстання 1863 г. у Литве і Беларусі Аляксандра Аскеркі з Рудакова; артыста Марыінскага тэатра ў Пецярбургу Фёдара Стравінскага, які нарадзіўся ў маёнтку Новы Двор (Алексічы); выбітнога этнографа, што распавёў свету пра традыцыйную культуру Хойнікшчыны, Чэслава Пяткевіча, ураджэнца Бабчына; сялянскага дэпутата ад Рэчыцкага павету ў III Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі Кіпрыяна Ярмольчыка з Мокіша; няма памятнага знака і на месцы бітвы пад Загаллем 1649 г.
    
У Хойніцкім раёне дзейнічае сетка культурна-асветніцкіх устаноў,у складзе якой 26 бібліятэк, раённы Дом культуры, Гарадскі цэнтр культуры і спорта "Меліяратар", Дом рамёстваў, 22 сельскія дамы культуры і клубы, дзіцячая школа мастацтваў з дзьвюма філіямі ў вёсках Судкоў і Стралічаў, кінатэатр, раённы краязнаўчы музей, музей імя І. П. Мележа ў в. Глінішча і музей імя Б. І. Сачанкі ў в. Вялікі Бор. Выходзіць тыднёвая газета "Хойніцкія навіны".

    Пры раённым Доме культуры дзейнічае народны тэатр, народны ансамбль "Спадчына", пры Школе  мастацтваў – дзіцячы ўзорны ансамбль "Верасок", ансамбль народнай музыкі "Крыніца", узорны ансамбль эстраднага танца "DRIVE" пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі аддзела адукацыі райвыканкама.

**24 мая 2019 года ў гонар І. А. Гашкевіча нарэшце ўсталяваны памятны знак на яго радзіме – у сяле Стралічаў.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024