Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

       Н. А. Багамольнікава,
       к. ф. н., дацэнт                                  
                                                           Структурныя змены і працэс перайменаванняў
                                                                             у айканіміі Гомельшчыны

      Намінацыйны арсенал любой мовы выразна падзяляецца на два колькасна розныя пласты: агульныя імёны, ці апелятывы, і ўласныя імёны, або онімы. Раздзел мовазнаўства, які вывучае онімы, называецца анамастыкай, што ў перакладзе з грэчаскай мовы абазначае ‘майстэрства даваць імёны’. Уласныя імёны з’яўляюцца індывідуальнымі найменнямі самага шырокага і разнастайнага кола прадметаў, з’яў, паняццяў. Да іх належаць імёны людзей, жывёл, геаграфічных аб’ектаў і аб’ектаў касмічнай прасторы. Уласныя імёны нярэдка маюць творы літаратуры, выяўленчага мастацтва, органы перыядычнага друку, святы, памятныя да-ты, фестывалі, святкаванні, асобныя дакументы, значныя адрэзкі часу, сродкі перамяшчэння. Такая разнастайнасць імён прывяла да вылучэння падраздзелаў анамастыкі і размежавання іх дэталізуючымі тэрмінамі, якія прынята сігнатаваць як класы онімаў. Напрыклад, сукупнасць назваў геаграфічных аб’ектаў – тапанімію – вывучае тапаніміка (ад элін. topos ‘месца’, ‘мясцовасць’ і onуma ‘імя’). У сваю чаргу, тапонімы раздроблены на віды: айконімы (назвы населеных пунктаў), гідронімы (назвы водных аб’ектаў), харонімы (назвы тэрыторый), урбанонімы (назвы ўнутрыгарадскіх аб’ектаў).
     Большасць імён мае мэту – абазначаць, вылучаць адзін аб’ект, з якім яны суадносяцца (намінатыўна-ідэнтыфікуючая функцыя), канатацыя ў іх адсутнічае. Адна і тая ж назва можа абслугоўваць некалькі розных аб’ектаў, што прыводзіць да паўтаральнасці і варыятнасці найменняў. Паэтычныя онімы, наадварот, найчасцей утрымліваюць разнастайныя характарыстыкі.
     Уласныя імёны ўтвараюць значную частку любога слоўніка і ўяўляюць сабой не проста вялікую функцыянальна і сацыяльна значную і маркіраваную ў культурна-гістарычным плане лексіку, але і спецыфічныя яе састаўныя па лінгвістычных параметрах (своеасаблівасць семантыкі матываваных асноў, фанетыкі, арфаграфіі, словаўтварэння), таму прыцягваюць да сябе ўвагу розных даследчыкаў – гісторыкаў, географаў, этнографаў, у тым ліку і мовазнаўцаў.
     Анамастыкон складваецца гістарычна і не застаецца нязменным. Беларускімі вучонымі назапашаны багаты анамастычны матэрыял, што тэарэтычна асэнсаваны і абагульнены ў працах такіх даследчыкаў, як М. Я. Грынблат, М. В. Бірыла, В. А. Жучкевіч, В. П. Лемцюгова, Р. М. Казлова, Ф. М. Янкоўскі, А. М. Катонава, П. У. Сцяцко, Я. Н. Рапановіч, Г. К. Усціновіч, Я. М. Адамовіч, А. Ф. Рогалеў, І. Я. Яшкін, Г. М. Мезенка, В. В. Шур, Г. А. Іванова і інш.
    У апошнія гады прыярытэтнымі сталі даследаванні рэгіянальнай тапанімічнай лексікі, вывучэнне якой дазваляе выявіць сутнасць разнастайных працэсаў у дадзеным рэгіёне. Аналізу онімаў Усходняга Палесся прысвяцілі свае работы Р. М. Казлова, А. Ф. Рогалеў, Т. М. Багаедава, Г. А. Іванова, аўтар гэтага артыкула.
    Лексіка-семантычны аналіз айканіміі Гомельшчыны яскрава паказаў нам вытокі яе фарміравання. Але карціна, мы лічым, будзе няпоўнай, аднабаковай, калі пакінуць без увагі тыя найменні, у якіх адбыліся структурныя змены або якія былі ў свой час па розных прычы-нах перайменаваныя. Наша ўвага будзе скіравана менавіта на такіх онімах. Мы вызначым умовы, прычыны і спосабы перайменаванняў у айканаміі на базе фактычнага матэрыялу гомельскага рэгіёна.
     Працэс перайменаванняў у айканіміі Беларусі, у тым ліку і на Гомельшчыне, можна ўмоўна падзяліць на два перыяды: да 1917 г. і пасля 1917 г.
     Да 1917 года, як сведчаць разнастайныя гістарычныя крыніцы, назвы населеных пунктаў мяняліся рэдка. Іх не заўсёды можна нават абазначыць перайменаваннямі. На Гомельшчыне, напрыклад, у онімах у асноўным адбываліся спрашчэнні або структурныя пераафармленні: у найменнях маглі змяняцца галосныя фанемы: в. Загораны (да 1847 г.) – Загорыны, в. Малешкавічы (да к. 17 ст.) – Мялешкавічы (Маз.); зычныя фанемы: в. Коўшыцы (Котчыцы) (к. 17 ст.) – Кошчыцы (К.). У шэрагу айконімаў у к.17, пач. 18 ст. адбылася замена суфіксаў: в. Бярозавічы Беразнякі (Нар.), в. Савін Савічы (К.) або памянялася структура: в. Беласарокі (Белыя Сарокі) – *Белая Сарока (Нар.), п. Рудыя Белкі Рудабелка (Акц.) (складаныя трансфармаваліся ў састаўныя і наадварот). Удасканальванне онімаў дасягалася шляхам камбінацыі розных з'яў: в. Айцюцавічы (Айцючыцы) (да 1917 г.) – Вялікія Аўцюкі, в. Цыдавічы Цідаў (чаргаванне зычных або галосных фанем і замена суфіксаў), в. Авадовічы (Малыя Вадовічы) – Вадовічы (знікненне прыстаўнога галоснага і змена структуры) (К.), в. Барысаўшчына – Барыскавічы (змены ў корані і замена суфіксаў) (Маз.) (няпраўда, гэтая вёска заўсёды мела назву Барыскавічы. – С. Б.), в. Шарэнкі (Сярэйкі, Шкрэйкавічы) – Шарэйкі (чаргаванні зычных і галосных фанем у корані, замена кораня і суфіксаў) (К.). (назва паходзіць ад прозвішча Шарэйка; астатнія формы – усяго хіба скажэнні, дапушчаныя пры запісе ў крыніцах. – С. Б.)
      Змена ўтваральных асноў з рознымі лексічнымі значэннямі ў найменнях сустракаецца не часта: паселішча Ельск ( з пач. 16 ст.) (мяркуецца, ад назвы зніклага воднага аб’екта Елы ці Елкі) – Каралін ( з к. 18 ст.) (у гонар дачкі павятовага маршалка Мацея Казіміра Аскеркі – Караліны) – Мікалаеўск (Мікалаеў) (1915-1917) (у гонар імператара Мікалая II) – з 1931 г. афіцыйна зноў Ельск.
      Структурныя пераафармленні назваў на сучасным этапе ў параўнанні з першым перыядам (да 1917 г.) займаюць нязначнае месца. Адной з прычын структурных змен з’яўляецца зліццё блізкіх адносна месца размяшчэння населеных пунктаў у адзін. У найменнях апускаліся дыферэнты, што ў былых састаўных айконімах звычайна выражаліся антанімічнымі прыметнікамі, і захоўваліся толькі азначаемыя кампаненты: пп. Бліжняе і Дальняе Заляддзе Заляддзе, вв. Верхнія і Ніжнія Казловічы Казловічы (Гом.), Вялікія і Малыя Бабровічы Бабровічы (К.). Пераафармленні былі выкліканы і ўзнікненнем побач новых населеных пунктаў, якія неабходна было адрозніваць ад існуючых, або знікненнем старых. Крытэрыем адрознення паслужылі ўдакладняльныя элементы ці іх адсутнасць. У выніку в. Алешкаўка (мясц. Алішэеўка) цяпер называецца Старая Алешкаўка (побач узнікла в. Новая Алешкаўка) (Л.), в. Баршчоўка ў Лоеўскім р-не – Новая Баршчоўка (Новабаршчоўка) (непадалёку знаходзіцца в. Баршчоўка Рэчыцкага р-на), в. Галоўчыцы Старыя Галоўчыцы (узнікла в. Новыя Галоўчыцы) (Петр.), в. Захаркі 2 Захаркі (перастала існаваць в. Захаркі 1) (Е.), в. Лутава Новая Лутава, так як існуе в.Старая Лутава (Л.).
      Зрэдку змененыя назвы сведчаць аб памяншэнні памераў населеных пунктаў: в. Кавалькі – раней Кавалі, в. Слабодка – раней Бярозаўская Слабада (К.).
      У адзінкавых онімах структура, наадварот, ускладняецца, але, на жаль, замена не заў-сёды дасканала прадуманая. Так, в. Кругавец (да 1920 г.) стала Кругавец-Калініна (Добр.). Адсюль вынікае, што аб’ект названы не ў гонар М. І. Калініна, а адбылося аб’яднанне двух суседніх пунктаў, аднак гэта не адпавядае сапраўднасці. З 1964 г. да назвы п. Алёс (алёс ‘альховае балота’) дадаецца азначэнне-мемарыял Чырвоны (Добр.). Тапанімісты правамерна адносяць падобныя назвы да “кур’ёзных наватвораў”. Цяжка рэканструяваць і архаічную лексему весь ‘сяло, вёска’ ў афіцыйнай назве в. Дзвесніца (Акц.) па той прычыне, што ў беларускай мове адсутнічае прэфікс –дз. Мясцовы ж варыянт Звесніца дапамагае правільна вызначыць матываваную аснову, якая ў рускамоўным напісанні гучала як Двесница (картатэка найменняў на беларускай мове адсутнічала ўвогуле), затым перадалі яе па-беларуску шляхам асіміляцыі па мяккасці гука [д].
      Як бачна, такія пераафармленні вядуць да спрашчэння структуры айконіма (састаўныя шматслоўныя трансфармуюцца ў аднаслоўныя) ці, наадварот, да яе ўскладнення, калі простая назва набывае розныя азначальныя кампаненты.
      Пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ў тапаніміі, у прыватнасці, для новых пасяленняў прызначаліся іншыя назвы, прасякнутыя пафасам, а таксама пракацілася хваля перайменаванняў, уздым якой прыпаў на 20-я, 30-я і асабліва 60-я гады 20 ст., якія адз-начаны як "масавы крыжовы паход на беларускую тапанімію". Многія старыя найменні не адпавядалі ідэалогіі маладой Савецкай краіны. Гэта тычылася ў першую чаргу груп айконімаў, утвораных на базе рэлігійнай лексікі, немілагучных назваў, онімаў, звязаных з імёнамі першапасяленцаў – заснавальнікаў населеных пунктаў, або з пэўнымі гістарычнымі падзеямі да 1917 г. Разам з найменнямі знікалі багатыя звесткі з нашай гісторыі, знішчалася беларуская нацыянальная тапанімія. Для замены падбіраліся словы з ідэалагічнай нагрузкай. Гэта былі словы-сімвалы, словы-ідэалы, словы-гегемоны. Многія з іх ушаноўвалі памяць аб кіраўніках Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, героях грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, кіраўніках міжнароднага рабочага руху, знакамітых вучоных, пісьменніках. У сусветнай жа практыцы справядліва лічыцца, што чым больш старажытная паводле часу ўзнікнення назва населенага пункта, тым яна найдаражэйшая. Захоўваючы традыцыйныя та-панімічныя назвы, мы пакідаем тыя масткі, якія звязваюць сучаснае з мінулым, бо кожны такі разбураны масток, як слушна заўважае Л. М. Лыч, — гэта дзірка, калі не прорва ў нашай гістарычнай памяці. Як трэба ставіцца да атрыманых ад папярэдніх пакаленняў геаграфічных назваў, нас накіроўвае “Большая Советская Энциклопедия”, у 26-м томе якой запісана: “Тапанімія – важная крыніца даследавання гісторыі мовы… дапамагае аднавіць рысы гістарычнага мінулага народаў, вызначыць межы іх рассялення, абысці вобласці былога распаўсюджвання моў, геаграфію культурных і эканамічных цэнтраў, гандлёвых шляхоў і г.д.”. Прыходзіцца з вялікім шкадаваннем канстатаваць, што на Беларусі слушная думка гэтага аўтарытэтнага даведніка не ўлічвалася. Сёння шчырая любоў людзей, якія дакрануліся да багатай тапанімічнай спадчыны сваіх продкаў, выяўляецца ў публікацыях Л. М. Лыча, В. П. Лемцюговай і інш.
      Працэс перайменаванняў не абмінуў і тапанімію Гомельшчыны.
    Першая іх хваля ў рэгіёне пачалася адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 20-я гады. Напачатку ў полі зроку прадстаўнікоў мясцовых улад апынуліся найменні рэлігійнай тэматыкі. Гэта быў крок у падтрымку курсу новай Савецкай дзяржавы – выкараніць з памяці людзей усё, што звязана з Богам (успомнім зруйнаванне храмаў, цэркваў, манастыроў) і выхаваць новае пакаленне атэістамі. У адзначаны час на Гомельшчыне былі скасаваны толькі тры найменні рэлігійнага характару, утваральная аснова якіх называе такую пасаду людзей праваслаўнага культу, як поп (свяшчэннік): в. Папоўка, цяпер Леніна (Добр.), в. Папоўская Рудня, цяпер Рудня-Каменева (Л.), п. Папоўка Акцябр (цяпер не існуе) (Х.).
      У 30-я гады перайменаванне назваў гэтага тыпу атрымала працяг: в. Папкі імянуецца Акцябром (Жл.), в. Папоўка Першамайскам (Л.), п. Папоўкі Палессем (Рэч.), вв. Святое Кірава (Жл.) і Першамайскам (Рэч.), в. Святоцк Дзяржынскам (Нар.).
      У 60-я гады 20 ст. тэматычнае кола скасавання назваў рэлігійнага характару пашыраецца. Так, ліквідуюцца і онімы, у аснове якіх знаходзяцца тыпы культавых збудаванняў, устаноў: в. Капліца Горная (Маз.), п. Крыжовы Лог Чырвоны Лог (Добр.), в. Манастыр Саснавец (Петр.), в. Царкоўе Саўгасная (Б.-К.).
    
У 70-я гады зафіксаваны адзіны выпадак перайменавання назваў вызначанай тэматыкі: в. Багуславец стала Грачыхіна (Х.). 9-га кастрычніка праваслаўныя святкуюць з'яўленне Сергію Раданежскаму Божай Маці ў суправаджэнні апосталаў Пятра і Іаана Багаслова (у народзе – свята Багуслаў). Мы ж мяркуем, найменне хутчэй за ўсё адантрапанімічнага паходжання, ад слав. імя Багуслаў 'слава Богу', суфікс -ец мае памяншальнае значэнне (невялікае па памерах). (ад імя ўладальніка маёнтка Новы Двор (Алексічы) Багуслава Леапольда Аскеркі; гэта даўно вядома, што тут яшчэ можна вынаходзіць?! – С. Б.)  
    Але такія онімы не былі ліквідаваны поўнасцю, бо і па сённяшні дзень у тапаніміі Гомельшчыны жывуць айконімы в. Дзякавічы (дзяк 'ніжэйшы царкоўны служыцель у праваслаўнай царкве; псаломшчык'), в. Папоўцы (Рэч.), в. Святое (Жл.), в. Скіток (скіт у праваслаўных манастырах 'жыллё для манахаў пустэльнікаў, размешчанае аддалена ад манастырскага будынка; стараверскі манастыр або пасёлак манастырскага тыпу ў глухой пустэльнай мясцовасці'). Хваля перайменаванняў амаль не закранула айконімы, у аснове якіх знаходзіцца лексема курган 'высокі старадаўні магільны насып' (захаваліся чатыры найменні, што абслу-гоўваюць 8 аб'ектаў): пп. Курган (Б.-К., Жл.), в. Курганіца (Карм.), вв. Курганне (Б.-К., Жл., Раг.), п. Курганне (Карм.), п. Курганы (Гом).
      Сацыяльна-эканамічныя ўмовы жыцця нашых далёкіх продкаў былі нялёгкімі, каб выжыць, яны пастаянна вучыліся змагацца і з неспрыяльнымі прыроднымі з'явамі. Участак за ўчасткам адваёўваўся ў балот, лясоў, аднак не заўсёды цяжкая праца давала станоўчыя вынікі. Часам глеба аказвалася неўрадлівай, балоты працягвалі наступаць на новіны ('новыя ўчасткі зямлі, новыя землі'), таму для наймення онімаў не заўсёды знаходзіліся прыгожыя словы. Гэта было апраўданым, так як адлюстроўвала "змест самога жыцця". У выніку з'явіліся населеныя пункты п. Макранкі, цяпер Брацкі (Браг.), в. Машарына, цяпер Усход, Пустынькі, цяпер Ясная Рошча, п. Пясчаная, цяпер Калініна (Чач.), в. Сырнік (сырны 'сыры, пераўвільготнены'), цяпер Антонаў (Добр.), в. Тапіла, цяпер Акцябрская (Жл.). Прычынай перайменаванняў у гэтай групе онімаў з’яўляецца іх “немілагучнасць”, яны не ўвасаблялі ў сабе сучаснае жыццё. Такі ж лёс спасцігнуў некаторыя айконімы, у аснове якіх ляжалі прыкметы тагачаснага ландшафту і тапаграфіі: в. Блудзім (якая губляецца, пятляе) – Дзенісовічы (К.), п. Вугал Зялёны Востраў (Гом.), п. Гальніца (ад гала) – Дуброва (Раг.), в. Качай-Балота (каля дрыгвяністага балота) – Рассвет (Акц.). У разрад зневажальных былі залічаны найменні, у якіх увасобіліся рысы характару, паводзін першапасяленцаў, іх знешні выгляд: в. Злодзін – Чырвонабярэжжа (Лельч.), в. Плутоўка Чырвоны Партызан (Добр.), п. Слепцы (людзі з вузкімі вачыма) – Знаменка (Жытк.), в. Хапаны Раманаўка (Раг.), в. Хітрыкі Новая Яцкаўшчына (Чач.), в. Хлусы Някрасава (Ветк.); іх на той час матэрыяльная культура і матэрыяльнае становішча: в. Галодная (бедная, недастатковая для задавальнення патрэбы ў сродках жыцця) – Новаіванаўка (Ветк.), в. Гараваха (людзі ў ёй гаруюць) – Першамай (Петр.), п. Курані Рассвет (Рэч.), в. Лапці Майская, цяпер у мяжы г. Мазыр; адметнасці навакольнага грунту: в. Гноеў Віць (Хойн.), в. Гразліва Баравічы (Нар.), п. Гразючка Някрасаў (Гом.). Дрэннае веданне крыніц узнікнення некаторых айконімаў таксама прывяло да іх перайменавання. Так, в. Куцая Слабада атрымала назву Дварэцкая Слабада (знаходзіцца каля в. Дварэц) (Раг.). Аднак лексема куцы мае некалькі значэнняў. У дадзеным выпадку размова ішла пра памер вёскі (малая, кароткая, а не іран. абмежаваная).
    Знікла і назва п. Амерыка (цяпер Савецкі, Савецкая) (Жл.), якая нагадвала аб капіталістычнай краіне з высокім узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця і якую "даганялі", але не змаглі "дагнаць і перагнаць" Саветы. А найменне сведчыла аб месцазнаходжанні пасёлка ў дачыненні да буйнага населенага пункта Старая Рудня, цэнтра сельскага савета (за чыгункай, наводшыбе). Вясной у час паводкі пасёлак з усіх бакоў акружаецца вадой і на самой справе нагадвае мацярык.
     Перайменаванням падвергліся і айконімы, звязаныя па сваім паходжанні з назвамі фауны і флоры: в. Ваўковіцкі Крупец імянуецца Урыцкае (Гом.), в. Воўчае Калінавае (Е.) (раней каля населеных пунктаў вадзілася шмат ваўкоў), п. Барок Надзея (Добр.). Чужамоўнай (паланізаванай) з’яўляецца афіцыйная форма Хойнікі (былыя Хвойнікі).
     Шмат найменняў было выкрэслена ў сувязі з тым, што яны адлюстроўвалі гістарычную спадчыну. Першымі былі перайменаваны назвы тых вёсак, у якіх захаваліся прозвішчы, як лічылі мясцовыя ўлады, прыгнятальнікаў народа. Так, в. Радзівілавічы (мясц. Радзілавічы) стала Дзяржынскам (Лельч.) (Радзівілы – найбуйнейшы магнацкі род ВКЛ, у склад якога ўваходзіла і Беларусь), в. Раманава Барбой (Ветк.), пазней і в. Раманаўка Мірнай (Раг.) (напамінак аб дынастыі царскай сям'і Раманавых). Затым былі скасаваны айконімы, у матывацыі якіх бачыліся імёны цароў або былі апелятывы-тытулы: п. Каралёўка імянуецца Чырвонай Хачэмляй (цяпер не існуе) (Б.-К.).

     Перайменаванням падвергліся онімы, што ўвасаблялі тагачасныя тыпы паселішчаў: п. Гарадок Вінаградаўка (Л.). Старадаўні апелятыў гарадок – дэрыват ад горад – знайшоў шыро-кае адлюстраванне ў летапісах, граматах, хроніках, справавых дакументах і абазначаў 'невялікія ўмацаванні ці невялікія ўмацаваныя пасяленні'. Гэта тычылася і айконімаў, матываваных лексемамі двор: п. Двор – Чырвоны Араты (мясц. Красны Араты) (Х.), Двор-Гарадзішча Тэльман (Бр.) (двор – сельская баярская сядзіба, якая была распаўсюджанай, вядомай у час развіцця феадальнага землеўладання); засценак: в. Засценак Дуброва Перадавая (Раг.) (апелятыў засценак вядомы як 'невялікі пасёлак або хутар дробнай шляхты, якая арандавала землі, што не ўвайшлі ў сялянскія надзелы'). Найменне Маёнтак (цяпер Садовая, Раг.) нагадвала аб зямельных уладаннях польскіх памешчыкаў, іх сядзібах. Некаторыя з іх сведчылі аб змаганні беларусаў з прыгнятальнікамі за вольнае, незалежнае жыццё: в. Ліствінская Слабада – Мархлеўск (Х.) (паселішча ўзнікла на фальваркавых землях у парэформенны час, звалася аколіцай або засценкам Лісцвін, першыя жыхары   з "разабранай шляхты", католікі Шацілы, Тышкевічы, Караткевічы. Якое "змаганне беларусаў за..."?! – С. Б.), в. Слабада Надтачаеўка (Нар.). Насельніцтва слабод (пасёлкі ці група пасёлкаў) вызвалялася ад прыватнай залежнасці. Патрэбна адзначыць, што айконімы тыпу Слабада, Слабодка ў пераважнай большасці захаваліся (існуе 14). На жаль, некоторыя айконімы адэтнанімічнага паходжання таксама перайменаваны: п. Закрэўе (ад крэваў, крывічоў) называецца Араты (Б.-К.), в. Мазуры Паляжач-Гара (Петр.), в. Чэхі Гарохава (Гарохаў) (К.). Заменены нават онімы, што ўзніклі на базе лексікі адзначанай групы: в. Ліхтэрня, дзе жылі продкі немцаў-арандатараў (пані Багамольнікава нават не сумняваецца! С. Б.) (ад ням. das Licht 'святло, агонь, асвятленне', lichter ‘невялікае судна, прызначанае для пагрузкі і разгрузкі вялікіх суднаў ці для мясцовых перавозак’, ‘пласкадоннае судна, якое аблягчае вялікае судна’, фармант -ня можа сведчыць аб вытворчасці такіх суднаў) стала Чырвоная Ніва (мясц. Красная Ніва, цяпер злілася з г. Хойнікі), в. Эрштэрмай (яўр. Erstermai ‘Першае Мая’) – Адраджэнне (Жл.). Гістарычныя факты сцвярджаюць, што ў 1722 г. сюды прыехаў з Пецярбурга А. І. Остэрман, якому імянным указам цар Пётр дараваў частку зямель і в. Папаратнае (няпраўда, бо гэта не Расія!, якія факты і адкуль яны ўзятыя? С. Б.). На ўсход ад вёскі ў дзвюх вярстах узнікла сядзіба Остэрманск, затым Эрштэрмай (склад пасяленцаў быў з яўрэяў).
    У 20-я – 30-я гады вынішчалася ўсё, што нагадвала аб "ворагах" Сталіна і яго акружэння, у тым ліку і айканімічныя назвы: Пасёлак імя Бухарына стаў Калініна (Б.-К., цяпер не існуе) і Першамайскі (Ветк.), п. Троцкі Новы Дварэц (Раг., цяпер зліўся з в. Дварэц).
     І ўсё ж практыка найменняў і перанайменаванняў у гонар вядомых людзей працягваецца: п. Берасцяны Завод (Берзавод) – Чапаеўск (Лельч.), п. Брылёва Мічурынская (Мічурынскі) (Гом.), в. Ваўковіцкі Крупец Урыцкае (Гом).
     Праз некаторы час, у асноўным у 60-я гады, нязначная колькасць заідэлагізаваных онімаў знікае: п. Асветнік Днепрык (Рэч.), п. Зорка Зялёная Рошча (Раг.), в. Молат Каменка (Раг.). У гады знаходжання на пасадзе першага сакратара ЦК КПСС М.С. Хрушчова, так званай "хрушчоўскай адлігі" (1953–1964 гг.), калі дзейнасць Сталіна і яго паплечнікаў атрымала пераацэнку і шырокі адмоўны рэзананс, на Беларусі пераймяноўваюцца ўсе населеныя пункты, звязаныя з яго іменем і імёнамі некаторых яго аднадумцаў: в. Варашылаў Бярозавы Гай (Петр.), п. Сталіна Мірны (Гом.), п. Сталінец Вішанскі (Гом.).

    Спынілі сваё існаванне асобныя онімы, у якіх былі зафіксаваны прозвішчы, мянушкі першапасяленцаў, заснавальнікаў населеных пунктаў: п. Данілаў Рог Чырвоны Рог (Х.), в. Дзюрдзеў Камсамольск (Рэч).
      Узбуйненне некаторых населеных пунктаў за кошт аб'яднання з бліжэйшымі дало магчымасць замяніць былыя онімы новымі: пп. Батрак і Буды Ільіч (мясц. Ілліч) (Петр.), вв. Клёсін і Стары Майдан Бярозаўка (Нар.), вв. Пугачы і Слабодка Новыя Дзятлавічы (Гом.), вв. Новая і Старая Быч Акцяброва (Карм.).
     У шэрагу айконімаў найменні змянялі неаднаразова: в. Быкі Будзёнаўск Знамя (Добр.), в. Жаробнае Вуснянка Чкалава (Гом.), маёнтак Каралін Анзельманава (у гонар памешчыка І.І. Ансельма, яго ўладальніка) – в. Камуна, цяпер у мяжы г. Ельск, п. Малахаўскі Белы Морг Светлы, Пасёлак імя Сталіна Дняпровец Лугавы, в. Сталіна Папоўка Акцябр (Б.-К.).
     У выніку працэсу перайменаванняў былі згублены, на жаль, рэліктавыя найменні рэгіёна, такія як, напрыклад, в. Маргі, што перайменавалі ў Ельнічкі (Св.), п. Белы Морг Светлы (Б.-К.). Найменні суадносіліся са старажытнай адзінкай вымярэння зямельных плошчаў у Польшчы, Літве (чаму не ў Беларусі?! С. Б.) – морг, якая раўняецца 0,71гектара. На геаграфічнай карце Гомельшчыны адсутнічаюць онімы, матываваныя лексемай майдан (п. Майдан Хваенск (Жытк.), в. Стары Майдан Бярозаўка, Нар.), што абазначала 'плошчу, дзе адбываюцца сходы, кірмашы', 'адкрытую прастору, поле, адкрытае месца для размяшчэння пабудоў'. Айконім Абрэзы (цяпер Сцяг Працы, Гом.) адлюстроўваў пасяленне людзей на пакарочаным, абрэзаным, паменшаным у параўнанні з іншымі зямельным участку. Назва п. Купча (стала Новы Свет, Б.-К.) сведчыла, што зямля пад забудову была ў прыватным карыстанні, выкупленая.

    Адносна спосабаў перайменаванняў можна адзначыць наступнае: у ранг нормы ўзведзена з’ява замены айконімаў утваральнымі асновамі з іншымі лексічнымі значэннямі. Новаўтварэнні па структуры былі аднаслоўныя (простыя, зрэдку складаныя) і шматслоўныя: в. Рассвет, в. Чырвонабярэжжа, п. Новае жыццё. Базай для замены паслужыла анамастычная і апелятыўная лексіка абмежаваных тэматычных груп. Найбольш актыўнымі выступаюць групы, утвораныя ад антрапонімаў – прозвішчаў знакамітых дзеячаў ці імёнаў і прозвішчаў людзей, што не заўсёды мелі якое-небудзь дачыненне да населеных пунктаў, – шляхам афіксацыі: вв. Бумажкова, Дзяржынск, Чапаеўка, пп. Ленінец, Мічурынскі; радзей – трансантрапанімізацыі: в. Роза Люксембург, пп. Ільіч, Нарыманаў, Тэльман. Сустракаюцца адзінкавыя выпадкі транстапанімізацыі: вв. Віць, Палессе.
     Прадуктыўна задзейнічаны ў працэсе перайменаванняў адапелятыўныя ўтварэнні (многія лексемы ўспадкаваныя з рускай мовы). Значную групу ў іх складаюць онімы, матываваныя лексемамі, што адлюстроўваюць важныя моманты з рэвалюцыйных падзей, дасягненні народа ў будаўніцтве новага жыцця (назвы-мемарыялы): вв. Акцябрская, Мірнае, Пабеднае, Перадавая, Саўгасная, пп. Араты, Юбілейны. Таксама пашырана ў акрэсленай падсістэме група намінантаў, прадстаўленая назвамі расліннага свету: вв. Дубравіна, Калінаўка, Саснавец, пп. Бярозавы Гай, Вінаградаўка, Зялёны Сад, Паддуб’е, Ясная Рошча.
      Менш сустракаецца онімаў, матываваных асаблівасцямі навакольнага ландшафту і тапаграфіі: вв. Горная, Каменка, Паляжач-Гара.
     Для намінацыі другой групы выкарыстоўваліся афіксальныя ўтварэнні (в. Акцяброва), і ўтварэнні сінтаксічным спосабам (п. Новае жыццё), лексіка-семантычная дэрывацыя (вв. Дуброва, Рассвет, пп. Акцябр, Вазраждзенне, Луч, Надзея).
     Атрыманыя ўзамен чужыя для беларускай мовы назвы не падпарадкоўваліся граматычным законам нашай мовы. Многія з іх тыпу Акцябр, Акцяброва, Акцябрская, Барба, Вазраждзенне, Луч, Новакузнечная, Пабеда, Пабеднае, Рассвет, Рассветная, Рошча, Уютны былі ўтвораны на базе рускай лексікі, асобныя характарызаваліся паўтаральнасцю: Адраджэнне (Жл. (2), Раг.), Акцябрск (Акц., Жл. (2), Рэч., Чач,), Барэц (Ветк., Гом., Жл., Л., Рэч. (2)), Калініна (Акц., Бр., Б.-К. (3), Гом. (2), Добр., Карм., Рэч., Х.), Першамайск (Б.-К., Жл., Лельч., Л., Рэч.(2), Х., Чач.), Рассвет (Акц., Добр., Жл., Рэч., Чач.). Не ўлічваўся той факт, што ад некаторых айконімаў цяжка ўтварыць ад'ектонімы (прыметнікі) і катайконімы (назвы жыхароў). Гэта нялёгкая справа знаходзілася часта ў руках прадстаўнікоў мясцовай улады, якія не валодалі спецыяльнымі ведамі па тапаніміцы.
     Як бачна, беларускай тапаніміцы, у тым ліку і гомельскаму рэгіёну, былі прычынены значныя страты, таму нас чакае руплівая праца па адраджэнні народных назваў. А для гэтага мы павінны прызнаць дапушчаныя памылкі і мець жаданне іх выправіць незалежна ад тэрміну даўнасці, быць разважлівымі ў дачыненні да спадчыны папярэдніх пакаленняў. Першыя крокі ў гэтым накірунку нашымі тапанімістамі ўжо зроблены. Так, нарматыўны даведнік “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” (на сённяшні дзень выдадзены матэрыялы Мінскай, Гродзенскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей) уключае корпус усіх без выключэння назваў паселішчаў (існуючых і зніклых) у іх сапраўдным беларускім гучанні і правільным напісанні з адлюстраваннем спосабаў перадачы на рускую і іншыя мовы з улікам багатага вопыту, назапашанага міжнароднай практыкай па ўнармаванні ўласных геаграфічных найменняў. Выданне захоўвае і першасныя назвы перайменаваных населеных пунктаў як перспектыву паэтапнага вяртання сапраўдных гістарычных, але беспадстаўна знішчаных онімаў, што дазволіць “пазбавіць нашу айканімію ад усяго наноснага, штучнага” і ўзнавіць у першую чаргу тыя, што маюць багатую гісторыю, згадваюцца ў старажытных летапісах, навуковай і мастацкай літаратуры.

    З усяго сказанага вынікае наступнае: 1. Тапанімічная лексіка ўвабрала ў сябе гістарычныя факты з жыцця палескага краю і павінна з'яўляцца іх надзейнай захавальніцай для нашчадкаў, быць недатыкальнай. Яна ўяўляе сабой каштоўны матэрыял для выхавання маладых пакаленняў. 2. Нягледзячы на гэта беларуская тапанімія беспадстаўна разбаўлялася русіфікаванымі назвамі, што тлумачыцца некампетэнтным падыходам не дасведчаных у галіне тапанімікі людзей. 3. У выніку ў працэсе перайменаванняў найменняў прынесена значная шкода нашай духоўнай спадчыне, згублена нацыянальная спецыфіка, рэліктавыя назвы. 4. Вывучэнне і вяртанне першасных найменняў населеных пунктаў, якія, на шчасце, захаваны лексікаграфічнымі крыніцамі, дазволіць узнавіць тыя “своеасаблівыя масткі”, што звязваюць сучаснае з мінулым.

Умоўныя скарачэнні
Акц. – Акцябрскі раён, Бр. – Брагінскі раён, Б.-К. – Буда-Кашалёўскі раён, в. – вёска, Ветк. – Веткаўскі раён, Гом. – Гомельскі раён, Добр. – Добрушскі раён, Е. – Ельскі раён, Жл. – Жлобінскі раён, Жытк. – Жыткавіцкі раён, К. – Калінкавіцкі раён, Карм. – Кармянскі раён, Лельч. – Лельчыцкі раён, Л. – Лоеўскі раён, Маз. – Мазырскі раён, Нар. – Нараўлянскі раён, п. – пасёлак, Петр. – Петрыкаўскі раён, Раг. – Рагачоўскі раён, Рэч. – Рэчыцкі раён, Св. – Светлагорскі раён, Х. – Хойніцкі раён, Чач. – Чачэрскі раён.

Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. № 4 (61), 2010. С. 8 – 15

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019