Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 Чатыры стагоддзі таму ў Брагіне... 
(студзень 2009 г., з  папраўкай што да ўгодкаў Хойнік, Брагіна і Масквы)
    У артыкуле "Прывілей зямянам Круневічам на сёлы Вадовічы і Алексічы. 1568 год.” ужо прыводзіліся прыклады скажэння тапонімаў нашага рэгіёна гісторыкамі. Адзін з выпадкаў датычыўся Брагіна. У манаграфіі Р. Р. Скрыннікава сцвярджаецца, што будучы Ілжэдзмітрый I у 1603 г. пасля Кіева, Астрога і Гошчы з’явіўся ў маёнтку "Брачин” князя Адама Аляксандравіча Вішнявецкага, дзе ўпершыню і "прызнаўся”, што ён – царскі сын (Россия в начале XVII в. "Смута”. Москва, 1988. С. 96, 98, 102). І гэта не апіска*, бо такая форма назвы ўжытая шэсць разоў у згаданай працы, а таксама ў шэрагу іншых кніг аўтара. Вярнуцца да тэмы зноў прымусіла нядаўняе паўтарэнне памылкі ў двух выданнях падручніка для ВНУ, падрыхтаванага калектывам Інстытута Расійскай гісторыі РАН на чале з дырэктарам установы (История России. Т. 1. С древнейших времён до конца XVIII в. /Под ред. А. Н. Сахарова. Москва, 2003; 2007. С. 438). Безумоўна, высвятленне таго, як на самой справе гучала назва невялікага паселішча і яго лакалізацыя, для расійскіх аўтараў аб’ёмістых твораў не маглі стаяць на першым месцы. Можна заўважыць яшчэ, што скажэнне дапускаецца, або прымаецца на веру тымі, хто жыве і працуе далёка ад месцаў, якія вывучае. А вось, скажам, ураджэнец Рэчыцы М. В. Доўнар-Запольскі, знаёмы з мясцовымі крыніцамі, не сумняваўся, што самазванец быў менавіта ў Брагіне (Брагинская волость (исторический очерк). //Календарь "Северо-Западного края” на 1889 год. Москва, 1889. С. 115). Гэты факт прысутнічае ў энцыклапедычных выданнях часоў БССР і сённяшняй Беларусі. На вялікі жаль, даводзіцца канстатаваць і іншае. Калі расіяне назвалі пункты знаходжання Ілжэдзмітрыя ў Рэчы Паспалітай нават у падручніку, дык беларускі даследчык Г. М. Сагановіч і ў навейшай акадэмічнай працы іх, уключна з Брагінам (!), праігнараваў. Ці можа "Брачин” гісторыка з сусветным імем увёў яго ў зман, і аўтар, не ведаючы такога паселішча ў Беларусі, абмежаваўся запісам: "У 1604 г. пры двары князёў Вішнявецкіх на Украіне з’явіўся Грышка Атрэп’еў…”** (Гісторыя Беларусі. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVIIXVIII стст). Мінск, 2004. С. 33)? Але на Валынь у замак Вішнявец Ілжэдзмітрый быў пераведзены ўжо з Брагіна. Пасля адмовы князя Адама выдаць "вора” цару Барысу Гадунову трымаць яго паблізу ад расійскай мяжы стала небяспечна.
   Пра тое, як называлася рэзідэнцыя кн. А. Вішнявецкага, маем сведчанне з самога Брагіна. Усяго праз тры гады з часу з’яўлення першага самазванца ў Мазырскі (пазней і ва Ўладзімірскі на Валыні) гродскі суд ад імя ўладальніка мястэчка была пададзена скарга (тэкст прыводзім у скарачэнні, з захаваннем стылістыкі, а часткова і мовы арыгінала):

    Року тысяча шэсцьсот шостага месяца ліпеня дваццаць восьмага дня. На ўрадзе Яго Каралеўскай Міласці, у замку Мазырскім перада мною, Марцінам Запольскім, намеснікам мазырскім, панам Аляксандрам Палонскім, падстаростам мазырскім, з прычыны ад’езду яго да Кароны на рокаш, дзеля прыняцця спраў гродскіх пакінутым, з’явіўшыся асабіста, возны генерал ваяводства Кіеўскага шляхетны Іван Лозка падаў квіт свой пад пячаткаю і з подпісам рукі сваёй дзеля запісу ў кнігі ўласныя сведчання вяльможнага князя Адама Вішнявецкага, якое падаў мне, на ўласных слуг сваіх, а менавіта: на Юзэфа Лісоўскага, на Адама Брозку, як прынцыпалаў, і памочнікаў іх Паўла Плядоўскага, Яна Гаварэцкага, Кажухоўскага, Вармажоўскага, Мікалая Шумскага, Себасціяна Савіцкага, Мацюша Брозку, Янкоўскага, Кардышэўскага і іншых.., у тыя словы: названыя слугі з памочнікамі сваімі, задумаўшы непрыстойную, злую, сапраўды здрадніцкую справу, не зважаючы на пачцівасць і павіннасць сваю шляхецкую, у року цяперашнім, тысяча шэсцьсот шостым, месяца ліпеня дваццаць сёмага дня, з серады на чацвер, перад самым світаннем, калі яшчэ ўсе людзі спалі, змовіўшыся як здраднікі на здароўе пана свайго, да замку места Брагінскага з гаспод [г. зн. з двароў] сваіх адначасова сабраўшыся, з полгакамі [з кароткімі стрэльбамі, калібрам удвая меншым, чым гакаўніцы], з аголенымі шаблямі ў замак гвалтоўна ўламіўшыся, але з-за супрацьдзеяння аховы князя да пакою панскага дайсці не здолеўшы, чэлядзь пры ім тады быўшую, як мужчын, так і белых галоў [жанчын], разагналі.., як злачынцы і здраднікі да скарбцу, дзе ўся маёмасць рухомая яго міласці захоўвалася, ланцуг і замкі наперад адбіўшы, уламіліся; там жа найпервей узялі лепшых сабалёў шэсць саракоў на 3000 польскіх злотых, кгермак [шырокі плашч без рукавоў, род епанчы] аксамітавы, сабалямі падшыты, коштам у 1000 зл., жупан аксамітавы, златаглавам падшыты, у 100 зл., шаблю, золатам апраўленую, у 200 зл., шлык мармурковы [шапку канічнай формы з футра чорна-бурай лісы] у 80 зл., рад [дэталь конскага рыштунку] залацісты ў 400 талераў, а таксама, шкатулу адбіўшы, забралі 1500 залатых чырвонцаў, залаты ланцуг коштам у 200 чырв., манеле [дробныя рэчы] залатыя ў 100 чырв., пару пярсцёнкаў з дарагімі камянямі на 150 чырв. "побравши, полупивши обычаем злодейским, коней есче до того подданых  князя его милости до колко на поли порвавши, з места Брагиня повтекали, яко злодеи и зрайцы, пана своего не ушановавши, але овшем такое злодейство пополнивши, яко одни розбойницы по дорогах розбияючи, и кгвалты чинечи, не ведать где ее подели; а особливе тот то преречоный Лисовский, будучи у князя его милости слугою старшим, праве всю маетность его милости, так шафунок пенязей [грошай] есче на Москве, яко коней, рынштунок маючи на руках своих, а того не здавши, ани личбы учинивши, и овшем есче челядь другую не мало их, которые так же зашкодивши князю его милости не мало, побунтовавши, и оных ку собе розмовивши, так зъехал…”(Архив Юго-Западной России. Киев, 1863. Ч. 3. Т. 1. Акты о казаках (1500 – 1648 гг). С. 148 – 151).
  Сустракаем у дакуменце таксама сведчанне добрасумленнага стаўлення да службы мазыраніна А. Палонскага, які перад ад’ездам у Польшчу не забыў пакінуць "на ўрадзе Яго Каралеўскай Міласці” намесніка. Іронія тут дарэчы, калі ведаць з якой мэтай чалавек ад’ехаў. Справа ў тым, што ў час вайны, як склікалася паспалітае рушэнне, з урадоўцаў у замку заставаліся толькі падстароста і войскі. У нашым жа выпадку павятовы Мазыр пакінуў сам падстароста. Відавочна, мусіў пайсці на такую крайнасць, калі не цярпеў тыраніі, бо паводле тагачасных шляхецкіх ідэолагаў, рокаш – гэта  "апошняя абарона вольнай Рэспублікі” і "апошняя ўцеха нашай мілай Айчыны”. У 1606 г. ракашане на чале з кракаўскім ваяводай Мікалаем Зэбжыдоўскім і падчашым ВКЛ Янушам Радзівілам са зброяй у руках выступілі супраць планаў караля Жыгімонта ІІІ Вазы ўвесці спадчыннасць трона, абмежаваць паўнамоцтвы сейма ды "залатыя шляхецкія вольнасці”. І хоць урадавыя войскі разбілі бунтаўнікоў у шэрагу сражэнняў, падавіць іх канчаткова не здолелі. Таму на сейме 1609 г. удзельнікам рокашу была абвешчана амністыя, а кароль яшчэ раз прысягнуў выконваць так званыя Генрыкавы артыкулы і захоўваць вольнасці.
   Сярод слуг-рабаўнікоў кн. А. Вішнявецкага старэйшым, паводле судовага акта, быў Ю. Лісоўскі. Даследчыкі ўважаюць яго за здольнага военачальніка і нястрымнага авантурыста. Сапраўды, Аляксандр Юзэф Лісоўскі (каля 1575 – 1616) – адзін з дзевяці сыноў небагатага шляхціча, род якога вядомы ў Беларусі ад сярэдзіны XVI ст. Службу пачаў жаўнерам у 1595 г. пад камандай старосты камянецкага Яна Патоцкага. У 1599 – 1600 гг. ваяваў у Румыніі супраць валашскага гаспадара Міхала. Пазней паручнік Лісоўскі знаходзіўся ў складзе войск польнага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча ў Інфлянтах (Латвія і Эстонія). Але, насуперак энцыклапедыі "ВКЛ”, ён не браў удзелу ў пераможнай бітве са шведамі пад Кірхгольмам (Саласпілс) у 1605 г. Пры канцы 1604 г. Аляксандр (так яго часцей звалі) Лісоўскі ўзначаліў бунт некалькіх гусарскіх харугваў, павёў іх у Расію пад сцягі Ілжэдзмітрыя І і, верагодна, рабаўніцтвамі забяспечыў аплату іх службы, чаго не здолелі зрабіць кароль і гетман законным чынам.
   
Там, "есче на Москве” авантурыст і наняўся на службу да А. Вішнявецкага, увайшоў у давер ды стаў адказным за паходны скарб. Не кожнаму беднаму шляхцічу выпадала служыць шчодраму магнату, то як жа здарылася, што слуга выступіў супраць пана? Мяркуем, да граху рабаўніцтва, акрамя ледзьве не прыроднай схільнасці, падштурхнула А. Лісоўскага адна падзея: у маі 1606 г. князь Адам трапіў у палон, а значыць, сама сабой з’явілася магчымасць прыўласніць скарб. Відавочна, тады ў яго і выспеў план наконт Брагінскага замка. Ці ведаў, што, як засведчыў акт Мазырскага суда, у канцы ліпеня гаспадар быў ужо дома***? Калі не, то даведаўся ад паплечнікаў-брагінцоў, якія сабраліся "з гаспод сваіх”, але нішто не спыніла рабаўніка. Ды і вялікі клопат: у замку князь ці адсутнічаў, ахоўваў яго адзін або тры дзесяткі ўзброеных слуг! Сам А. Лісоўскі ў гэты час выступаў ужо ротмістрам асобнай харугвы і калі хацеў заставацца ім надалей, то мусіў займець "скарбец”. Заўважым, што згаданая харугва была першым фарміраваннем так званых "лісоўчыкаў” – вершнікаў, узброеных шаблямі, рагацінамі, лукамі або стрэльбамі, якія, не маючы абозу, вылучаліся надзвычайнай рухомасцю, а таму і баяздольнасцю. Нерэгулярная кавалерыя, "лісоўчыкі” часцей, як іншыя вайскоўцы ў Рэчы Паспалітай, аплачвалі ўласную службу, займаючыся жорсткімі рабаўніцтвамі ўсюды, дзе б ні з’явіліся. І не адно пры жыцці свайго стваральніка-эпоніма (таго, чыім імем называліся), але і дваццаццю гадамі пазней, ажно пакуль улады не ачысцілі войскі ад гэтых небяспечных кантынгентаў.
  
А эпоніму Лісоўскаму пасля прыгоды ў Брагіне, каб пазбегчы судовых пераследаў, не заставалася нічога лепшага, як далучыцца са сваёй харугвай да рокашу супраць караля – таго самага, у якім браў удзел і кіраўнік Мазырскага гродскага суда А. Палонскі. Яшчэ цікавая акалічнасць: у вырашальнай бітве 5 – 6 ліпеня 1607 г. пад Гузавам (Польшча) ракашанаў разбіў тады ўжо вялікі гетман ВКЛ Я. Хадкевіч, раней патрабаваўшы ад канцлера літоўскага Льва Сапегі суровага пакарання А. Лісоўскага за гусарскі бунт у Інфлянтах.
   
Так авантурыст, у ліку іншых неаплачаных, непадпарадкаваных дзяржаве, а значыць небяспечных для Рэчы Паспалітай свавольных жаўнераў, апынуўся ў войску чарговага ў Расіі самазванца – Ілжэдзмітрыя ІІ. На чале каля 3 тысяч данскіх казакоў, чаркасаў (запарожцаў) і нешматлікіх гусараў ён здабыў славу аднаго з лепшых палкаводцаў "Тушынскага злодзея”, пад камандай Яна Пятра Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Троіца-Сергіевага манастыра і Масквы. Умеў дзейнічаць і самастойна. Напрыклад, у кастрычніку 1609 г., умацаваўшыся ў Растове, "Александр Лисовский хитростию воинскою хотел покорить мятежный Ярославль, шёл день и ночь, и уже достигал своей цели; раскинув лагерь в 3 милях от Ярославля, он хотел выдать себя за героя Скопина****, чтобы овладеть городом нечаянно; но Скопин, Делагарди успели занять его. Лисовский спешил отступить в ночное время, но уже поздно: дорога к Троицкому монастырю была занята немцами… Лисовский не надеялся на своих казаков, отступил к Суздалю, укрепился острогом и держался целую зиму, иногда делал вылазки…” (паводле Марціна Бэра). Але, падобна, і ў рабаўніцтвах ды забойствах з ім мала хто мог параўнацца. В. Каргалаў цытуе звесткі сучаснікаў аб тым, як паны Лісоўскі і Шчучынскі па дарозе з Яраслаўля да Кастрамы "сожгли Даниловский монастырь и умертвили всех жителей… всё обратили в пепел и овладели несметною добычей”; А. Лісоўскі "разъезжал по всем сторонам  в области, куда только ему было угодно, дочиста разорял и опустошал всё, не переставал это делать до тех пор, пока не добрался до городов Галича и Костромы, сжёг их и отступил с огромною и богатою добычей”.
     Пасля краху другой "дзімітрыяды” А. Лісоўскі перайшоў на сталую службу да караля Жыгімонта Вазы. За вялікія заслугі перад Рэччу Паспалітай яму былі дараваныя ўсе правіны, нададзены чын каралеўскага палкоўніка. Памірыўся са сваім колішнім афіцэрам і Я. Хадкевіч. У цяжкім
1615 г. ён з немалым поспехам выкарыстаў "лісоўчыкаў”. Тады палкоўнік А. Лісоўскі, выконваючы загад гетмана, хадзіў на Севершчыну (рэгіён Бранска, Курска, Чарнігава ды інш.) і Паволжжа, разграміў некалькі атрадаў праціўніка, захапіў шэраг гарадоў і спустошыў вялікія абшары краю, чым адцягнуў ад Смаленска частку расійскіх войск і аблегчыў яго абарону…
 
Такая вось сувязь брагінскай мікрагісторыі з падзеямі, якія закранулі лёсы цэлых народаў і краін Усходняй Еўропы ў пачатку XVII ст. Нагадаем яшчэ, што ў 2012 г., калі ці не чатырнаццацітысячныя (у пачатку 2017 г. ужо меней як трынаццацітысячныя) Хойнікі адзначылі сваё меркаванае 500-годдзе, дык чатырохтысячны Брагін і адзінаццацімільённая Масква 865-годдзе сапраўды першай  згадкі  іх у пісьмовых крыніцах.  

* Памылка не створана аўтарам, а запазычана з нейкага старога выдання, пазбаўленага геаграфічнага паказальніка, бо, напрыклад, у "Русской исторической библиотеке" (Изветъ старца Варлаама по убіении розстригине царю Василію Иванновичю всея Росіи. СПб., 1891. Т. 13. Стб. 22, 973) апіска крыніцы, г. зн. "Брачин", аўтарамі паказальніка выпраўлена на "Брагин". 
**Сёння гісторыкі ў Беларусі (не ў Расіі) трымаюцца тае версіі, што самазванец найверагодней быў мясцовым шляхцічам-ліцвінам, бо ж, паводле шведскага аўтара Пятра Петрэя, – па-еўрапейску адукаваны. Куды да яго Грышку Атрэп'еву! Таму і знаходжанне яго ў Брагіне само сабой адпадае. Ці слушна гэткае меркаванне?..
*** А. П. Грыцкевіч у энцыклапедычных артыкулах 1994 –  2005 г. сцвярджае, нібы князь А. Вішнявецкі вярнуўся з палону толькі ў 1607 г.
**** Рускі палкаводзец Міхаіл Васільевіч Скопін-Шуйскі, з таго самага роду князёў Суздальскіх Шуйскіх, да якога нібыта належалі і ўладальнікі Хойнік. Іх агульным продкам ці быў князь Аляксандр Яраслававіч, празваны Неўскім за перамогу над шведамі ў 1240 г. Але дакладна: апошнія з мужчын і жанчын Шуйскіх у нашай старане – стараста загальскі Адам (пам. у 1767 г.), сын Ігнацыя, і яго дачка Людвіка Канстанцыя (пам. у 1828 г.), жонка абознага Караля Прозара. 

              С. Бельскі

Карціна Мікалая Неўрава (1874) "Дзмітры Самазванец І прысягае Жыгамонту ІІІ Вазе"

 
 
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019