Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Чэслаў Пяткевіч
Чуллівасць палешука да музыкі
Калі мне было 8 гадоў, я быў сведкам камічна-ўзрушальнага здарэння. Праходзячы з бацькам каля складу прадуктаў сухой перагонкі, мы маглі назіраць на ганку работніка Аляксея Сапляка*, які спаў, а пры ім сядзеў падлетак, які прынёс яму абед і чакаў, пакуль той прачнецца. Бацька, дастаўшы з кішэні маленькую музыкальную шкатулку, называную тады “курантавая табакерка”, якая іграла “Jeszcze Polska nie zginęła” і “Boże coś Polskę”, накруціў яе, паставіў ля вуха спячаму, паказваючы рукою хлопчыку маўчаць, пасля некалькіх секунд забраў інструмент, і мы адступіліся за вугал будынка. У гэтую хвіліну работнік падскочыў на ногі і, схапіўшы падлетка за валасы, пачаў яго неміласэрна біць, ажно бацька крыкнуў:
– Перастань! За што ты яго беш?!
– А як жа, паночку, ня біць, калі ён, байструк паганы, патрывожыў мае чуда?!
– Пакінь, кажу табе, да раскажы, чаго ты ад яго хочаш.
– Да я раскажу, – сказаў ён, выпускаючы з рук ахвяру, – да толькі ж не сьмейцеся, паночку, з дурнога мужыка. Мне сьнілася, што прыляцелі ангелы, да сталі граць так харашэ, так чудна, здаецца, слухаў бы да канца веку, а ён, паганец, якурат мяне пабудзіў, калі я хацеў пабачыць, у што яны так не па-тутэшняму граюць.
Тым часам бацька, не вымаючы з кішэні “табакеркі”, прывёў яе ў рух; тады Аляксей у адзін момант змяніўся да непазнавальнасці і, пабялеўшы, як труп, прыклаў палец да вуснаў з адначасовым працяглым тшсс!, пачаў нервова азірацца вакол сябе і ўгору. Тады бацька, паказваючы яму чудныя ігры, сказаў: На, паглядзі, у што ангелы гралі.
Той упёр позірк у невядомы яму прадмет, стоячы хвіліну-другую, як скамянелы, а калі галава яго нахілілася і рукі абвіслі, паплёўся прэч моўчкі.
Праз некалькі дзён ён прыйшоў і, сказаўшы паводле звычаю, магайба, што значыць: Памагай Бог, замаўчаў, стоячы ля парога, і на пытанне: – Што добрага скажаш, Аляксею? – адказаў: – Прышоў, паночку, прасіць, штоб вызвалі ангельскія ігры (музыку), як анадысь.
Калі “табакерка” зайграла, то на прапанову сесці ён адказаў:
– Грэх сядзець, бо мы не знаем, хто там у сярэдзіні штыруе – мо ангел. А можа сам Бог.
Пасля заканчэння сціплага рэпертуару ён не захацеў слухаць другі раз, кажучы са слязьмі на вачах:
– Не трэба, паночку, крамнога дай многа. Дзякую! – сказаў ён і паспешліва выйшаў, каб даўжэй не паказваць сваіх слёз, як і “крамное”.
Потым ён з’яўляўся праз розныя адрэзкі часу і заўсёды з аднолькавым узрушэннем слухаў тых чудных іграў; таму можна сабе ўявіць, што адчуў ён, даведаўшыся, што “табакерка” па невядомай прычыне раптам перастала іграць**
Слёзы ў вачах палешука як рэакцыя яго ўражлівасці на лірычную музыку не з’яўляюцца рэдкім выпадкам, і далейшае іх апісванне не прынесла б нічога новага; таму толькі зазначу, што сярод 8 чалавек, вядомых мне па сваім адчуванні музыкі, я спаткаў толькі дзвюх жанчын, якія рэагавалі на яе рознымі спосабамі. Адна з іх, 60-гадовая баба, слухаючы паланез Агінскага “Les adieu á la Patrie” на скрыпцы ў суправаджэнні фартэп’яна, залівалася слязьмі, рыдаючы, бо яшчэ з роду не чула такіх жаласных іграў; іншая ж старая, Хрысціна Майсеіха, шчыра малілася на каленях, зачараваная ігрою, пачутаю першы раз у жыцці. Гэта быў вандроўны аркестр з Кангрэсоўкі, які складаўся з дзвюх скрыпак, флейты і кантрабаса; упершыню ён наведаўся ў закінуты пасярод лясоў Прушын, які размясціўся ля адной з галоўнах дарог, у 1868 г.*** Таму нічога дзіўнага, што такая незвычайная з’ява выклікала сенсацыю сярод фабрычных работнікаў і выпадковых сялянаў. Усе яны збегліся і слухалі невядомыя ім дагэтуль камбінацыі тонаў з захапленнем, але спакойна. Калі рэпертуар вычарпаўся і музыканты, адыходзячы, зайгралі модны тады “Марш Жуаваў” № 2 Асманьскага, падышоў Іван Бурак, найвыдатнейшы мясцовы скрыпач, прыводзячы слухачоў у пэўнае замяшанне сваімі паводзінамі, не залежнымі ад яго волі. Музыка ўзрушыла яго да такой ступені, што ён рабіў уражанне непрытомнага і дрыжэў, ажно ляскаў зубамі, што ўсіх занепакоіла. Як толькі музыкі, атрымаўшы ганарар, выйшлі, тады ён, крыху астыўшы, адправіўся за імі наўздагон з просьбаю, каб яны яму яшчэ зайгралі, але ўжо было запозна, таму ён, вярнуўшыся з нічым, скардзіўся здаўленым голасам:
– Рубля даваў, штоб шчэ загралі, да не паслухалі: некалі, кажуць.
Праз тры гады пасля таго здарэння, калі я пры ім зайграў на фартэп’яна**** той самы марш, ён пазнаў яго, кажучы:
– Ета ж тое самае, што тагды гралі ўаршаўскія музыкі. Мне і досі яно звучае безустанку ў вушах, да ніяк нельга смыкам улавіць.
На фартэп’янную ігру рэагуюць гэтаксама, як на кожную іншую, нягледзячы на тое, што гэта выключна панская музыка (панскія ігры).
Панскія ігры затым, што мужык сваімі дубовымі пальцамі не заграе на картапляні так, як трэба, і што прыправа дарожшая за яго ўсё хадзяйство. Да як бы мужыку хто і падараваў чы бок то Бог з неба скінуў картаплян, то дзе б ён яго паставіў.
Думка палешука пра ігру на фартэп’яна заўсёды ўхвальная, а найлепш яе выказаў Іван Бурак.
Ніхто так чудна не грае на картапляні, як маканавіцкі пан*****. Калі глядзіш на яго пальцы, то падчас здаецца, што іх няма, да толькі нешта балванее. А як бы табе вочы хусткаю завязаў, то б, слухаючы, не ведаў, у што ён грае, бо там абзываюцца ўсе прыправы, якія ты калі-небудзь чуў або ў сьне бачыў, да толькі не чутно абычнаго картапляна. Раз здаецца, што ета негдзе салавейкі або жаўранкі пяюць, то між імі зязюля кукае, а далей робіцца ўсё галасьней, усё весялей, і ты радуесся, але недоўга, бо ось быццам то хмарыцца, гудзе злавешча, тоўпіцца ў неперастаючы гром. І ты, здаецца б, прапаў, як бы не распагодзілося, начэ як бы зноў не пашлі з-пад яго пальцаў весялейшыя ігры да не абрадавалі. Іншы то, граючы, заглядае ў кнігу, што перад ім разложана, а ён, ні разу не зірнуўшы, пяе, жаліцца, сьмяецца і грыміць, да ўсё стройно і чудно.
Настаўнік Івана Бурака, Ілля Бурак******, казаў:
Як мы ўсе былі яшчэ ксяндзоўскія (каталікі), то я добра прыгледзеўся і прыслухаўся к ігранам (да аргана) у касьцёлі, у каторыя граюць Божую службу. Там галасы дудавыя, а ў картапляні звонкія, да клапішы (клавішы) адзінакавыя, дак і картаплянскія ігры, сьвятыя ігры.
Нягледзячы на тое, што найпапулярнейшым музычным інструментам з’яўляецца дудка, якую паўсюль і ў кожную пару чутно, бо амаль няма сям’і, дзе б хоць хто-небудзь не іграў на ёй, аднак першае месца займае скрыпка, стаўшы спадчынніцай пасля зніклай ці знікаючай дуды. Засталося пасля яе шмат песень і прыказак, чаго скрыпка яшчэ не мае, але гэты недахоп мусіць шчодра кампенсаваць цудоўная казка, вядомая па ўсёй Беларусі і на Палессі ў пары варыянтаў, пра музыку, які прадаў сваю душу чорту за тое, што той навучыў яго іграць на скрыпцы. Кожны музыка добра ведае яе, а яе міфічнага героя часам прызнае сваім прабацькам.

* Гэта быў старэйшы фабрычны работнік, чалавек ва ўзросце 45 гадоў, заўсёды пануры і нешматслоўны.
** Адбылося гэта ў сярэдзіне  1864 г., калі паўстанне было ўжо на спадзе… Давялося спыніць “курантавую табакерку”, выняўшы з яе спружыну, што прыводзіла ў рух калючы валік. Неўзабаве бацька быў пасаджаны ў астрог за ўдзел у паўстанні, і тады Аляксей, выказваючы нам спачуванне, сказаў:
– Тагды, як ігры самі астанавіліся, то я пачуяў, што пана пасьцігне якоесь вялікае няшчасьцьце, да не хацеў напрасна трывожыць сваім прадчуцьцім.
*** Потым гэтыя чатыры музыканты мелі вялікі поспех у шляхецкіх дварах урадлівай часткі Палесся і сярод сялян. Першы з памешчыкаў п. Энгель у Стралічаве, вядомы сваёй гасціннасцю і энергіяй, завербаваў іх да сябе, шчодра плаціў, добра карміў і паіў за ігру ў час жніва, якое цягнулася звычайна да 2 месяцаў; і гэтая ігра прываблівала слых жнеяў. Калі ў гэты час у суседа здараліся імяніны альбо іншая ўрачыстасць, ён прыязджаў з музыкаю, якая па гэтай прычыне атрымала назву “энгелеўскай музыкі”.
**** Фартэп’яна называюць: картаплян альбо квартапян, часам прыправа назва, якую даюць шматлікім іншым прыладам не толькі музычным…

***** Гаворка ідзе пра светлай памяці Шчаснага Аскерку, уладальніка Маканавічаў, вялікага патрыёта-грамадзяніна на Рэчыцкім Палессі, у дадатак вядомага шапэніста. У яго доме я бачыў сялянскія вяселлі з вясковым скрыпачом, які іграў пад танцы і якому ён сам акампанаваў на фартэп’яна, калі вясельнікі танцавалі ў яго пакоях. Зрэшты, такое абыходжанне з сялянамі было звычайным у шматлікіх зямян, таму нічога дзіўнага, што Іван Бурак, запрашаны больш заможнымі гаспадарамі, меў магчымасць чуць самых розных выканаўцаў на фартэп’яна і скласці сабе крытычны погляд.
****** Гл. пра іх таксама ўрывак з арыгіналу:

 

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019