Суббота, 20.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                                   Прозараўскія мясьціны ў Хойніках
      Капліца, фамільны склеп альбо курган Людвікі
    Пра капліцу на хойніцкіх могілках, пабудаваную адначасова з мураваным касцёлам у цэнтры мястэчка, М. Ярэміч у 1865 годзе паведаміў, што яна ўяўляла сабой: "Костёл… каменный, покрыт железом, в виде надгробного памятника с четвериковыми по углам башнями, оштукатуренный внутри и вне, в коем устроены четыре круглые окна и одни только входные двери…. В костёле на кладбище (здесь и кладбище православное) устроены гробницы, в которых погребён покойный фундатор костёла, его жена и сын, умерший в 1864 году в городе Минске". Згаданы сын Уладзіслава Прозара Мечыслаў быў арыштаваны па падазрэнню ў сувязях з паўстанцамі і памёр у зняволенні. Пахаваны, як бачым, у Хойніках.
   Зрэшты, Прозары ўсіх сваіх, дзе б яны ні скончылі жыццё, абавязкова перазахоўвалі ў фамільным склепе. Запісы ў метрычных кнігах Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла, напрыклад, сведчаць, што ў 1845 г. былі перазахаваныя трынаццацігадовы Уладзіслаў, сын Уладзіслава і Тэклі (з графаў Ракіцкіх) Прозараў, які памёр ад запалення мозга ў губернскім Харкаве, і сын Караля Прозара Юзаф, памерлы ў сваім спадчынным маёнтку Бесядзь, што ў Беліцкім павеце Магілёўскай губерні.
    Склеп з’явіўся значна раней, чым мураваная капліца. Д-р Антоні (псеўданім Юзафа Антонія Ролле), абапіраючыся на звесткі прозараўскага архіву, сведчыў, што збудаванне grobu familijnego К. Прозар задумаў пасля вяртання з турмы ў 1829 г., а адбылося тое праз год пасля складання абозным у маі 1831 г. тэстамэнту, гэткага вызнання веры для сваіх нашчадкаў.
    Варта звярнуць увагу, як гэты чалавек ставіўся да сваёй абранніцы!
  Вядома, што памерлы ў Салатурне або Салюры (Швейцарыя) ў 1817 годзе Тадэуш Касцюшка ў наступным годзе быў перазахаваны ў касцёле каралеўскага замка Вавель у Кракаве. А каля горада ўдзячныя суайчыннікі насыпалі ў памяць пра героя вялікі курган. Дакладна такі самы знешне курган, але меншых памераў, быў узнесены К. Прозарам паблізу капліцы для жонкі Людзьвікі, труну якой у 1829 годзе ён перавёз з уніяцкай царквы сяла Вялікі Бор, дзе яна была пахаваная годам раней (на правым здымку: курган побач з больш позняй мураванай капліцай; вышэй злева – сучасная праваслаўная капліца на новым участку, так бы мовіць, цэнтральных гарадскіх могілак).
    Менавіта гэты помнік і быў канчаткова зруйнаваны ў 1965 годзе, калі знайшлі жаночае пахаванне і шкляную бутлю Урэцкай мануфактуры Радзівілаў, а ў ёй – пергамент з прысвячэннем нябожчыцы ад 9 (21) мая 1829 г. ды манеты – дукат і два злотыя 1831 г.* У тэксце пергамента было запісана: "Жорсткі і тыранскі лёс, які трымаў мяне ў труннай няволі за інтарэсы Айчыны, не дазволіў мне раней аддаць Табе апошні доўг. Страціўшы Цябе, я і дзеці мае агарнуліся вечным і бясконцым смуткам...
     Чаму Караль пахаваў Людвіку ў адмысловым склепе (раней памерлыя дзеці Станіслаў і Марыяна пахаваныя, як быццам, у іншым месцы)?
    Мусіць, з тае ж прычыны, з якой насыпаў курган – копію касцюшкаўскага ды паклаў менавіта ў пахаванне жонкі "рэвалюцыйныя” або "мяцежныя”манеты, як называлі іх у афіцыйным расійскім справаводстве 1830-х гг. Ён Яе не проста кахаў, а шанаваў і пакланяўся як Айчыне. Марыян Дубецкі, аўтар найбольш падрабязнай на сёння кнігі пра Караля Прозара, заснаванай у тым ліку і на яго асабістых паперах, пісаў, што гадавіны смерці Людвікі і штурма войскамі Суворава Прагі, прадмесця Варшавы, заўсёды былі для абознага часамі найцяжэйшага смутку.
     Ужо спадарожна з'явілася ідэя ўладкавання фамільнага мінінекропаля.

   Пасля таго, як у 1887 годзе Хойніцкі маёнтак набылі расійскія купцы з Арлоўскай губерні, карачаўскі Міхаіл Пятровіч Аўраамаў і трубчэўскі Гаўрыла Сямёнавіч Курындзін, здарылася непапраўнае. Выдаваны ў Інаўроцлаве "Dziennik Kujawski" у нумары за 20 верасня 1895 г. паведамляў: яшчэ ў канцы сакавіка двое давераных асобаў новых уладальнікаў маёнтка ўчынілі злачынства. Наняўшы каваля, яны выламалі краты ад уваходу ў лёх, выкінулі з трунаў рэшткі пахаваных Прозараў, пазрывалі з іх медзь, якую наступна прадалі ў Гомелі. Тады ацалела адно труна Зофіі з дому Аскеркаў, жонкі Мечыслава Прозара. Праз некалькі дзён выламаныя краты заўважыў праваслаўны святар, які і паведаміў аб здарэнні ў паліцыю. Такім чынам, ад 1895 да 1965 г., у Хойніках пры розных уладных рэжымах паслядоўна былі знішчаныя ўсе помнікі, звязаныя з імем Прозараў, а разам і тое апошняе, што яшчэ заставалася іх уласнасцю пасля страты маёнтка, – пахаванні. Гэткае вось стаўленне да гісторыі, а значыць і да памяці пра людзей мінулых пакаленняў...
   Верагодна, аднолькавы лёс напаткаў і труну абознага. Прынамсі, мужчынскія парэшткі ў 1965 г. не знойдзеныя. У метрычных жа кнігах Астраглядаўскага касцёла запісана, што 20 кастрычніка [1 лістапада] 1841 года ў мястэчку Хойнікі, хутчэй ад старасці, чым ад якой хваробы, ва ўзросце васьмідзесяці аднаго года памёр яснавяльможны Караль Прозар, вялікі абозны Вялікага Княства Літоўскага, кавалер, пакінуў пасля сябе сыноў Юзафа і Уладзіслава, дачку Юзэфу. 24 кастрычніка ксёндз Францішак Пазняк, пробашч астраглядаўскі, дэкан Мазырскі і Рэчыцкі, пры асістэнцыі шматлікага духавенства і ў прысутнасці мноства людзей ўрачыста пахаваў нябожчыка ў фамільным склепе. Гэта можа азначаць і тое, што агульны для Прозараў мінінекропаль уладкаваў не абозны, а яго малодшы сын Уладзіслаў.

*Гэта ці не адзіны сюжэт з даўняй гісторыі Хойнікшчыны, які засведчаны і рэчавымі крыніцамі, і пісьмовымі звесткамі, бо пра "flaszką krzyształową, hermetycznie zamkniętą, w której znajduje się ducat, dwuzłotówka i pismo na pargaminie, ręką moją (Караля Прозара) kreślone, z podpisem wielu przytomnych natenczas obywateli” паведамляў яшчэ Антоні Юзаф Ролле [Dr. Antoni J.Opowiadania historyczne. Serya trzecia. T. 1. Karol Prozor, ostatni oboźny litewski. Warszawa, 1882. S. 46].

С. Бельскі

    Выявы кургана і нэагатычнай капліцы ў Хойніках, узведзеных у розныя часы Каралем і Уладыславам Прозарамі, запазычаныя з выдання "Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911 – 1912" (склад. В. А. Лабачэўская... Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012). Выкарыстаны асобнік даўняга ўжо выпускніка СШ № 3 г. Хойнікі Віталя Пяхоты, за што яго ўладальніку шчыра ўдзячныя.

Капліца і курган на здымках, дасланых Зофіяй Прозар з Мінску Аляксандру Ельскаму ў Замосьце ў пачатку снежня 1913 г.
[Archiwum Glowny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 34. S. 77, 78]

 

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024