Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                                  Народныя вучылішчы на Хойнікшчыне
     У XIX ст. у сельскай мясцовасці Беларусі, у тым ліку на Хойнікшчыне, панавала масавая непісьменнасць, асабліва сярод сялян. Пісьменныя людзі (тыя, хто ўмеў чытаць і пісаць) па сёлах і хутарах былі адзінкавыя. Звычайна для вяскоўцаў было вялікай праблемай напісаць ліст, заяву або прашэнне. Таму ў сярэдзіне XIX ст. у сувязі з патрэбамі эканомікі і культуры, а таксама па просьбе саміх жыхароў ва ўсіх рэгіёнах пачалі стварацца так званыя народныя вучылішчы. Яны ўяўлялі сабой тып пачатковай свецкай школы ў сістэме адукацыі. 14 ліпеня 1864 года было прынята расійскае Палажэнне аб народных вучылішчах.
    На Хойнікшчыне, як і ў іншых месцах, у народных вучылішчах навучаліся ў асноўным дзеці сялян. Яны засвойвалі Закон Божы, простыя арыфметычныя дзеянні, пісьмо, чытанне, царкоўныя спевы. Нягледзячы на тое, што вучылішчы былі свецкія, аднак вывучэнню Закона Божага ў іх надавалася вялікае значэнне. Выкладалі яго святары (законанастаўнікі), а астатнія прадметы – настаўнікі.
    Першае народнае вучылішча на Хойнікшчыне было створана ў 1863 годзе. А ў пачатку XX стагоддзя дзейнічала іх толькі пяць: Велікаборскае, Загальскае, Паганянскае, Хойніцкае двухкласнае і Хойніцкае аднакласнае.
    Велікаборскае народнае вучылішча  было створана ў 1866 г. У 1900 – 901 навучальным годзе тут вучыліся 31 хлопчык і толькі адна дзяўчынка. У канцы XIX –  пачатку ХХ ст. настаўнікам працаваў Антон Лукашэвіч, выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Пасля настаўнічаў Пётр Юхневіч. Перад рэвалюцыяй кастрычніка 1917 г. азы свецкіх навук у гэтай школе выкладала Наталля Джажора, а законанастаўнікам быў праваслаўны святар, выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі Васіль Біруковіч.
    Загальскае вучылішча заснавана ў 1864 г. У 1900 – 1901 навучальным годзе установу наведвалі 126 хлопчыкаў і 13 дзяўчынак. Доўгі час (1889 – 1907 гг.) тут выкладаў Сцяпан Біруковіч, які меў званне настаўніка народнага вучылішча, а апошнім настаўнікам быў Антон Біруковіч, законанастаўнікам (1889 – пачатак XX ст.) – праваслаўны святар Міхаіл Біруковіч, выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі.
    Паганянскае вучылішча адкрыта ў 1863 г. Яно было адным з першых на тэрыторыі сучаснага Хойніцкага раёна. У 1900 – 1901 навучальным годзе тут вучылася 28 дзяцей, сярод якіх 4 дзяўчынкі. У розны час настаўнікамі працавалі Адам Зянюк і Надзея Падольская, а законанастаўнікам быў праваслаўны святар, выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі Самуіл Лісоўскі.
   Хойніцкае двухкласнае вучылішча было заснавана ў мястэчку ў 1863 г. У 1900 – 1901 навучальным годзе тут вучылася 68 хлопчыкаў і 20 дзяўчынак. У канцы XIXпачатку ХХ ст. настаўнікам быў Міхаіл Баўдзей, у 1907 годзе – Адам Кендыш.
  Перад пачаткам бальшавіцкай рэвалюцыі ў вучылішчы працавалі два настаўнікі: Іван Шаламкевіч (загадчык) і Любоў Рамановіч. Законанастаўнікамі ў гэты час былі праваслаўныя святары Фёдар Данкевіч (служыў у 1879 – 1907 гг.) і Самуіл Ачалоўскі.
     Хойніцкае аднакласнае вучылішча створана на пачатку ХХ ст. Настаўнікам быў Канстанцін Шанько, а Закон Божы выкладалі тыя самыя святары, што і ў двухкласным.
   Усе названыя вучылішчы былі змешанага тыпу, г. зн. вучыліся ў іх і хлопчыкі, і дзяўчынкі. З прыведзеных вышэй лічбаў бачна, што апошніх вучылася значна менш. Гэта тлумачыцца патрыярхальнымі поглядамі на долю жанчын у сям’і, іх непаўнапраўным становішчам.
   У дасавецкія часы пераважная большасць сялянскіх дзяцей наогул не вучылася ў школе. Галоўная прычына – цяжкае матэрыяльнае становішча сялян, аддаленасць народных вучылішчаў ад большасці вёсак, рэдкая сетка школ. Частка настаўнікаў, што працавала ў межах сучаснай Хойнікшчыны, былі выхаванцамі Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, а ўсе выкладчыкі-святары былі праваслаўнымі, скончылі Мінскую духоўную семінарыю.
    Стварэнне і дзейнасць народных вучылішчаў было для таго часу зявай прагрэсіўнай. Яны абуджалі ў сялянскіх дзяцей цягу да ведаў, садзейнічалі росту свядомасці і культуры, а разам з тым выхоўвалі ў іх адданасць расійскай імператарскай уладзе і праваслаўю.

Г. Дулеба,
кандыдат гістарычных навук

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019