Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
                                                        Як казакі на Брагіншчыне /Хойнікшчыне "гасцявалі”...
     У раённай кнізе "Памяць" ёсць абзац, прысвечаны падзеям XVII ст. З яго можна даведацца пра дапамогу ўкраінскіх казакоў народным масам Беларусі ў барацьбе супраць "польска-шляхецкага прыгнёту”, а бітва пад Загаллем 17 чэрвеня 1649 года паказана няўдалай спробай такой дапамогі. Сказана таксама, што напярэдадні бітвы загоны палкоўніка Ільі Галоты спалілі Хойніцкі замак ды перабілі жаўнераў. Напэўна, інфармацыя ўзята не наўпростую з дакументаў, але запазычана ў Ч. Пяткевіча, які ў вуснай форме атрымаў яе ад Б. Клечынскага, а апошні прачытаў у дакуменце з архіву Хойніцкага замка нібыта часоў Вішнявецкіх [Chojniki.//Ziemia. Ilustrowany miesięcznik krajoznawczy. Warszawa, 1927. Т. 12. № 15 – 16. S. 250].
     Як дайшло да бітвы пад Загаллем, адкуль з’явіліся казакі, хто на каго напаў і чым усё скончылася, выкладзена ў матэрыяле "Бітва пад Загаллем". Відавочна, што перад Загаллем казакі не маглі "шумець" у Хойніках, калі спадзяваліся напасці знянацку. То магла быць падзея ранейшага, веснавога паходу галотаўцаў. Таксама не вельмі верыцца, каб 2 тысячы слабаўзброеных і не меўшых вайсковага досведу сялян добраахвотна пайшлі з казакамі насустрач уласнай пагібелі. Адна справа – бунтавацца на месцы, служыць віжамі (разведчыкамі) і праваднікамі, і зусім іншае – пакінуць сваё сяло і выправіцца ў далёкі (большасць сялян – з Украіны) паход. Яшчэ вядома, што ў бітвах казакі нярэдка гналі сялян наперад, не даючы адступаць. Ці не ў татар перанялі такі жорсткі звычай? Але ж тыя практыкавалі яго амаль выключна ў дачыненні да паднявольных іншапляменнікаў...
       А як казакі абыходзіліся з сялянамі і іншымі людзьмі ў мірныя часы?
      У "Архиве Юго-Западной России" (Киев, 1868. Ч. 3. Т. 2. С. 148 – 158) змешчаны дакумент ад 28 чэрвеня 1687 года. Гэта пратэст, пададзены ў Оўруцкі гродскі суд Кіеўскага ваяводства ад імя Яна Канецпольскага, ваяводзіча бэлзскага, Ваўжынцом Лавіцкім, падчашым ноўгарад-северскім, супраць "нязносных крыўд, шкод, крыміналаў, наездаў і забоеў", учыненых у маёнтку Брагінскай воласці палкоўнікам Войска Запарожскага Паўлам Апосталам Шчуроўскім, яго сотнікамі і казакамі. Сведкамі выступілі Станіслаў Дамброўскі (Дуброўскі) і Самуэль Казлоўскі, слугі пана ваяводзіча, а таксама брагінскі войт (кіраўнік местачковай адміністрацыі) Цімафей Ленчанка і селянін Гаўрыла Гацучэнка, войт вёскі Бабчын.
      Адбылося наступнае. За восем тыдняў да свята Божага Нараджэння рускага, г. зн. праваслаўнага, палкоўнік П. Шчуроўскі з чатырма сотнямі рэестравых казакоў, на ўтрыманне якіх, як часта здаралася, урадоўцы не знайшлі ў дзяржаўным скарбе грошай, стаў на зіму ў мястэчку Брагін і навакольных вёсках, ператварыўшы іх у своеасаблівую кухню. Загадаў, каб кожны селянін даў "свайму” казаку паўвядра (вядро – каля 13,3 л) сухароў, паўвядра жытняй мукі, чвэрць проса, маку, пшаніцы, круп грачаных, мукі грачанай, талакна, солі, пару кашуль, абутку, грошай на порах. У разліку на кожных трох казакоў трое сялян мусілі справіць 1 воз з усім неабходным – з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазніцай з двума гарцамі дзёгцю (гарц або гарнец – 2,8237 л). Такі воз каштаваў добрых 10 злотых (для пана палкоўніка, аднак, жыхары мястэчка справілі тры вазы коштам у 150 злотых; багацей забяспечвалі таксама сотнікаў і палкавога пісара). Асобна да воза сяляне давалі здору на 4 злотыя або сала на 6 злотых, аўса і сена для коней "колькі з’ядзяць", хусты палатна на ўладкаванне паходных шатроў. Яшчэ гаспадар павінны даваць казаку гарэлку, піва, рыбу, у мясны дзень мяса, хлеб толькі белы, "bo też niechcieli nigdy jeść żytniego". Чаго ўбогі селянін не меў у хаце, тое ён мусіў для казака купляць. За адсутнасцю грошай даводзілася забіваць ды прадаваць валоў, бараноў, кабаноў кормленых і падсвінкаў, кур, гусей і качак, бо інакш казакі бязлітасна збівалі, калечылі, а нават і забівалі насмерць сялян-мужчын, як і белагаловых (белых галоў), "aby im należyta była wygoda" – сведчыць судовы дакумент. Імем агульным białogłowa называлі замужнюю жанчыну, ад якой тагачасны этыкет патрабаваў паказвацца на людзях толькі з пакрытай галавой. 
      У шэрагу паселішчаў, з якіх карміліся казакі Апостала (так яго часцей называлі) Шчуроўскага, значыліся: мястэчка Брагін (65 дымоў, 65 казакоў і 30 коней на ўтрыманні), вёскі Рудакоў (12 дымоў, 12 казакоў і 13 коней), Бабчын (26 дымоў, 30 казакоў з паўсотняй коней), Спярыжжа/Сперыж (8 дымоў, 10 казакоў, 14 коней), Нудзічы (дымоў 6, казакоў 15, коней 6), Дублін (дымоў 7, казакоў 8, коней 9), Галкі (дымоў 10, казакоў 12, коней 10), Сувіды (дымоў 8, казакоў 10, коней 8), Мікулічы (28 дымоў, 28 казакоў, 20 коней), Веляцін/Вэлятын [Welatyn] (дымы 4, казакоў 4 і столькі ж коней), Гамолічы (дымоў 11, казакоў 11, коней 14), Сялец (дымоў 20, коней 3, пра казакоў звестак няма), Малейкі і Катловіца (на 8 дымоў ажно 25 казакоў, бо вёскі трымаў ненавісны Шчуроўскаму дзяржаўца, і палкоўнік вырашыў зруйнаваць іх), Шкураты/Скураты (10 дымоў, 5 коней), Мокіш (7 дымоў, 7 казакоў і двое коней), Еўлашы (3 дымы, 7 казакоў, 1 конь), Глухавічы, Губарэвічы/Губаровічы [Hubarowicze] і Сцежарнае (разам 77 дымоў, якія ўтрымлівалі 80 казакоў і 30 коней), Хатучу і Юркавічы, а таксама Ёлчу/Юлчу казакі абмінулі, Лісцвін (дымоў 10, казакоў 25 (!), коней 2), хутары Маскі (4 дымы), Ільічы (4 дымы, 10 казакоў, 8 коней), Буркі (8 дымоў, 8 казакоў, 6 коней), Крыўча (1 дым, 1 казак без каня), Дамброўскі (1 дым, двое казакоў і чацвёра коней; у дакуменце запісана, што гэтым пастоем палкоўнік дашчэнту зруйнаваў гаспадарку, бо засценак належаў вышэйзгаданаму шляхцічу Ст. Дамброўскаму, які ездзіў ад адміністратара Андрэя Чэхоўскага з лістом-скаргай на прыгнёт з боку казакоў і самога Апостала да Яна Канецпольскага, уладальніка Брагінскага маёнтка), Варацец (5 дымоў, 12 казакоў, 18 коней (!), Конанаўшчына/Конаны (3 дымы, 2 казакі і двое коней), Чахі (4 дымы, 5 казакоў), Забалоцце (на Брагіншчыне) і Ясяні (па 3 дымы, па трое казакоў і коней), Звяняцкае/Звінярскае [Zwiniarskie] (4 дымы, 5 казакоў, трое коней), Бандары [Bednarze] (3 дымы, трое казакоў і двое коней).
     Апісанне усяго аддадзенага сялянамі на ўтрыманне казакоў заняло б шмат месца; грошай жа яны заплацілі 8 686 злотых, што ў пераліку на тагачасныя польскія злотыя складала 17 372.
     А які гвалт чынілі!
    Сотнік Русановіч моцна збіў брагінскага падстаросту Сташкевіча, а мешчаніна Антоненку ажно да смерці. Здзекваўся са святара Мікольскага, цягаючы яго за валасы каля царквы і збіваючы за тое, што ён словамі ўшчуваў сотніка, які ў Вялікі пост уздумаў іграць музыку і танцаваць. На загад Апостала Русановіч пасля жорсткага катавання абрабаваў, а потым забіў ксяндза-дамініканіна Булгака, які ехаў з Пінскага кляштара да сваіх родных і заначаваў у Брагіне. Казакі сотні Русановічавай, што стаялі ў Мікулічах, забілі каля Бабчына брагінскага яўрэя-купца Гірша з Турава, які вяртаўся з кірмашу. Узяўшы шмат рознага тавару і грошай, завезлі іх да палкоўніка ў Вербкавічы (на Нараўляншчыну?). Казакі гэтай жа сотні Рабко і Я. Коўтун забілі цяжарных жанчын Чэчэрчыху і Фядорчыху. Апошні ўчыніў названае злачынства ў Лісцвіне.
     Сотнік Кіяшка забіў насмерць губарэвіцкага войта Івана, а яго казакі пазбавілі жыцця селяніна, згвалтавалі дзвюх белагаловых Леташыху і Астапіху ды дзвюх дзяўчын у Глухавічах, трох жанчын у Нудзічах; сярод зімы абрабавалі ямы і каморы.
    Самуэля Казлоўскага, як сказана ў дакуменце, "шляхціча добрага", сотнік Гардзей разоў пяць пасылаў казакоў сваіх забіць у яго доме; нарэшце гаспадара знайшлі ў полі, калі той араў зямлю (такой была засцянковая шляхта), паранілі і збілі, ледзь жывым пакінуўшы. Жонку яго ганілі і ўчынілі б гвалт, але, на шчасце, суседзі збегліся і абаранілі. Шляхціча Дамброўскага, які прыехаў ад пана Канецпольскага з лістом да пана адміністратара Апостал узяў пад варту і суткі трымаў, але ён уцёк. Шляхціча Лавіцкага, на той час падстаросту брагінскага, абухом збіў і пад вартай трымаць загадаў.
   Палкоўнік Шчуроўскі загадаў "забіць, дзе сустрэнуць на дарозе" брагінскага адміністратара А. Чэхоўскага. На яго двор і вёску наслаў Кіяшку і Русановіча з сотнямі, якія дабро разрабавалі, чэлядзь шаблямі пасеклі, а гаспадара, страляючы з мушкетаў, ледзь не дасталі кулямі. Гэта за тое, што Чэхоўскі абураўся і настойліва патрабаваў ад Апостала спыніць гвалт. Справядлівыя дзеянні адміністратара выклікалі адваротную рэакцыю, казацкі палкоўнік "яшчэ горшым рабіўся і стаяў так да самых świątek zielonych у такой зацятасці і злосці". У выніку, каб пазбегчы гвалту, многія сяляне і мяшчане Брагіншчыны пакінулі свае хаты і выселіліся за Днепр.
     У той жа Оўруцкі суд, але дзесяццю гадамі пазней (2 мая 1697 г), была пададзена скарга на свавольствы казакоў ад імя князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасцейскага, маёнткаў Хойніцкай і Загальскай валасцей, што ў ваяводстве Кіеўскім, а ў павеце Оўруцкім знаходзіліся, дзедзіча, г. зн. спадчыннага ўладальніка [Тамсама. С. 351 – 352]. Зрабіў гэта urodzony пан Аляксандр Галаскі (дарэчы, згаданы сярод астраглядаўскіх зямян у інвентары 1698 г.), слуга пана харунжага. У скарзе сцвярджаецца, што казацкага палка Ярэмы сотнік Лабада аніяк не паважаў вайсковыя артыкулы і права паспалітае, бо наехаў на двор Астраглядаўскі пана Дамініка года 1697 дня 10 лютага месяца, а наехаўшы, валоў, коней, авечак, свіней і дабро ўсякае пазабіраў. Пазней, таго ж года дня 16 красавіка месяца сотнік Чэпарняка і казакі-ярэмінцы з мушкетамі, пісталетамі, дзідамі і іншай зброяй баявой (тут падкрэсліваецца, што яна не паляўнічая) пачалі рабункі ў мястэчку Хойнікі. А калі пан Фрыдэрык Левенфатэр, эканом, паспрабаваў не дапусціць іх, дык казакі сілаю ўламваліся да людзей, стралялі ў іх, як у непрыяцеляў, а іншых збівалі. Стэфана Пятроўскага, баярына хойніцкага [яго ўдава Ганна запісана ў пераліку астраглядаўскіх зямян 1698 г.], з мушкета два разы ў грудзі пад самае сэрца стрэлілі, ад чаго той і памёр... Страты ад рабункаў ацэньваліся ў некалькі тысяч польскіх злотых.
    Як бачым, тыя хто ў літаратуры нярэдка паказваецца вызваліцелямі беларускага народа ад "польска-шляхецкага" ярма, пры магчымасці, рабавалі каго заўгодна і чынілі гвалт над усімі, не зважаючы на саслоўную, канфесійную і нацыянальную прыналежнасць. І вядомая ўкраінская песня "Ой, ти Галю" выглядае не адно жартаўліва-павучальнай, якой яе ўважаюць, а з'яўляецца таксама своеасаблівай вершаванай ілюстрацыяй падзеі, падобнай да вышэйапісаных.

ОЙ ТИ, ГАЛЮ 
Шинкарочка Галя в шинку торгувала,
Дiвчоночка Галя пиво наливала.
Ой ти, Галю, Галю молодая,
Дiвчоночка Галя пиво наливала.

Їхали козаки iз Дону до дому,
Пiдманули Галю, забрали з собою.
Ой ти, Галю, Галю молодая,
Пiдманули Галю, забрали з собою.

«Ой, поïдим, Галю, з нами, козаками,
Краще тобi буде, чим у рiдноï мами».
Ой ти, Галю, Галю молодая,
Краще тобi буде, чим у рiдноï мами».

Галя подивилась, з ними пiдчепилась,
Та й повезли Галю темними лiсами.
Ой ти, Галю, Галю молодая,
Та й повезли Галю темними лiсами.

Везли, везли Галю темними лiсами,
Прив’язали Галю до сосни косами.
Ой ти, Галю, Галю молодая,
Прив’язали Галю до сосни косами.

Розбрелись по лiсу, назбирали хмизу,
Пiдпалили сосну вiд гори до низу.
Ой ти, Галю, Галю молодая,
Пiдпалили сосну вiд гори до низу.

Горить, горить сосна, горить та й палає,
Кричить Галя криком, кричить промовляє:
Ой ти, Галю, Галю молодая,
Кричить Галя криком, кричить промовляє:

«Ой, хто в лiсi чує, нехай той рятує,
А хто дочок має, нехай научає.
Ой ти, Галю, Галю молодая,
А хто дочок має, нехай научає.

А хто дочок має, нехай научає,
Та й темноє ночi гулять не пускає».
Ой ти, Галю, Галю молодая,
Та й темноє ночi гулять не пускає».

Обiзвався козак: «Я в полi ночую,
Я твiй голосочок здалека почую».
Ой ти, Галю, Галю молодая,
Я твiй голосочок здалека почую».
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019