Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Уладзімер Гардзеенка нарадзіўся 6 ліпеня 1936 г.

Тая вясна была надзіва сонечнай. Шчодрая на святлынь, яна раскашавала ў надпрыпяцкіх лясах вільготным узбуханнем пупышак. Чакалася: вось-вось вырвецца ценькі зялёны ліст. I зноўку звыкласцю чалавечых клопатаў на ўспацелых, успараных сонцам палях зачнецца сяўба...

Гэткую, па-сялянску клопатную і звыклую, чакалі тую вясну ўсе – птушкі неслі на крылах цяпло пад родныя стрэхі і ў пералескі, людзі, усцешанымі душамі вітаючы наступ цяпла, турбаваліся ў абложы клопатаў аб сяўбе. Чвякала пад абцасамі гумавікаў гразкая палеская вуліца. Да апошняе, ляжала перабратая бульба ў буртах. Рыкалі каровы ўранні ужо на сонечных лугавінах працялі сівець гойстрыя голкі травы...

Ішла звычная для чалавечых клапотаў вясна. Вясна 1985-га года... Першая атамная вясна Беларусі...

...Я ў майстэрні ў мастака. Мой зямляк, ураджэнец Хойнікшчыны, Уладзімір Цітавіч Гардзеенка ўсе паслячарнобыльскія гады піша гэтую гаркотную вясну Палесся: святлынь і сум. Яшчэ там, у дачарнобыльскай пары, мне блізкімі і дарагімі сталі многія творы аўтара, бо пачуццёва, таленавіта паўставалі ў іх палескія краявіды, з веліччу мудрай прыпяцкай плыні, з дубамі абапал яе стромых берагоў. Здавалася, не будзе канца гэтай дзівоснай красе. Такой вечнай і трывучай паўставала паляшуцкая шырэча духу ў Гардзеенкавых творах пра Прыпяць. Памнажалася на героіку тэмы Вера Харужая, Канстанцін Заслонаў... Ад родных Клівоў мастака зусім недалёка да знакамітых мележаўскіх Глінішчаў, тых Куранёў, славута вядомых цэламу свету. I такое суседства, канешне ж, парупіла болей ашчадна і клопатна азірнуцца на родныя берагі. Хвалі плыткай рачулкі Віць за сценамі вясковых хат, вострыя пікі аеру, коўзскія карасі ў сажалцы... Усё гэтае, паляіпуцкае, знанае, грэла душу радзінным цяплом, багата вяртала пяшчотных успамінаў – поўніла нутраным святлом, настроем карціны Гардзеенкі.

Творчая стыхія духу мастака знітавана з Мінскам. Тут палескі хлопец закончыў мастацкае вучылішча, потым – мастацкі інстытут. Тут напаткалі яго першыя ўдачы ў жывапісе і малюнку. Тут працаваў у тэатры юнага гледача – аформіў шэраг пастановак спектакляў. Мне выпала некаторыя з іх заспець на сцэне любімага дзятвой Беларусі тэатра. Захапляццатым жа "Міколкам-паравозам". Гэта, трэба адзначыць, былі залатыя гады тэатра, выпеставаныя яго галоўным мастаком. Потым ужо, калі адкрыўся Палац Мастацтваў на Казлова, у асцярозе суцішаных залаў выпала бачыць творчы плён Уладзіміра Гардзеенкі ў добрым суседстве з лепшымі з яго калег. Задумёныя вочы Пятруся Броўкі – партрэт, "Бакеншчык", "Слова пра Беларусь", "Краявіды Міншчыны".

I гэта былі дачарнобыльскія фарбы беларускага мастацтва.

... Вокны майстэрні выходзяць на прывакзальную плошчу. Там – рытмічна, натужна – віруе жыццё горада. Першы снег мякка-боязна кратае бляшаныя дахі дамоў. А перада мной, у сцішанай сваёй акрасе, у горкай квецені буяння, першая атамная вясна Палесся. Вясна трагічна памятнага 1986 года. Здаецца, стронцый загус у кветках. I яны дыхаюць не святлом, а радыяцыяй. Уражвае карціна "Хата дзеда Івана" – крыж паласуе надвая светлую памяць нашай палескай зямлі, святло малое радзімы. Імклівая постаць палескай бежанкі на фоне абыякавых, што ледзяных, спін. Горкая першая чарнобыльская сляза – ад невядомасці лёсу.

I белы-белы май  – яблыневая квецень карціны "Перасяленцы", "Адзінота рэчаў" – чырвоны тэлефон у цэнтры жывога кавалка свету: пазваніце, спыніце вар’яцтва... Зрабіце гэты апошні званок у імя Жыцця!

Успамінаем вандроўку ў зону. Цяжка прамаўляць гэтае жорсткае слова – зона, бо для нас, палешукоў, гэтая адабраная радыяцыяй зямля застанецца да скону радзімай. Са святлом яе чыстых бярэзнікаў, з прыпяцкай хваляй, з бусловым крылом над матчынай хатай... Гэта тут, на вуліцы роднай пакінутай вёскі, на мёртвай вуліцы, выпала зразумець усю жахотнасць трагедыі: Чарнобыль глядзіць нам у вочы з Будучыні. Ён не застаўся ў мінулым. Нам жыць асцярожліва і сплошана пад яго крыламі, каб размінуцца з белай крывёй. Згадваем знаёмыя краявіды, знаёмых людзей-землякоў. Глядзім каляровыя слайды і здымкі – горкую памяць радзімы. Я пазнаю свой Бабчын, родную хату... Яго сцежкамі хадзіў мастак, шукаў свае фарбы... Жоўтыя кветкі журбы, што шэсцярні, накручваюць боль – цягнуць яго гойструю нітку з душы... Пазнаю дзівасіл...

Сухавеем пабіты, дажджамі нябёс,

Жоўты цвет на сцяжынах маленства парос,

Адбіраючы вочы таемнай красой,

Мыты самаю чыстай, сцюдзёнай расой,

Жоўтыцвет...

Ля бяроз... Ля панылых магіл.

Дзівасіл...

Адзічэлай зямлі дзівасіл...

Так замётна шугаюць былыя гады.

Я па сцежцы знаёмай вярнуўся туцы,

Дзе бусліныя крылы  – у высях святла,

Дзе шчаслівая казка трымцела-жыла.

Колькі гора чутно мне з узмахамі крыл!

Дзівасіл...

Палыновай зямлі дзівасіл...

Уладзімір Цітавіч Гардзеенка сатварыў свае карціны з астатняга святла роднай палескай зямлі. I мо таму яны да глыбіні трагічныя, бо кідаюць у душы гэту гордую прыгажосць як штось астатняе, хрусткае. I гэта новае нараджэнне мастака – чарнобыльца. Нам спасцігаць яшчэ ўсю глыбіню гэтай планетарнай па маштабу трагедыі, нам змагацца за чьфвоную іфоў нашых дзяцей і ўнукаў, нам асцярожліва жыць на забруджанай ядзернай пошасцю зямлі. I нам тварыць мастацтва гэтай зямлі, параненае і чалавечнае, каб сагрэць азяблыя на вятрах часу сэрцы. Даць ім спатолю веру, падараваць надзею.

... Ужо колькі роздумных дзён жыву я ў нясходнай вясне 1986 года. Яе намаляваў, стварыў мой зямляк, беларускі мастак Уладзімір Гардзеенка. Агучыў зрухамі думкі, наталіў дрыготкім святлом. Хрусткую вясну... наўскрайку ядзернай пустэчы. Ёсць у творчым арсенале мастака і карціна "Станоўчае біяполе"  –  ж падсумоўка тае духоўнай энергіі, якую і павінна дарыць гледачу таленавітае мастацтва.

"Горкія кветкі Палесся", Мікола Мятліцкі

                                                                          Сказана яшчэ не ўсё…
       Рознабаковы жывапісец, высокаэрудыраваны тэатральны мастак, майстар малюнка, тонкі педагог-псіхолаг, прафесар Уладзімір Гардзеенка выйшаў у творчы свет з самабытнага кутка Хойнікшчыны.“Ад родных Клівоў мастака зусім недалёка да знакамітых мележаўскіх Глінішчаў, тых Куранёў, славута вядомых цэламу свету. I такое суседства, канешне ж, парупіла болей ашчадна і клопатна азірнуцца на родныя берагі. Хвалі плыткай рачулкі Віць за сценамі вясковых хат, вострыя пікі аеру, коўзскія карасі ў сажалцы... Усё гэтае, паляіпуцкае, знанае, грэла душу радзінным цяплом, багата вяртала пяшчотных успамінаў поўніла нутраным святлом, настроем карціны Гардзеенкі, – напісаў некалі пра свайго таленавітага земляка паэт Мікола Мятліцкі.
       Гэтую знітаванасць з малой радзімай, адданасць берагам савйго дзяцінства, асаблівую цеплыню і багацце паляшуцкай душы Уладзіміра Цітавіча я адчуў падчас нашай сустрэчы. Мастак дзяліўся ўспамінамі пра горкую часіну вайны, распавядаў пра гады студэнцтва, разважаў пра творчасць, прафесію, прыроду, жыццё… Гаварылі мы і пра тое, як працаваў майстар над глыбока метафарычнымі, напоўненымі ўзрушальным сэнсам і жыццёвай мудрасцю карцінамі, што складаюць яго вядомую серыю “Чарнобыль – трагедыя XX стагоддзя”.
      Уладзіміру Гардзеенку было 5 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, якую ён сустрэў на мяжы з Польшчай. Яму падаецца, што ў сваёй памяці ён трымае больш момантаў ваенных, чым пасляваенных. Бо дзіцячая памяць “занатоўвае, убірае” больш інфармацыі, а далей усё згладжваецца. Яго бацька, вярнуўшыся з Фінскай вайны пасля ранення, як афіцэр быў накіраваны ў памежнае мястэчка на Брэстчыне камандзірам батарэі. Да мяжы было каменем дакінуць, нават чулася, як польскія пеўні спявалі.
       “Першы ўдар немцы скіравалі на вайсковыя гарадкі, – прыгадвае Уладзімір Цітавіч. – І вайна для нас пачалася не а чацвёртай раніцы, а раней. Быў страшэнны грукат. У што маці паспела нас, дзяцей, апрануць, у тым і выбеглі з памяшкання. Помню адно: бацька нас абдымае, а я прыціснуўся да маці, якая малодшага брата трымала на руках. Бацька мне падаўся ўжо зусім іншым: цалуе то маці, то майго малодшага брата, то мяне. А для мяне, як ні дзіўна, усё гэта было нецікава, бо маю ўвагу прыцягнулі немцы на матацыклах. Бацька пабег і больш мы яго не бачылі. Ён, як і ўсе гарнізонныя вайскоўцы, загінуў ”.
       Сям’я Гардзеенкаў схавалася пад мост і пераседзела там да вечара. А потым пачаліся блуканні: пайшлі па сем’ях, балазе, маці Уладзіміра Цітавіча была з Палесся, умела вязаць, вышываць… Пры выпадку падзарабляла. Але нехта данёс, што бадзяецца сям’я савецкага афіцэра, і іх разам з яўрэямі загналі ў гета. Потым немцы пачалі выяўляць лаяльнасць да мясцовых вяскоўцаў: дазволілі ім браць сабе ў дапамогу работнікаў, так бы мовіць, афіцыйных рабоў. Тады даволі бедная  сям’я прыйшла ў гета і выбрала Гардзеенкаў, фактычна, выратавала іх ад смерці. Маці доўгі час на іх працавала, але ніякіх здзекаў або абразаў з боку гаспадароў не было.
      Немцы былі такія пунктуальныя, што ўсё зафіксавалі. І гадоў праз 10 – 15 пасля вайны ў Маскве супрацоўнікі КДБ знайшлі тыя спісы, дзе значылася, што ў такіх вось людзей у вайну знаходзілася ў рабстве сям’я савецкага афіцэра. Яны нечакана з’явіліся ў тых мясцінах, усе факты змяшалі з брудам, перакулілі з ног на галаву і саслалі кудысьці на Поўнач таго гаспадара-селяніна. Яго дваіх дзяцей выключылі з навучальных устаноў, дзе тыя атрымлівалі адукацыю. Але яны паспелі напісаць маці Уладзіміра Цітавіча ліст, каб тая пацвердзіла, што да Гардзеенкаў добра ставіліся, не здзекваліся. Маці паехала ў КДБ, але ёй патлумачылі, што гэта іх справа – вырашаць, хто мае рацыю, а хто не. І калі яна хоча, каб яе дзеці нармальна гадаваліся, а сама яна не выправілася ўслед за селянінам на Поўнач, то павінна ехаць дахаты і спакойна працаваць.
      Пасля заканчэння сямі класаў Уладзімір Гардзеенка паехаў да сваякоў у Мінск. Аднойчы, гартаючы газету, заўважыў абвестку пра набор у мастацкае вучылішча. Напісаў заяву і ўжо не мог спакойна спаць ці нешта рабіць, пачаў рыхтавацца да экзаменаў: няўмела, без усялякіх падказак, не ведаючы элементарных рэчаў. Патупаў Уладзімір Цітавіч разам з Віктарам Шматавым (ураджэнцам брагінскага Камарына, будучым доктарам мастацтвазнаўства. С. Б).
      “Мабыць, у мяне было нешта ад прыроды, бо здаў усе іспыты, – працягвае У. Гардзеенка. – Але мяне не залічылі: на 30 месцаў было пададзена 300 заяў. Да таго ж 10 месцаў адводзілася інвалідам вайны, франтавікам. Па сваіх адзнаках я быў адным з першых кандыдатаў у студэнты. Пайшоўшы забіраць дакументы да дырэктара вучэльні, партызана мінулай вайны Івана Краснеўскага, я нечакана заплакаў, бо не вытрымалі нервы. А ён супакойвае:”Сынок чаго плачаш, ты ж мужчына. Бывае і горш. Такіх хлопцаў, як вы, толькі за тое, што дабраліся да Мінска з глыбокага Палесся, здалі ўсе іспыты, без экзаменаў трэба залічваць. Але шкада, не магу гэта зрабіць”.
     Уладзімір Гардзеенка паехаў назад у Клівы. Але не паспеў дайсці да двара, як яго сустрэлі аднакласнікіі запыталі, чаго той вярнуўся, бо прыйшоў жа выклік з вучылішча. Ён і сапраўды прыйшоў. Потым ён дазнаўся, што ў аднаго з залічаных інвалідаў адкрыліся раны, і той забраў дакументы. Так што лёс распарадзіўся, каб У. Гардзеенка паспяхова скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а потым і Беларускі дзяржаўны тэтральна-мастацкі інстытут.
      І па сёння Уладзімір Цітавіч, якому ідзе ўжо 76 год, нічым не адрозніваецца ад маладзейшых калег у творчай працы, хіба толькі тым, што ён больш адданы мастацтву ды больш  дасведчаны ў ім.
      А яшчэ яму дагэтуль баліць душа за Чарнобыль. Наступствы той страшнай вясновай падзеі 1986-га чорным ценем леглі на жыццё мастака, для якога, як для кожнага нармальнага чалавека, вельмі шмат значыць родны кут. Яго родная вёска Клівы, дарагія і незабыўныя мясціны апынуліся ў зоне адсялення. Пасля аварыі Уладзімір Гардзеенка амаль на працягу дзесяцігоддзя па некалькі разоў на год ездзіў у небяспечны рэгіён, загадзя плануючы для гэтага свій час. А пачаў з таго, што напісаў ліст да старшыні Хойніцкага райвыканкама: з надзеяй на падтрымку паведаміў пра свій намер – стварыць серыю карцін, прысвечаных адселеным вёскам і людзям, якія пацярпелі. З Хойнік вельмі хутка адгукнуліся: прынялі адпаведную пастанову, выдаткавалі фінансавыя сродкі, пра мастака-энтузіяста напісалі ў мясцовай газеце.
     Уладзімір Цітавіч успамінае: “Час у эканамічных адносінах быў цяжкі, узнікалі праблемы з палівам. Але давалі машыну, і мяне суправаджаў міліцыянер са спецыяльным пропускам. Міліцыянер мусіў пільнаваць сітуацыю, бо там можна было натрапіць і на розных звяроў, і на немаведама адкуль збеглых людзей, якія хаваліся ад грамадства і атабарыліся ў зоне. З намі таксама ездзіў супрацоўнік раённага краязнаўчага музея, які ведаў усе тамтэйшыя дарогі і сцяжыны. У кожную з такіх паездак мы за некалькі дзён, паводле спісу, абязджалі пакінутыя вёскі. Дзе магчыма было затрымацца – рабіў замалёўкі, дзе радыяцыйны фон зашкальваў – мне прапаноўвалі зрабіць фотаздымак. Мае спадарожнікі стаялі на асфальце і казалі, што вось тут – зашкальвае, а ты, маўляў, па бураломах і вербалозе шастаеш, дык там увогуле вельмі вялікая радыяцыя…
      Перажываючы бяду, што напаткала родную вёску Клівы, ён маляваў асірацелыя Кажушкі, Дронькі, Радзін, Уласы, Бабчын, увасабляў веліч палескіх краявідаў, у якіх адвеку гучаць аптымістычныя, жыццясцвярджальныя ноты… Ды ўрэшце мастак зведаў на сабе агрэсію “мірнага атама”: моцна захварэў, дактарам давялося нават ратаваць яго ад клінічнай смерці. Але, нягледзячы ні на што, Уладзімір Гардзеенка не забываецца на родныя мясціны. Некалькі разоў ездзіў туды з жонкай і дзецьмі, каб яго самыя дарагія, блізкія людзі адчулі на сабе і ўбачылі, што сталася з яго малой радзімай, памяць пра якую наталяе душу цеплынёй, а прыродная прыгажосць па-ранейшаму лашчыць вока.
       Персанальныя выстаўкі, якія ўключалі работы, зробленыя непасрэдна ў чарнобыльскай зоне, карціны, прысвечаныя Палессю і самой трагедыі Чарнобыля, У. Гардзеенка ладзіў у абласных гарадах, а ў Хойніках – двойчы (1993, 1996). Пры канцы 1990наладзілі ў гомельскай выставачнай зале вялікую тэматычную экспазіцыю, якая складалася з дзвюх частак: работ У. Гардзеенкі ды твораў мастакоў Гомельшчыны. Расказваюць, што на фоне яго ўзрушальнай персанальнай выстаўкі той калектыўны вернісаж выглядаў поўным правалам, стваралася ўражанне, нібыта мясцовыя творцы не былі падрыхтаваныя да глыбокага мастацкага выказвання на трагічную тэму.
       “У мяне вельмі шмат матэрыялаў для асэнсавання сабралася за гады паездак у зону. Была напісана вялікая колькасць тэматычных палотнаў. Але тады ў Гомелі я зрабіў памылку: выставіў іх вельмі шмат, яны пачалі псіхалагічна ўплываць на наведвальнікаў, –  разважае У. Гардзеенка. – КарцінаВаневы тапачкі. Замест некралога” (моцная жывапісная метафара, у цэнтры якой – пара дзіцячых тапачак ля апусцелага бальнічнага ложка. – В. К.) настолькі ўразіла адну з глядачак, у якой дзіця памерла, што яна страціла прытомнасць. І я зразумеў, што такія экспазіцыі трэба разнастайваць пейзажамі, нацюрмортамі… Сёння я, магчыма, адзіны мастак у краіне, хто не кінуў працаваць над гэтай тэмай. Завяршаю пастаянна серыю за серыяй. Увогуле, ёсць работы, якія яшчэ ніхто не бачыў”.
       Думаецца, невыпадкова адна з выставак Уладзіміра Цітавіча, які ў творчай накіраванасці, працавітасці, энергічнасці зусім не саступае маладым, праходзіла пад назвай “Яшчэ не ўсё мною сказана”.

Віктар Кавалёў
ЛІМ. 10 лютага 2012

Сілуэты. 1990

Зіма. 1994

Загубленая прыгажосць. 1999

Каложская царква. 2002

Край майго дзяцінства. 1995

Памяранцавая сімфонія. 2003

Лета. 2005

Макі. 2005

Маленне ночы. 1994

Мой анёл-ахоўнік. 1994

На абочыне. 1994

Нуда сабачая. Дыпціх. Частка 1. 1991

Нуда сабачая. Дыпціх. Частка 2. 1991

Напярэдадні. 1995

Перасяленцы. 1996-2005

Пеўні тут больш не пяюць. Вёска Радзін. 1996

Поўдзень. Статак. 1997

Пейзаж са статкам. 1997

Спадчына. 1994

Хата дзеда Івана (вёска Дронькі). 1996

Ваневы тапачкі. Замест некралога. 1995

Чырвоныя дрэвы (1993-1998)

Партрэт студэнткі Дашы. 2005

Што цяпер прасіць у Бога? 1995

Сон. 1990

 

 

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019