Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

           Руслан Гародка
                                                                     ГІСТОРЫЯ ЦУДАДЗЕЙНАЙ ІКОНЫ МАЦІ БОЖАЙ ЮРАВІЦКАЙ

     Юравіцкая Божая Маці – апякунка Палесся. Гэтую славутую ікону ўшаноўваюць і каталікі, і праваслаўныя. З яе дапамогаю звязваюць адраджэнне рэлігійнага жыцця на Мазыршчыне.     
   Упершыню ў гістарычных хроніках ікона згадваецца ў 1630 годзе, вядомым бунтамі запарожскіх казакаў, якія змагаліся з польскімі войскамі, размешчанымі ў Кіеўскім ваяводстве. Польскія войскі пад кіраўніцтвам вялікага гетмана кароннага Станіслава Канецпольскага задушылі паўстанне пад Пераслаўлем. Казакі прыслалі да гетмана паслоў з просьбаю міру і даравання іх правінаў. Станіслаў Канецпольскі згадзіўся, але спакой панаваў нядоўга. Хваля новых бунтаў пракацілася па ўсходніх тэрыторыях Рэчы Паспалітай. Казакі грамілі маёнткі шляхты, рабавалі і забівалі. Гетман пабудаваў над Дняпром крэпасць Кодак, каб затрымаць запарожскае войска, але і сцены Кодака не вытрымалі напору казакаў – крэпасць была знішчана ў 1635 годзе. Паўстанцы захоплівалі ўсё новыя і новыя тэрыторыі. Шляхцічы хавалі свае сямейныя скарбы ў больш бяспечных месцах. Нават вялікі гетман Канецпольскі аддаваў каштоўныя рэчы каму-небудзь на захаванне. Сярод сямейных каштоўнасцяў ён меў ікону Багародзіцы, якую аддаў айцам езуітам з калегіума ў Бары. Але, пачуўшы небяспеку, езуіты пераехалі ў Львоў, узяўшы з сабою ікону.
    Адзін з манахаў, які распакоўваў для прасушкі рэчы гетмана, быў вельмі ўражаны, калі ўбачыў абраз Багародзіцы. З дазволу кляштарнага начальства ён змясціў ікону ў сваёй келлі і маліўся перад ёю ў патрэбах сваёй душы. Да іконы прыходзілі і іншыя манахі. Адзін смяротна хворы брат пасля малітвы перад абразом раптам выздаравеў. Гэта навіна хутка разышлася па калегіуме – ікона Маці Божай стала вельмі шанаванай. Слава пра абраз дайшла нават да езуітаў, што жылі ў калегіуме св. Пятра ў Кракаве.
   Сярод духоўных асобаў львоўскага калегіума вызначаўся ксёндз Марцін Тыраўскі, які паходзіў з вядомай заможнай сям’і. Яго блізкі родзіч Гермалай Тыраўскі ў 1629 годзе быў фундатарам кляштара айцоў рэфарматараў у Пшэмысьлі, а Ганна з Тыраўскіх (Яжова-Уліньска) пабудавала ў Пшэмысьлі касцёл пад тытулам св. Ігнацыя для айцоў езуітаў. Марцін склаў манаскія шлюбы і ў 1641 годзе стаў езуітам.
   Часы тады былі сапраўды небяспечныя, неспакойныя. Калі Багдан Хмяльніцкі ўзначаліў збунтаваных запарожскіх казакаў, зноў палілася кроў. З асаблівай жорсткасцю казакі распраўляліся з каталіцкімі святарамі і законнікамі. Вядома, што ў 1648—1665 гады ад рук запарожцаў загінула 39 духоўных асобаў з ордэна езуітаў. Людзі хаваліся па лясах і балотах, былі напалоханыя і прагнулі абароны і духоўнай дапамогі. Менавіта ў гэты час, у 1661 годзе, айцец Марцін Тыраўскі быў накіраваны кіраўніцтвам Таварыства Езуса на душпастырскую працу на Украіну. Тыраўскі добра разумеў, што толькі апека Божай Маці дапаможа яму выканаць абавязкі святара, быць апосталам на зямлі, дзе льецца кроў, дзе ў сатанінскай віхуры імчацца бязбожныя казакі, змятаючы ўсё на сваім шляху. Ён вырашыў прасіць унука Станіслава Канецпольскага, вялікага гетмана кароннага, каб той падараваў яму ікону Багародзіцы, што старанна захоўвалася ў львоўскім калегіуме. Праз некаторы час айцец Марцін атрымаў ад Канецпольскага пісьмовую згоду, з якой паехаў у Львоў, дзе рэктар калегіума Аляксандр Ларанцовіч уручыў яму абраз. З іконай сваёй Заступніцы айцец Тыраўскі адправіўся на Валынь, дзе праходзіла яго далейшая місіянерская дзейнасць.
    Вясною 1673 г. душпастырскія справы прывялі яго на Палессе, у мястэчка Юравічы. Як заўсёды, пры ім быў абраз Багародзіцы. Калі місія закончылася, айцец Марцін сабраў свае рэчы і разам з іконаю рушыў на далейшую місію, але як толькі выехаў з Юравічаў на дарогу, што вяла да Алешыцаў*, коні раптам сталі, як укопаныя, хоць былі маладыя і яшчэ не змучаныя. Місіянер вырашыў, што нейкія злыя сілы трымаюць воз, каб зрабіць немагчымай яго далейшую паездку-місію па навяртанні душаў. Дзіўныя рэчы ўбачыў Тыраўскі. Коні, гнаныя пугаю, з усіх сіл імкнуліся і не маглі зрушыць воз з месца. Айцец Марцін пачаў малітоўна звяртацца да Божай Маці, просячы дапамогі. Раптам павозка зрушылася з месца, а коні шпарка пабеглі па дарозе. Праз некалькі дзён Тыраўскі вяртаўся той жа дарогаю праз Юравічы. Яго здзіўленню не было мяжы, калі коні зноў сталі на тым самым месцы і не маглі рушыць далей. Місіянер не ведаў, што рабіць, але тут пачуў голас: «Дакуль Мяне будзеш замыкаць і няволіць? Чаму не клапоцішся аб памнажэнні Маёй пашаны? Ужо прыйшоў час застацца Мне тут, пастаўленай для народных набажэнстваў».
   Айцец Марцін застаўся ў Юравічах. Ён быў вельмі ўражаны тым голасам, але і нейкія сумненні мучылі яго. Ён не мог зразумець, навошта захацела Марыя быць ушанаванай людзьмі сярод гэтых лясоў і балотаў. Тыраўскі многа і горача маліўся да Божай Маці, каб Яна зноў, можа іншым спосабам, паказала сваю волю. Між іншым, знаёміўся з мясцовасцю, хадзіў па тутэйшых лясах, шукаючы адпаведнага месца для будучай капліцы, у якой размесціцца ікона. Хутка знайшоў цудоўнае месца на ўзгорку, у вельмі прыгожым куточку, адкуль адкрываліся цудоўныя краявіды на ўсё наваколле.
   Праз некалькі дзён да айца Тыраўскага прыйшла кабета, вядомая сваёй пабожнасцю. Гэтая жанчына не ведала Тыраўскага і ніколі не бачыла ікону, але яна сказала, што пасля вячэрніх малітваў, калі заснула, паказаўся ёй абраз Багародзіцы, і падрабязна апісала яго. Айцец Марцін захацеў праверыць праўдзівасць кабеты і паказваў ёй розныя іконы, а калі чарга дайшла да цудадзейнага абраза Божай Маці, жанчына ўпэўнена сказала, што гэта той, які яна бачыла ў сне. Яшчэ кабета дадала, што чула голас Марыі: «Ідзі да святара, якога знойдзеш у Юравічах, і патрабуй ад Майго імя, каб волю Маю выканаў. Дакуль буду ў цемры схаваная, не аб’яўленая свету?» Марцін Тыраўскі быў вельмі рады, што нарэшце такім незвычайным спосабам Марыя пацвердзіла сваю волю.
    Пачалося будаўніцтва капліцы. Памочнікаў хапала, але айцец Марцін сам, разам з сваім таварышам, пілаваў дрэвы, часаў дошкі, і ў хуткім часе з’явілася капліца. У гэтай працы святар бачыў сваё асабістае набажэнства да Найсвяцейшай Багародзіцы. Пасля асвячэння капліцы ў яе была ўрачыста ўнесена славутая ікона. Ва ўрачыстасцях удзельнічалі айцы езуіты і айцы бернардынцы з мазырскага кляштара.
    У рукапісе з XVII ст. («Historia Collegii Ostrogiensis Societatis Jesu») ёсць запіс: «Дня 20 красавіка 1684 года памёр айцец Марцін Тыраўскі, безумоўна, найлепшы місіянер нашай правінцыі. 13 гадоў быў абозным місіянерам. Калі раз быў абкружаны з усіх бакоў ворагамі татарскімі, дзіўнай дапамогаю Божага Провіду знік з іх вачэй. На місіі палескай быў гадоў 20. Перадусім яму Палессе ўдзячнае, што засталося вернае святой каталіцкай веры». Рукапіс распавядае, што айцец Марцін меў дар прадбачання, аздараўлення хворых, і нават дзікія звяры былі яму паслухмяныя.
    Незвычайнае здарэнне адбылося на пачатку лістапада 1673 года. Сярод ціхай і пагоднай ночы над новай капліцай на небе з’явілася святло, быццам днём, і вогненныя стрэлы, што ляцелі на поўдзень. У той самы час вялікі гетман каронны Ян Сабескі (будучы польскі кароль) у бітве сустрэўся з турэцкім войскам пад Хацінам. Гораду пагражаў той жа лёс, што напаткаў Камянец Падольскі, дзе святыя крыжы і абразы былі растаптаныя конскімі капытамі. Перад іконаю Багародзіцы ў юравіцкай капліцы, як і ва ўсіх касцёлах дзяржавы, людзі прасілі дапамогі ў цяжкай бітве з бязбожнікамі. На наступны дзень пасля відовішча вогненных стрэлаў, у дзень святога Марціна, стала вядома пра перамогу 6-тысячнага польскага войска над 40-тысячным турэцкім. Бітва доўжылася каля дзвюх гадзін, пачаўшыся а 6-й раніцы. Частка непрыяцеля палегла ў баі, частка патанула падчас уцёкаў у Дняпры. Народны голас распавядаў, што гэта Марыя папрасіла Бога аб дапамозе, а вогненныя стрэлы, што ляцелі з-пад Юравічаў, прадказалі разгром ворага.
    Народныя паданні сведчаць пра рыбакоў з канатопскіх азёраў, што бачылі прыгожых паннаў, на чале якіх была найпрыгажэйшая з каронаю на галаве, — Божая Маці. Яна сказала рыбакам: «Іду з Кіева ў Юравічы». Пабожная кабета Кісялеўская таксама расказвала пра сваё бачанне Багародзіцы, якая і ёй паведаміла: «Іду з Падола ў Юравічы». Людзі па-свойму тлумачылі гэтыя словы. Казалі, што Марыя пакінула кіеўскія Пячоры, выйшла з Падола, бо ў Камянцы на месцы крыжа ўзвышаўся мусульманскі паўмесяц. Чуткі хутка разыходзіліся па ваколіцах, павялічваючы культ Найсвяцейшай Маці.Пілігрымкі ў Юравічы сталі часцейшымі. Людзі ехалі і ішлі пехатою – простыя і шляхта, пабожныя і цікаўныя, каб аддзячыць за дабро, а ў смутку знайсці суцяшэнне. Адзін летапісец адзначаў, што часам цяжка было адрозніць звычайны дзень ад святочнага – так багата было народу ў святыні. Прыязджалі з Мазырскага, Рэчыцкага, Оўручскага паветаў. Ікона была вядомая ў Кіеўскім, Чарнігаўскім, Мінскім ваяводствах. Нават праваслаўныя з кіеўскіх Пячораў выйшлі ў працэсіі з харугвамі да Юравічаў, каб пакланіцца Багародзіцы.

MUSEUM TOMATORUM Budownictwo drewniane. Jurowicze, kapliczka

    У 1681 годзе ў Юравічы прыехаў ксёндз Барталамей Вансоўскі, правінцыял ордэна езуітаў, каб памаліцца за сваё здароўе, бо быў цяжка хворы. Дарога яшчэ больш пагоршыла яго стан, але пасля малітвы перад абразом ён атрымаў выздараўленне. Удзячны святар стаў ініцыятарам пабудовы вялікага мураванага касцёла. Будаваўся ён у 1726—1746 гадах на месцы драўлянага кляштара. Езуіцкі калегіум дзейнічаў з 1778 года, а ў 1820 годзе будынкі і касцёл былі перададзены бернардынскаму ордэну.
    Касцёл і корпус калегіума аб’яднаныя ў архітэктурны комплекс. Высокі мур агароджы мае ўяздную браму. Абапал яе і па вуглах агароджы ўзвышаюцца вежы з байніцамі. Касцёл – цудоўны помнік архітэктуры позняга барока – быў пабудаваны ў форме крыжа. Гэта трохнававая базыліка з выцягнутай паўкруглай апсідай і двухвежавым фасадам. Разнастайныя вокны і нішы аздоблены складанымі профілямі і лепкай. Абапал алтарнай часткі – двухпавярховыя закрыстыі. Бакавыя сцены падзеленыя лапаткамі і неглыбокімі нішамі. Пад касцёлам размешчана крыпта. Корпус калегіума мае два паверхі, дзве трох’ярусныя вежы на вуглах фасаду. Увесь комплекс быў абкружаны цудоўным садам.
   Да 1832 года цягнуўся залаты час санктуарыя Маці Божай Юравіцкай. Цудадзейная ікона і велічны касцёл былі сапраўдным духоўным цэнтрам Палесся. Санктуарый не страціў сваёй значнасці нават пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 годзе. Аднак у 1832 годзе царскія ўлады зачынілі касцёл, выгнаўшы з яго айцоў капуцынаў. Толькі праз адзінаццаць гадоў прыйшоў пісьмовы дазвол з Пецярбургу на аднаўленне парафіі і адкрыццё святыні. З ліста апошняга прыёра цыстэрцыянскага кляштара ў Кімбараўцы айца Баркоўскага даведваемся, што ён у 1842 годзе быў пасланы пасля высвячэння вікарыем у дапамогу юравіцкаму пробашчу айцу Мадзевічу і знаходзіўся пры ім да 1847 г. Пасля смерці ксяндза Мадзевіча пробашчамі ў Юравічах былі ксяндзы Лакает і Сімановіч, а апошнім пробашчам да 1864 года быў ксёндз-канонік Гуга Гадзецкі.
   У 1831 г. пасля падаўлення паўстання пачаліся новыя ганенні на Каталіцкі Касцёл. Паступова сталі зачыняць святыні, скасоўваць кляштары, забараняць дзейнасць парафій. Многія зачыненыя касцёлы ўлады аддавалі праваслаўным. Ксёндз Гуга Гадзецкі зразумеў, што ў хуткім часе падобны лёс напаткае і яго святыню. Боль сціскаў яму сэрца ад думкі, што давядзецца пакінуць парафіянаў без духоўнай апекі, што касцёл будзе зачынены, а цудадзейны абраз Маці Божай апынецца ў чужых руках. І ён вырашыў зрабіць усё магчымае, каб захаваць ікону для нашчадкаў, каб і надалей яна заставалася каталіцкай святыняю. Цяпер відавочна, што Божы Провід чуваў над ім. Айцец Гадзецкі даведаўся, што Ядвіга Кеневіч, якая ўмела добра маляваць, зрабіла для сябе копію іконы Маці Божай Юравіцкай. Па просьбе пробашча яна аддала яму сваю працу. Гадзецкі пры дапамозе некалькіх парафіянаў замяніў сапраўдную ікону на копію, пераклаўшы на яе ўсе воты, срэбныя пазалочаныя кароны і сукенку, а сапраўдную ікону перадаў на захаванне Габрыэлі Горват, жонцы маршалка Рэчыцкага павету, жанчыне пабожнай і вядомай у акрузе.
    Праз некалькі месяцаў пасля замены абраза 26 лістапада 1864 года адбылося тое, што і прадбачыў айцец Гуга: царскім указам была скасавана каталіцкая парафія ў Юравічах, а касцёл перададзены праваслаўным.
    Габрыэля Горват старанна захоўвала цудадзейны абраз, але, адчуўшы, што набліжаецца яе апошні дзень, вырашыла перадаць ікону ў больш надзейныя рукі. У маі 1885 года яна паехала ў Кракаў і пакінула абраз айцам езуітам кракаўскага калегіума, узяўшы з іх пісьмовае абяцанне вярнуць ікону ў Юравічы, калі там адродзіцца касцёл. Езуіты спачатку змясцілі цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай у капліцы калегіума, а пазней – у касцёле святой Барбары.
    На змену нецярпімаму царызму, які ў Каталіцкім Касцёле бачыў пагрозу самадзяржаўю, прыйшлі бязбожныя саветы. Храм быў зачынены. Калегіум прыстасавалі пад гаспадарчыя патрэбы. Унікальныя будынкі кляштара былі часткова разбураныя, расцягнутыя па цагліне. Вада і вецер дапамагалі ваяўнічаму атэізму.
    У 1993 годзе ўсе ацалелыя будынкі мясцовыя ўлады перадалі Тураўскай праваслаўнай епархіі, і цяпер тут дзейнічае мужчынскі манастыр.
    А ў Кракаве, у касцёле святой Барбары, па сённяшні дзень знаходзіцца цудадзейны абраз Багародзіцы, які завецца абразом Маці Божай Юравіцкай.

*Гэта нашыя Алексічы, бо іншых паселішчаў з сугучнымі назвамі у рэгіёне няма і раней не было. [С. Бельскі]

 

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019