Пятница, 19.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Філалагічны факультэт! Чатырохпавярховы корпус на Чырвонаармейскай. Інтэрнат на Паркавай магістралі. Незабыўныя дні студэнцкага юнацтва. Наша літаратурнае аб’яднанне “Узлёт”, прафесар, паэт, літаратуразнаўца Алег Антонавіч Лойка – яго нязменны кіраўнік. Філфакаўскае літаб’яднанне сфарміравала ядро не аднаго літаратурнага пакалення. Гэтак жа “шліфавала” і нас. Бяру ў рукі блакітны, як само неба над намі, зборнік вершаў “Вёсны” і чую незабыўнае водгулле студэнцкага літаратурнага жыцця. Быццам зноў прымоўкла сядзім у аўдыторыі, а вершы чытаюць па чарзе Ваня Рубін, Васіль Сахарчук, Люба Тарасюк, Жэня Мальчэўская, Коля Цялега, Толя Шушко, Саша Емяльянаў, Віця Стрыжак, Саша Пісьмянкоў, Валодзя Марук, Хрысціна Лялько, Тамара Купрэвіч, Вольга Русілка, Валодзя Мазго, Косця Жук, Валодзя Ягоўдзік… Перад кожным была свая літаратурная дарога. Некаторыя сышлі-саступілі з яе адразу ж пасля універсітэта, многія і сягоння нястомна крочаць па ёй. А некаторых ужо няма сярод нас. Абарвалася недапетая песня І. Рубіна, В. Сахарчука, В. Стрыжака, М. Цялегі, А. Емяльянава, А. Пісьмянкова, Л. Тарасюк, Я. Мальчэўскай. Светлая ім памяць і доўгае жыццё іх паэтычным радкам. Светлая памяць і вялікая ўдзячнасць і нашым “узлётаўскім” кіраўнікам – Рыгору Міхайлавічу Семашкевічу і Алегу Антонавічу Лойку.
У студэнцкія гады адбыліся мае пэтычныя дэбюты ў самых салідных літаратурных выданнях Беларусі – часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Беларусь”, “Нёман”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Паэтаў майго пакалення рэдагавалі і друкавалі такія аўтарытэтныя паэты і не менш аўтарытэтныя загадчыкі паэтычных аддзелаў, як Анатоль Вялюгін, Мікола Аўрамчык, Аляксей Русецкі, Браніслаў Спрынчан, Юрась Свірка. З Анатолем Сцяпанавічам Вялюгіным у мяне асабіста склалася сапраўднае чалавечае і літаратурнае сяброўства. Ён і стаў “хросным бацькам” першае кнігі “Абеліск у жыце” – адрэдагаваў зборнік на грамадскіх пачатках і напісаў прадмову. Першы паэтычны зборнік быў прыхільна сустрэты. 6 сакавіка 1981 года мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Яшчэ пісаў дыпломную работу па “Вечы славянскіх балад” Янкі Сіпакова пад кіраўніцтвам А. А. Лойкі, а ўжо быў запрошаны на штатную пасаду ў штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”. Падарунак лёсу? Думаю, што проста А. Вялюгіну не хацелася ператвараць у ростань наша сяброўства, і ён папрасіў па-зямляцку галоўнага рэдактара “ЛіМа” Алеся Харытонавіча Асіпенку ўзяць філфакаўскага выпускніка на працу ў рэдакцыю. Ужо на руках было накіраванне ў Хойнікі. І мы шчыра з жонкай збіраліся ехаць туды. Хойніцкая раёнка для мяне была патаемнай прывабай. А тут такая прапанова! Многія раілі: заставайся. Дый што казаць, разумеў і сам добра – сур’ёзная літаратурная праца магла быць толькі ў сталіцы, толькі ў пісьменніцкім асяродку, у прафесійнай і духоўнай еднасці… А ўсе клопаты па пераразмеркаванні па-зямляцку шчыра дапамог вырашыць І. П. Шамякін. З гэтай просьбай Іван Пятровіч звярнуўся непасрэдна да міністра асветы М. Г. Мінкевіча. “Калі міністр пачне дакараць, што ў школу працаваць не едзеш, не пярэч, а глядзі вінавата” – параіў Шамякін. Атрымалася зусім адваротнае: усцешаны шамякінскай просьбай міністр папрасіў, каб не падвёў прызнанага майстра слова, пажадаў поспеху на літаратурнай дзялянцы. Пра тое, ці апраўдаў выдадзены літаратурны аванс, Іван Пятровіч напісаў у “Дзённіках”. І я ўдзячны народнаму пісьменніку, класіку айчыннай літаратуры за тое, што маёй творчасці даў адзнаку станоўчую. Нас потым звязала вялікае сяброўства – колькі незабыўных сустрэч! Колькі сумесных вандровак па Беларусі! Колькі адкрытых і шчырых гаворак пра літаратуру!
Іван Пятровіч падбухторыў мяне і на самую значную авантуру – балаціравацца на пасаду старшыні Саюза пісьменнікаў. Вельмі ж яму хацелася, каб справа, якой нястомна аддаў многія гады, будучы першым сакратаром творчага Саюза, займела дастойнага пераемніка. На маё шчасце, гэтаму не далі збыцца калялітаратурныя гульні. Стары творчы саюз мізэрнеў у вачах грамадства, бо сама літаратура перастала быць часткай партыйнай ідэалогіі. Творчы саюз станавіўся своеасаблівым прафсаюзам ад літаратуры, якой далі магчымасць дыхаць на ўсе грудзі. Зніклі цэнзура і сумнавядомы Галоўліт. А прафесіяналізм – гэта і ёсць той аргумент творчай свабоды, што, валодаючы ім, пісьменнік ніколі не напіша твор, які абразіў бы годнасць яго народа. Падобныя “творы” сягоння кляпаюцца на камп’ютэрах мноствам калялітаратурных дзялкоў, зрабіліся фінансавай помпай для некаторых і айчынных спрытнюг.
Каля пяці год працы ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” ўспамінаюцца мной з асаблівай пяшчотай. Выключная інтэлігентнасць і высокі прафесіяналізм Алеся Асіпенкі, працалюбства і дасведчанасць Аляксандра Капусціна, непадробны каларыт і творчая імпульсіўнасць Веры Вярбы, клапатлівыя адносіны Міколы Гіля, літаратурныя чытанні з Юрасём Свіркам, сяброўская ўвага Алеся Марціновіча, Анатоля Астрэйкі, Алеся Казаннікава… Напружаны, пошукавы ход планёрак і шумнагалоссе “Лімаўскіх пятніц”, калі ў кафэ Дома літаратара за гасцінны стол сядалі рэдактары, аўтары і героі твораў.
Бурліла літаратурна-культурнае жыццё Беларусі. Не толькі падводзіла пэўныя творчыя вынікі, аднак намацвала-шукала сцежку ў будучыню. Тады наіўна думалася многім: культура і літаратура ў грамадскім жыцці значаць усё! Яшчэ далекавата-прыцемненай сцяной стаялі разбуральныя наступы свету, якія пошасна хлынулі апасля, прынеслі свае “каштоўнасці”.
…Маладосць і даецца, відаць, на тое, каб узнімацца на крылы. Таму неўзабаве адчуў, што праца ў газеце, журналістыка, няхай і не скарацечная лімаўская, -- не маё. Хацелася напоўніцу скарыстаць набытыя філалагічныя веды. Напачатку 1983 года пачаў працаваць рэдактарам рэдакцыі крытыкі і літаратуразнаўства ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Каля дваццаці год аддаў самаму хвалюючаму працэсу – нараджэнню кнігі. Ці можна перадаць тыя пачуцці, з якімі бярэш у рукі аўтарскі рукапіс, чытаеш засяроджана, чуючы жывое творчае дыханне чалавека, які гады працы аддаў гэтым старонкам, перагортваеш іх з асцярогай, сям-там падкрэсліваеш недакладнасці, захоплены талентам і пранікненнем у глыбіні жыцця, робіш усё тэхнічна належнае, каб рукапіс, прайшоўшы пад тваёй рэдактарскай увагай і мастацкі, і тэхнічны, і карэктарскі аддзелы і паліграфкамбінат, вярнуўся жаданым сігнальным экземплярам толькі што народжанай кнігі.
А сама выдавецкая рэдакцыя? Побач Вера Сямёнаўна Палтаран, Алесь Разанаў, Ала Сямёнава, Наталля Давыдзенка… Заходзяць Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Уладзімір Гніламёдаў, Уладзімір Конан, Фёдар Янкоўскі… Рабочыя моманты вырашаеш з галоўным рэдактарам Серафімам Антонавічам Андраюком і намеснікам галоўнага рэдактара Варленам Леанідавічам Бечыкам. І сягоння ганаруся ўсімі адрэдагаванымі і падпісанымі ў друк кнігамі. Кожнай з іх аддадзена часцінка душы, за гады працы іх набралася болей сотні…
Магчыма таму, што сам працаваў у “крытычным цэху” выдавецтва і ведаў усю сур’ёзнасць стаўлення крытыкаў да новых кніг, так доўга ішоў да другога ўласнага паэтычнага зборніка. “Мой дзень зямны” выйшаў у свет ажно праз пяць год пасля “Абеліска ў жыце”. Хацелася стварыць кнігу што называецца на вышыні, Анатоль Вялюгін і тут дапамагаў мне шчыра. Школа майстра – палымянскія падборкі, ашчадна адабраныя, “каб верш у верш”, -- як казаў сам Анатоль Сцяпанавіч. Строгім вокам прачытаў рукапіс незабыўны Варлен Бечык, параіў сёе-тое з залішне пафаснага апусціць. Ухваліў – падпісаў у друк.
Сягоння з горыччу адзначаю, што гэта мой апошні дачарнобыльскі зборнік. Яшчэ выйдзе напачатку 1987 года “Ружа вятроў”, таксама створаны да Чарнобыля, але ўжо самой датай выдання адсечаны ад таго залатога, поўнагалосага часу, калі думалася пра іншыя творы і кнігі, калі стваралася паэзія жыцця, а не страт.
Памятаю, з якім хваляваннем у сяброўскай падтрымцы Вадзіма Спрынчана і Алы Канапелькі ехаў у Хойнікі восенню 1986 года, каб перадаць прэмію Ленінскага камсамола Беларусі – кнігі з аўтографамі нашых вядомых пісьменнікаў – новай трэцяй школе. Родная, бабчынская, як і сама вёска, была ўжо за калючым дротам сумна вядомай на ўвесь свет зоны адчужэння.
У родных мясцінах пабываў за пяць дзён да аварыі. Пасля яе адразу ж паехаў забраць у Мінск сястру з двумя груднымі дзецьмі. Бываў і потым. Прыгадваю, як 29 жніўня 1986 года стоячы на падворку маёй роднай хаты ў Бабчыне, трое нас – І. П. Шамякін, Б. І. Сачанка і я – паведамілі суседзям-вяскоўцам, якія абступілі заезджых гасцей, пачутае раніцай у Гомельскім абкаме: прынята рашэнне выселіць Бабчын. Мае суседзі і людзі-перасяленцы з надпрыпяцкіх вёсак, якія знайшлі, як абяцалі ім, часовы прытул у бабчынскіх хатах, не адразу паверылі ўчутаму. І, магчыма, не паверылі б зусім, каб пачулі тое ад каго-небудзь іншага, а не ад Івана Пятровіча Шамякіна, любімага пісьменніка, паважанага і аўтарытэтнага чалавека. Аб суровай праўдзе сказанага промнікам-водсветам гаварыў і яго чырвоны значок-сцяжок дэпутата Вярхоўнага Савета СССР.
27 верасня 1986 года Бабчын быў выселены. Якраз на святое Узвіжанне, рэлігійнае свята, якое адзначалася ў вёсцы штогод. У апошні раз перад развітаннем бабчынцы вынеслі сталы прама на вуліцу, выпілі горкую чарчыну ростані і выцерлі слёзы. Апусцелі падворкі і хаты, схаваліся за высакарослай сцяной травастою. З гадамі вымахалі дрэвы і на самой вуліцы. Сягоння толькі вузкая чорная стужка асфальту прабіраецца ў іх зацені каля ледзь кметных хат. А цэнтр вёскі – жывы. Тут у былых памяшканнях магазінаў і двухпавярховых жылых дамоў асталяваліся навукоўцы з Палескага дзяржаўнага радыялагічна-экалагічнага запаведніка, працуюць вахтавым метадам, прыязджаючы нават з Мінска. Вясной на радаўніцу з’язджаюцца ў вёску былыя яе жыхары – прыбіраюць магілы бацькоў і дзядоў, плачуць над імі не толькі па мёртвых, але і па жывых. Заглядваюць і ў свае хаты, і зноў плачуць у выстылых сценах. Ужо разумеюць – ніколі сюды не вярнуцца. Многія з параскіданых па ўсім свеце аднавяскоўцаў пажадалі, каб іх пахавалі на бабчынскіх могілках. Як не штогод паяўляюцца тут свежыя надмагільныя груды. Дазіметр паказвае на іх радыяцыю ў дзесяткі разоў меншую.
Мой літаратурны Чарнобыль пачаўся з “Горкага выраю” – цыкла вершаў, змешчанага ў “Полымі”, потым у 1988 годзе па жаданні незабыўнай Яўгеніі Янішчыц ён выйшаў кніжкай у серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць”. Горкім чарнобыльскім смуткам прасякнуты мае кнігі “Шлях чалавечы” (1989), “Палескі смутак” (1991), “Бабчын” (1996), якая ў 1998 годзе была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы. Напалову засталіся чарнобыльскімі па тэматыцы, бо перакідаю мост на другую сваю радзіму – Астравеччыну, -- “Жыцця глыбінныя віры” (2001) і “Замкнёны дом” (2005). Гэткай будзе і новая кніга “На беразе маім”, куды ўвайшлі не толькі новыя перавозніцкія і быстрыцкія вершы, аднак і выбранае з кніг папярэдніх.
Сягоння прынята рашэнне будаваць нашу беларускую АЭС якраз жа на Астравеччыне. Родныя мясціны маёй жонкі Ірэны Браніславаўны дарагія і мне ўжо больш трыццаці гадоў, а дваццаць два з іх я жыў і тварыў тут наводдалі ад жахотаў Чарнобыля. Да Перавознік і Быстрыцы прырасло маё сэрца, зачараванае хараством запаветнай прыроды і светланоснасцю Віліі. Канешне, я разумею, што наша будучая атамная станцыя – станцыя новага пакалення і іншага тыпу. Што мы, беларусы, спасцігшы горкія ўрокі Чарнобыля, ніколі не аступімся ў эксплуатацыі станцыі, зробім усё, каб яна была бясшкоднай для людзей і для навакольнага асяроддзя. Дый экспартаваць лішкі электраэнергіі будзе эканамічна выгадна – побач Еўрасаюз. Аднак, думаючы пра ўласны жыццёвы і літаратурны лёс, зазначаю журліва:
Разгон бярэ прагрэс
Над куляю зямной.
Мой лёс – між дзвюх АЭС
Нацятаю струной.
Спадзяюся, што гэтая струна вытрымае, не парвецца…
У чэрвені 2002 года я быў прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” і вось ужо сёмы год ім з’яўляюся. Знаходжуся ў эпіцэнтры сучаснага літаратурнага працэсу. Каб працаваць належным чынам, згадваю часта, што сярод маіх папярэднікаў былі Платон Галавач, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк. Аднак гэтыя старонкі сваёй біяграфіі, калі дасць Бог права на тое, напішу значна пазней.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024