Пятница, 29.03.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                                         ВУЧЫЦЦА Ў МАЙСТРА СЛОВА

Пераступіўшы жыццёвы парог, Іван Мележ вярнуўся да нас у большай славе і велічы,
чым ад нас адыходзіў. Вярнуўся, каб вечна служыць не толькі бацькоўскай зямлі,
якая яго нарадзіла і ўскарміла,але і ўсяму чалавецтву, каб несці людзям праўду,
неабходную, як хлеб, і высокае хараство мастацтва,
якое ачышчае і ўзвышае чалавечую душу.
Вера Палтаран

    Іван Паўлавіч Мележ... Ён мог бы быць сёння сярод нас. Мы маглі б бачыць яго добрую ўсмешку, не паблажлівую, а ўсмешку чалавека, якому вядома пра жыццё наша і нас саміх нешта значна большае, чым нам, і ад таго ён адчувае нейкую вінаватасць перад намі. Маглі б чуць яго голас, ягонае слова, слова не катэгарычнае, а разумнае, глыбокае і шчыра даверлівае.
    Маглі б...
    Ды, на жаль, не можам. Мележа няма з намі са жніўня 1976 года.
    Сёння на Мележавай дарозе, ужо без яе гаспадара і творцы, часта ставім яшчэ адну значную вяху, пазначаную лічбай 85.
   Для кожнага чалавека сустрэча з цікавым, духоўна багатым субяседнікам – гэта шчасце, удача, незабыўны момант. Таму цалкам мяне зразумеюць многія, што перабіраючы старыя фотаздымкі, сэрца маё затрапятала: яны 44-гадовай даўнасці, на якіх мы, вучні Дварышчанскай сярэдняй школы, разам з Іванам Паўлавічам у час сустрэчы ў Мінску.
    Нахлынулі ўспаміны.
    За даўнасцю гадоў нешта забылася. Але я добра памятаю наш школьны музей, рукапісны альманах "Пралескі", у якім мне даводзілася запісваць самыя лепшыя творчыя работы вучняў школы, летапіс "Мінулае і сучаснае". Вучні школы пад кіраўніцтвам настаўнікаў збіралі матэрыял аб мінулым Хойнікшчыны, наладзілі перапіску з самымі знакамітымі людзьмі, ураджэнцамі нашага раёна.
    Было адпраўлена пісьмо і Івану Мележу. Пісала яго Святлана Карніцкая, старшыня савета атрада 7 "Б" класа. У хуткім часе прыйшоў адказ:
    21 сакавіка 1962 г., г. Мінск.
    Вучням-піянерам 7 "Б" класа.
    "Дарагія таварышы мае!
    Мяне вельмі ўсхвалявала ваша пісьмо, якое напісала Карніцкая Святлана. Ад душы дзякую вам за тое, што ўспомнілі, а тое, што вы рашылі назваць свой атрад маім іменем, мяне і напоўніла радасцю і гонарам, і разам з тым трохі збянтэжыла, бо, мне здаецца, я так мала зрабіў яшчэ, каб заслужыць такую пашану. Я лічу, што, назваўшы свой атрад іменем свайго земляка, аднаго з пісьменнікаў, вы разам з тым выказалі сваю пашану і любоў да ўсёй беларускай літаратуры, да ўсіх савецкіх пісьменнікаў.
    Мне радасна было чытаць ваша пісьмо асабліва таму, што я вельмі люблю родны свой край, нашы лясы і нашы палі, наша Палессе. Я часта ўспамінаю сваю вучобу ў маім родным сяле Глінішча, у Алексічах, у Хойніках, успамінаю той час, калі я сам быў піянерам, вучнем 7 класа.
    Я быў некалькі разоў таксама ў Дворышчах, быў у Людзвіне, у Рудным. І калі я ўспамінаю іх, то ўспамінаю як дарагія, родныя мне мясціны. Таму ваша пісьмо было для мяне як вестка з дарагога, роднага краю.
    Я вучыўся вельмі добра - сярэднюю школу закончыў на адны "пяцёркі". Добрая вучоба мне потым вельмі дапамагла ў жыцці: той хто любіць вучыцца, хто ўмее перамагаць сваю ляноту, хто працуе настойліва, можа многага дабіцца ў жыцці, бо савецкая ўлада дае магчымасць кожнаму разгарнуць свае здольнасці – на карысць нашаму народу.
    Жадаю, каб вы вучыліся добра, каб любілі працаваць, каб былі добрымі піянерамі...
    Ваш зямляк, былы піянер,
    член камуністычнай партыі з 1940 года,
    пісьменнік Іван Мележ.
    Пасылаю вам фотакартку і некалькі кніжак на памяць ".
    А летам 1962 года І.П. Мележ запрасіў да сябе ў госці ў Мінск. Паехалі вучні лепшыя з лепшых. I разам з намі дырэктар школы Марат Майсеевіч Філіпенка і настаўнік фізікі Фрыд Барысавіч Фарбер.
    Вельмі цёпла сустракаў нас Іван Паўлавіч. Дапамог уладкавацца ў адну са школ горада, паказаў нам памятныя мясціны сталіцы, музеі.
    Асабліва запомнілася наведванне музея Янкі Купалы. Іменна тут, перад уваходам у музей, Івана Мележа прынялі ў ганаровыя піянеры. Ёсць і фатаграфія, якая змешчана ў 8-м томе збору твораў пісьменніка ў 10-ці тамах. Вось толькі надпіс не адпавядае сапраўднасці. Гальштук павязвае Святлана Карніцкая, тая самая, што пісала пісьмо Мележу, а на здымку вучні нашай школы ў час знаходжання ў Мінску. Пасля наведвання музея – фотаздымак на памяць, а потым шчырая гутарка ў скверыку імя Янкі Купалы, наведванне кніжнага магазіна, кожнаму кніга Івана Паўлавіча з аўтографам. 3 рук пісьменніка я атрымала яго раман "Мінскі напрамак".
    Потым быў абед у кафэ. На наступны дзень разам з Іванам Мележам мы наведалі Дом пісьменніка, сустрэліся з Піліпам Пестраком і Пятром Прыходзькам, якія таксама падарылі нам свае кнігі з аўтографамі.
    На памяць аб сустрэчы мы падарылі Івану Паўлавічу скураны партфель з даравальным надпісам, запрасілі яго ў госці.
    7 жніўня 1962 года І.П. Мележ наведаў наш раён, заехаў у Дварышчанскую школу. Хоць былі канікулы, дзяцей сабралася многа: сустрэцца са знакамітым пісьменнікам, сваім земляком хацелася многім.
    Наша дружба мацнела. Лісты. Тэлеграмы. Іх было многа. Ніколі не забываў Іван Паўлавіч павіншаваць сваіх юных сяброў, настаўнікаў, вяскоўцаў са святамі. Вось, напрыклад, толькі некаторыя з іх:
     "29 снежня 1963 г., Мінск.
     Дарагія дзеці, дарагія настаўнікі!
     Віншую вас з Новым годам, з новымі канікуламі!
     Няхай у новым годзе будзе ў вас, школьнікаў, ахвота вучыцца, няхай не будзе ляноты; няхай вашымі поспехамі будуць задаволены і вашы настаўнікі, і вашы бацькі. Добра пагуляйце на канікулах, каб з новымі сіламі — за вучобу. Ад душы жадаю шчасця ўсім настаўнікам!
Iван Мележ.
      22 снежня, 1971 г., Ялта. Дарагія дварышчанцы!
      Ад сэрца віншую ўсіх з Новым годам!
      Няхай ён будзе годам добрых і выдатных ураджаяў у полі, у класных журналах і дзённіках.
      Шчасця і радасці ўсім. Прывітанне шле вам таксама Чорнае мора, Крымскія горы і кіпарысы!
      Да Новага года я буду таксама дома, у Мінску.
      Іван Мележ.
      23 снежня 1975 г., Мінск.
      Дарагія таварышы!
      Народную маю зямлю, вам, маім землякам, шлю самыя лепшыя пажаданні на Новы год!
      Жадаю ўсім:
      1. Быць здаровымі. 2. Добра вучыць (вучыцца). 3. Добра, весела адпачываць (гэта вы, мабыць, умееце). Шчасця ўсім!
      Іван Мележ".
      Прачытаўшы ўсё гэта, я хачу, каб людзі ведалі, што Іван Паўлавіч быў не толькі таленавітым майстрам слова. Ён валодаў шчаслівым талентам, талентам чалавечнасці, той паляшуцкай чуласцю і спагадлівасцю, якія моцна прыцягвалі, прыварожвалі кожнага, хто хоць раз сустракаўся з ім, ведаў яго.
      "Гэта было добрае, чулае да людзей сэрца..." – словы, сказаныя Іванам Мележам пра Кузьму Чорнага, з поўным правам можна адрасаваць і іх аўтару, Івану Мележу, які любіў жыццё, заклікаў заставацца чалавекам у любых абставінах, любіць сваю зямлю, услаўляць яе.
       Вучыцеся ў Мележа быць добрымі, чулымі да людзей, любіць краіну свайго маленства, з чаго заўсёды пачынаецца Чалавек, Асоба.


    В. Васькевіч, настаўніца СШ № 3 г. Хойнікі

      Валянціна Смыкоўская
                                                                               АД ЗАДУМЫ ДА ЎВАСАБЛЕННЯ
      Аб тым, якія страты нясе крытыка і літаратуразнаўства, калі ігнаруецца гісторыя напісання таго ці іншага твора, эвалюцыя аўтарскай задумы, сведчаць шматлікія прыклады. Так, у пры-ватнасці, даследчык творчасці I. Мележа Ул. Карпаў, вызначаючы ідэйны змест і наватарства «Палескай хронікі», пісаў у артыкуле «Позірк назад», што гэта раман аб тым, наколькі невыносным і драматычным было жыццё палескай вёскі напярэдадні і ў дні калектывізацыі [1]. Калі б толькі гэта было ў цэнтры ўвагі пісьменніка, то наўрад ці стаў бы яго твор сапраўдным адкрыццём у сучаснай беларускай прозе.
      Або, скажам, вобраз мележаўскага Васіля Дзятла трактаваўся некаторымі крытыкамі (Чалмееў, Пермякова і інш.) як найбольш характэрнае ўвасабленне чыста ўласніцкіх, аднаасобніцкіх ін-стынктаў. Эвалюцыя ж гэтага вобраза пераконвае нас у адваротным. Задача, якая стаяла перад пісьменнікам, была больш складанай: паказаць на прыкладзе жыццёвага лёсу Васіля супя-рэчлівасць сялянскай псіхалогіі і разам з тым вылучыць у ёй найбольш каштоўнае і перспектыўнае ў сацыяльным і гуманістычным плане.
     Калі ж гісторыю нараджэння мастацкага твора на ўроку ігнаруе настаўнік, ён, бясспрэчна, нясе не меншыя страты, бо дае недакладнае ўяўленне аб творчасці таго ці іншага пісьменніка, а часам і збядняе яе.
    Як вядома, далучэнне да творчай лабараторыі выдатных пісьменнікаў мае на мэце знаёмства з матэрыяламі іх асабістых архіваў (дзённікамі, запіснымі кніжкамі, чарнавікамі, планамі, варыянтамі і рэдакцыямі твора), выяўленне аўтарскай задумы і яе эвалюцыі, устанаўленне суадносін паміж рэальнымі жыццёвымі фактамі і іх літаратурнай інтэрпрэтацыяй, літаратурнымі героямі і іх жыццёвымі прататыпамі. Пакажам гэта на прыкладзе творчай лабараторыі народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, гісторыі напісання яго «Палескай хронікі».
     Сам Мележ неаднаразова адзначаў, што, пачынаючы з другой паловы 40-х гг., яго неадступна хвалявала задума стварыць паўнацэнны раман аб родным Палессі, якое заўсёды ў яго свядомасці асацыіравалася з Радзімай, з беларускім народам. У 1956 г. у інтэрв'ю карэспандэнту «Литературной газеты» ён прызнаецца: «У гэтым жа годзе прыступлю да рэалізацыі задумы, якая хвалюе мяне ўжо столькі год. Падрыхтоўчая работа завершана. Гэта раман аб простых людзях беларускага Палесся» [2].
     Як сведчаць раннія накіды пісьменніка, першапачаткова контуры палескай кнігі ўяўляліся яму вельмі цьмяна і агульна. Так, напрыклад, у асабістым архіве I. Мележа захоўваецца некалькі лістоў рукапісу, датаванага 7. XI. 1958 г. пад назвай «Хлопец і дзяўчына». Канфлікт, пакладзены ў яго аснову, наводзіць на думку, што перад намі адзін з самых ранніх накідаў будучай «Палескай хронікі». У цэнтры аўтарскай задумы узаемаадносіны паміж героямі, добра знаёмымі нам па трылогіі, Ганнай, Васілём, Яўхімам. Прага помсты вядзе ў Куранёўку Яўхіма і яго сяброў (Сацуру і Кандыбовіча), незадаволеных палітыкай Савецкай улады. Ім трэба разлічыцца з Васілём, які быццам вінаваты ў бядзе на Чортавым балоце, дзе была разбіта іх банда. Да таго ж з Васілём у Яўхіма і асабістыя рахункі з-за Ганны. Адзічэлы, брудны, няголены Яўхім урываецца ў хату Васіля, каб забіць яго. Ганна засланяе сабою каханага, а сама гіне. Менавіта сюжэтам гэтага ўрыўка была падказана пісьменніку і першапачатковая назва першай кнігі з палескага цыкла «Звер сочыць з зарасніку».
      Прыкладна ў гэты час Мележ працуе над рукапісам новай кнігі, якая задумана як «невялікая аповесць аб меліяратарах пасляваенных год, аб пераўтварэнні прыроды Палесся». Мастацкае ўвасабленне яе задумы пачалося з урыўка «Дадому», надрукаванага ў лютаўскім нумары газеты «Калгасная праўда» (цяпер «Сельская газета») за 1959 г. У анатацыі да яго было сказана, што гэта ўрывак з новага рамана Івана Мележа «Час спадзяванняў», твора аб тым, «як у гады савецкай улады расло, перараблялася Палессе, як раслі, мяняліся яго людзі, гаспадары свайго лёсу». Супастаўленне жыццёвага матэрыялу, пакладзенага ў аснову абодвух урыўкаў, наводзіць на думку, што першапачаткова сюжэт будучай кнігі аб мінулым беларускага народа разгортваўся пераважна ў маральна-бытавым плане. I ў першым, і ў другім выпадку «гісторыя Палесся», якую падае аўтар, усяго толькі эпізоды з прыватнага жыцця асобных герояў, жыцця, слаба звязанага з падзеямі самой эпохі, з сучаснасцю і будучыняй палешукоў.''
      Ні сямейны канфлікт чарнавога накіда «Хлопец і дзяўчына» (матыў трагічнай гібелі Ганны), ні няўдалы лёс учарашняга выпускніка Валодзі Дзятлікава з рамана «Час спадзяванняў» не ўяўлялі нічога перспектыўнага ў сэнсе далейшага развіцця задумы. Паступова Мележ прыходзіць да высновы аб неабходнасці звароту да больш ранняга перыяду ў жыцці палескай вёскі да 20-х гг., глыбока ўсведамляючы, што «пачынаць трэба з самага пачатку», з першых сацыялістычных пераўтварэнняў на Палессі. Праўда, мастацкае ўвасабленне такой задумы не адразу ўдаецца Мележу. Ён піша старонкі, раздзелы, рве іх, зноў піша. Нарэшце, пасля доўгіх пошукаў пісьменнік вырашыў паехаць на Палессе, пажыць там, пагаварыць з людзьмі, узнавіць у памяці малюнкі вясковага жыцця, праверыць і ўдакладніць некаторыя факты і дэталі. І толькі пасля гэтага ён пачаў пісаць аб Палессі звычайна і проста, так, якім яго ведаў, не толькі не ўтойваючы сваіх адчуванняў і ўспамінаў, а, наадварот, перадаючы іх ва ўсёй шырыні, глыбіні і шчырасці. Узнаўляючы ў памяці малюнкі перажытага, пісьменнік сістэматызуе іх перш за ўсё ў плане, у адпаведнасці з якім і пісалася першая (назавем яе рукапісная) рэдакцыя рамана «Людзі на балоце». Вось ён, гэты план:
      Васіль1905 г.
      Ганна 1907 г.
      Луг. Першае каханне.
      Прыход бандытаў.
      Сватанне.
      Вяселле – 1925 г.
      Жаніцьба Васіля (Цімоха) – 1926 г.
      Сустрэча Ганны і Васіля – 1927 г.
      План гэты быў занатаваны ў запісной кніжцы пісьменніка. Большасць запісаў, зробленых у ёй, адносяцца непасрэдна да перыяду работы над першай кнігай палескай трылогіі і таму ўяўляюць несумненную каштоўнасць і цікавасць.
      Прытрымліваючыся плана, пісьменнік галоўную ўвагу акцэнтуе на раскрыцці характараў двух герояў, падаючы іх найчасцей у працэсе працы, паэтызуючы як прадстаўнікоў бяднейшага сялянства. Немалаважную ролю набывае ў першай рэдакцыі і паэтызацыя Мележам родных мясцін і звязаных з імі дзіцячых і юнацкіх успамінаў, узнаўленне эмацыянальна-бытавой атмасферы жыцця палескай вёскі (у гэты час напісаны сцэны “На сенажаці”, «Касавіца»). Гэтымі сцэнамі і пачынаўся раман у першай рэдакцыі.
      Дбаючы аб праблемнай накіраванасці сваёй будучай кнігі, Мележ стварае новы план рамана «Людзі на балоце», які ўключае цяпер ужо дзве часткі:
      ч. І.. На лузе. Прыглянулася Яўхіму.
      Першы подых кахання.
      У вёсцы. Ганна і Васіль паспрачаліся.
      Мачыха задаволена.
      Яўхім. Сваты. Бацькі яго не хочуць.
      Настайвае.
      Ганна не наважваецца. Мачыха дабіваецца.
      Сустрэча з Васілём. Спрэчка.
      Згадзілася. Плача.
      ч. II. Вяселле.
      Першая ноч.
     Уцякла да бацькоў.
     Не вярнуся. Вярнулася. Упрасілі.
     Васіль жэніцца.
      Зыходзячы з разумення плана як пэўнай творчай праграмы, Мележ імкнецца ўвасобіць у ім асноўныя лініі сваёй задумы: занатоўвае і галоўную думку, і развіццё падзей, і логіку дзеяння, і суадносіны характараў. Але заставацца надалей у рамках сямейна-бытавога рамана было небяспечна: гэта абмяжоўвала творчыя планы аўтара, які імкнуўся да стварэння кнігі, героем якой быў бы народ, сялянская маса: «Хацелася напісаць кнігу ў поўным сэнсе народную, адзначаў у гэты час пісьменнік, якая славіць народ, яго подзвіг, прасякнута вялікай павагай да яго і клопатам аб ім»[3].
      Аб далейшым развіцці задумы мележаўскага твора можна гаварыць яшчэ і таму, што сярод яго накідаў знаходзім не толькі новы план, але і новую назву твора «Туманы над багнаю». Папярэдняя, «Звер сочыць з зарасніку», не адпавядала новай ідэйнай накіраванасці. Нельга забываць, што задума мележаўскага твора аб Палессі эвалюцыянізавала і паглыблялася ў атмасферы бурнага развіцця нашай краіны, усёй савецкай літаратуры пасля гістарычнага XX з'езда КПСС. Такія творы савецкіх пісьменнікаў, як «На Іртышы» С. Залыгіна, «Бывай, Гульсары» Ч. Айтматава, «Стэпавая балада» I. Друцэ, «Ліпягі», С. Круціліна, «Засценак Малінаўка» А. Чарнышэвіча, «На парозе будучыні» М. Лобана, «Вёска на раздарожжы» І. Авіжуса і інш., сведчылі аб глыбокім жаданні іх аўтараў пазнаць мінулае свайго народа ў цеснай сувязі з сучаснасцю. Перавагі гістарычнай дыстанцыі далі магчымасць гэтым пісьменнікам звярнуцца да т. зв. прыватных выпадкаў, убачыць, што за кожным з іх — свая жыццёвая драма і свой цяжкі лёс.
     Зварот Мележа да падзей калектывізацыі, да «нашага рэвалюцыйнага мінулага» тлумачыўся менавіта тым жа жаданнем глыбей разгледзець яго з пазіцый сучаснасці, па-філасофску асэнсаваць«не дзеля мінулага, а ў імя будучыні», якую, на думку пісьменніка, нельга назваць, не ведаючы таго, «з чаго мы пачыналі, праз што прайшлі»[4].
       Калі з гэтага боку глянуць на далейшую працу Мележа, то няцяжка заўважыць, што яго ўвага акцэнтуецца ўжо не столькі на паэтызацыі роднай зямлі ці аднаго-двух герояў, як у папярэдняй рэдакцыі, колькі на ўслаўленні духоўнай велічы ўсяго народа, які ўсвядоміў сваю гістарычную сілу. У параўнанні з паэтызацыяй асобных момантаў вясковага жыцця, звязанага ў асноўным з лёсам Васіля і Ганны, гэта было прынцыпова новай якасцю ў творчым развіцці Мележа-раманіста. Цяпер пісьменнік уводзіць у свой твор калектыўныя масавыя сцэны, малюнкі працы і побыту куранёўцаў («На грэблі», сцэны вясковых сходаў і інш.). Прычым у адных з іх больш моцнымі аказваліся асабістыя адчуванні і перажыванні празаіка, другія пісаліся як водгалас чужога жыцця, трэція ствараліся аўтарскім домыслам і фантазіяй.
      «Калі аглядваешся назад, скажа пра іх пасля пісьменнік у сваіх «Жыццёвых клопатах», успамінаеш, як нараджалася кожная старонка, бачыш, да чаго непадобны іх «радаслоўныя», кожная ішла ў свет сваім асаблівым шляхам, у кожнай былі свае цяжкасці, свае радасці, свой лёс»[5] .

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024