Четверг, 18.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Ястшэмбскія гербу Зарэмба*
(паводле: Boniecki A. Herbarz Polski. Warszawa, 1905. Tom VIII.)

   Гняздом-рассаднікам іх быў маёнтак Ястшэмбнікі ў Калішскім павеце Вялікапольшчы**. Найбольш раннія з вядомых прадстаўнікоў роду – Войцех (Альберт) з Ястшэмбнікаў, які засядаў на судах у Познані яшчэ ў 1388 г., ды Катарына з дзецьмі Ястшэмбскія, што мелі справы ў Калішскім судзе ў 1412 – 1414 гг.
    Першым з Ястшэмбскіх у Беларусі, як сведчыць А. Банецкі, быў Уладзіслаў Зарэмба, які ў 1702 г. асеў у Навагрудскім ваяводстве, дзе набыў маёнтак Латкоўшчыну і трымаў ад князя Радзівіла ў заставе Свежэнь, займаў пасаду мастаўнічага навагрудскага. Паводле вывадовага дэкрэту дэпутацыі Мінскай губерні ад 1803 г. пакінуў пяцёра сыноў: Юзафа, манаха-базыліяніна, Францішка, Яна, Уладзіслава і Станіслава. З іх:
    Францішак з жонкай Марыянай Калінскай у 1761 г. стаў дзяржаўцам (кіраўніком) маёнтку Рудня паноў Халецкіх. У 1789 г. быў саўладальнікам Ліпава разам з братам Станіславам. У тэстамэнце 1794 г. адпісаў жонцы 1000 фларынаў, а дзецям Яну, Пятру, Леану, Францішцы, жонцы Міхала Орды, Анне, Тэрэзе і Марыі, пераказаў свае правы на добра Яўтушкевічы, Міцькі і Ясеншчына. Сыны Ян і Пётр хрышчаныя  адпаведна ў 1772 і 1776 г. у Чабатовічах.
     Ян, рэгент аршанскі ў 1803 г., суддзя памежны рэчыцкі ў 1823 г., пакінуў сыноў Юзафа (нар. 1802 г.) і Караля (нар. 1807 г.).
     Леан, рэгент рагачоўскі, з Анеляй Вольскай меў сына Сымона Францішка, хрышчанага ў 1815 г. у Сялецкім базыліянскім кляштары пад Брагінам.
     Уладзіслаў, сын Уладзіслава, скарбнік аршанскі, меў сыноў Францішка і Яна.
     Станіслаў, малодшы з сыноў Уладзіслава, чэснік (чашнік) аршанскі, у 1784 г. зрабіў запіс жонцы Багуміле з Юдыцкіх. Саўладальнік Ліпава ў 1789 г., меў сына Іаахіма Адама, народжанага ў 1788 г. (метрычны запіс зроблены ў Петрыкаве). Іаахім, былы афіцэр войск Рэчы Паспалітай, з жонкай Феліцыянай Кажыбскай пакінуў шэсцёра сыноў: Аляксандра Дамініка (нар. 1815 г.), Рамуальда Яна (1816), Францішка, народжанага ў 1818 г. у Любартоўшчыне (метрыка ў Барысаве), Антоні Уладзіслаў (1823), Януары Баляслаў (1825) і Юзаф (1827, метрыка ў Халопенічах).
     Ян (гл. наступны матэрыял "Ястшэмбскія на Хойнікшчыне"),
 трэці сын Уладзіслава, мастаўнічага, ротмістр Рэчыцкага павету, названы шамбелянам (камергерам) 1786 г., з жонкай Францішкай з Корэваў узяў у 1789 г. у пасэсію ад пана Горвата маёнткі  Новы Двор і Карповічы ў Мазырскім павеце. У 1792 г. набыў ад паноў Кульповічаў добра Зімовішчы таксама ў Мазырскім, а ў 1804 г. ад паноў Аскеркаў Барысаўшчыну ў Рэчыцкім павеце. Яго сыны: Мацей, ротмістр рэчыцкі 1789 г., пакінуў сына Ігнацыя, хрышчанага ў 1802 г. у Чабатове (sic!) і Фелікс Ян, рэгент рэчыцкі 1803 г., пасля якога з жонкай Яаннай з Крушэўскіх засталіся сыны: Ян Мікалай, хрышчаны ў 1808 г. у Сяльцы Брагінскім [гл. метрычны запіс: НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 36], Ян Эдвард (1809) і Юзаф Люцыян.

     Ян Мікалай, маёр (пазней палкоўнік) інжынерыі, ад першай жонкі меў дачок Разалію і Марыю, ад другой, Клары з Сэрвірогаў, – чатырох сыноў, народжаных у Пецярбургу: Мікалая (нар. 1841), Уладзіміра (1843), Канстанціна (1845) і Станіслава (1846), спадчыннікаў Барысаўшчыны. Уладзімір, радца стану, памерлы ў Барысаўшчыне ў 1901 г., з жонкай Аўгустай Ястшэмбскай пакінуў сына Міхала***, народжанага ў 1872 г. у Рызе, і дачку Марыю (1884). Канстанцін, дырэктар Маскоўска-Віндаўскай чыгункі, з жонкай Эльвірай Нітаслаўскай меў сыноў: Уладзіміра (1877), Канстанціна (1880) і дачку Ванду (1879, метрыкі ў Рызе). 

Ястшэмбскія на Хойнікшчыне

   Паводле рэвізіі 1795 г., Ян, сын Уладыслава, Ястшэмбскі пачынаючы з 2 красавіка 1794 г. на працягу трох гадоў меў права на “арэндную пасэсію” сяла Астраглядавічы, хутара Варацец, вёсак Вязок і Плоскае – спадчынных уладанняў жонкі абознага літоўскага Людвікі (з Шуйскіх) Прозар. Названыя паселішчы разам налічвалі 64 сялянскія двары з 259 мужчынамі і 236 жанчынамі. Акрамя таго, на землях Астраглядаўскага ключа ў 33 дварах жылі вольныя людзі – баяры або зямяне, якія плацілі ўладальнікам чынш. Арэнда каштавала Я. Ястжэмбскаму 1833 чырвоных і 6 польскіх злотых (НГАБ у Мінску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 208 –222; 230 – 233).
   Сыны Яна Ястшэмбскага Мацей, ротмістр Рэчыцкага павету, і Фелікс, рэгент рэчыцкі, за 1500 чырвонцаў на такі ж тэрмін узялі ў пасэсію ў Прозараў вёску Дворышча, якая налічвала 83 двары з 305 сялянамі мужчынскага і 292 жаночага полу (Тамсама. А. 246 – 260 адв.).
    Пазней Ястшэмбскія валодалі маёнткам Барысаўшчына, а да рэформы 1861 г. і аднаіменннай вёскай з прыгоннымі сялянамі.
    Пра вёску Барысаўшчына,  вядомую ў Беларусі знаходкамі найстаражытнай металічнай прылады (меднае долата сярэдзіны III тыс. да н. э.) і шматлікіх каменных баявых сякераў, энцыклапедыя “Гарады і вёскі Беларусі” паведамляе, нібы ўпершыню яна згадана ў пісьмовых крыніцах пад 1567 годам. Але тут мы маем справу з відавочнай блытанінай, бо практычна тыя самыя звесткі аўтары прыводзяць і для вёскі Барыскавічы на Мазыршчыне. Нам пакуль удалося знайсці інфармацыю пра вёску пад 1622 г. у размежаванні Кіеўскага ваяводства Кароны з Мазырскім паветам ВКЛ. Тады яна належала пану Храпавіцкаму з жонкай. У 1702 г. паселішча, уласнасць пана Вольскага, згаданае ў скарзе былога эканома Хойніцкага маёнтка капітана Фрыдэрыка Левенфатэра на тагачаснага яго адміністратара пана Зыгмунта Шукшту, дасланай у Оўруцкі гродскі суд. Потым ёй валодаў староста загальскі князь Ігнацы Шуйскі. У 1752 г. зямлю ў Барысаўшчыне займеў ротмістр Мазырскага павету Францішак Збароўскі, відавочна, родзіч жонкі князя Людвікі з дому Збароўскіх, ад якога яна перайшла ў спадчыну сыну Алаізію. У 1782 г. маёнткі  Новы Двор і Барысаўшчыну запавяшчаў ужо свайму сыну Фларэнцыю Юзэфу, суддзі земскаму мазырскаму, кашталяніч навагрудскі Багуслаў Леапольд Аскерка. У 1802 г. апошнюю трымаў у заставе ад Аскеркі шляхціч Немчыновіч. Пасля гэтага, у 1804 г. маёнтак набыла радзіна Ястшэмбскіх і валодала ім ажно да канца 1917 г. Прычым, фартуна іх ад прыкладна 1000 дзесяцін у 40-гг. XIXст. павялічылася да 1927 дзесяцін у 1911 г.

* Іншыя аднаіменныя роды  карысталіся гербамі Дамброва, Ястшэмбец, Ястшэмбскі, Корвін, Лебедзь, Слепаврон.
** Калі род польскага паходжання, дык зыходная форма прозвішча ў адз. л.  пісалася Jastrzębski, у мн. л. – Jastrzębscy. Ужываная яго носьбітамі недакладная рускамоўная транскрыпцыя Ястржембские выглядае імкненнем захаваць у гэтай мове найбліжэйшае да польскага гучанне, а не Ястремские, як яны названы ў рэвізіі 1795 г., і не Ястребские. Відавочна, падобнымі  меркаваннямі кіраваліся і носьбіты прозвішчаў Каржанеўскія (замест Каранеўскія, але ж арыгінал – Кажанеўскія), Аржахоўскія (Арахоўскія, але насамрэч – Ажахоўскія) ды інш. Намі захаваная польская форма Ястшэмбскія.
*** У 1911 г. аднаасобна валодаў Барысаўшчынай.

Падрыхтаваў С. Бельскі

У Магілёве з магілы Мікалая Ястшэмбскага скрадзены крыж

Фота Лідзіі Харкевіч. Партал Masheka.by

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024