Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Людзей незаменных няма, ёсць толькі незабыўныя

     Гэтыя словы вядомага паэта Роберта Раждзественскага ў поўнай меры датычацца нашага земляка Якава Савельевіча Лявіцкага – чалавека з кагорты тых выдатных людзей, чый яскравы след, пакінуты добрымі справамі ў сярэдзіне XX стагоддзя, прыкметны і сёння. Усе яго ідэі і задумкі, якія ён увасабляў на працягу свайго сумленнага жыцця, сёння служаць надзейнай асновай для яго паслядоўнікаў.
     У 1912 годзе ў мястэчку Хойнікі Рэчыцкага павету Мінскай губерні ў сям’і Савелія і Марыі Лявіцкіх нарадзіўся хлопчык, якому лёс прызначыў асаблівы шлях. Назвалі яго Якавам.
     Якаў рос жвавым і цікаўным. Яго вылучалі прыродныя здольнасці, хуткая кемлівасць і чэпкая памяць. Закончыўшы царкоўна-прыходскую школу, займаўся самаадукацыяй, і ў гэтым мог даць фору тым, хто меў за плячыма некалькі ВНУ. Інакш як растлумачыць той факт, што не маючы сярэдняй спецыяльнай музычнай адукацыі, змог арганізаваць у трыццатыя гады ансамбль песні і танца, слава аб якім пранеслася па ўсёй Беларусі і рэспубліках Савецкага Саюза? Або будучы кіраўніком арганізацый і устаноў Хойнікшчыны, здолеў арганізаваць іх стабільную працу.
     Але гэта было значна пазней. А пакуль падрастаючы юнак не цураўся ніякай хатняй працы, быў добрым памочнікам бацькам па гаспадарцы, сярод равеснікаў – завадатарам, што ўрэшце прывяло Якава на камсамольскую работу. У 1930 г. ён быў прызначаны на пасаду піянерважатага-рабочага сакратара РК ЛКСМБ, праз 3 гады – загадчыкам арганізацыйнага аддзела райспажыўтаварыства, а потым да пачатку Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся старшынёй рабачкама, намеснікам дырэктара хойніцкай машынна-трактарнай станцыі па палітчастцы.
     Тут працавала вельмі шмат моладзі, але ў створаны ім ансамбль песні і танца Я. С. Лявіцкі запрасіў людзей з бліжэйшых да раённага цэнтра вёсак, юнакоў і дзяўчат са школ мястэчка, якія любілі мастацкую самадзейнасць, добра спявалі, танцавалі. Што праўда, некаторым удзельнікам ансамбля было больш за 60 гадоў, але трэба было бачыць, з якім імпэтам выконвалі яны “Лявоніху”, “Юрачку”, “Крыжачок”, гучна выводзілі беларускія народныя песні.
     Канцэртныя дарогі з Хойнік павялі ў Харкаў, дзе ансамбль выступіў у 1935 г. А ў наступным годзе самадзейных артыстаў запрасілі ў Маскву на Усесаюзны фестываль народнай творчасці. Хойніцкія артысты заваявалі адно з прызавых месцаў, а кіраўнік Я. С. Лявіцкі быў узнагароджаны радыёпрыёмнікам.
     Надоўга запомніліся ўдзельнікам ансамбля светлыя маскоўскія вуліцы і шырокія плошчы. Як пераможцаў фестывалю, іх запрасілі да ўдзелу ў канцэрце для дэлегатаў VIII Надзвычайнага з’езда Саветаў, які прымаў Канстытуцыю СССР. Незабыўныя, хвалюючыя мінуты. Разам з дэлегатамі майстэрству хойніцкіх самадзейных артыстаў апладзіравалі кіраўнікі кампартыі і ўрада.
      У сталіцы СССР ансамбль даў 20 канцэртаў на прадрыемствах і ва ўстановах. Некалькі канцэртаў адбылося на сцэне Вялікага акадэмічнага тэатра оперы і балета.
     Потым, у 1937 г. было выступленне перад дэлегатамі XII Надзвычайнага з’езда Саветаў нашай рэспублікі, які прымаў Канстытуцыю БССР. Урад краіны ўзнагародзіў ансамбль легкавым аўтамабілем.
   Далёка лілася песня, якую спявалі ўдзельнікі ансамбля, кружыліся танцавальныя пары. Некаторыя задумваліся аб паступленні ў кансерваторыю. Але на даляглядзе неба зацягвалася цяжкімі ваеннымі хмарамі. Многія з тых, хто радаваў сваім майстэрствам, узялі ў рукі зброю, каб абараняць незалежнасць сваёй Айчыны.
     Камуністу Я. С. Лявіцкаму была даручана эвакуацыя МТС. Тры гады ён знаходзіўся ў Сарочынскім раёне Чкалаўскай вобласці на пасадзе дырэктара саўгаса, чый працоўны калектыў рабіў у тыле ўсё для таго, каб хутчэй разграміць ненавіснага ворага, кожны дзень праходзіў пад дэвізам: “Усё для фронту, усё для Перамогі!”
    Пасля вяртання з эвакуацыі Якаў Савельевіч Лявіцкі працаваў старшым раённым інспектарам Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення, загадчыкам аддзела тэхкультур райвыканкама, старшынёй Хойніцкага сельпо, дырэктарам камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва, начальнікам камбіната камунальных паслуг.
     Узнагароджаны за заслугі перад кампартыяй і народам Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, многімі медалямі, у 1982 г. яму ўручаны знак “50 гадоў знаходжання ў КПСС”.
    Пазалетась Я. С. Лявіцкаму споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння. 29 гадоў таму, у 1985-м, яго сэрца спынілася па дарозе з работы дамоў на вуліцы Пралетарскай. Лёгкая смерць, як кажуць у такім выпадку. Ды нялёгкім і вельмі насычаным было яго жыццё, жыццё сведкі і актыўнага ўдзельніка паваротных падзей, якія адбываліся ў грамадстве ў XX стагоддзі, – калектывізацыя, індустрыялізацыя, культурная рэвалюцыя, Вялікая Айчынная вайна, пасляваеннае аднаўленне, мірныя будні…
     Крэда Я. С. Лявіцкага былі такія паняцці, як гонар за сваю Радзіму, любоў да яе, выхаванне падрастаючага пакалення ў духу высокай маральнасці, пераемнасці традыцый нашага народа.

Успамінамі аб Я. С. Лявіцкім дзеляцца:
    Сын Марат Якаўлевіч Лявіцкі:
    – Бацька быў добрым сем’янінам. Любіў усіх нас, сваіх трох сыноў і дачку. А наша мама, Анастасія Сямёнаўна, абагаўляла свайго мужа, такую адданасць у сем’ях не так часта сустрэнеш. Ажаніліся нашы бацькі ў 1936 г., мама перажыла бацьку на 7 гадоў, разам яны былі 49 гадоў.
    Бацька нас вучыў: ”Не бойцеся рабіць людзям дабро – яно вернецца вам у сто разоў. Хочаце, каб людзі да вас добра ставіліся, любіце іх і ў адказ вы атрымаеце толькі добрае”. Гэтага бацькоўскага запавету свята прытрымліваемся.
    Былая калега па працы ў сельпо Валянціна Міхайлаўна Гардзейчык:
    – Сціпласць і прастата, ветлівасць і дабрыня, дзелавітасць і працавітасць, іншыя высокія якасці… Здаецца, яны былі дадзены Якаву Савельевічу Лявіцкаму ад нараджэння ў выглядзе нейкага нябеснага падарунка. Ён добразычліва ставіўся да кожнага падначаленага работніка, наведвальнікаў, дабіваўся вырашэння пытанняў, якія хвалявалі людзей.
    Былая суседка Таісія Валянцінаўна Каплан:
    – Моя родная сестра Ніна, якая жыве зараз у Цюмені, яшчэ дзяўчынкай танцавала ў ансамблі, які арганізаваў Якаў Савельевіч. У Маскве ёй і сяброўкам-артысткам уручылі па фотаапарату. Удзел у ансамблі Ніна ўспамінае вельмі часта і кажа, што гэта быў самы цудоўны час у яе жыцці.

 

Клаўдзія Босак
На адным з фота, за якія аўтар удзячная 
дачцэ Я. С. Лявіцкага Соф'і Якаўлеўне, –
артысты ансамбля песні і танца Хойніцкай МТС;
    сам Якаў Савельевіч першы злева.1936 год. 
 
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019