Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

"Юнакі" збіраюць сяброў

    У многіх народаў не прынята адзначаць саракавы дзень нараджэння – у адпаведнасці з рэлігійнымі вераваннямі такія ўрачыстасці лічацца і неразважлівымі, і небяспечнымі. Мяркую, што такая прыкмета больш датычыць лёсаў асобных людзей, якія самі вырашаюць, як ім ставіцца да такога юбілею. Але перакананы ў тым, што ў адносінах да творчых калектываў 40-годдзе* сцэнічнай дзейнасці можна з поўным правам назваць дасягненнем, з усімі належачымі ў такім выпадку ўшанаваннямі.
    Менавіта такі юбілей у гэтым годзе адзначае добра вядомы не толькі ў нашым горадзе, але і за яго межамі ансамбль "Юнакі Палесся". Яго нараджэнне ў 1972 годзе, а потым станаўленне і росквіт у 70-80-х гадах мінулага стагоддзя праходзілі паралельна з часамі нашай маладосці. Памятаю, з якім зачараваннем і захапленнем мы, у той час яшчэ толькі старшакласнікі, слухалі галасы братоў Анатоля і Леаніда Навуменкаў, Паўла Барадуліна, Вольгі Клеменцавай (потым яна ўзяла прозвішча мужа Аляксандра Кавалёва, які таксама некаторы час быў салістам ансамбля), Ліліі Зайцавай, Анатоля Афанасьева, які больш быў вядомы ў Хойніках пад незвычайнай, але ўзнёслай мянушкай "Каўказ". Гукі электрагітар і электрааргана, а таксама жывыя і чыстыя галасы выканаўцаў былі для нас куды бліжэй, а галоўнае – прывабней гучання запісаў прафесійных калектываў з вінілавых грампласцінак і магнітафонных стужак і касет. Ужо ў той час музыканты "юнакоў" імкнуліся да імправізацыі ў інструментальнай складаючай гучання ансамбля, а таксама да музычна адукаванага шматгалосся ў вакальнай яго частцы. Гэты стратэгічны напрамак цвёрда вытрымліваўся на працягу ўсіх чатырох дзесяцігоддзяў творчай дзейнасці "Юнакоў Палесся".
     З першых жа дзён існавання ансамбля яго нязменным кіраўніком стаў Анатоль Навуменка. Гэтае званне ён меў не толькі па форме, але і па прафесійных, і па чалавечых якасцях. Музыкант ад Бога, талент і віртуоз у выкананні на любых інструментах – на баяне і гармоніку, фартэпіяна і акардэоне, гітары і кантрабасе, ён імгненна схопліваў сутнасць мелодыі, гэтак жа імгненна на клавішах раскладваў яе на галасавыя партыі і беспамылкова адчуваў нават самую нязначную фальш. Мне пашчасціла тры гады выходзіць на сцэну ў складзе "юнакоў", таму выдатна памятаю шматгадзінныя рэпетыцыі, калі Анатоль Аляксандравіч і сам працаваў нястомна, і ад нас патрабаваў таго ж, шліфуючы і ўдасканальваючы гучанне кожнай ноты, кожнага галасавога і інструментальнага акорда.
    У 1973 годзе замест Анатоля Афанасьева ("Каўказа"), якому надышоў час служыць у арміі, "Юнакі Палесся" ўзялі маладога гітарыста Паўла Барадуліна. З першай сваёй рэпетыцыі і да сённяшняга дня ён так і застаецца верным гэтаму калектыву. Іх творчая і жыццёвая садружнасць з Анатолем Навуменкам стала падмуркам прафесійных дасягненняў і поспехаў ансамбля. І сапраўды, не магла не ўразіць, не крануць за душу ідэальная сугучнасць іх галасоў – пранікнёны лірычны тэнар Навуменкі і аксамітны барытон Барадуліна доўгі час былі візітнай карткай "юнакоў". А высокі прафесіяналізм і выдатны мастацкі густ гэтага дуэта вызначалі і рэпертуарную палітыку ансамбля, у якога проста не было дрэнных, нізкапробных песень (больш таго, некаторыя з іх нават набывалі новае гучанне і станавіліся папулярнымі менавіта пасля іх выканання "юнакамі"), і арыгінальныя, высокамастацкія аранжыроўкі. Адным словам, зрабіўшы папраўку на маштаб, можна параўнаць іх значнасць у нашым ансамблі са значнасцю Ленана і Макартні ў славутых "Бітлз". І нездарма менавіта яны сталі аўтарамі музыкі да не забытай і сёння песні "Горят над Хойниками зори".

    За гэтыя чатыры дзесяцігоддзі праз састаў ансамбля, вытрымаўшы жорсткі адбор па прафесійных і чалавечых якасцях, прайшло мноства самадзейных выканаўцаў. Сёння, азіраючыся назад, яшчэ раз пераконваюся ў тым, што кожны з іх быў па-свойму таленавітым і адораным прыродай і Богам. Напрыклад, росквіту ў вакальным гучанні "Юнакі Палесся" дасягнулі ў першай палове 80-х, калі да галасовага акорду Навуменкі і Барадуліна далучыліся галасы Уладзіміра Чарнякова, Аляксандра Усава (вось каму Бог даў таленту нямерана!), Сяргея Паўлава, сясцёр Ірыны і Таццяны Храпуновых. У той час кожную галасавую тэму А. Навуменка раскладваў на чатыры партыі, якія дадаткова дубліраваліся праз актаву, і са сцэны гучала ідэальнае васьмігалоссе – не кожны, нават прафесійны ВІА, мог пахваліцца гэтым. Не магу пазбавіцца ад усмешкі, успамінаючы аб тым, як недаверлівыя госці з вялікіх гарадоў, якія заўсёды звысоку ставіліся да правінцыялаў, шукалі за сцэнай магнітафон, які быццам бы гучаў за нас у час танцавальнага вечара.
    Узорам для многіх самадзейных музыкантаў-інструменталістаў, якіх нямала было тады ў раёне, стала выканаўчае майстэрства гітарыстаў Віктара Кірычака і Аляксандра Усава, барабаншчыкаў Уладзіміра Чарнякова, Леаніда Навуменкі (ён, як і брат, быў шчодра адораны Богам як цудоўным голасам, так і выдатным валоданнем многімі музычнымі інструментамі), Уладзіміра Клапатка, не кажучы ўжо пра найвышэйшы выканаўчы ўзровень Анатоля Навуменкі і Паўла Барадуліна. Дзякуючы гэтаму "Юнакі Палесся" не раз выходзілі пераможцамі на конкурсах і фестывалях самадзейнай творчасці, запісваліся на тэлебачанні, не раз выступалі з канцэртамі за межамі раёна, у тым ліку – тройчы ў дааварыйным Чарнобылі. Не дзіўна, што папулярнасць "юнакоў" у той час у горадзе і на вёсцы была бязмернай, а дамовіцца з імі пайграць на ўласным альбо на вяселлі ў сваіх родных, лічылася вышэйшым шыкам або, кажучы сённяшняй мовай, "найвышэйшай круцізной".
     Потым, калі ў пачатку 90-х жывое гучанне паступова выціснула тэхна-музыка дыскатэк, пайшла на спад і папулярнасць "Юнакоў Палесся". Але сваёй ранейшай дзейнасцю ансамбль унёс яркі і дастойны ўклад у культурную і гістарычную спадчыну нашага раёна.

   25 жніўня на святкаванні меркаванага 500-годдзя горада многія з тых, хто ствараў гэтую музычную памяць пакаленняў, праз доўгі час развітання са сваімі слухачамі, яшчэ раз выйдуць на сцэну. Але ніколі не будзе сярод іх Анатоля і Леаніда Навуменкаў, бас-гітарыстаў Віталя Самка і Генадзя Галдзецкага, трубачоў Віктара Дырвянскага і Іосіфа Куліка – на жаль, іх ужо няма сярод нас. Аднак іх справу працягнуць і падораць вам сваё мастацтва і талент Павел Барадулін, Аляксандр Усаў, Віктар Кірычак, Мікалай Нікіценка, Генадзь Белаш і Васіль Марчанка, сёстры Ірына і Таццяна Храпуновы. Прыходзьце, самі пераканаецеся ў гэтым, і не пашкадуеце!

Віктар Назаранка
Хойніцкія навіны,
11. 08. 2012

*Матэрыял змешчаны на сайце "Хойнікшчына" ажно ў 2017 і сёлета ўжо 45-годдзе (як жартавалі не так і даўно музыканты "Машыны часу", група – ягадка...)

Часцінка нашай гісторыі

     Фотаздымак, аб якім пойдзе размова на гэты раз, не зусім звычайны. Справа ў тым, што гэта не проста аматарская альбо афіцыйная фатаграфія, гэта здымак рэкламнай афішы вакальна-інструментальнага ансамбля Хойніцкага раённага Дома культуры "Юнакі Палесся".
    У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя гэты калектыў быў на піку сваёй папулярнасці. Менавіта ў тыя часы аўтару гэтых радкоў пашчасціла быць яго ўдзельнікам, і многія з тых падзей сёння ўспамінаю праз прызму свайго асабістага лёсу. Вось і зараз узгадваю, як часта запрашалі нас на здымкі на Гомельскае абласное і Беларускае рэспубліканскае тэлебачанне, і як часта выступалі мы з канцэртамі перад жыхарамі населеных пунктаў раёнаў і вобласці. Былі сярод іх і райцэнтры (запомніліся выступленні ў Рэчыцы, Мазыры, Жыткавічах, Светлагорску, Чарнобылі (яшчэ дааварыйным), Петрыкаве, Брагіне і Лоеве), і буйныя сельскія населеныя пункты (Каравацічы, Холмеч, Зімовічы (той жа Чарнобыльскі раён суседняй Украіны), а былі і зусім невялічкія вёсачкі нашага раёна. Дарэчы, калі гаварыць пра Хойнікшчыну, то на ёй, напэўна, не засталося ніводнай вёскі або пасёлка, дзе б "юнакі" не адзначыліся сваім выступленнем.
   А гледача ж трэба паважаць, ды і сваю марку таксама неабходна заўсёды трымаць высока. Вырашэнню гэтых дзвюх пастаўленых задач і павінен быў паспрыяць выпуск уласнай афішы ансамбля. Гэтым мастацкі кіраўнік ансамбля Анатоль Навуменка, а таксама яго верны паплечнік і самы вопытны з музыкантаў "юнакоў" Павел Барадулін ушчыльную заняліся вясной 1981 года. Менавіта гэтыя два чалавекі ўласнаручна прадумалі дызайн афішы, удакладнілі нават самыя дробныя дэталі размяшчэння тэксту, яго зместу і нават варыянты напісання літар.
   Асобна давялося павазіцца з фотаздымкам. Варыянтаў было бясконцае мноства: з музычнымі інструментамі і без іх, у сцэнічных касцюмах і ў сваім адзенні, на сцэне і ў глядацкай зале, на ўлонні прыроды. Але Навуменка і Барадулін, як завядзёныя, паўтаралі: не тое!
  
Нарэшце ўсё ж спыніліся на варыянце сцэнічных касцюмаў, якія калектыву дасталіся ад знакамітых "Песняроў", а фотакамера нас выхапіла быццам бы ў час выступлення на сцэне роднага РДК. Калі папярэдні эскіз афішы быў гатовы, звярнуліся ў Хойніцкую друкарню. Але там нас чакала няўдача: прадпрыемства не працавала з каляровым друкам, а чорна-белы фармат не задавальняў ужо нас.
   Давялося ехаць у Мазыр. Там паставілі ультыматум: друкуем не менш 200 экземпляраў, мы ж планавалі для пачатку не больш сотні. Потым усё ж вырашылі: была не была – друкуем адразу 500! Як пазней паказаў час, рашэнне было верным – афішы разыходзіліся, як гарачыя піражкі. Па-першае, напачатку, калі іх развешвалі ў населеных пунктах задоўга да будучых канцэртаў, яны знікалі са стэндаў у той жа вечар, даводзілася ехаць і чапляць новую афішу. Калі ж прападала і яна, вывешвалі новую непасрэдна ў дзень канцэрта, аднак бывала і так, што знікалі афішы і пасярод белага дня.
   Па-другое, у кожнага з нас было мноства родзічаў, сяброў і проста знаёмых і кожны прасіў – дай! Прычым з аўтографамі ўсіх удзельнікаў ансамбля. З аднаго боку, купацца ў промнях славы было, канешне ж, прыемна. А з другога – кіраўніцтва ансамбля з трывогай назірала за тым, як на вачах таяў запас афіш ансамбля. Скончылася ўсё тым, што там жа, у Мазыры, дадаткова заказалі яшчэ 500 афіш.

   Сёння з гэтай колькасці ў нашым горадзе засталіся толькі лічаныя адзінкі гэтых своеасаблівых часцінак гісторыі. Ёсць такая і ў мяне. Час і сонейка перафарбавалі колер паперы з белага на жоўты, таму заказаў спецыяльную рамку і памясціў яе пад шкло. Але паліграфічныя даныя чытаюцца выразна, а з іх вынікае, што аддрукавана афіша была 13 мая 1981 года. Гэта значыць, што ў наступным месяцы споўніцца 36 гадоў з таго дня. Сам жа ансамбль у гэтым годзе адзначыць сваё 45-годдзе. Акрамя кіраўніка ансамбля, Анатоля Навуменкі (вечная яму і светлая памяць!), усе тыя, хто адлюстраваны на гэтай афішы, жывыя. Вось толькі ці давядзецца яшчэ калі-небудзь сабрацца нам разам і ў тым жа саставе?

Віктар Назаранка
Фота Вікторыі Мароз

Хойніцкія навіны,
27. 04. 2017

25. 09. 2018

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019