Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                                                   Аркадзь Кандрусевіч
     Беларускі празаік, мастак Аркадзь Лявонцьевіч Кандрусевіч нарадзтўся 10 верасня 1929 года ў вёсцы Ламачы Хойніцкага раёна Гомельскай акругі. Бацька, Лявонці Фёдаравіч, быў у свой час адзіным пісьменным чалавекам у вёсцы, да вайны працаваў рахункаводам мясцовага калгаса “Чырвоная Прыпяць”, пасля доўгі час быў старшынёй Тульгавіцкага сельсавета. Маці, Алена Данілаўна, паходзіла з сям’і карэнных жыхароў в. Ламачы, якія насілі прозвішча Ламач. На фарміраванне асобы вельмі паўплываў яго дзед Даніла Сідаравіч Ламач, вядомы на ўсю акругу бондар, пчаляр-бортнік і рыбалоў. Ён быў для ўнука ўвасабленнем дабрыні, чуласці, сялянскай заўзятасці і працалюбства. Даніла Сідаравіч некалі браў удзел у вайне за вызваленне балгар ад асманскага панавання і ўмеў цікава распавядаць пра баявыя паходы. Пры гэтым ілюстраваў сваю гісторыю малюючы кіёчкам на пяску. Ад дзеда пераняў Аркадзь Кандрусевіч схільнасць да малявання.
     Калі пачалася вайна, галава сям’і Кандрусевічаў пайшоў на фронт, астатнія яе члены апынуліся ў эвакуацыі ў Тамбоўскай вобласці Расіі. Пасля вызвалення Беларусі і вяртання на роднае Палессе Аркадзь Кандрусевіч паступіў у Мазырскае педвучылішча, якое скончыў у 1947 г. і працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Тульгавіцкай сярэдняй школе. У 1948 – 1951 гг. вучыўся ў Ленінградскай мастацка-графічнай навучальні, пасля заканчэння якой у 1951 – 1958 гг. працаваў выкладчыкам малявання і чарчэння ў школах Мазыра, Калінкавічаў і Пскова, адначасова як мастак-графік супрацоўнічаў з рэдакцыямі мясцовых газет.
     У 1958 г. пакінуў працу ў школе і звязаў сваё жыццё з журналістыкай: працаваў карэспандэнтам нараўлянскай райгазеты “Ленінская праўда”, з 1959 г. – загадчык аддзела пісьмаў хойніцкай газеты “Ленінскі сцяг”. У 1960 – 86 гг. у рэдакцыі абласной газеты “Магілёўская праўда”: мастак-рэтушор, намеснік адказнага сакратара, загадчык аддзела інфармацыі, савецкага будаўніцтва і народнага кантролю. У 1978 г. завочна скончыў філалагічны факультэт Магілёўскага педінстытута імя А. Куляшова. У 1972 – 1982 гг. адначасова з работай у рэдакцыі кіраваў абласным літаратурным аб’яднаннем “Прыдняпроўе”. З мая 1986 г. на пенсіі, але заставаўся літаратурным кансультантам “Магілёўскай праўды”.
     Друкавацца пачаў у 1956 г. з вершаў і баек. Пазней пераключыўся на прозу. Пісаў лірычныя замалёўкі, навэлы, апавяданні, аповесці. Выдаў два зборнікі празаічных твораў “Чарпак Вялікай Мядзведзіцы” (1969) і “Кругі на Белай паляне” (1977). Галоўнае ў яго творчасці – увага да лёсу сучаснікаў, людзей таго пакалення, якому давялося прайсці праз суровыя выпрабаванні ў барацьбе з акупантамі, зведаць цяжкасці пасляваеннага аднаўлення. За нарысы “Зялёны сон” і “Зазвінела песня над пасёлкам” былі прысуджаны прэміі Саюза журналістаў Беларусі 1965 і 1985 гг. Асобныя творы А. Кандрусевіча перакладзены на чувашскую і балгарскую мовы. Зрабіў мастацкае афармленне кнігі г. Шчарбатава “Лясны фронт” (1961), двух нумароў літаратурнага альманаха “На берагах Вялікай” (г. Пскоў). Удзельнік мастацкіх і фотавыставак экслібрыса (Вільнюс, 1972, Браціслава, 1974).

А. С. Гурская

                                                                                       Жыве яго слова
                                                                                     Аркадзю Кандрусевічу было б 80...

     На школьных вечарах і зборах, прысвечаных святу вызвалення Магілёва і Магілёўшчыны ад фашыстаў, прачула ўспаміналі Ваню Галярку, Людмілу Цімашэнка, Марата Казлова і іншых, загінуўшых у барацьбе з акупантамі школьнікаў, пра якіх расказвала кніга ”Юныя героі Магілёўшчыны” - апошняя кніга пісьменніка Аркадзя Кандрусевіча (Мінск, 1994 г.) А першай была “Чарпак Вялікай Мядзведзіцы” (Мінск, 1969 г.)
     I вось прыгадваецца з тае даўніны выпадак. У фае аднаго з магілёўскіх дамоў культуры з нагоды літаратурнай вечарыны таўклася моладзь. Да мяне падыйшоў хлопец і, расхвальваючы маю, як ён заўважыў, толькі што выдадзеную кніжку, папрасіў пакінуць на ёй аўтограф. Прызнаюся, я быў здзіўлены, бо кніга “Алёнчын сакрэт” разлічвалася на меншых і сярэдніх школьнікаў, а маладзёну было каля дваццаці. Не зважаючы на маю разгубленасць, ён порстка выцягнуў, мабыць, са сваёй студэнцкай папачкі... “Чарпак Вялікай Мядзведзіцы” Аркадзя Кандрусевіча.
     – Будзьце ласкавы, Аркадзь Лявонцьевіч...
     Мусіў удакладніць, што я не Кандрусевіч, а Аношкін.
     – А-а.., – тады ўжо разгубіўся той хлапчына. – То дзе ж Аркадзь Лявонцьевіч?
     – На жаль, у камандзіроўцы... Так што сёння тут не будзе...
     – Дык перадайце яму, што ягоная кніжка вельмі спадабалася... I не мне аднаму...
     Неўзабаве, жартуючы, расказаў Аркадзю пра тую пікантную сустрэчу.
     – Вось такія мы пісьменнікі,  – іранічна ўсміхнуўся Кандрусевіч.
     – Якія ”такія”? – не зразумеў я.
      Каго іншага, скажам, Максіма Горкага, ні з кім не зблытаеш.
      – Дык жа ў Максіма Горкага вунь якія былі вусы! – рассмяяўся я.
     Аркадзь тады таксама пачаў адрошчваць вусікі і крыху сумеўся.
     – Ці ж справа ў вусах?..
     – Вядома, не толькі ў вусах...
     Як бы там ні было, зборнік “Чарпак Вялікай Мядзведзіцы” хутка разышоўся ў кнігарнях, не залежваўся ў бібліятэках, быў прыязна сустрэты крытыкай. Зрэшты, з апавяданнямі, якія ўвайшлі ў гэтую кнігу, многія чытачы былі ўжо знаёмы: яны перад тым друкаваліся ў газеце “Магілёўская праўда”, у рэдакцыі якой мастаком-рэтушорам тады працаваў Кандрусевіч, і “Літаратура і мастацтва”, у часопісах “Беларусь” і “Маладосць”. Аўтар на фоне прыроды паказваў чалавека з ягонымі клопатамі і імкненнямі.
     “Людзі жывуць, каб працаваць... Чалавечае жыццё, як лета, для таго і красуе, каб наступіў калі-небудзь жнівень. I горка, вельмі горка, калі жыццё праходзіць, а збіраць нечага”.
Гэта з тае, першай, кнігі.
    А якой будзе другая? Не дарма вядомы паэт Аляксей Суркоў неяк сказаў, што першую кнігу большасць выпускае цікавай і талковай, а вось варта паглядзець другую кнігу, бо прафесіяналізацыя звычайна пачынаецца з яе.
     Аркадзь жа Лявонцьевіч, хоць даўно абзавёўся хай сабе не такімі раскошнымі, як у Максіма Горкага, але даволі прыдатнымі вусамі (дарэчы, з імі ён увайшоў калі не ў вялікую літаратуру, то ва ўсялякім разе ў літаратурныя даведнікі), не спяшаўся з выданнем другой кнігі. Толькі ў 1977 годзе мы пабачылі ягоныя “Кругі на Белай паляне” (аповесць пад такой назвай і апавяданні).
    Праблемы, якія ўздымаліся і па-свойму вырашаліся ў першым зборніку, тут знаходзілі далейшае развіццё і паглыбленне. Пісьменнік працягвае размову пра сваіх сучаснікаў, пра людзей пакалення, якому давялося перанесці цяжкія выпрабаванні вайны з фашызмам, якое аднаўляла разбураныя ворагам вёскі і гарады. Адчувалася, што героі яго твораў падказаны самім жыццём, палескімі абшарамі.
     Аркадзь Кандрусевіч нарадзіўся і вырас на Палессі, у вёсцы Ламачы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Неяк, калі мы ехалі з ім у Балгарыю, у час доўгай дакучнай дарогі ён расказваў пра свае палескія вытокі.
     Бацька яго, Лявонці Фёдаравіч, быў у свой час адзіным на ўсю вёску грамацеем. Працаваў бакеншчыкам, затым рахункаводам мясцовага калгаса “Чырвоная Прыпяць”. Вайну прайшоў салдатам, быў пасля старшынёй сельсавета. Маці, Алена Данілаўна, калгасная даярка, выйшла з сям’і, продкі якой былі заснавальнікамі вёскі Ламачы і ад прозвішча якіх і яе назва. Аркадзь, будучы ўжо літсупрацоўнікам хойніцкай раённай газеты "Ленінскі сцяг", у 1959 годзе змясціў у ёй верш, прысвечаны роднай вёсцы, землякам.

У вішнёвым купаюцца сне,
Белапеннем чаромух кудлатых
Агінае лугі па вясне.
Разгубілі вятры сонцавокія
Блёсткі радасці, дзе ні пабач,
То збываецца песня-надзея
Тваёй мары, Даніла Ламач...

     Скончыўшы педагагічнае вучылішча, Аркадзь настаўнічаў на Палессі. Але нядоўга: паехаў у госці да сястры ў Ленінград і там паступіў у мастацка-графічнае вучылішча.
     – А як у наш Магілёў закінуў лёс? – пацікавіўся я.
     – Можна сказаць, выпадкова. Сустрэўся з земляком Васілём Яфімавічам Цітаўцом, які быў рэдактарам “Магілёўскай праўды”, разгаварыўся, і той запрасіў мяне ў сваю рэдакцыю – якраз была вакансія мастака-рэтушора.
     Аркадзю Лявонцьевічу шанцавала на землякоў. Другі славуты зямляк – неўзабаве народны пісьменнік БССР Іван Мележ – у 1970 годзе рэкамендаваў яго ў члены Саюза пісьменнікаў. Само сабой, Іван Паўлавіч не проста па-зямляцку рэкамендаваў, а за творчыя набыткі Кандрусевіча. Праўда, аповесць “Кругі на Белай паляне” выйшла значна пазней, калі Аркадзь Лявонцьевіч быў ужо сябрам творчага Саюза.
     “Кругі на Белай паляне” – гэта аповесць аб лёсе людзей палескіх вёсак – калгаснікаў, сельскай інтэлігенцыі. I не проста лёсе, але і вясковых трагедыях.
     Настаўніца Станіслава Мартынаўна са сваімі вучнямі даглядае магілу чырвонаармейца родам з Ташкента, які тут загінуў у час вайны. 3 землякамі яго перапісваліся. Напісалі ташкентцы, што пасля мая прыедуць цэлай дэлегацыяй. Ну, Мартынаўна і давай каля магілы яшчэ большы марафет наводзіць, надумалася ад яе бярозавую алейку пасадзіць. Саджалі дрэўцы дзеці, наткнуліся на міну, што яшчэ з вайны там затаілася. Двух дзетак зрашэціла. Пасля таго Мартынаўна сама не свая стала, у галаве яе памуцілася...
     Гіне і яшчэ адзін з галоўных герояў аповесці – Косця Шурмель. Да свайго вяселля Косця намерыўся рыбы наглушыць, ды замест рыбы сябе і яшчэ траіх загубіў.
     “Кругі. Сапраўды, раптам здалося Анатолю, быццам ёсць, існуе ў жыцці нейкая непазбежная замкнёнасць. Быццам невядомая сіла кіруе ўчынкамі людзей і, як наўмысна, вядзе яго туды, дзе чакае пагібель...”
     Удзельнікі прэзентацыі, якую праводзілі ў абласной бібліятэцы, добра адзываліся аб новай кнізе А. Кандрусевіча. Не без таго, былі і крытычныя заўвагі. Але кожны чытач па-свойму ўспрымае развіццё падзей, паводзіны герояў твора. Тым больш, калі гэты чытач – сам пісьменнік.
     Цікавая, вартая ўвагі, перавыдання і невялікая аповесць Аркадзя Кандрусевіча “Альфа і амега”, якой адкрываецца раздзел прозы нашага магілёўскага калектыўнага зборніка “Галасы Прыдняпроўя” (Мінск, 1990 г.)
     Спалучаючы творчую работу ў рэдакцыі і над сваімі мастацкімі творамі, Аркадзь Лявонцьевіч шмат год узначальваў літаратурнае аб’яднанне “Прыдняпроўе” пры газеце “Магілёўская праўда”, дапамагаў пачаткоўцам пісаць, вучыў не спяшацца друкавацца.
     Як з пісьменнікаў не адзін ён, лічыў, што лепшая яго кніга яшчэ наперадзе. Помніцца, на сустрэчы з чытачамі ў бібліятэчным тэхнікуме, адказваючы на пытанне аб творчых планах, задумках, Аркадзь Лявонцьевіч адказаў, што збірае матэрыялы для аповесці, а можа рамана, пра вядомага ўсяму свету нашага магілёўскага святара-асветніка Георгія Каніскага. Але што справіўся – у другім нашым калектыўным зборніку “Дняпроўскія хвалі” (Магілёў, 1993 г.) змясціць пра Каніскага нарыс “Вялікі асветнік”. Большага зрабіць не паспеў.
     Як некаторыя героі яго аповесці “Кругі на Белай паляне”, Аркадзь Кандрусевіч у 1995 годзе трагічна загінуў у росквіце творчых сіл.
    Зробленае ім – значны ўклад у беларускую літаратуру. А раз так, будзе жыць яго слова.

Іван Аношкін
11 верасня 2009

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019