Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                      Прозараўскія мясьціны ў Хойніках
      Капліца, фамільны склеп і курган Людвікі
    Пра капліцу на хойніцкіх могілках,якая пабудаваная адначасова з мураваным касцёлам у цэнтры мястэчка, М. Ярэміч у 1865 годзе паведаміў, што яна ўяўляла сабой: "Костёл… каменный, покрыт железом, в виде надгробного памятника с четвериковыми по углам башнями, оштукатуренный внутри и вне, в коем устроены четыре круглые окна и одни только входные двери…. В костёле на кладбище (здесь и кладбище православное) устроены гробницы, в которых погребён покойный фундатор костёла, его жена и сын, умерший в 1864 году в городе Минске". Згаданы сын Уладзіслава Прозара Мечыслаў быў арыштаваны па падазрэнню ў сувязях з паўстанцамі і памёр у зняволенні. Пахаваны, як бачым, у Хойніках.     
  Зрэшты, Прозары ўсіх сваіх, дзе б яны ні скончылі жыццё, абавязкова перазахоўвалі ў фамільным склепе. Запісы ў метрычных кнігах Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла, напрыклад, сведчаць, што ў 1845 г. былі перазахаваныя трынаццацігадовы Уладзіслаў, сын Уладзіслава і Тэклі (з графаў Ракіцкіх) Прозараў, які памёр ад запалення мозга ў губернскім Харкаве, і сын Караля Прозара Юзаф, памерлы ў сваім спадчынным маёнтку Бесядзь, што ў Беліцкім павеце Магілёўскай губерні.
   Падобна, склеп з’явіўся раней, чым мураваная капліца над ім. Д-р Антоні (псеўданім Юзафа Антонія Ролле), абапіраючыся на звесткі прозараўскага архіву, сведчыў, што збудаванне grobu familijnego К. Прозар задумаў пасля вяртання з турмы ў 1829 г., а адбылося тое праз год пасля складання абозным у маі 1831 г. тэстамэнту, гэткага вызнання веры для сваіх нашчадкаў. Але аб якім збудаванні гаворка? Д-р Антоні меў на ўвазе адно саркафаг у насыпаным кургане, дзе пасля была пахаваная жонка Людзьвіка ды прыгатаванае месца самому абознаму.
      Варта звярнуць увагу, як гэты чалавек ставіўся да сваёй абранніцы!
   Вядома, што памерлы ў Салатурне або Салюры (Швейцарыя) ў 1817 годзе Тадэуш Касцюшка ў наступным годзе быў перазахаваны ў касцёле каралеўскага замка Вавель у Кракаве. А каля горада ўдзячныя суайчыннікі насыпалі ў памяць пра героя вялікі курган. Дакладна такі самы знешне курган, але меншых памераў, быў узнесены К. Прозарам паблізу капліцы для жонкі Людзьвікі, труну якой у 1829 годзе ён перавёз з уніяцкай царквы сяла Вялікі Бор, дзе яна была пахаваная годам раней (на правым здымку: курган побач з больш позняй мураванай капліцайвышэй злева – сучасная праваслаўная капліца на новым участку, так бы мовіць, цэнтральных гарадскіх могілак).
     Менавіта гэты помнік і быў канчаткова зруйнаваны ў 1965 годзе, калі знайшлі жаночае пахаванне і шкляную бутлю Урэцкай мануфактуры Радзівілаў, а ў ёй – пергамент з прысвячэннем нябожчыцы ад 9 (21) мая 1829 г. ды манеты – дукат і два злотыя 1831 г.* У тэксце пергамента, прыведзеным у артыкуле Л. Д. Клока з Дзяржаўнага музея Беларусі, было запісана: "Жорсткі і тыранскі лёс, які трымаў мяне ў труннай няволі за інтарэсы Айчыны, не дазволіў мне раней аддаць Табе апошні доўг. Страціўшы Цябе, я і дзеці мае агарнуліся вечным і бясконцым смуткам...
      Чаму Караль пахаваў Людвіку ў асобным склепе?
  Мусіць, з тае ж прычыны, з якой насыпаў курган – копію касцюшкаўскага ды паклаў менавіта ў пахаванне жонкі "рэвалюцыйныя” або "мяцежныя”манеты, як называлі іх у афіцыйным расійскім справаводстве 1830-х гг. Ён Яе не проста кахаў, а шанаваў і пакланяўся як Айчыне. Марыян Дубецкі, аўтар найбольш падрабязнай на сёння кнігі пра Караля Прозара, заснаванай у тым ліку і на яго асабістых паперах, пісаў, што гадавіны смерці Людвікі і штурма войскамі Суворава Прагі, прадмесця Варшавы, заўсёды былі для абознага часамі найцяжэйшага смутку.
    Пасля таго, як у 1887 годзе Хойніцкі маёнтак набылі расійскія купцы з Арлоўскай губерні, карачаўскі Міхаіл Пятровіч Аўраамаў і трубчэўскі Гаўрыла Сямёнавіч Курындзін, здарылася непапраўнае. Выдаваны ў Інаўроцлаве "Dziennik Kujawski" у нумары за 20 верасня 1895 г. паведамляў: яшчэ ў канцы сакавіка двое давераных асобаў новых уладальнікаў маёнтка ўчынілі злачынства. Наняўшы каваля, яны выламалі краты ад уваходу ў лёх, што месціўся пад капліцай, выкінулі з трунаў рэшткі пахаваных Прозараў, пазрывалі з іх медзь, якую наступна прадалі ў Гомелі. Тады ацалела адно труна Зофіі з дому Аскеркаў, жонкі Мечыслава Прозара. Праз некалькі дзён выламаныя краты заўважыў праваслаўны святар, які і паведаміў аб здарэнні ў паліцыю. Такім чынам, ад 1895 да 1965 г., у Хойніках пры розных уладных рэжымах паслядоўна былі знішчаныя ўсе помнікі, звязаныя з імем Прозараў, а разам і тое апошняе, што яшчэ заставалася іх уласнасцю пасля страты маёнтка, – пахаванні. Гэткае вось стаўленне да гісторыі, а значыць і да памяці пра людзей мінулых пакаленняў...
   Верагодна, аднолькавы лёс напаткаў і труну абознага, цела якога, насуперак уласнаму жаданню, не было змешчана побач з жончыным у кургане. Прынамсі, мужчынскія парэшткі ў 1965 г. не знойдзеныя. У метрычных жа кнігах Астраглядаўскага касцёла запісана, што 20 кастрычніка [1 лістапада] 1841 года ў мястэчку Хойнікі, хутчэй ад старасці, чым ад якой хваробы, ва ўзросце васьмідзесяці аднаго года памёр яснавяльможны Караль Прозар, вялікі абозны Вялікага Княства Літоўскага, кавалер. 24 кастрычніка ксёндз Францішак Пазняк, пробашч астраглядаўскі, дэкан Мазырскі і Рэчыцкі, пры асістэнцыі шматлікага духавенства і ў прысутнасці мноства людзей ўрачыста пахаваў нябожчыка ў фамільным склепе. Гэта можа азначаць і тое, што агульны для Прозараў мінінекропаль уладкаваў не абозны, а яго малодшы сын Уладзіслаў.

*Гэта ці не адзіны сюжэт з даўняй гісторыі Хойнікшчыны, які засведчаны і рэчавымі крыніцамі, і пісьмовымі звесткамі, бо пра "flaszką krzyształową, hermetycznie zamkniętą, w której znajduje się ducat, dwuzłotówka i pismo na pargaminie, ręką moją (Караля Прозара) kreślone, z podpisem wielu przytomnych natenczas obywateli” паведамляў яшчэ Антоні Юзаф Ролле [Dr. Antoni J.Opowiadania historyczne. Serya trzecia. T. 1. Karol Prozor, ostatni oboźny litewski. Warszawa, 1882. S. 46].

С. Бельскі

Выявы кургана і нэагатычнай капліцы-пахавальні ў Хойніках, узведзеных у розныя часы Каралем і Уладыславам Прозарамі, запазычаныя з выдання "Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911 – 1912" (склад. В. А. Лабачэўская... Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012). Выкарыстаны асобнік даўняга ўжо выпускніка СШ № 3 г. Хойнікі Віталя Пяхоты, за што яго ўладальніку шчыра ўдзячныя.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019