Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

 Прозараўскія мясьціны ў Хойніках

     Касцёлы
   Сёння ў Хойніках існуе каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. Яна з’яўляецца пераемніцай аднайменнай Астраглядаўскай парафіі, заснаванай, падобна, яшчэ ўпачатку XVII ст. Тая парафія мела філіяльныя касцёлы ў Брагіне і Хойніках ды капліцы ў Жаліборы і Вялікім Боры. Паводле Чэслава Пяткевіча, у Хойніках касцёл пабудаваны ў першым дзесяцігоддзі XVIII ст. (на  каляровых  здымках: экстэр'ер і інтэр'ер новага  касцёла ў Хойніках, у якім змешчана  копія  юравіцкай цудатворнай  іконы  Маці Божай Міласэрнай – апякункі  Палесся; парафіянкі з іконаю). Гэты драўляны і без арганаў касцёльчык, як ужо сказана, быў філіяй парафіяльнага касцёла ў Астраглядах, у якім 12 чэрвеня 1791 года тагачасны пробашч, ксёндз Глінскі цэлебраваў святую імшу, прамаўляў урачыстую казань з нагоды прыняцця Канстытуцыі 3 мая, а вернікі, патрыёты Рэчы Паспалітай, складалі клятву на вернасць Айчыне ды спявалі старадаўні гімн Te Deum laudamus (Цябе, Бога, услаўляем), які пачынаецца словамі:_Ciebie, Boga, wysławiamy,_Tobie, Panu, wieczna chwała,_Ciebie, Ojca, niebios bramy,_Ciebie wielbi ziemia cała

   
     Дзе ён месьціўся? Ч. Пяткевіч пісаў, што – каля замка, за сто крокаў ад пазнейшага мураванага касцёла. Як паведаміў у сваім рапарце  святар  Максім Анісімавіч  Ярэміч, брагінскі благачынны, гэты апошні "оштукатуренный только внутри" [адна з дэталяў, якая дапамагае высветліть яго далейшы лёс] будаваўся Уладзіславам Прозарам у 1859 – 1862 гг. у цэнтры мястэчка, якім тады была базарная плошча. Заканчэнне будаўніцтва ў пачатку 1863 года ўлады забаранілі ў сувязі з антырасійскім паўстаннем. Ганна Міхайлаўна Гурская (1921 г. нар.), жыхарка вуліцы імя У. В. Жыляка, на пытанне, дзе раней стаяла Пакроўская царква, адказала: прыкладна там, дзе сёння кафэ "Шашлычная". Гэта адпавядае месцазнаходжанню царквы на выкарыстоўваным папярэднімі нашымі краязнаўцамі  з раённага музея і СШ № 3 плане Хойнік 1870 года ў трохкутніку былое кафэ – універмаг – былая кнігарня. Іншая версія, паводле якой храм знаходзіўся на месцы сярэдняй школы № 2, як уяўляецца, вышэйзгаданаму плану* супярэчыць. Але калі б хто гэта пераканаўча пацвердзіў...
        У польскамоўных дзённіках праваслаўнага архіепіскапа Мінскага Міхаіла Галубовіча ёсць запіс пра падзеі 17-18 верасня 1860 г.:
      "Субота. 17. Надвячоркам прыехаў да Хойнік, у царкву. Адразу з’явіўся падкаморы Прозар [падкаморым рэчыцкім быў пан Уладзіслаў]. Запрасіў мяне ў сваю карэту. Заспеў у доме яго дачку, пані  Ячэўскую, і кузэна  Прозара з Валыні.
      Нядзеля. 18.  Пасля імшы ў царкве паехалі мы агледзець фамільную магільную капліцу. Прозар просіць дазволу паставіць алтар для жалобнага набажэнства. Я згадзіўся з умовай, каб на працягу 15 гадоў вымураваў царкву. Ён прасіў часу на роздум".
     Як бачым,  мураванай праваслаўнай царквы ў мястэчку яшчэ не было. З "Историко-статистического описания Минской епархии", складзенага рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі архімандрытам Мікалаем (СПб., 1864. С. 305 306), таксама даведваемся пра "Села Хойник Покровскую, 5-го класса, деревянную церковь...". У 1865 годзе М. Ярэміч сцвярджаў нават, што царква ў Хойніках "ветха и в крыше и в куполе, да к тому же построена почти в болоте".  
     Але ў "Описании церквей и приходов Минской епархии"(1879 г.) сустракаем ужо зусім іншае: "Приходская Покровская церковь, расположенная в центре местечка, построена в 1863 г. средствами вотчинного владельца Владислава Прозора …при постройке обошлась в 25 000 рублей. Зданием каменная, сложенная из кирпича; устроена продолговатым прямоугольником, в готическом стиле, с колоколенною башнею на фронте. Кровля железная. Наружные стены остаются без штукатурки, под цвет кирпича, и в общем придают зданию превосходный вид. Находится в прочном состоянии… Иконостас по своему достоинству не соответствует капитальности храма: он довольно ветхий, простой столярной работы…"
      Цікава, якая ж яна "ветхая”, у якім "почти в болоте" знаходзілася і што гэта за праваслаўная царква ў Расійскай імперыі другой паловы XIХ ст., пабудаваная "в готическом стиле"?! Усё, аднак, паўстае на сваё месца, калі даведваемся, што ўлады 20 чэрвеня 1865 года, "по местным представлениям" праваслаўнага духавенства стары драўляны і "превосходной структуры" мураваны касцёлы ў цэнтры Хойнік ды мураваны "касцёл" (усё ж капліцу) на могілках адабралі ў католікаў і перадалі ў праваслаўнае ведамства ( гл. адну з выяваў на чорна-белым здымку 1912 г. Ісаака Сербава).      
     Меркавалася,  што  матэрыялы першага з іх будуць выкарыстаныя на ўладкаванне прыпісной царквы Загальскага Свята-Троіцкага прыхода ў вёсцы Храпкаў. Васьмігадовы Чэсь Пяткевіч быў удзельнікам развітальнага набажэнства ў драўляным касцёле. Пэўна, ад маці ён даведаўся, што ксёндз Дайняк адмыслова прасіў улады дазволіць яго правядзенне, а ўжо з уласных успамінаў пісаў пра скруху і слёзы многіх людзей, якія ў адзін момант адчулі сябе асірацелымі, бо бачылі старую святыню ў апошні раз.
   А вось другі і стаў, відавочна, гатычнай  Пакроўскай царквой. На апошняе паказвае яшчэ тое, што і царква ў "Описании…”, і касцёл у рапарце М. Ярэміча, пазбаўленыя знешняй тынкоўкі (на каляровых здымках: царква сучаснага Свята-Пакроўскага жаночага манастыра каля гарадскіх могілак; тут захоўваецца ікона Маці Божай Благодатное Небо. Яе, паводле міфа, створанага за часы губернатарства ў Мінску князя М. М. Трубяцкога (1886 – 1901) альбо, з улікам таго губернатарства, значна пазней, пасля адраджэння ў Хойніках праваслаўнага прыходу ў 1986 г., падараваў у пачатку XVIII ст. расійскі падданы праваслаўны князь Трубяцкой хойніцкай царкве і ўладальніку Хойнік, падданаму Рэчы Паспалітай, католіку князю Ігнацыю Шуйскаму, што аніяк немагчыма. Паводле афіцыйных царкоўных крыніцаў, у астатняй трэці XIX ст. у Хойніках найбольш шанаваным быў іншы абраз Маці Божай, пра які ёсць звестка ў "Описании...": "Как особенную драгоценность храма составляет Икона Божией Матери, небольшого размера, в серебряной ризе, пожертвованная в сию церковь Государём Императором Александром в 1869 году...". Падобныя ахвяраванні расійскія манархі практыкавалі ў выпадках, калі цэрквы ўладкоўвалі ў касцёльных будынках. Так здарылася і ў Юравічах. Дарэчы, не хойніцкая ікона Маці Божай Благодатное Небо, а юравіцкая цудатворная ікона Маці Божай Міласэрнай была і застаецца галоўнай святыняй у нашым рэгіёне. Тут не трэба нічога прыдумляць, нават калі Хойнікі большыя за Юравічы і тут ёсць свае раённыя ўлады...).
   
*На вялікі жаль, арыгінал гэтага плана, калі ён сапраўды існуе, мне і дагэтуль не давялося ўбачыць; адно – прарысоўкі з нашага школьнага (№ 3 г. Хойнікі) і раённага краязнаўчага музеяў.
С. Бельскі
Выява нэагатычнага касцёла, узведзенага ў Хойніках Уладыславам Прозарам, запазычаная з выдання "Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911 – 1912" (склад. В. А. Лабачэўская... – Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012). Выкарыстаны асобнік даўняга ўжо выпускніка СШ № 3 г. Хойнікі Віталя Пяхоты, за што яго ўладальніку шчыра ўдзячныя.
 
Праэкт названага касцёла. 1857 г.
[Mińszczyzna w zbiorach Stanisława bar. Dangla. Museum Tomatorum]
http://myvimu.com/collection/47794294
 
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019