Пятница, 29.03.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

        Ён жыў сумленна, без аглядкі
      Раздзел прысвечаны ўспамінам аб пісьменніку як добрым, шчырым чалавеку, уважлівым бацьку, таленавітым пісьменніку; аб персанальным музеі, адкрытым у доме, дзе жыў Сачанка.
     “Ён не прасвістаў свайго жыцця”. Гэтымі словамі сказана ўсё. Памяць пра гэтага слаўнага чалавека жыве. Сябры, добрыя знаёмыя, родныя, блізкія кажуць ўдзячныя і добрыя словы. Ён адышоў у нябыт, але для іх Барыс Іванавіч застаецца вечна жывым. Ён жыве ў іх сэрцах, душах, будзіць успаміны. Хтосьці з гонарам успамінае выпадковую сустрэчу з ім, знаёмства, сумесную плённую працу, смешны выпадак, яго гарачыя, палымяныя выступы ў абарону нашай роднай мовы, айчыны. І, канешне, нельга забыць яго лагодную ўсмешку, крыху задуменны сум у вачах. Для яго дачкі Святланы Явар бацька застанецца заўсёды ідэалам, да якога не падняўся яшчэ ні адзін мужчына. Прыкладам і гонарам Барыс Сачанка з'яўляецца не толькі для шматлікіх родзічаў, але і для ўсіх, хто не абыякавы да мовы, літаратуры, бацькаўшчыны.
       Клаўдзія Босак Вялікі талентвялікі працаўнік
      Надвячорак 22 мая выдаўся як ніколі халодным і ветраным. Але, нягледзячы на гэта, многа людзей сабралася каля Велікаборскага сельскага Дома культуры, каб ушанаваць памяць свайго знакамітага земляка Барыса Іванавіча Сачанкі. Раздзяліць смутак з велікаборцамі прыехалі з Мінска дачка пісьменніка, беларуская паэтэса Святлана Явар, яго брат, галоўны рэдактар часопіса "Пралеска" Аляксандр Сачанка, пляменнік, намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Полымя" Барыс Пятровіч і галоўны рэдактар часопіса "Крыніца", таксама наша вядомая зямлячка, паэтэса Ала Канапелька.
     Спачатку ўсе наведалі Велікаборскую базавую школу, якая носіць імя Б. І.Сачанкі, і з вялікай цікавасцю азнаёміліся з экспазіцыяй музея, які быў створаны тут адразу пасля смерці пісьменніка. Затым пабывалі ў мясцовым дзіцячым садзе, паглядзелі, у якіх умовах выхоўваецца юнае пакаленне велікаборцаў.
      Затым наступае самы ўрачысты момант – адкрыццё музея Б. І. Сачанкі ў памяшканні сельскай бібліятэкі. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах уручаюць традыцыйны хлеб-соль старэйшаму брату пісьменніка Пятру. Чырвоную стужку пры ўваходзе ў музей пераразаюць Ала Канапелька і старшыня раённага Савета дэпутатаў В. І. Баранаў.
      Да прысутных звяртаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта М. І. Садчанка:
      – Мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць аднаго з лепшых песняроў беларускага народа – Барыса Іванавіча Сачанкі. Хаця ён пражыў кароткае жыццё, але творчы талент яго разгарнуўся ва ўсю моц. Аб тым, што ён мог зрабіць мы ўсе можам адчуць, якая вялікая, незаменная гэта стратат, аб якой журацца беларуская літаратура, беларускі народ. Гэта, без перабольшання, быў магутны талент, чыё жыццё застаецца ў радках і старонках яго кніг.
      Мікалай Іванавіч адзначыў, што Хойнікшчына наогул багатая на таленты, прыгадаў імёны вядомых людзей, якія выйшлі ад нас і прапанаваў стварыць у Вялікім Боры, у хаце, адкуль пайшоў у творчае жыццё юбіляр, своеасаблівы музей знакамітых людзей раёна.
      Гэтую прапанову горача падтрымаў Аляксандр Сачанка. Ён выказаў самыя шчырыя словы ўдзячнасці за тое, што ў раёне шануюць памяць яго роднага чалавекаі і паабяцаў аказаць у гэтым самую дзейсную падтрымку.
      Прызначаная на пасаду дырэктара музея бібліятэкар Эма Мікалаеўна Кузьменка хвалюецца, праводзячы першую экскурсію па Музею Б. І. Сачанкі. А жыхарка вёскі Вялікі Бор Г. I. Малянок успамінае аб сваім вядомым аднавяскоўцу, выказвае словы ўдзячнасці за такую вялікую справу.
      – Мы нароўні ставім талент і Барыса Іванавіча Сачанкі і Івана Паўлавіча Мележа, – гаворыіць яна. – Але ж глінішчанцы раней паклапаціліся аб тым, каб ушанаваць памяць апошняга. I вельмі добра, што і мы нарэшце такім чынам ушаноўваем свайго земляка.
      Дырэктар музея прымае падарункі – новыя экспанаты экспазіцыі. М. І. Садчанка падараваў выраб з саломкі, на якім майстрыхі Хойніцкай фабрыкі мастацкіх вырабаў зрабілі інкрустацыю да юбілею пісьменніка, і палатняны ручнік з сімволікай нашага горада. Разную шкатулку ўручае дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства А.В. Калыхан. А дырэктар раённага краязнаўчага музея М. С. Скрыпчанка, які, дарэчы, прыклаў многа сіл і намаганняў для стварэння музея, прынёс сюды вельмі рэдкі экспанат – чарнільніцу-невылівайку, якой карыстаўся ў школе будучы пісьменнік.
Затым дзейства свята пераносіцца на сцэну Велікаборскага сельскага Дома культуры. Літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную 65-годдзю з дня нараджэння Б. І. Сачанкі, вядзе пляменніца І. П. Мележа Лілія Краўчанка. Яна прадастаўляе слова гасцям, родным і блізкім юбіляра.
      – Мой брат, — гаворыць Аляксандр Сачанка, – акрамя таго, што быў улюбёны ў літаратурную справу, аддана служыў беларускаму народу.
      А героі яго твораў у большасці – велікаборцы. Нават імёны персанажаў многіх пераклікаюцца, напрыклад, Дарошка – значыць Харошка, самае распаўсюджанае прозвішча ў Вялікім Боры.
      А. Сачанка выказаў захапленне сваімі землякамі простымі людзьмі. Яго, па кожнаму прыезду на радзіму, заўсёды здзіўляе і ўражвае правільнасць іх меркаванняў, глыбіня разумення жыцця. У нічым непрыкметнай яго роднай вёсачцы можна сустрэць нямала людзей, размова з якімі ўзбагачае душу і розум. Адсюль – крыніца творчасці і Б. І. Сачанкі.
       На сцэне – дачка пісьменніка Святлана Явар.
       – Яшчэ добра помніцца, – гаворыць яна. – той момант, калі ў наш дом прыйшла жудасная вестка, што не стала бацькі. Нізка ў пояс хачу пакланіцца людзям, якія зберагаюць яго памяць.
      Свае вершы, прысвечаныя Барысу Іванавічу Сачанку, прачытала Ала Канапелька, зазначыўшы, што многаму ў сваёй творчасці яна вучылася ў яго. Такі ж лейтматыў выступлення і пляменніка пісьменніка Барыса Пятровіча.
       Вясёлы смех выклікала ў зале рэпліка Алы Канапелькі, што на шчодрай велікаборскай солі вырастаюць сапраўдныя таленты. На што Аляксандр Сачанка парыраваў: "Нягледзячы на тое, што ў Небытаве вараць суп з гнілкамі, адтуль таксама выходзяць вядомыя людзі".
       Арганічна ўпісаліся ў праграму канцэрта песні ў выкананні самадзейных артыстаў Партызанскага сельскага Дома культуры і ансамбля народнай музыкі “Крыніца" Хойніцкай дзіцячай музычнай школы.
       22 мая людзі сабраліся для таго, каб адзначыць дату нараджэння Барыса Іванавіча Сачанкі, жывую дату жывога чалавека. Бо дата нараджння гэта дата жывых. Дата тых, хто сярод людзей, хто па-ранейшаму, наперакор смерці, жыве. Як жывы.
       Серафім Андраюк Асабістае, асабліва балючае
       "Раней ездзіў я ў сваю вёску, каб набрацца сіл, асвяжыць памяць, памаладзець душою, падужэць.
       Цяпер пасля паездак дадому падоўгу хварэю. I фізічна, і маральна. Мілы, дарагі куточак – і яго атруцілі, так раптоўна адабралі ў мяне ды і ў многіх, хто нарадзіўся там, жыў..."
       Адабралі пасля чарнобыльскай катастрофы, што адбылася ўсяго за якую паўсотню кіламетраў ад роднай пісьменнікавай вёскі. Катастрофа прынесла страшэннае парушэнне ўсёй рэспубліцы, народу. Для Сачанкі ўсё гэта стала асабістым, асабліва балючым. Агульныя лічбы, агульныя разважанні і прагнозы адразу ж афарбоўваліся ў колеры асабістых успрыманняў і перажыванняў.
       Прачытаем вось хоць бы гэты запіс з "Запісак аб радыяцыі" (1986-1990гг.):
       "Нарэшце, праз тры гады пасля аварыі, надрукавана карта, дзе і якія грыбы можна збіраць. Мае родныя мясціны ў першай зоне, куды, як сказана ў каментарыях, у лес "з кошыкам уваходзіць не трэба". Паўраспад цэзію-137 доўжыцца каля трыццаці трох гадоў... Значыцца, я больш ніколі ўжо не патрымаю ў руках, не з'ем ні баравіка, ні падасінавіка, ні рыжыка, ні якога іншага грыба са свайго лесу. А насіў жа іх калісьці кашалямі. I калі вучыўся ў школе, ды і потым. Бывала, падхопішся з пасцелі на досвітку, яшчэ нацямочку, – і ў лес. Ідзеш па аднаму табе вядомых сцежках, ад грыбовішча да грыбовішча. Збочыш у малады бярэзнік, потым – на хвойнік. Пашастаеш па ягадніку, верасе, выскачыш на дубняк – "дубіну", як у нас кажуць, і, вядома ж, абтупаеш, аббяжыш граду, дзе растуць надта ж прыгожыя, рэліктавыя баравікі з белым тоўстым коранем і чорнай, проста аксамітнай шапкаю...
       Дадому вяртаешся ў позняе снеданне. I паставіўшы кашэль перад сабою, перабіраеш грыбы – адны сушыць, другія смажыць, трэція саліць. I зноў бачыш сябе ў лесе, успамінаеш, дзе якога грыба браў, як ён сядзеў, як ты яго шукаў...
        Няўжо ўсяго гэтага я больш не спазнаю?.."
        Боль пытання так зразумелы. Для Сачанкі, пісьменніка, чалавека, знікае цэлы свет, свет для яго самы блізкі, дарагі, свет, з якога ён выйшаў, але які ўзяў з сабою і панёс у сабе, свет, дзе знаходзіліся тыя крыніцы, якія жывілі яго духоўна, жывою вадою загойвалі душэўныя раны і наталялі пачуцці.
        Неба дзяцінства, неба бацькоўскай зямлі, такое чыстае, блакітнае і празрыстае, не так даўно яно ўзвышала чалавека, узнімала да жыцця. Паветрам гэтага неба, гэтай зямлі Палесся насычаны лепшыя творы пісьменніка.
        Сёння неба гэтае пацямнела, яно гняце чалавека. Зямля тоіць небяспеку. Трывога і неспакой ахоплівае ўсю існасць, боль працінае сэрца.
        Сачанка добра бачыць тое, што нясе час, што нясе навукова-тэхнічная рэвалюцыя простаму чалавеку, як яна, парушаючы звыклы, усталяваны вякамі, склад жыцця, руйнуе і маральныя асновы чалавечага быцця.
        Клаўдзія Босак Дзень светлых успамінаў
        Хойнікшчына ўрачыста адзначыла 70-годдзе з дня нараджэння знакамітага беларускага пісьменніка Б. І. Сачанкі.
        Барысу Іванавічу Сачанку – 70 гадоў. Было б. 3 гэтай нагоды яго віншавалі б, выказвалі б любоў, павагу, чытацкую ўдзячнасць і блізкія, і далёкія, нават не знаёмыя з ім людзі. Мы б яму казалі, што ён малады, і талент яго ў самым росквіце, і казалі б шчыра: такім маладым і рабіў Сачанку талент, магутны талент, што раскрыўся на ўсю глыбіню праз яго творы. Мабыць, мы яму, жывому, гаварылі б не зусім тое, што мы пішам і гаворым сёння сур'ёзна і ўдзячна: класік! А ён бы насцярожана і быццам вінавата ўсміхаўся б, а сам скіроўваў бы гаворку зноў на іх – сваіх літаратурных дзяцей, з якімі яму ўсё болей клопатаў і перажыванняў, нездарма ж гавораць: вялікія дзеці – вялікія клопаты. Кнігі Б. І. Сачанкі назаўжды ўвайшлі ў скарбніцу нацыянальнай культуры, яны выдадзены агульным тыражом больш за 15 мільёнаў экземпляраў, перакладзены на розныя мовы свету.
        Пісьменнікам пакінута вельмі багатая літаратурная спадчына. Барыс Сачанка – аўтар вялікай колькасці раманаў, аповесцяў, публіцыстычных твораў, сярод якіх раман "Ваўчыца з Чортавай Ямы", адзначаная Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа. Праз яго творчасць праходзіць тэма Вялікай Айчыннай вайны, прыкметнымі вехамі на шляхах яе раскрыцця сталі аповесці "Пакуль не развіднела", "Апошнія і першыя , "Аксана", раманы "Чужое неба" і "Вялікі лес".
        Зямны шлях Барыса Іванавіча Сачанкі закончыўся 5 ліпеня 1995 года, ён памёр у рабочым кабінеце на 59-ым годзе жыцця.
       Удзячныя нашчадкі свята захоўваюць памяць свайго знакамітага земля-ка. 3 нагоды 70-гадовага юбілею Сачанкі паўсюдна ў раёне: у школах, бібліятэках, музеях прайшлі тэматычныя выстаўкі, літаратурныя чытанні, творчыя вечары, прысвечаныя памяці класіка нацыянальнай літаратуры, гра-мадскага дзеяча, лаурэата многіх дзяржаўньіх прэмій.
        Эпіцэнтрам мерапрыемстваў у гонар памяці пісьменніка стала яго радзіма – вёска Вялікі Бор. Раздзяліць падзею з велікаборцамі прыехалі з Мінска дачка пісьменніка, беларуская паэтэса Святлана Явар, яго пляменнік, галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч, пляменніца, выкладчыца Гомельскага дзяржаўнага універсгтэта імя Ф. Скарыны Людміла Пятроўна Дземідзенка, а таксама наша вядомая зямлячка, паэтэса Ала Канапелька.
       Спачатку ўсе наведалі Велікаборскую базавую школу, якая носіць імя Б. І. Сачанкі, і з вялікай цікавасцю азнаёміліся з экспазіцыяй музея, што быў створаны тут адразу пасля смерці пісьменніка. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах уручылі традыцыйны хлеб-соль старэйшаму брату пісьменніка Пятру.
        Дырэктар музея Б. І. Сачанкі бібліятэкар Эма Мікалаеўна Кузьменка правяла экскурсію па музею Б. І. Сачанкі. Дачка пісьменніка Святлана Явар падарыла музею асабістыя рэчы бацькі – касцюм, сарочку і гальштук.
       Глядзельная зала Велікаборскага сельскага дома культуры 15 мая была перапоўнена. Акрамя родзічаў пісьменніка тут сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў горада і раёна, настаўнікі школ. Адбылася літаратурна-музычная кампазіцыя "Зямля бацькоў – зямля святая". Пад тэкст вядучых, настаўнікаў СШ № 3 і гімназіі Людмілы Півавар і Сяргея Седача на экране дэманструецца фільм аб Б. І. Сачанку. Удала агучваў закадравы тэкст рэжысёр Хойніцкага народнага тэатра Аляксей Сярмяжка.
        Слова дачцы пісьменніка.
        – Мой бацька, – гаворыць Святлана Явар, – акрамя таго, што быў улюбёны ў літаратурную справу, аддана служыў беларускаму народу. А героі яго твораў у большасці – велікаборцы. Нават імёны персанажаў многіх пераклікаюцца, напрыклад, Дарошка – значыць – Харошка, самае распаўсюджанае прозвішча ў Вялікім Боры. Яшчэ добра помніцца той момант, калі ў наш дом прыйшла жудасная вестка, што не стала бацькі. Нізка ў пояс хачу пакланіцца людзям, якія зберагаюць яго памяць.
       Вядучыя прасочваюць усе жыццёвыя вехі Барыса Іванавіча Сачанкі, увесь час гучаць песні, якія адпавядаюць таму або іншаму этапу, у выканні жаночага фальклорнага ансамбля Велікаборскага СДК і яго салісткі Галіны Аляксееўны Харошка, артысты народнага тэатра Хойніцкага РДК дэманструюць сцэнкі па творах пісьменніка.
      На сцэне – пляменнікі Б. І. Сачанкі Барыс Пятровіч і Людміла Дземідзенка. Яны гавораць аб тым, што сваю жыццёвую сцяжынку выбралі, дзякуючы свайму дзядзьку. Выказалі захапленне сваімі землякамі – простымі людзьмі, іх здзіўляе і ўражвае правільнасць іх меркаванняў, глыбіня разумення жыцця. У нічым непрыкметнай вёсачцы Вялікі Бор можна сустрэць нямала людзей, размова з якімі ўзбагачае душу і розум. Адсюль і крыніца творчасці Б. І. Сачанкі.
       Свае вершы, прысвечаныя Барысу Іванавічу Сачанку, прачытала Ала Канапелька, зазначыўшы, што многаму ў сваёй творчасці яна навучылася ў яго. Вясёлы смех у зале вьіклікала рэпліка паэтэсы, што на шчодрай велікаборскай солі вырастаюць сапраўдныя таленты.
       Старшыня раённага Савета дэпутатаў В. І. Баранаў сказаў прысутным, што ў творах Б. І. Сачанкі – гісторыя роднай Беларусі. Талент Барыса Іванавіча – асобная старонка беларускай і савецкай літаратуры.
       В. І. Баранаў уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама калектывам Велікаборскай базавай школы-сада (Т. В. Іванюценка) і Партызанскай сярэдняй школы (Н. М. Прыходзька) за прапаганду творчасці Барыса Сачанкі, Падзяку дырэктару музея Б. І. Сачанкі, бібліятэкару Э. М. Кузьменка.
       Барыс Іванавіч Сачанка быў шчаслівым чалавекам. Гаворачы словамі Пушкіна – любімец багоў! Але гэта не тое, што любімчык. Любімчыка багі і жыццё часам так залашчаць, закормяць, што не раскрыецца і тое багацце, і талент, што меў ад прыроды. Затое "любімца багоў", Б. І. Сачанку, не абыйшло нічога. Пераступіўшы парог жыццёвы, Сачанка вярнуўся да нас у большай славе і велічы, чым ад нас адышоў. Вярнуўся, каб вечна служыць не толькі бацькоўскай зямлі, якая яго нарадзіла, але і ўсяму чалавецтву, несці людзям праўду, неабходную, як хлеб, і высокае хараство мастацтва, якое ачышчае і ўзвышае душу.
       …Чалавек, які падарыў людзям вялікае шчасце, сам робіцца шчаслівым. Насуперак усяму. Такім быў, стаў, пайшоў з жыцця Барыс Іванавіч Сачанка. Мець творы такога пісьменніка – шчасце літаратуры. Нашай зусім не беднай літаратуры. I мы ўдзячны лёсу, што адарыў нашага земляка выключным талентам слова і любві да людзей, да народа. Мець такога земляка – вялікі гонар.
      15 мая людзі сабраліся ў Вялікім Боры, каб адзначыць дату нараджэння Барыса Іванавіча Сачанкі, жывую дату жывога чалавека. Бо дата нараджэння – гэта дата жывых. Дата тых, хто сярод людзей, хто па-ранейшаму, наперакор смерці, жыве. Як жывы.
      Пісьменнікі пра пісьменніка
      Ніхто да Б. Сачанкі так шмат і паслядоўна не пісаў пра тое, як лёсаў палешукоў крануліся падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Ен пісаў найперш пра сваіх землякоў. Невыпадкова назва рамана "Вялікі лес" пераклікаецца з назвай яго роднай вёскі... Вялікі Бор...
Алесь Марціновіч
       Сказаць: мы сябравалі – будзе замала, завузка.У нас былі адносіны поўнай шчырасці, роўнай зацікаўленасці: абодва кніжнікі, абодва грыбнікі, абодва – адданыя роднай мове і пісьменніцкай справе, амаль аднолькава глядзелі на рэчы і падзеі, думалі, як лепей падбаць пра культуру, пра будучыню нацыі.
Максім Лужанін
      Чытаючы першы зборнік Барыса Сачанкі "Дарога ішла праз лес", можна ўпэўнена сказаць, што ў літаратуру прыйшоў чалавек, якому арганічна ўласціва мысліць у форме апавядання. Лепшыя творы Б.Сачанкі сведчаць аб тым, што іх аўтар умее адчуваць паэзію, драматызм жыццёвага факта, умее адкрыць яго мастацкія вартасці.
Анатоль Клышка
       Лепшыя апавяданні і абразкі Б.Сачанкі выклікаюць роздум пра лёс герояў. Няма ў аўтара імкнення заінтрыгаваць чытача нечаканымі сюжэтнымі ходамі, не ставіць ён сваіх герояў у нейкія незвычайныя варункі, не гоніцца за вонкавымі прыгажосцямі. Наадварот, апавядае ён пра самыя будзённыя здарэнні і эпізоды, і апавядае проста, толькі можа крышачку больш спыняе ўвагу на тых жыццёвых дэталях і падрабязнас-цях, якія дазваляюць адчуць душэўны стан героя.
Я. Казека
      Жыве Барыс Сачанка асабліва актыўным грамадскім і творчым жыццём. Дзейнасць грамадская і творчасць літаратурная для яго непадзельныя. Бо клопат адзіны тут і мэта адна – нацыянальнае духоўнае адраджэнне. I яго дзейнасць, яго творчасць успрымаецца, бачыцца не толькі і не так сама па сабе, а як выяўленне даволі пэўнай глыбіннай грамадска-літаратурнай тэндэнцыі. А менавіта – выяўленне, вельмі характэрнае, адметнае, глыбінных духоўных намаганняў пакалення, якое шмат перажыло, шмат адчула болю, пакалення, якое жыве ў высокім унутраным напружанні, адраджае і мацуе духоўныя асновы нацыі.
Серафім Андраюк
       Творчасць Б.Сачанкі, вядомага беларускага празаіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, неаддзельна ад сучаснага літаратурнага працэсу. Ужо многія гады яна пастаянна знаходзіцца ў полі зроку чытачоў і прафесійнай крытыкі. Яго апавяданні, аповесці, раманы пашырылі тэматычныя гарызонты нацыянальнай прозы, узбагацілі яе жанравыя і стылявыя магчымасці, у асобных момантах паглыбілі яе гістарычнае светаадчуванне.
Лідзія Савік
        Багатыя ў прозе Б. Сачанкі прадметна-тэматычныя рады слоў. Ён дасканала ведае моўныя "адпаведнікі" бясконцых і непаўторных рэалій роднай прыроды – раслін і жывёл, рэчак і ручаін, хмар і зорак, дарог і сцежак... Усе галасы, гукі, шолахі роднай прыроды дакладна і жывапісна перадаюцца трапна знойдзенымі словамі...
Адметна беларускі, незыншамоўлены, выразны і гнуткі сінтаксіс мастацкага маўлення Б. Сачанкі...
Нярэдка аўтар і сам стварае выслоўі-афарызмы, блізкія да народных прыказак...
Турботны роздум аб цяжкіх шляхах жывога слова беларусаў ніколі не пакідае Б. Сачанку...
       ...Ён любіць і ў этымалагічны слоўнік зазірнуць, і прыслухацца да думкі замежнага класіка, і абаперціся на традыцыі і досвед пісьменнікаў-славян, і скарыстаць моўны набытак "народнай граматыкі".
Арнольд Міхневіч, Янка Саламевіч
       ...Ен не прасвістаў жыцця.
Іван Навуменка
       Апошнія гады Барыс Сачанка шмат і плённа працаваў у смелай, адкрытай, бескампраміснай публіцыстыцы. Яго артыкулы, эсэ, інтэрв'ю, сабраныя ў кнізе "Сняцца сны аб Беларусі", сведчаць пра тое, што нейкі час у гэтым жанры роўнага яму, здаецца, не было. У іх ён раскрыўся як асоба, якая шчыра і беззапаветна любіць сваю Бацькаўшчыну...
Янка Сіпакоў
      За свае сорак гадоў у літаратуры Барыс Сачанка зрабіў шмат – ён не шкадаваў сваіх сіл, працаваў упарта і настойліва. Ен не быў "вольным мастаком", у яго ўвесь час была яшчэ праца – у часопісе, у выдавецтве, у Саюзе пісьменнікаў. Урэшце ён узваліў на сябе цяжкую ношу – узначаліў выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя". Ці не гэта ноша і падарвала яго здароўе канчаткова?..
Уладзімір Дамашэвіч

     Святлана Явар Я дачка Барыса Сачанкі
     Я вельмі ганаруся тым, што мой бацька быў суровы і патрабавальны. Хто ведае: можа, мы са старэйшай сястрой Галінай і выраслі б нейкімі развясёлымі панямі, не будзь ён такім.
У нашай сям'і існаваў культ працы. Са школьных гадоў я дапамагала бацьку ў якасці... карэктара. Бацька казаў, што з мяне будзе добры рэдактар – смелы.
     Змалку бацька прывучаў нас з сястрой да думкі, што любая работа павінна аплачвацца. Іншая справа, што можна плаціць і падарункамі, і добрымі адносінамі – павагай, напрыклад...
Паколькі работнікі з нас былі добрыя, то бацька клапаціўся і пра наша здароўе. Амаль кожны год мы ўсёй сям'ёй ездзілі на адпачынак у Крым, у Кактэбель.
     Бацька навучыў мяне выдатна плаваць. Ен мяне любіў, і многія зайздросцілі мне. Я ж задзірала нос як мага вышэй і хвалілася ўсім сваім прыяцелям і знаёмым: "Я – дачка Барыса Сачанкі!"
Што найчасцей згадваецца з дзяцінства? Зімою, калі грэлі батарэі, мы з бацькам ставілі на іх кардонныя каробкі, у якія кідалі манеткі, – і пакідалі на ноч. Нараніцу манетак чамусьці станавілася значна болей, яны раслі ад цяпла! Ужо за адну гэтую дэталь майго бацьку можна было б лічыць выдатным педагогам. Чаканне цуда, адчуванне свята – ці не дзякуючы гэтаму потым робіцца нам памятным, запамінальным наша маленства? Бацька навучыў мяне верыць у дабро, спадзявацца на лепшае.
     Ен рана заўважыў мае творчыя здольнасці і імкнуўся накіроўваць іх у патрэбнае рэчышча. Атрымала я ў спадчыну і бацькаву натуру – схільную да песімізму і не заўсёды ўраўнаважаную, і бацькаву цягу да нялёгкіх жыццёвых сітуацый. Але хачу спадзявацца, што ў далейшым маім лёсе ўсё будзе вельмі і вельмі добра.
     Леанід Галубовіч Творца і захавальнік
     Споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Барыса Сачанкі. Здавалася, яшчэ зусім нядаўна (1995), цёпла і ледзь не па-сяброўску, не зважаючы на розніцу ў гадах, мы абмяркоўвалі з ім падрыхтаваны ў выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" аднатомны энцыклапедычны даведнік "Беларусь". Першае падобнае нацыянальна-навуковае выданне ў незалежнай дзяржаве. Ён, як галоўны рэдактар гэтага выдавецтва, ганарыўся распачатай працай і грандыёзнымі планамі на будучыню, якую, апроч светлай, для сваёй краіны не ўяўляў...
      Аднак менавіта падчас працы ў рабочым пакоі здарылася непапраўнае. Кубак гарачай кавы застаўся недапітым... Кожны з нас выпівае сваю долю зямнога жыцця...
      А яна Барыса Сачанку не песціла з маленства. Калі яму было толькі сем гадоў, у 1943-м, фашысты спалілі яго родную вёску Вялікі Бор у Хойніцкім раёне і 128 яе жыхароў. Астатніх вывезлі на работы ў Нямеччыну. Пасля вяртання на Бацькаўшчыну скончыў СШ і аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў у "Вожыку", у часопісе "Полымя", сакратарам праўлення СП Беларусі, загадваў аддзелам перакладной замежнай літаратуры ў выдавецтве "Мастацкая літаратура".
      Выдаў у свет шмат кніжак мастацкай прозы (“Чужое неба”, "Ваўчыца з Чортавай ямы", "Вялікі лес"...).
      Б. Сачанка – лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя I. Мележа (1991) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Каласа (1982).
      У 1986 годзе лёс яшчэ раз не пашкадаваў яго душы і сэрца – чарнобыльскі цэзій асеў на яго малой бацькаўшчыне. Безумоўна, што гэта не абышло і яго чуйную мастакоўскую натуру...
Барыс Сананка любіу сваю Беларусь, як родную маці. I ў дадзеным выпадку гэта не перабольшанне. Ен збіраў і зберагаў кожную магуліну памяці пра яе ўчарашні і сённяшні час. Нездорма яго хатняя бібліятэка лічылася адной з самых багатых у Мінску. Ды і сам ён быў багаты сваёй Айчынай, любоўю і гонарам за яе і за сваіх працалюбных і спагадлівых суайчыннікаў. Ён жыў ча-лавекам, пакінуўшы нашчадкам вартую літаратурную спадчыну і павагу да сябе. Такіх людзей не забывайма.
        Наталля Якавенка Жыве ў сэрцах
      Споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння слыннага празаіка Барыса Сачанкі. З гэтай нагоды ў музеі Якуба Коласа адбылася святочная імпрэза, у якой бралі ўдзел родныя пісьменніка – жонка Тамара Андрэеўна, дочкі Галіна Багданава і Святлана Явар, а таксама пляменнік Барыс Пятровіч. З іх вуснаў прагучалі цёплыя і шчымлівыя ўспаміны, словы гонару і любові.
      “Галоўнымі рысамі бацькі былі высакароднасць і дабрыня, – адзначыла Святлана Явар.
      – Ён спрыяў – даваў дарогу, дапамагаў усім, хто да яго звяртаўся. Таму меў шмат сяброў і пакінуў пасля сябе светлую памяць… Бацька заўседы гаварыў, што трэба ставіцца да жыцця з поўнай адказнасцю для таго, каб яно склалася, каб было пражыта недарэмна…”Барыс Сачанка сам кіраваўся гэтым прынцыпам і за сваё жыццё, што так нечакана і заўчасна абарвалася, паспеў зрабіць надзвычай многа і пакінуць адметны след як у гісторыі беларускай літаратуры, так і ў гісторыі нашай краіны. Таму, як сказаў на вечарыне Серафім Андраюк, “ён застаўся назаўсёды ў сэрцах тых, хто яго ведаў…”
       Генрых Далідовіч, Мікола Мятліцкі, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Пашкоў,згаданы Серафім Андраюк распавядалі пра Барыса Сачанку як пра таленавітага пісьменніка і выдатнага чалавека. Прысутныя даведаліся шмат цікавага пра яго творчую дзейнасць, з захапленнем паслухалі аповеды пра некаторыя жыццёвыя выпадкі.
Цёплай і лірычнай атмасферы, якой вызначылася імпрэза, спрыяла таксама выступленне ўдзельнікаў ансамбля “Сумесная вандроўка” Надзеі Кійковай і Максіма Кротава.

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024