Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                                Раіса Мікалаеўна Кашэльнікава
                                                                                                           (1904 1980)
    Шлях на тэатральны алімп для нашай знакамітай зямлячкі, актрысы яркай індывідуальнасці, выканаўцы лірыка-драматычных і вострахарактарных роляў, Раісы Мікалаеўны Кашэльнікавай пачаўся з атрыманнем “пісьма шчасця” – ёй паведамілі аб залічэнні ў легендарную Беларускую драматычную студыю ў Маскве ў 1923 годзе. Большую частку свайго жыцця артыстка служыла Мельпамене ў Беларускім тэатры імя Я. Купалы.
   З самага пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя ўрад БССР прымаў шмат захадаў, каб дапамагчы тэатрам рэспублікі папоўніць свае калектывы маладымі акцёрскімі і рэжысёрскімі кадрамі. Было вырашана правесці набор у драматычную студыю. Аднак высветлілася, што ў Мінску такая студыя нармальна працаваць не зможа – не хапала педагагічных кадраў. Таму было прынята рашэнне перанесці студыю ў Маскву. У пастанове ЦК КП(б)Б ад 12 верасня 1921 года, падпісанай сакратаром ЦК В. Кнорыным, гаварылася: “Прызнаць неабходным існаванне ў Маскве Беларускай мастацкай Студыі”. А праз тры дні Наркамасветы БССР прыняў пастанову аб прысваенні Беларускаму дзяржаўнаму тэатру звання “Акадэмічны” і адкрыцці Студыі гэтага тэатра ў Маскве. Пра набор у Студыю шырока аб’яўлялася ў друку, у камісію па прыёме паступіла да 400 заяў. Пасля стараннага адбору група моладзі выехала ў Маскву ў лістападзе 1921 года. Сярод іх былі К. Саннікаў, А. Ільінскі, С. Станюта, Я. Глебаўская, Т. Бандарчык, В. Рагавенка, І. Катовіч, І. Чайкоўскі. У Маскве яны зноў здавалі экзамены. На канец 1923 года састаў Студыі стаў у асноўным устойлівым, у гэты час сюды паступіла і 19-гадовая ўраджэнка вёскі Баршчоўка Хойніцкага раёна (тады Дзёрнавіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі) Раіса Кашэльнікава.
    Спачатку меркавалася, што тэрмін навучання ў Студыі будзе два гады. Але затым Наркамасветы БССРустанавіў чатыры гады з прысваеннем студыйцам усіх правоў студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. А фактычна Студыя працавала пяць гадоў.
    Матэрыяльна-бытавыя ўмовы студыйцаў, асабліва ў першы год, мала адпавядалі нармальнаму вучэбнаму працэсу. Навучэнцы былі размешчаны ў памяшканні былога кінатэатра “Уран”, а заняткі праходзілі ў розных памяшканнях, якія ўдавалася часова арандаваць. Нарэшце з 1924 года, калі Студыя пашырылася, яе перавялі ў больш добраўпарадкаванае памяшканне на Арбаце, у якім знаходзіўся кінатэатр “Арс”. Тут ужо былі створаны студыйцам усе неабходныя ўмовы для заняткаў і рэпетыцый. У 1926 годзе закончыўся студыйны перыяд новага беларускага тэатра. Было вырашана, што Студыя ўсім саставам выедзе на пастаянную работу ў адзін з буйнейшых адміністратыўных, эканамічных і культурных цэнтраў рэспублікі – горад Віцебск. У гэтым тэатры Р. М. Кашэльнікава працавала да 1939 года, з гэтага часу – актрыса Беларускага тэатра імя Я. Купалы.
     Калі ў 1943 годзе тэатр, эвакуіраваны ў Томск, вырашыў накіраваць першую брыгаду на фронт, сярод семнаццаці жадаючых увайсці ў яе састаў акцёраў аказалася і Раіса Кашэльнікава. З рэпертуарам, у які ўваходзілі спектакль “Сквапны” Ж. Мальера, народныя і класічныя творы ў выкананні вакальнага квінтэта і струннага квартэта, вершы савецкіх паэтаў, акцёры накіраваліся на Калінінскі фронт. Варта было выступіць толькі адзін раз, і ўсе ўбачылі, з якой увагай і ўдзячнасцю байцы слухалі, літаральна лавілі кожнае слова. Гэта хвалявала акцёраў, і яны амаль без адпачынку ездзілі з адной часці ў другую. Акцёры забываліся на стомленасць. Іх узрушвалі прагныя вочы байцоў, авацыі і бурныя апладысменты (часам жа апладысменты замяняліся бязгучнымі ўзмахамі рук, бо не заўсёды можна было “шумець” паблізу ад перадавой).
    Аб працы брыгады тэатра пісала франтавая газета Калінінскага фронта “Защитник Отечества”:
    “… Акцёры прабылі на фронце 51 дзень і правялі за гэты час 150 выступленняў. Да канца 51 дня спідометр аўтобуса, у якім акцёры ездзілі, жылі, грыміраваліся, апраналіся да спектакляў, паказаў 1860 кіламетраў…”.
   За гады вайны майстэрства калектыву прыкметна вырасла, у поўную меры раскрыўся талент Р. Кашэльнікавай як драматычнай актрысы. Зараз цяжка ў гэта паверыць, але ў пачатку мінулага стагоддзя ўвогуле не існавала прафесійнай беларускай драматургіі. У беларускіх тэатрах ставіліся ўкраінскія і расійскія п’есы. Першым, хто напісаў сапраўды беларускую п’есу, быў Янка Купала. І называлася яна “Паўлінка”. Не варта пераказваць сюжэт п’есы – усе маглі яе бачыць у тэатры і па тэлебачанні. Яна – візітная картка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Яна – наша класіка. Калісьці Янка Купала вобраз галоўнай гераіні спісаў амаль з натуры. Стаўшая прататыпам Паўлінкі Ядзя Аблачынская нарадзілася надалёка ад мястэчка Акопы, дзе адзін час жыў і Купала. Усе падзеі, апісаныя ў “карцінках з жыцця дробнай шляхты”, адбываліся на вачах у песняра, вось чаму і вобраз галоўнай гераіні атрымаўся яркім і праўдзівым.
    Каб пастаноўка ішла на адной і той жа сцэне амаль восем дзесяцігоддзяў і за гэты час змянілася амаль ці не дзесяць пакаленняў выканаўцаў – падобнага феномена не ведае ні адзін тэатр свету. Але, безумоўна, у цэнтры ўвагі публікі заўсёды знаходзілася выканаўца Паўлінкі. Самая першая і непаўторная Паўлінка ў Купалаўскім тэатры – Раіса Кашэльнікава — дэбютавала ў ролі 19-гадовай дзяўчыны, калі ёй было … сорак і зіхацела яна ў гэтай ролі больш за дзесяць гадоў. Асабіста ведаючы Янку Купалу і, магчыма, улічыўшы яго меркаванне і свае цудоўныя вакальныя даныя, ужо ў 1944 годзе Кашэльнікава-Паўлінка заспявала. Дарэчы, па напісанай спецыяльна для Кашэльнікавай вакальнай партыі да гэтага часу падбіраюць усіх выканаўцаў Паўлінкі. А гэта задача не з лёгкіх – самая высокая нота, якую бярэ Паўлінка, соль другой актавы. Нават калі з-за ўзросту Раіса Мікалаеўна ўжо не магла іграць 19-гадовую гераіню, яна не пайшла са спектакля, а  пераключылася на іншую ролю ў гэтай жа п’есе.
    Вялікага поспеху дасягнула Р. Кашэльнікава ў ролі Ларысы Агудалавай (п’еса “Безпасажніца” А. Астроўскага). У аснову сюжэта пакладзены глыбокі сацыяльны канфлікт, які будуецца на супярэчнасці паміж духоўнасцю, маральнай чысцінёй Ларысы Агудалавай і маральнай спустошанасцю, пошласцю і цынізмам “гаспадароў” жыцця, для якіх чалавек той жа тавар. Драма псіхалагічная набывала ўсе адзнакі драмы сацыяльнай. Гэта работа з’явілася этапам на шляху яе творчага росту і яшчэ раз пацвердзіла драматычны талент Р. М. Кашэльнікавай.
    У спектаклі “У пушчах Палесся” Я. Коласа Кашэльнікава сыграла ролю маладой сялянкі , закаханай у бедняка Мартына, але вымушанай пайсці замуж за кулака Бусыгу. У кожнай новай сцэне Аўгіння паўстае перад гледачом у новай якасці. Актрыса добра раскрыла характар Аўгінні – лірызмам і затоенай журбой былі прасякнуты яе сустрэчы з маладым партызанам Мартынам. Добрае пачуццё камедыйнасці выявіла актрыса ў ролі Клавы (спектакль “Мілы чалавек” К. Крапівы). Запомнілася яна гледачу і ў ролі Куліны (спектакль “Людзі на балоце” І. Мележа), па спектаклях рускага класічнага і замежнага рэпертуараў.
    Уяўляецца даволі цікавым погляд Р. М. Кашэльнікавай на спектакаль “Разлом” па п’есе Б. Лаўранёва. Пасля прэм’еры артыстка гаварыла: “Гэты спектакль меў вялікі мастацкі і матэрыяльны поспех і высока ўзняў аўтарытэт тэатра ў вачах беларускай грамадскасці.
    У “Разломе” я іграла абаяльную весялуху-Ксану. Я спявала, кулялася на палубе, зачынала розныя штукі, сыпала жартачкамі – як было не прыкмеціць такую вясёлую артыстку, і мяне адзначылі побач з выканаўцамі галоўных роляў. Пасля “Разлому” савецкая п’еса цвёрда ўвайшла ў рэпертуар нашага тэатра”.
    Р. М. Кашэльнікава валодала прыродным талентам, жалезнай воляй, пастаянна самаўдасканальвалася, будучы выканаўцай тэатральных роляў больш за 50 гадоў не пераставала радаваць паклоннікаў сваім майстэрствам і здзіўляць новымі вобразамі. Яна ніколі не была замужам. Прызналася ў адным з інтэрв’ю, што ёй прапаноўвалі руку і сэрца не аднойчы, але яна разумела, што гэтыя мужчыны не яе спадарожнікі жыцця. Дзяцей сваіх, на вялікі жаль, Бог не даў. Магчыма, ёй хацелася б нешта памяняць у сваім жыцці, але з другога боку – гэта быў яе шлях. Яна лёгка мяняла маскі на сцэне, а ў жыцці была заўсёды адзінокай, усё яе жыццё – гэта тэатр.
    16 верасня сёлета Р. М. Кашэльнікавай споўнілася б 110 гадоў, яна пайшла з жыцця ў 1980 годзе, пакінуўшы ў спадчыну для новых пакаленняў артыстаў купалаўскага тэатра свае непаўторна выкананыя ролі.

Ролі Раісы Кашэльнікавай
Беларускі рэпертуар
Аўгіння (“У пушчах Палесся” Я. Коласа); Броня, Клава ( “З народам”, “Мілы чалавек” К. Крапівы); Куліна (“Людзі на балоце” І. Мележа); Уладзіслава Францаўна (“Шчасце паэта” В. Віткі).
Рускі класічны рэпертуар
Ларыса, Глафіра, Лябёдкіна, Глумава (“Беспасажніца”, “Ваўкі і авечкі”, “Позняе каханне”, “На ўсякага мудраца хапае прастаты” А. Астроўскага); Люба (“Апошнія” М. Горкага); Ксенія (“Разлом” Б. Лаўранёва); Аксана (“Гібель эскадры” А. Карнейчука); Аня (“Сям’я” А. Папова); Надзея, Забеліна (“Чалавек з ружжом”, “Крамлёўскія куранты” М. Пагодзіна); Люба Шаўцова (“Маладая гвардыя” А. Фадзеева).
Заходнееўрапейскі рэпертуар
Сюзана (“Жаніцьба Фігара” П. Бамаршэ); фру Ліндэ (“Нора” Г. Ібсена); мадмуазель Куку (“Безыменная зорка” М. Себасцьяна), Бабуля (“Дзверы стукаюць” М. Фермо).
Узнагароды
Прысвоена званне народнай артысткі Беларусі ў 1957 годзе.
Адзначана двума ордэнамі “Знак Пашаны” і шматлікімі медалямі.
16 верасня 2004 года ў паштовае абарачэнне ўведзена паштовая картачка з арыгінальнай маркай, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Р.М. Кашэльнікавай. На картачцы адлюстраваны партрэт актрысы, сцэна з п’есы “Паўлінка”, тэатральныя маскі.
      Пра сваю калегу ўспамінае народная артыстка Беларусі Марыя Георгіеўна Захарэвіч:
     – Першае, што хачу адзначыць, гэта тое, што Раіса Мікалаеўна вельмі адказна рыхтавалася да спектакляў, асабліва, памятаю, гэта праявілася пры ўдзеле яе ў пастаноўцы “Дамы и гусары” – грым рабіўся недзе гадзіны паўтары. Увогуле яна вельмі сачыла за сабой, займалася фізкультурай. Па характару свайму не была гаварлівай, ні разу я не чула яе выступленняў на сходах калектыву, аднак умела за сябе пастаяць. У мяне з ёй былі даверлівыя адносіны, я мела доступ у яе дом, а гэта аб многім гаворыць. Што ж датычыць творчай дзейнасці, то Кашэльнікава была актрысай ад Бога.
    Здавалася, з гадамі яна яшчэ мацней узрушвала гледачоў сваім майстэрствам і высакароднасцю аблічча. Для мяне яна – вялікі творца і вялікая жанчына, моцная і валявая, якая засталася вернай акцёрскай прафесіі.

Клаўдзія Босак
Аўтар выказвае падзяку загадчыцы літаратурнай часткі
Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы
Вользе Уладзіміраўне Бабковай
за магчымасць выкарыстаць фотаздымкі

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019