Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Міхаіл Іванавіч Корбіт

        Ёсць на планеце Зямля вялікае спартыўнае дзейства – Алімпіяда, якая адбываецца раз у чатыры гады і прыцягвае да сябе ўвагу мноства людзей, якія радуюцца і засмучаюцца, нервуюцца, сочачы за малейшымі падрабязнасцямі і ловячы словы каментатараў. Некаторым несказана пашанцавала: яны змаглі паехаць непасрэдна на месца падзей, каб сачыць за імі ўвачавідкі, перажываючы за тое, што адбываецца, яшчэ вастрэй. І, вядома, асноўныя дзеючыя асобы кожных Алімпійскіх гульняў – гэта спартсмены, каментатары і суддзі. У ліку апошніх ад Беларусі на ХХІІ зімовай Алімпіядзе ў Сочы нядаўна быў і наш зямляк, ураджэнец вёскі Слабажанка М. І. Корбіт. Ён, прадстаўнік Беларусі, ажыццяўляў судзейства ўсіх спаборніцтваў Алімпіяды па біятлоне.
       Гісторыя беларускага біятлона – гэта (без перабольшвання!) яго, Міхаіла Корбіта, біяграфія. З узлётамі і падзеннямі, дасягненнямі і стратамі. Але заўсёды ён ведаў адно: што робіць і куды ідзе. А самым вялікім шчасцем для яго былі моманты, калі спартсмены дораць людзям радасць перамогі і натхненне.
      Колькі памятае сябе Міхаіл Іванавіч, заўсёды і ва ўсім імкнуўся быць падобным на свайго бацьку. Іван Мацвеевіч Корбіт, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, з самага маленства прывіў сыну і дзвюм дочкам – Юліі і Кацярыне – любоў і павагу да вясковага жыцця і працы. Прывіў уласным прыкладам і адносінамі да справы. Назіральны і нераўнадушны да бацькавых спраў, хлопец бачыў і разумеў, з якой адказнасцю той араў зямлю, сеяў збожжа і збіраў ураджай, як добрасумленна выконваў абавязкі конюха ў калгасе. Не менш шчыравала і мама Вольга Рыгораўна ў паляводчай брыгадзе. І каб аблегчыць ім працу, Міхаіл заўсёды стараўся рабіць па хатняй гаспадарцы мужчынскую справу: карміў-паіў жывёлу, бегаў у грыбы-ягады, лавіў рыбу на Багуслаўскім канале. У дзіцячыя гады вельмі падабалася, калі яго ставілі ў прыклад іншым. А калі так, то на наступны дзень гарэў жаданнем рабіць усё яшчэ лепш. І гэта, бадай, дапамагло яму выпрацаваць настойлівасць і мэтанакіраванасць.
      Кулявая стральба – спачатку як захапленне, а потым як і прызванне – стала для яго адзінай любоўю. На ўсё жыццё! Павагу да гэтага зусім не дзіцячага занятку яму прывіў вясковы дзед Цімох. Спачатку ён з ахвотай браў малога на паляванне, каб той дапамагаў прынесці дадому паляўнічыя трафеі. І Міхаіл прыносіў: калі зайца, а калі качку. Праўда, адольвала і іншае захапленне – лыжы. Зімой наваколле ўтапала ў снезе, і вясковыя хлопцы амаль ці не ўвесь вольны час аддавалі лыжам. Будучы вучнем Слабажанскай школы, дзе закончыў васьмігодку, і Гноеўскай (цяпер Віцеўскай) сярэдняй школы, Міхаіл з’яўляўся ўдзельнікам лыжных спаборніцтваў, часта да фінішу прыходзіў першым.
      Пасля атрымання атэстата сталасці паспрабаваў паступіць на вучобу ва Уральскі політэхнічны інстытут г. Свярдлоўска, але не змог набраць патрэбную колькасць балаў. Тады вывучыўся тут у вучылішчы на токара, працаваў на заводзе «Уралэлектрацяжмаш» у цэху па выпуску высакавольтнай апаратуры. Галоўным бухгалтарам Свярдлоўскага Саўнаркама быў родны дзядзька па мацярынскай лініі Міхаіл Рыгоравіч Шырын (таксама родам са Слабажанкі, кандыдат эканамічных навук, аўтар 49 навуковых прац, пасля пераезду са Свярдлоўска ў Маскву з’яўляўся намеснікам міністра хімічнай прамысловасці СССР).
      На заводзе была магутная спартыўная база, паралельна з работай юнак займаўся лёгкай атлетыкай і лыжамі, за першы год заняткаў выканаў першы разрад па гэтых відах спорту.
      Службу ў арміі праходзіў у Полацку, пасля таго як выйграў першынство дывізіі па кросу, большую частку службы праводзіў на зборах.

      У 1963 годзе М.І. Корбіт паступіў на вучобу ў Мінскі фізкультурны інстытут, на педагагічны факультэт. І ўжо на трэцім курсе выканаў нарматыў кандыдата майстра спорту Беларусі па біятлоне і быў залічаны ў састаў нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь. Трэніраваў яго выдатны майстар, шчыры і сардэчны чалавек Уладзімір Аляксандравіч Карчэўскі. І пачаліся самыя сапраўдныя спартыўныя будні, напоўненыя трэніроўкамі, спецы-яльнымі заданнямі. Кожны рух, кожны элемент абыходжання з прыладамі адпрацоўваліся да аўтаматызму. Карчэўскі на той момант валодаў сучаснай методыкай падрыхтоўкі спартсменаў, так што трапіў Міхаіл да вопытнага і спрактыкаванага педагога. Скрупулёзна знаёміліся з навінкамі тэорыі, шліфавалі тэхніку і ўмельства. Дзёрзкі дэбютант, трапна страляўшы і выдатна вядучы бег, выступаў ад Беларусі на розных спаборніцтвах прадстаўнічага рангу, займаў прызавыя месцы.
       Закончыўшы ў 1967 годзе ВНУ з адзнакай, М. І. Корбіт два гады працаваў у Беларускім політэхнічным інстытуце, затым паступіў у аспірантуру і ўшчыльную пачаў займацца навуковай і трэнерскай дзейнасцю. Атрымаўшы званне заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь па біятлоне, з 1974 года прысвяціў сябе судзейскай дзейнасці. А першае судзейства правёў у Раўбічах таксама ў 1974 годзе, калі тут праходзіў чэмпіянат свету па біятлоне. Ён жа ў саставе будаўнічага атрада інстытута фізічнай культуры прымаў актыўны ўдзел ва ўзвядзенні атрыбутаў спартыўнага комплексу – стрэльбішчаў, судзейскіх памяшканняў, трамплінаў.
       М. І. Корбіт – суддзя ўсесаюзнай і міжнароднай катэгорый. У Аўстрыі вытрымаў экзамен на нямецкай мове і атрымаў ліцэнзію тэхнічнага дэлегата, гэта дало права ажыццяўляць судзейства чэмпіянатаў і кубкаў свету. З судзейскай калегіяй ездзіў у Славенію, Іспанію, Фінляндыю, Германію, Чэхаславакію… Але, па яго словах, самыя вялікія ўражанні пакінуў удзел у Алімпіядзе г. Сочы.

     – Поспехі нашых алімпійскіх чэмпіёнаў – Дар’і Домрачавай, Антона Кушніра, Алы Цупер і бронзавага прызёра Надзежды Скардзіны – сапраўды фенаменальныя, – дзеліцца Міхаіл Іванавіч. – Беларуская зборная, што называецца, скокнула вышэй галавы. Алімпіяда ў Сочы – самыя паспяховыя гульні ў гісторыі незалежнай Беларусі. Мяркую, што дзякуючы нашым спартсменам адбудзецца новы віток развіцця спорту і фізічнай культуры ў нашай краіне. Ганаруся тым, што высока ацэнена і мая праца на Алімпіядзе, я атрымаў Падзяку за подпісам Прэзідэнта Міжнароднага Алімпійскага камітэта Томаса Баха.
     Свой шлях – адметны і непаўторны – праходзіць Міхаіл Іванавіч Корбіт і ў спартыўнай педагогіцы, стаўшы кандыдатам навук, а потым і прафесарам. Зараз займаецца выкладчыцкай дзейнасцю ў навучальнай установе, якую некалі заканчваў і ў якой 24 гады з’яўляўся дэканам факультэта масавых відаў спорту. У яго сёння шмат паслядоўнікаў і вучняў.
     Шчасліва склаўся і сямейны лёс. Ажаніўся на мінчанцы Людміле, балерыне па прафесіі, яшчэ ў час вучобы ў інстытуце. У сям’і Корбіт – адзіны сын Ігар, які закончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут і працуе зараз у сферы праграмнага забеспячэння. Днямі са сваёй жонкай Дыянай запрасілі бацькоў на сярэбранае вяселле. Сын Корбіта-малодшага Мікалай вучыцца на факультэце міжнародных адносін БДУ, дачка Насця – вучаніца сёмага класа.
     Больш года прайшло, як не стала мамы М. І. Корбіта. Вольга Рыгораўна пражыла доўгі век – толькі паўтара года не хапіла да дасягнення стогадовага юбілею. Сын рабіў усё магчымае, каб як мага часцей бываць з родным і блізкім чалавекам – хоць на пару дзён, хоць на дзень. Але час не падманіш, і цяпер Міхаіл Іванавіч на чале не вельмі вялікага, але важнага для яго сэрца клана. І з вялікім нецярпеннем чакае кожнай сустрэчы з сёстрамі, а таксама блізкімі і знаёмымі людзьмі. Прыязджаючы на радзіму, абавязкова наведвае Слабажанскую школу. У час апошняга візіту ў канцы мінулага года падарыў музею школы сваю кнігу «Першыя крокі ў біятлоне» і дыск з запісам спаборніцтваў, судзейства якіх ажыццяўляў. У час будучых прыездаў на малую радзіму Міхаіл Іванавіч мяркуе наведаць Віцьеўскую школу, сваю другую альма-матэр, дзе ён жадае даведацца пра лёс сваіх былых аднакласнікаў.
     М. І. Корбіт нарадзіўся на Хойнікшчыне, першыя працоўныя крокі рабіў у Свярдлоўску, а знайшоў сябе ў жыцці – у Мінску. І гэта не нейкія крутыя віражы лёсу. Гэта – самы звычайны жыццёвы шлях чалавека, здольнага спецыяліста сваёй справы. Справы, выбранай адзін раз – і назаўсёды! Справы, якую ён любіць, даражыць і якой ганарыцца. Усё гэта плюс несумненны прыродны талент і вядзе М. І. Корбіта ад адной прафесійнай вышыні да другой.

                                                                                                                                                                                      

Клаўдзія Босак
     

       УЗНАГАРОДЫ
      М. І. Корбіт неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі за плённую навукова-педагагічную дзейнасць, асабісты ўклад у падрыхтоўку спецыялістаў фізічнай культуры, прапаганду здаровага ладу жыцця.
      У 2007 годзе Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка аб’явіў Падзяку М.І. Корбіту за асабістыя заслугі ў развіцці фізічнай культуры і спорту.

      НАВУКОВАЯ ПРАЦА
      М. І. Корбіт прымаў удзел у міжнародным навуковым кангрэсе “Сучасныя тэхналогіі спорту высокіх дасягненняў у сістэме прафесійнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў сілавых структур”, у міжнародным метадычным семінары па спартыўнай тэхналогіі, у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Прафесійная педагагічная адукацыя студэнтаў ВНУ: праблемы і перспектывы”, якія праводзіліся ў Мінску пад эгідай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. На яго рахунку 37 навуковых работ, у тым ліку 4 манаграфіі. Напісаў тры спецыяльныя кнігі па біятлоне.

      ПАСЛУЖНЫ СПІС
      Міхаіл Іванавіч Корбіт нарадзіўся 30 красавіка 1940 года ў вёсцы Слабажанка Хойніцкага раёна. З 1966 года з’яўляецца членам зборнай каманды Беларусі па біятлоне. Майстар спорту СССР. У 1974 годзе яму прысуджана вучоная ступень кандыдата педагагічных навук. З 1975 года – дацэнт кафедры лыжнага спорту Беларускага інстытута фізічнай культуры, пастановай калегіі Дзяржкамспорту БССР прысвоена званне “Заслужаны трэнер Беларускай ССР”. З 1988 года – дэкан настаўніцкага факультэта БДІФ, суддзя міжнароднай катэгорыі па біятлоне. У 2005 годзе пастановай вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь М. І. Корбіту прысвоена навуковае званне “прафесар” па спецыяльнасці “педагогіка”.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019