Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
     Крыжовая дарога Яўгена Калубовіча
(урыўкі з кнігі)
 
 "І жаўнеры завялі Яго на панадворак, званы Прэторыя,
                                                                        і склікалі ўвесь полк і білі Яго па галаве трысцінай,
                                                                           і плявалі на Яго… І, калі насмяяліся… павялі Яго,
каб укрыжаваць… на… Галгофу, што значыць: Лобнае месца
Евангелле Св. Марка.
                                                                                                                              XV: 16, 19 – 20, 22.

     Дарога гэтая ішла да самай Сібіры.
    У 1930 г. здавалася, што па ёй гналі ўсю Беларусь, каб там, на той Сібірскай галгофе, з ёй і пакончыць. Гналі не рымскія жаўнеры з дзідамі і мячамі, а маскоўскія з стрэльбамі і сабакамі. Гналі і гналі… Удзень і ўначы. У сцюжу і ў спёку. Праз перасыльныя пункты і турмы. З кожнага сяла і места.
    Асабіста для мяне яна пачалася ад Бабчына.
     Бабчын
    Колькі ты будзіш у маёй душы хвалюючых успамінаў – шчаслівых, трывожных, трагічна-сумных… але аднолькава дарагіх і жаданых! Мой непаўторны Бабчын! Як далёкі ты адсюль і… як блізкі! Чым большая адлегласць і час аддзяляюць мяне ад цябе, тым бліжэйшым ты робішся ў маім сэрцы. Прызнаюся табе, як на духу: я нічога не забыў, я ўсё памятаю… Тут я знайшоў сваю дарогу ў жыццё (Няхай яна была з нялёгкім крыжом. Я не дакараю цябе за гэта). Тут я спаткаў першых на ўсё жыццё сяброў (Дарма, што гэтае "ўсё” – найперш у марах, бо дарога тая хутка і разлучыла нас на ўсё жыццё). Тут я пазнаў і першае сваё каханне (Дзе ты цяпер, незабытная? Які лёс напаткаў цябе?..).
     Я не сумняваюся: у кожнага з Вас ёсць свой Бабчын, авеяны цёплымі ўспамінамі, рамантыкай чыстых пачуццяў.
   Мой Бабчын – звычайнае беларускае сяло на Палессі. І калі моцна зашчыміць на сэрцы ад тугі па ўсім згубленым родным, я бяру карту Гомельшчыны, раскладаю яе на стале і ў тайных думках раблю чарговае падарожжа ў Бабчын. Вось Гомель. Адсюль цягніком я еду на Рэчыцу – Васілевічы – Хойнікі. (Хоць цягнік тут ідзе ўначы, я не сплю. Я стаю пры вакне зачараваны: лес і лес, і нідзе няма яму канца!).
   Ад Хойнік лепш ісці пехатою: тут ужо недалёка. І тут я ведаю кожны куст і камень. Я выходжу на стары гасцінец. Па якому некалі, яшчэ за літоўскіх часоў, ішлі абозы на чарнобыльскія кірмашы. Першым на гасцінцы мяне спатыкае Стралічаў – бровар і саўгас пры сяле (гэта мілае для мяне месца працы бацькі, але цяпер яго тут ужо, напэўна, няма). І я іду далей, перасякаю край сяла. Уздоўж саду кіруюся на Губарэвічы. А там, мінуўшы могільнік і гасцінцам узняўшыся на вяршыню ўзгорка, спыняюся. Перада мною: панарама Бабчына.
    Я так і думаў: амаль нічога не змянілася. На захадзе, за крайнімі хатамі сяла, – тая ж зялёная шчаціна лесу, што цягнецца аж да Прыпяці. З іншых трох бакоў – вянок сёлаў (хоць і не ўсе яны адсюль відаць) – Варацец, Чахі, Рудакоў, Мокіш. А ў цэнтры вянка – Бабчын!
    Сваё любаванне я пачынаю з левага боку панарамы. Правей Рудакова – пасада былой дзевяцігодкі з педагагічным ухілам, пазней рэарганізаванай у тэхнікум. У вагромністым садзе, абнесеным тынам і гонкімі таполямі, з цэлага комплексу будынкаў вылучаецца двухпавярховы мур (Божа мой! Колькі пад ягоным дахам засталося жывых, трапяткіх часцінак нашых сэрцаў! Часцінак, якія так вабяць нас да сябе праз усё жыццё). Пры гасцінцу, на перасячэнні з дарогаю з Рудакова ў лес, стаіць той жа млын-вятрак. А за ім – стрэхі і вярхі садоў сяла, як і кожнага старога на поўдні Беларусі – вялікага, з дзвюма вуліцамі і царквою на іх скрыжаванні.
    А вось там, на правым баку панарамы, я пазнаю страху хаты, дзе была мая студэнцкая кватэра. Хата яшчэ стаіць. На водшыбе ад сяла, прытуліўшыся да лесу. Толькі… цяпер мне здаецца, быццам страха як-бы крыху згорбілася і апусцілася бліжэй да зямлі, а салома на ёй парадзела. Тады ўсё гэта было роўнае, свежае, маладое.
    Арышт
    20-га мая 1930 г.
    Ноч. Не спіцца. Трывожныя думкі не даюць супакою.
    У Бабчыне "калектывізацыя” ў поўным разгары. Ідуць масавыя арышты і вывазы сялян – г. зв. "раскулачванне”, "ліквідацыя кулацтва як класа”. Болей-меней у кожным 10-м двары канфіскуецца ўся маёмасць, а ўласнікаў цэлымі сем’ямі, з дзецьмі і старымі, гоняць на тую крыжовую дарогу. Рэшту прымусам заганяюць у калгас, "абагульняюць” зямлю, коні, хамуты… Няшчадна сыплюцца пагрозы, лаянка… Ізноў арышты "падкулачнікаў”, "кулацкіх падпявалаў” – усіх, хто "дабраахвотна” не хоча ісці ў калгас. Ніхто не ведае, каго заўтра абвесцяць "кулаком” ці "падкулачнікам”. Усе адбіліся ад працы. Усюды слёзы, роспач, уцёкі з дому… Не сяло, а раздражнёны вулей.
   Неспакойна і па іншых сёлах. То ў адным, то ў другім успыхваюць бунты. Калгасы раскідаюцца, сяляне разбіраюць сваю "абагуленую” маёмасць. Але з раённага цэнтру сюды зараз жа наязджаюць "упаўнаважаныя” райкаму партыі, райвыканкаму, ГПУ, міліцыя і наводзяць тут… "бальшавіцкі парадак”.
  На знак пратэсту супраць гвалту і здзеку сяляне рэжуць худобу, паляць свае гумны. Ледзь не кожнае ночы відаць пажар, растуць паўстанчыя настроі. У Хойніках і суседніх раённых цэнтрах узмоцнена міліцыя. Надзейным камуністам і камсамольцам раздаюць зброю. Па сёлах скрозь уведзеныя начныя патрулі… Як можна заснуць і спаць спакойна?
    Нармальныя заняткі ў нас зрываюцца. Будынак [на здымку: ці не ён гэта? – С. Б.] займаецца пад бясконцыя сялянскія сходы. Класы пусцеюць: разам з "раскулачваннем” і вывазам бацькоў знікаюць студэнты. Навука не лезе ў галаву.

   Праўда, наш клас – выключэнне. Нядаўна ў розных школах раёна мы адбылі месячную педагагічную практыку. І, хоць на рукі не атрымалі яшчэ аніякіх атэстатаў, ведаем, што Педагагічная Рада прыняла пастанову аб нашым выпуску. Нам ужо марыцца быць народнымі настаўнікамі. Як прыгожа гучаць гэтыя два простыя і адначасна такія прывабныя словы ў нашых юначых ідэалістычных уявах! Колькі адкрываецца новых мажлівасцей служыць народу! Але… адна дэталь у гэтым бегу думак і мараў непакоіць: у сувязі з распаўсюджваннем антысавецкіх адозваў і лозунгаў на мінулым тыдні з розных класаў скрадзена шмат сшыткаў-канспетаў, а ў тым ліку мой і маіх сяброў. Відаць, дзесьці будуць супастаўляць почыркі, хоць адозвы тыя (я добра пра гэта ведаю) калі не друкаваныя на пішучай машынцы, то, як і лозунгі, ад рукі пісаныя друкаваным шрыфтам. Паўгода таму за іх ужо былі арыштаваныя рудакоўскі настаўнік Кулакоўскі і тры студэнты ў Бабчыне – браты Новікі і А. Жэбут. Арышт іхны адозваў і лозунгаў не спыніў. Таму можна чакаць новых арыштаў… Хто будзе наступны?
    Ад усіх гэтых думак доўга не спалася. Але, урэшце, сон змарыў.
    Прачнуўся я ад грукату ў дзверы. Падскочыў да аднаго, да другога вакна – пры кожным жаўнер з войск ГПУ. У хаце ўжо ўсе на нагах. Гаспадар ідзе адмыкаць дзверы.
Следам за ім на парозе з’яўляюцца два афіцэры. У левай руцэ кожны з іх трымае электрычны ліхтарык, у правай – рэвальвер.
   – Ваша прозвішча? – звярнуўся да мяне адзін з іх.
   – Калубовіч.
   – Запаліць святло! – загадаў ён гаспадару.
    Яны агледзелі мой ложак, куфар, перарылі і ператрэслі ўсе іншыя мае і гаспадарчыя рэчы, зазірнулі ў комін печкі, за абразы, абсвяцілі ліхтарыкам падлогу (ці няма пад ёй патаемнага схову?), схадзілі ў кладоўку, хлявы, злазілі на гарышча. З усяго бачанага адклалі для сябе на стол усе мае сшыткі, асабістыя лісты, фота, калекцыю гістарычных дакументаў XVIII – XIX стст., сабраных студэнцкім краязнаўчым гуртком, у якім я быў старшынёю.
    Склаўшы кароткі пратакол вобыску, яны не заявілі мне, што я арыштаваны. Ордэр на арышт і вобыск мне не быў нават паказаны. Сказана толькі, што мяне… затрымаюць для высвятлення некаторых пытанняў. Я не павінны нічога з сабою браць, бо сёння ж вярнуся дадому.
Мы выйшлі з хаты. Была глыбокая ноч. Цёмная, зладзейская. За хлявамі ў лесе шумеў вецер. Дзесьці на сяле працяжна вылі сабакі. Здалёк ледзь улоўна даносіліся паасобныя людскія галасы. З боку Варатца ў небе калыхалася зарава ад пажару.
    Метраў праз 100, на рудакоўскай дарозе, стаяла аўто. Мяне "абшукалі” і з жаўнерамі пасадзілі ззаду. Афіцэры (як я пазней даведаўся – памочнік начальніка ІСО** Гомельскага акруговага оперсектару ГПУ Высоцкі і начальнік Хойніцкага раённага ГПУ) селі спераду, і аўто рушыла на вятрак.
    Калі мы з хмызняка вылецелі ў адкрытае поле, я заўважыў агні ў хатах В. Рудчанкі і А. Сталовіча (хаты іх таксама стаялі пры лесе, уздоўж дарогі на Мокіш). Агні свяціліся і ў вокнах інтэрната… А гэта што каля ветрака? Няўжо грузавік?.. Э! Ды там жа ў кузаве хтось сядзіць… Хто там? І колькі іх?.. Яны сядзяць нізка, і як я ні напружваю свае вочы, у цемені ночы нікога не магу пазнаць, адны сілуэты галоў ды колькі жаўнерскіх сілуэтаў пры сцяне ветрака.
     Мы мінулі Губарэвічы, Стралічаў. У Хойніках завярнулі ў парк, да былога купецкага палацу. Цяпер тут райвыканкам, міліцыя, а ў падвале пад імі – раённае ГПУ і турма.
     Выкліканы па тэлефоне карнач*** павёў мяне ў камеру. Паўцёмны з адной лямпачкай пад столлю калідор з дзвярамі налева і направа. Такая ж паўцёмная невялікая камера. Пустая, халодная. Першае ўражанне – каменная труна (што б тут магло быць у былога прыватнага ўладальніка? Ці гэта ўжо сацыялістычная разбудова?)...
    А на дварэ ўжо днее. І ў камеры крыху пасвятлела,.. я заўважыў на сцяне якіясь знакі. Наблізіўшыся да іх, я ўбачыў, што гэта надпісы… Над самымі дзвярамі я прачытаў амаль евангельскае: "Не журыся, хто сюды ўваходзіць. І не цешыся, выходзіць”. Збоку ад дзвярэй – "Памятай: галоўнае – не спяшайся!”(да чаго хтосьці дадаў: "Павер мне. Што ты маеш досыць часу”). На іншай сцяне я знайшоў знаёмае імя: "Жэбут Адам, лістапад 1929 г.”…
   Жэбут?.. – задумаўся я. Мо якая сувязь з тымі лістападаўскімі арыштамі? Не павінна б… А што, калі былі высачаныя апошнія спатканні ў Брагіне, куды мы студэнцкім драматычным гуртком выязджалі ставіць "Ганку” Ўладзіслава Галубка? Але ў гэтым выпадку мусілі б быць арышты ў Брагіне і хіба яшчэ дзе, пра што тым часам няведама…
    Першы допыт
   Недзе а 8-й гадзіне раніцы турэмны наглядчык прынёс мне кавалак хлеба, гляк халоднай вады і сказаў:
   – Гэта – усё. На цэлы дзень.
   Ні есці, ні піць не хацелася…
   Блізка перад поўднем дзверы адчыніліся зноў, і той жа наглядчык павёў мяне наверх.
   "На допыт”, – падумаў я.
   У дзяжурным пакоі міліцыі два жаўнеры ГПУ загадалі мне разуцца і ўзняць рукі ўгору. Адзін з іх аглядаў мой абутак, а другі (ужо паўторна) абшукваў кішэні, абмацваў усе рубцы, швы, складкі вопраткі, цопаў мядзвежымі лапамі па яшчэ не стрыжанай галаве. Урэшце, загадалі абуцца і "следовать” за імі.
    – Взять руки назад! – пачуў я каманду.
    На дварэ нас чакала знаёмае аўто. Праз некалькі хвілін не было сумневу: бакавымі вуліцамі мы едзем у кірунку чыгуначнай станцыі.
    На пустым пероне нас спаткалі тры адзінокія пасажырскія вагоны. Пры дзвярах кожнага з іх – жаўнер са стрэльбаю.
    У раскошным пакоі салон-вагона, куды мяне ўвялі, сядзелі: начальнік Гомельскага акруговага оперсектара ГПУ Каравін – каля стала, Высоцкі і начальнікі Хойніцкага, Брагінскага і Лоеўскага раёнаў – на мяккіх скураных кушэтках паўз сцены.
    Каравін паказаў мне на крэсла насупраць сябе.
    Праз стол я бачыў буйны суровы твар, пабіты воспаю: на ім прагныя і халодныя вочы. А ніжэй – кішэні і рамяні на чымсьці зялёным, грувасткім. На чырвоных латках ніжэй падбародка – ромбы.
    Спакойным басам ён звярнуўся да мяне:
    – Раскажыце нам пра вашу антысавецкую арганізацыю і яе дзейнасць.
    – Якую арганізацыю? – перапытаў я.
    – Не запирайтесь! ГПУ ўсё ведама.
    – А тады навошта ж пытаецеся ў мяне?
    – Нам трэба пачуць гэта ад вас.
    Я маўчу.
    Шчакаўшы з хвіліну, Каравін пераходзіць да пагрозаў:
    – Я павінен папярэдзіць вас, што, калі вы "чистосердечно”  ўва ўсім не "признаетесь” і ўсё нам не раскажаце, мы возьмем гэта на ўвагу і "смягчим вашу участь”. Калі ж вы гэта не зробіце, для вас будзе горш. Пашкадуеце потым, ды будзе позна. Вы ж… яшчэ зусім малады. Я зноў маўчу…

   Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019