Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                               Творчасць Міколы Мятліцкага


       Паэзія Міколы Мятліцкага – лірычная споведзь душы сучасніка, які трагічна перажывае і па-філасофску глыбока асэнсоўвае становішча чалавека ў сённяшнім свеце, атручаным экалагічнымі і духоўнымі катастрофамі. Паэт незвычайнай творчай актыўнасці, якая выявілася ў выданні дзесятка аб'ёмных кніг паэзіі, ён ніколі не здраджваў лірычнаму спосабу самавыяўлення, амаль не звяртаўся да прозы і публіцыстыкі. Лірычнае слова для Міколы Мятліцкага самадастатковае, здольнае ўвасобіць самыя глабальныя праблемы гісторыі і сучаснасці. Аднак такое ўвасабленне магчыма толькі пры багацці духоўнага свету паэта, пры яго гранічным эмацыянальным і інтэлектуальным напружанні. У такім пастаянным духоўным пошуку і творыць паэт.
       Мікалай Міхайлавіч Мятліцкі нарадзіўся 20 сакавіка 1954 года ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, у адной з найпрыгажэйшых мясцін поўдня Беларусі. Паэтычны талент, відаць, перадаўся яму ад дзеда Яўхіма Анісімавіча, які складаў гумарыстычныя вершы. Мікола пачаў пісаць вершы ў школьныя гады, яшчэ ў 4 класе, а ў 1969 годзе яго творы былі апублікаваны ў хойніцкай раённай газеце. Сур'ёзна ставячыся да свайго паэтычнага таленту,  Мікола Мятліцкі паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дзе актыўна займаўся творчасцю, быў старастам студэнцкага літаб'яднання "Узлёт". Ужо для студэнцкіх, часам крыху рытарычных, вершаў Міколы Мятліцкага была ўласціва культура паэтычнага мыслення, планетарны, касмічны маштаб вобразаў:

Што яму, летуценніку, трэба?
На планеце маёй дзень пры дні
Чалавек падымае неба
Да касмічнае вышыні.

       Пасля заканчэння ў 1977 г. БДУ Мікола Мятліцкі працаваў у рэдакцыях газеты "Літаратура і мастацтва", выдавецтва "Мастацкая літаратура". З 2002г. – галоўны рэдактар часопіса "Полымя". Аўтар кніг паэзіі "Абеліск у жыце" (1980), "Мой дзень зямны" (1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі), "Ружа вятроў" (1987), "Горкі вырай" (1989), "Шлях чалавечы" (1989, выбранае), "Палескі смутак" (1991), "Чаканне сонца" (1994, выбранае), "Бабчын" (1996, Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы), "Хойніцкі сшытак" (1999), "Жыцця глыбінныя віры" (2001).
      З самага пачатку творчага шляху паэзія Міколы Мятліцкага была ў глыбокім і плённым рэчышчы традыцыйнага беларускага верша з яго ўвагай да канкрэтна-рэалістычных дэталяў, фальклорна-песеннай меладычнасцю і адкрытай пачуццёвасцю. Тэматыка ранняй паэзіі Міколы Мятліцкага таксама традыцыйная: генетычная памяць вайны, родная вёска і яе жыхары, вытокі песні, юнацкае каханне. Не пазбаўленыя дэкларацыйнасці, гэтыя вершы нярэдка ўражвалі шчырай захопленасцю жыццём, юнацкай рамантыкай і экспрэсіўнасцю.
У ранняй паэзіі Мікола Мятліцкі выяўляў сябе як сапраўдны майстар пейзажнай лірыкі, напоўненай светлым любаваннем красой свайго краю:

Святло чырвонае калін,
Палескі край,
пяшчотна-мілы.
І журавоў расстайны клін
У туманах палошча крылы.

Світанне...
Водбліскі зары
Сцюдзёна свецяць у крыніцах.
Грыбы апошнія ў бары
Глыбока дрэмлюць пад ігліцай.

Яшчэ цяпло не адышло,
Яшчэ зямлі
не счэзлі сокі.
Ды ўжо трывожнае крыло
Сячэ бухматыя аблокі.

Ды ўжо ярчэй святло калін
Над сцежкай стоенай ласінай.
І лета –
зыркі успамін –
Трымціць асінай.

       Гэта паэтычная акварэль прасякнута светлымі, няяркімі, нібы размытымі фарбамі (туманы, світанне, водбліскі зары). Спакойная, лагодна-ўдумлівая інтанацыя добра адпавядае жывапіснаму малюнку, а заключная дэталь – трымценне асінавага лістка – кантрастна вяртае нас да "зыркага ўспаміну" пра лета.     Спакой удала "падсвечаны" не толькі згадкай пра яркае лета, але і трывогай жураўлінага кліну. Як заўсёды ў сапраўднай пейзажнай лірыцы, верш са звычайнай карціны прыроды перарастае ў роздум пра час чалавечага жыцця, тым больш, што напісаны быў аўтарам на самым пачатку жыццёвай восені.
        Кніга "Ружа вятроў" (1987) засведчыла ўзмацненне інтэлектуальнага патэнцыялу паэзіі Міколы Мятліцкага, паглыбленне філасофскай праблематыкі праз далейшае асэнсаванне вобразаў Космасу, Сусвету, Вечнасці, Часу. Як зазначыла Т. Шамякіна, паэт яднае беларускі народны, язычніцкі космас і Космас вялікі, нібы шукаючы ў ім паратунак ад жыццёвых турбот.

Чуйна хвалюецца спелае жыта,
Мроячы вечныя сны.
Чуйна праносіць ля сонца арбіта
Шар жыццядайны зялёны.

Ты размініся з сіняй Зямлёю,
Вечнасці чорнай імжа!
Гусне трывога. Спудліва ёю
Зоркі над светам дрыжаць.

       Такая адцягненная сімволіка магла б падасца другаснай, калі б ні была ўласцівасцю паэтычнага стылю Міколы Мятліцкага, калі б паэт ні знаходзіў яркіх і пераканальных нацыянальных дэталяў для яе ўвасаблення. І ўжо зусім новае гучанне апакаліптычныя прадбачанні, сімволіка Космасу і Вечнасці атрымлівае ў сучаснай, паслячарнобыльскай лірыцы паэта.
        Мікола Мятліцкі сам крыху палемічна адзначыў, што паэтам яго зрабіла чарнобыльская трагедыя, выразна падзяліўшы яго творчасць на два этапы – да і пасля 26 красавіка 1986 года. Вёска Бабчын, апетая ў ранняй лірыцы паэта, аказалася ў самым эпіцэнтры бяды – у зоне адсялення. "Апошні Бабчына жыхар" – так вызначае сёння Мікола Мятліцкі сваё светаадчуванне, пастаянна вяртаючыся ў адселеную вёску, каб пахадзіць сцежкамі маленства, пераначаваць у апусцелай бацькоўскай хаце і – пісаць, бясконца пісаць вершы, даючы магчымасць выйсця трагічным пачуццям, што перапаўняюць сэрца. Пасля Чарнобыля Мікола Мятліцкі не можа не пісаць пра гэтую бяду, і няма сэнсу пытацца, ці не паўтараецца паэт, як няма сэнсу пытацца ў таго, хто плача, ці аднолькавыя яго слязіны.
       Прынцыпова змяніўся характар вобразнасці ў паэзіі Міколы Мятліцкага – у ёй не стала акварэльных фарбаў, яна пабудавана на кантрастах, на колерах чорнай бяды і смертаноснага сляпучага сонца, радыяцыйнага выпраменьвання, на карцінах здзічэння прыроды, "сіроцкіх забытых хацін", кінутых рэчаў, пустэчы, зарослых гародаў, атручаных крыніц. Гэта апакаліптычны "антыпейзаж", як трапна вызначыла яго Т. Шамякіна.
       Першыя непасрэдныя ўражанні ад чарнобыльскай катастрофы ўвасоблены ў кнізе вершаў "Горкі вырай", затым трагедыя роднага краю, знішчанага бядой, асэнсоўвалася ў вершах з кніг "Шлях чалавечы" (1989), "Палескі смутак" (1991).
      Чарнобыль прынёс карэнныя змены ў паэзію Міколы Мятліцкага, і гэта датычыць нават не столькі тэматыкі, колькі агульнай элегічнай, мінорнай танальнасці, трагедыйнасці светаадчування паэта. Насуперак прывычным уяўленням пра яго творчасць, Мікола Мятліцкі не стаў паэтам адной тэмы, проста яго вершы, аб чым бы ні пісаў, прасвечаны чарнобыльскай радыяцыяй. Ад гэтага – большая відушчасць, мудрасць і элегічны настрой яго паэзіі.
       Мікола Мятліцкі падрабязна выпісаў злавесны воблік "чорнай зоны", мёртвых вёсак, пакалечаных людскіх лёсаў. Даследчык А. Бельскі справядліва ацаніў паэтаву канцэпцыю рэчаіснасці: "Беларуская паэзія хіба толькі ў гады вайны звярталася да такіх чорных фарбаў, такога эмацыянальна-трагедыйнага жывапісу".
       Унікальнай з'явай у беларускай паэзіі стаў выдадзены ў 1996г. зборнік паэзіі "Бабчын" – своеасаблівы помнік мёртвай вёсцы, загубленай Чарнобылем, які мае, тым не менш, сімвалічнае вызначэнне "кніга жыцця". Гэта і сапраўды кніга жыцця, але найперш – былога.
       Зборнік адкрываецца вершам "Бяссмертнік", які ярка перадае адметнасць сённяшняй паэзіі Міколы Мятліцкага, насычанай злавеснымі вобразамі чарнобыльскай трагедыі.
       У вершы пануе жоўты колер – колер развітання і магільнага пяску, злога чарнобыльскага санцапёку, кветкі бяссмертніка, якая некалі была лекавай, а зараз атручана радыяцыяй. Толькі ўзмацняюць песімістычны настрой згадкі пра "шчасце былое", "дыханне каханай", "крылаў бусліных размах", матылька і душу-пчалу, якая танцуе свой "танец на чорных крыжах". Верш разгортваецца пакутліва доўга, у аднастайных інтанацыях марудлівага анапесту, нібы душа-пчала гудзіць над вухам пра пакуты, боль і хваробы загубленага краю.
       Верш настройвае на тое, што чытанне кнігі не будзе лёгкім і хуткім. І гэта сапраўды так, аднак праз суперажыванне пакутам ачышчаецца душа і шукаюцца адказы на значныя пытанні філасофскага і грамадзянскага характару. Прысвечаная адной тэме, кніга тым не менш не робіць уражання аднастайнасці, бо паэт знаходзіць мноства розных ракурсаў яе адлюстравання, цікавых вобразаў, умее прыгледзецца да дэталяў, спалучае рэальнасць і яе абагульненне, разважае і задумваецца над прычынамі і наступствамі трагедыі.
       Кніга мае прадуманую кампазіцыю. У першым яе раздзеле, "Глыток чысціні", мы разам з паэтам ідзем ваколіцай і "мёртвай вуліцай" Бабчына, разам з ім успамінаем тое лепшае, што было звязана з дарагімі мясцінамі: Мазураўка, Грыбовішчы, Гала, вышка, сажалка...

Не памяць сцежку ўе –
Сустрэчай сэрца ные.
Ляжаць наўкол мяне
Урочышчы лясныя.

Хаджу да ўтомы ног
У жніўнай цішы дня:
Бярозавы Аблог,
У соснах – Каляшня.

...Не стрэнеш грыбнікоў,
Блукай хоць да знямогі.
Палкі баравікоў
Кідаюцца пад ногі.

       Гэты верш напісаны ў лёгкім і бадзёрым рытме хады грыбніка. Але вось мы заходзім у родную хату Міколы Мятліцкага ("Згадкі ў хаце") – і інтанацыя карэнным чынам мяняецца, калі паэт пачынае развагі – верлібры "Стол", "Услон", "Печ", "Канапа".
       Хлеб, які заўсёды асацыіруецца з жыццём, паэт кантрастна супастаўляе з соллю – знакам бяды, слязы. Так свядома парушана адвечнае адзінства, сімвал гасціннасці стала – хлеб-соль. Так бяда парушыла спрадвечную, замацаваную ў народнай свядомасці і міфалогіі, гармонію.
       Другі раздзел, "Суцемак гладыша", знаёміць з партрэтамі аднавяскоўцаў. Мы нібы разам з паэтам разглядаем звычайную у вясковай хаце вялікую рамку-карціну, запоўненую фотакарткамі дарагіх людзей, многіх з якіх ужо няма на свеце: Яніха, Антося, Зоя, Нюра, Аксінчык, Макрэна... Жаночых партрэтаў болей, бо і вёска ж нездарма называецца Бабчын – удоў у ёй многа яшчэ з мінулай вайны.
       Верш "Яніха", у якім суладна пераплецены язычніцкія традыцыі і хрысціянскія матывы, – адзін з найбольш светлых, яркіх і лаканічных партрэтаў, у ім створаны прыгожы і гарманічны народны характар. Вельмі ўдалая жыццесцвярджальная канцоўка верша, якая характарызуе і духоўную дасканаласць, святасць Яніхі, і глыбіню ўнутранага свету самога паэта. Гуманістычны па сваёй ідэі, верш узвышае жаночы вобраз да Боскага: з Яніхай размаўляе Матка Божая, адпрэчваючы смерць, бо без такіх людзей было б пуста і няўтульна на зямлі. Сцвярджаючы прыгажосць чалавечых характараў, Мікола Мятліцкі кантрастна ўзмацняе агульны трагедыйны настрой кнігі.
       Раздзел "Безгалосыя дні" напісаны аўтарам непасрэдна ў Бабчыне, дзе "на родным бацькаўскім двары – чатырыста сорак тры" мілірэнтгены. Гэтую лічбу рэфрэнам паўтарае аўтар у аднайменным вершы, яе ён бачыць, паклаўшы дазіметр на магілу маці... Вершы гэтай часткі кнігі – філасофскае абагульненне, асэнсаванне бяды. Цэнтральны верш "Пчала" – прытча з нечакана аптымістычным зместам, у які боязна паверыць: "О цуд! Безнуклідны у Бабчыне мёд!" Паэт уважліва сочыць за шчыраваннем "радзімай пчалы", раскрывае "палескага мёду найпросты сакрэт" – усё жывое пратэстуе супраць атрутнага зла... Услед за Алесем Разанавым, які ў адным з вершаказаў заўважыў у слове "пЧАЛа" чалавечы пачатак, Мікола Мятліцкі па-філасофску аб'ядноўвае сэнс пчалінага і ўласнага паэтычнага набытку:

Слова маё,
сабранае ў травах атруты,
Будзь чыстым,
як бабчынскі мёд!

        Апошні раздзел кнігі, "Параненая душа", – развітанне паэта, "апошняга жыхара Бабчына", з перасяленцамі, з аднавяскоўцамі, якія адыходзяць у нябыт, і адначасова праклён тым, хто вінаваты ў чарнобыльскай трагедыі і духоўнай дэградацыі народа ("Партакратам", "Праклён"), папярэджанне свету аб тым, што бяда можа паўтарыцца ў яшчэ большым маштабе.
        Кнігі "Хойніцкі сшытак" (1999) і "Жыцця глыбінныя віры" (2001) засведчылі, што чарнобыльская тэма застаецца асноўнай у паэзіі Міколы Мятліцкага. Аднак гэта для паэта болей чым тэма, чарнобыльская трагедыя стала для яго магутным штуршком для паглыблення філасофскай думкі, аналітычнага стаўлення да жыцця і гісторыі народа. Паэт больш востра стаў адчуваць адказнасць перад продкамі і нашчадкамі.

Аплочана крывёй і потам
Твая прысутнасць тут.
Жыві!
Хадзі бясстрашным Дон-Кіхотам,
Шугай агнём жывой крыві.

Сваю душэўную спагаду
Святлом Айчыны запалі.
Табе аддадзена ва ўладу
Сівая спадчына зямлі.
Не будзь прытворліва-харошы,

Жыцця спытаючы праснак,
Не траць свой скарб,
Як траціць грошы
Маной аслеплены юнак.
Гучаць твае жывыя гімны

На берагах крутых Няміг.
Спаўна аплочаны другімі
Твой кожны крок,
Твой кожны міг.
І ты з айчыннаю журбою

Дакладна ведай напярод:
Усё, што страчана табою,
Не верне заўтра твой народ.

       У філасофскай лірыцы Мікола Мятліцкі выяўляе міфалагічныя, спрадвечныя асновы светабачання, ствараючы свой гарманічны свет:

Пакланяюся агню,
Хай гарыць, як бога вока.
Я агню забараню
З-пад рукі ісці далёка.

Пакланяюся вадзе,
Хай журчыць крыніц лагодай.
Я вадзе скажу: нідзе
Не прабудзь ліхой пагодай.

Пакланяюся лясам,
Хай плыве іх шум былінны.
Прыйдзе час: адпусціць сам
Лес сасну для дамавіны...

Нат у вечнасці на дне
Смуты сэрца не спазнае –
Будзеш грэць цяплом мяне
Ты, гармонія зямная.

         Верш гарманічны, суладны і па форме: у ім выразная, зладжаная кампазіцыя з аднолькавымі зачынамі трох строф (магічная, казачная траічнасць), лёгкая, аптымістычная мелодыя харэя, дакладныя, поўныя рыфмы (спазнае – зямная, лагодай – пагодай), унутраныя сугуччы ў радку ("я агню забараню"). Гэта ўзор адпаведнасці зместу і формы.
        Аднак філасофскаму роздуму ў яшчэ большай ступені адпавядае форма верлібру. І да яе апраўдана звяртаецца Мікола Мятліцкі, калі хоча паказаць не столькі гармонію, колькі супярэчнасць жыцця, часовасць чалавечага існавання.

Зямля,
трымаючы нас
на скарынцы грунту,
жагнаючы штормам-ударам,
перуном,
бліскавіцай,
палохаючы землятрусам,
гаворыць:
часовае ваша быццё!

А галаву
ускружваюць колеры і пахі
звабнасцю вечнага існавання:
ты
тут
назаўсёды!
Табе
Аднаму
вечна паслужныя
сілы Жыцця!

І гэта ўсё –
Вечнасць.

І расступіцца яна, зямля,
пад табой.
А наступнік,
ускружаны яе небам,
нават не скмеціць,
як ты знікнеш
у расшчэпіне Часу.

Ён, адзінотнік на шляху,
абпоены зманлівай верай
у сваю Вечнасць,
ступіць шчэ некалькі крокаў
наперад
да новай расшчэпіны...

       Сённяшні Мікола Мятліцкі – паэт удумлівы і сталы, са сваім адметным творчым почыркам.

      Мікола Мятліцкі
                                                                                          АПОШНІ ЖЫХАР СТАРОГА ПАЛЕССЯ

                                                                                                          З аўтабіяграфіі

Ні таго кутка (спляжыла меліярацыя), ні той вёскі (сцёр з твару зямлі Чарнобыль) ужо няма ў жывых. А гэта – чуты душою свет, адкрыты ён на ўсіх зямных шырэчах, той вядомы табе аднаму абсяг, на якім і ўскрык першы, і крок першы.
Прыпамінаецца яшчэ дзедаўская старая хата. Стаяла на процілеглым баку вуліцы ад бацькоўскай новай. Рослы сад – тварэнне душы і рук майго дзядзькі-агранома Івана: ружавашчокія жытнікі, спель вішань-галак, чорныя, чырвоныя і жоўтыя слівы, мядовы пах груш… Града клубніц на сонечным баку, каля пограба. І я, малы, праз шчыліны плоту падаю буйныя спелыя ягады мурзам-пагодкам… І рукі бабулі Антосі. І ёмкая алюмініевая міска ў іх, поўная ягад. І голас, які праганяе мяне з грады, “кеб не тарыў каляіны, як трахтар!”. І лагодная ўсмешка на яе ссечаным маршчынамі твары: ”Бярыце во, дзетачкі, спажывайце”.
Дзед Яўхім выходзіць з сянец. Строга-вусата вітае паглядам гаманлівую чародку дзяцей. Ён перачытаў усё прынесенае з бібліятэкі – нясе ў сетцы-авосьцы назад. І я ўплятаюся зноўку за ім услед – крочу паважна побач на вачах сябрукоў-суседзяў. Мы абыходзім пакінутыя чэрвеньскімі заліўнымі дажджамі лужы на вуліцы, прабіраемся ўтаптанымі сцежкамі, мошчанымі кладкамі каля платоў, а то сям-там, як ля гежышынай лужыны, і па жэрдках перабіраемся. І вось, нарэшце, ужо ў цэнтры вёскі, ля клуба і калгаснай канторы. У сценах драўлянага клуба, які як бы навіс над вялізнаю лужынай прыстанню-ганкам, і месціцца бібліятэка. На ганак дабіраемся, агінаючы клуб. Дзед задаўга перабірае на паліцах кнігі – пакуе “сетку” пад назіркам вечна незадаволенай, тоўстай, як Раманава борць, бібліятэкаркі.
– От бо! Ізноў етулькі згроб!
Пакуль дзед апраўдвае сваю чытацкую прагавітасць, а бібліятэкарка, усеўшыся за сталом, запаўняе нейкі там “хвармуляр”, я паспяваю перагартаць цэлую кіпу шматкалёрых часопісаў.
– Дай от і хлапцу чаго ўзяць! – гучыць дзедаў бас.
– Падзярэ, як і ў той раз! – не згаджаецца няўступлівая бібліятэкарка. – У школу пойдзе – тагды!
– Ён ужэ і цяперака чытаць умее… – ганарліва адказвае дзед.
– Да ўжэ ж, вучыш. Будзе етак, як ты, людзей смяшыць вершамі…
Дзед хмыкае і ляскае дзвярыма. З бібліятэкі кіруемся да магазіна – па махорку. І ўжо зацягваючыся самакруткай каля вакон магазіна, стоячы ў шчыльным атачэнні ўсцешаных сустрэчай вяскоўцаў-пакупнікоў, па іх настойлівых просьбах – “Яўхім, пачытай!”, гэтак жа басавіта-няспешна дзед пачынае прамаўляць любоўна падрыхтаваны спецыяльна для гэтай сустрэчы свой новы верш:
Просіць Кез Брагіду, як роднага брата:
“Пахарані мяне, Хведар, каля апарата.
Гарэлка прасочыцца цераз пясок
І пападзе проста ў мой раток…”
Рогат аж сатрасае сцены недалекаватай канторы. Ужо і адтуль павыходзілі на бясплатны “Яўхімаў канцэрт”. Дзед увайшоў у настрой, яго не спыніць:
Зажурылася Куліна,
Што няскошана даліна.
Пакасілі, паграблі,
І Куліну – правялі!
Героі дзедавых вершаў вядомыя вяскоўцам “з галавы да пят”, таму грамавіты рогат аж выкрасае слёзы.
Вечарам мой захмелены бацька зноў ушчувае дзеда: “Канцэрт устроіў!” Гэта ад таго, што Брагіду данеслі, – закрыўдаваў! Можа і самагоннага апарата свайго не даць, і апахмяліцца бацьку адмовіць. Дзед як і не чуе. У адной руцэ – кніга, у другой – самакрутка.
Свет маленства… Менавіта на ягоных зыркаросых прасцягах і нараджаюцца першыя захапленні, якія потым з гадамі наталяюцца з прагавітасцю, крэпнуць, вызначаючы лёс чалавека. Мяне ў маленстве навучылі палюбіць і кнігу, і прыроду. Кніга сваёй яшчэ неразгаданай таемнасцю ўвайшла ў душу “з дзедавых рук”, а прырода – палеская, некранутая яшчэ згубаю асушэння – адкрывалася таксама з ласкі дарослых. І тыя ж бабуля і дзед, і бацька, і маці, і вяскоўцы-суседзі – сцераглі кожны крок, “кеб дзе не заграз у балоце!”, “кеб якая гадзюка не ўджаліла!”, “кеб дзе ваўкі не раздзерлі!”. І яшчэ: “кеб дзе гранаціну якую не падняў!” Жывой і балеснай была ў маім Бабчыне памяць мінулай вайны. Яна жорстка кранулася лёсу і нашай сям’і. У Нямеччыну падлеткамі былі вывезены мае цётка Маня і бацька. Бацька вярнуўся, а Маня не вярнулася. І колькі бабуля Антося праліла слёз па дачцэ, якая страцілася за светам. (Потым праз гады цётка знайшлася, але ўжо не было ў жывых бабулі і дзеда). У вайну карнікі расстралялі сям’ю дзедавага брата Дзям’яна Мятліцкага. У партызанах быў сын Міша. На той момант, як бралі, дзед Яўхім якраз быў у іхняй хаце.
– А ваша фамілія?!
– Кірчанка!
Дзеда Яўхіма адпусцілі. Ён за руку вывеў з хаты і шасцігадовую пляменніцу Полю. Але на двары не ўтрымаў дзіцячай рукі – вырвалася, да сваіх пабегла. Дзед не мог гэтага дараваць сабе ўсё астатняе жыццё. Успамінаў, перажываў – курыў. Не раз прыводзіў мяне, малога, на калгасны двор, да былых сілосных ям – на месца расстрэлу. Адсюль пасля вызвалення астанкі пастраляных вяскоўцаў перавезлі на могілкі, узвялі над брацкай магілай абеліск з зоркай. Ямы засыпалі, з зямлёй зраўнялі. А неўзабаве на гэтым месцы распачалі будаўніцтва. Дзед абурыўся публічна:
Ну вот, дожились мы – какой то чиновник
На братской могиле поставил коровник.
Мабыць, ніхто з вяскоўцаў не данёс, куды трэба, дзеда не зачапілі. А потым ужо на франтоне нашай новай хаты з’явілася пяць чырвоных зорак – памяць пра сям’ю Дзям’яна Мятліцкага. Бацькаў стрыечны брат Міша вярнуўся з вайны, але, узрушаны крываваю памяццю, у Бабчыне не застаўся. Засталіся толькі гэтыя крывавыя зоркі. Яны чырванелі на сценах многіх вясковых хат. А болей, як на нашай, – аж сем! – было на хаце майго школьнага настаўніка Васіля Адамавіча Зелянкоўскага.
Ужо школьніку, юнкору “Піянера Беларусі” выпала пачуць ад вясковых старажылаў паданне пра тое, чаму наша вёска называецца Бабчын. Яшчэ з мангола-татарскіх набегаў, калі ацалела небагата людзей, сюды, на востраў сярод балот, дабавілася група знямоглых жанчын з дзецьмі на руках. Тут яны і абсталяваліся – высеклі ляда. Жылі ўдалечы ад трывожнага і пагрознага свету. Якім падобным да таго даўняга жыцця было жыццё вёскі ў пасляваенныя дні! Усе равесніцы майго дзеда – удовы. І памяць пра іхніх забітых мужоў засталася толькі ў іх вясковых прозвішчах – Іваніха, Пеціха, Касцеіха, Ахрэміха, Сідарыха, Ігнаціха, Сяменіха, Аўдзеіха… (Гэта з маёй вуліцы. Адна толькі суседка Якубіха дачакалася з фронту свайго мужа каваля).
У гэтым аўдавелым Бабчыне мне і выпала нарадзіцца 20 сакавіка 1954 года. Пасля Нямеччыны бацька быў прызваны ў армію, служыў сем год. Перад вайной сям’я маці выехала ў Новасібірскую вобласць. Вярнулася бабуля Аксіння ў Бабчын пасля перамогі зноў удавой, з чатырма малалетнімі дзецьмі, а двое ад першага мужа, ужо дарослыя, прайшлі сваю дарогу вайны – дзядзька Іван Кірчанка шляхі Фінляндскай і Вялікай Айчыннай, цётка Каця – жахоты акупаванага Бабчына. Тут, у Бабчыне, Міша Мятліцкі і Валя Сінкевіч і згулялі 1 мая 1953 года сваё вяселле.
1 верасня 1961 года я пераступіў парог Бабчынскай сярэдняй школы.
Двухпавярховы, з чырвонае цэглы будынак школы вабна праглядваў з-за рослых клёнаў, і я з прытоеным дыханнем, з мройлівым чаканнем – калі ж! – пазіраў на яго сцены і вокны зводдалі. Выкладзеныя яшчэ ў 1905 годзе сцены былі трывуча-стойкімі, адлівалі лагоднай чырванню. Пабліскваў у сонцы бляшаны дах, сіметрычнай строгасцю глядзеліся высокія вокны. Даведаўся потым, што будаўніцтва нашае школы выхадзіў па інстанцыях дэпутат царскае Думы, мясцовы свяшчэннік Драздоўскі. Ужо нейкая гістарычная патаемнасць ажывала на саміх калідорах, у светлых сонечных класах хапала зваблівай вышыні. Само сабой узнікала жаданне вучыцца. Уважлівай і лагоднай да кожнага з нас была першая настаўніца Алена Андрэеўна Дашук. На грыфелі школьнае дошкі мы пісалі крэйдай першыя словы.
Неўзабаве для мяне, як і для многіх аднакласнікаў, першай сапраўднай пакутай сталі ўрокі чыстапісання. Пёры-зорачкі пырскалі чарнілам на шурпатай паперы добрушскіх сшыткаў, часцяком пакідалі пляміны. З класа ў клас пераступала і гэтая марока пісьма чарніламі, аж да першай шарыкавай ручкі. Гэтыя ручкі неяк неўпрыкмет зрабілі “школьную рэвалюцыю” – дабавілі чысціні на старонках. Аднак яны і адправілі ў былое прыгажосць каліграфічную почырку. Якой, памятаю, была адметнай і прыгожай вязь літар у некаторых умельцаў пісьма з майго класа.
Ужо ў чацвёртым класе я напісаў свой першы верш. Дзед Яўхім памёр восенню, калі я пайшоў у другі клас – не было каму паслухаць. Бацька адносіўся да дзедавай творчасці з заўсёднай пагардай. Гэтак аднёсся б і да маёй. Дзядзька Павел, уральскі шахцёр, прывёз мне некалькі тоўстых агульных сшыткаў у падарунак. Ужо ў сёмым класе адзін з іх напалову быў запоўнены вершамі. Асабліва часта краналася слова пачынаючага паэта чараў хараства тае, у каго быў закаханы. Як самую вялікую таямніцу хаваў гэты сшытак глыбока ў парце. Пакідаў дома, прадчуваючы небяспеку, – з жахам уяўляў гэты сшытак у руках аднакласнікаў. Аднак вершы часцей за ўсё нараджаліся на ўроках – як пярэчанне той абавязковай працы, якую і патрэбна выконваць на ўроку. Не станеш іх занатоўваць у іншых сшытках. Даставаў агульны схытак патайна, спешна запісваў. Суседка па парце Люда Нікіценка не звяртала ніякай увагі на мае творчыя ўлоўкі. І вось аднойчы вяртаюся ў клас на званок з перапынка, а сцены трасе рогат. Мой сшытак у руках Колькі Рудчанкі.
– Паэт! Паэт! Паэт! – водгулле грому.
Укрыўджана-счырванелая аднакласніца, у слязах.
Назаўтра не пайшоў у школу – перажываў. Душыўся сорамам. Глыбока ў тумбачку засунуў ненавісны сшытак. У грубку потайкі захацелася кінуць – і кінуў! Але неўзабаве, астыўшы, завёў другі – таксама з дзядзькавых. (Гэты якраз і ацалеў на ўзвеях часу).
У гэты сшытак з-за пляча зазірнула неяк на ўроку мая любімая настаўніца рускай літаратуры Эмілія Мечыславаўна Купрэйчык, па яе парадзе даслаў вершы ў раённую газету, а потым у Мінск – у газеты “Піянер Беларусі” і “Чырвоная змена”. Упершыню вершы надрукавалі ў Хойніцкай раённай газеце “Ленінскі сцяг”, а потым пачаргова ў “Піянеры Беларусі” і “Чырвонай змене”, адкуль прыходзілі мне лісты ад уважлівых літкансультантаў Анатоля Сербантовіча і Сымона Блатуна.
Эмілія Мечыславаўна жыла на нашай вуліцы, ведала і не раз слухала майго дзеда Яўхіма, таму адразу ж як на прадаўжальніка яго вершатворчае справы на мяне паглядзела. А калі вершы пачалі друкавацца асабліва часта ў раёнцы, маёй літаратурнай падрыхтоўкай занялася ўсур’ёз, дзе там сягонняшнім рэпетытарам!.. Любімая настаўніца многіх вучняў Бабчынскай школы, яна дасканала ведала не толькі рускую літаратуру, якую выкладала, але і беларускую, была аднакурсніцай Івана Пятровіча Шамякіна, чым асабліва ганарылася. У суседнім Ленінскім пасёлку ў пачатковай школе настаўнічаў яе муж Раман Акімавіч. Разам з імі жыла яе незамужняя сястра Марыя Мечыславаўна, якая працавала нашым школьным бібліятэкарам. Мяне запрашалі па вечарах дамоў “на тэлевізар” (тады рэдкасць у вёсцы). Гаварылі-раілі. Склалі цэлую праграму абавязковай для прачытання літаратуры, хоць я і так гарнуўся да кніг усім сэрцам. Не толькі школьную бібліятэку наведваў, але і калгасную не забываў, у якую яшчэ з дзедам хадзіў. Цяпер калгасная бібліятэка перабралася на другі паверх новага Дома культуры, мела асобны ўваход. Бібліятэкарам працавала жонка аднаго калгаснага начальніка – абыякавая да кніг. І ўжо шасцікласнікам я ўсмак зачытваўся Мапасанам і Заля, чаго б ніколі не далі ў рукі ў школьнай бібліятэцы.
Дома ў маёй любімай настаўніцы я і здаваў, можна сказаць, самы сур’ёзны экзамен на літпрыгоднасць. Мяне пераканалі паступаць не на журналістыку, куды збіраўся, а на філалогію. Памятаю і сягоння словы аргументацыі: журналісты вывучаюць літаратуру павярхоўна, філолагі – глыбінна. Мудрыя словы! Асабліва сягоння яскрава бачна, як наша тэлебачанне і газеты верхаглядна праходзяцца па літаратуры.
Вывучаць глыбінна літаратуру на філалагічным факультэце БДУ імя У.І.Леніна, куды паступіў у 1971 годзе, мне пашчасціла ў Алега Антонавіча Лойкі, Вольгі Васільеўны Казловай, Міхася Рыгоравіча Ларчанкі, Ніла Сымонавіча Гілевіча, Івана Якаўлевіча Навуменкі, Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва, Рыгора Міхайлавіча Семашкевіча, Вячаслава Пятровіча Рагойшы, Маргарыты Барысаўны Яфімавай…
І гэта толькі родную беларускую. А рускую, а замежную. Яшчэ адзін спіс дарагіх імён…

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019