Вторник, 20.08.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

    Таму перад родамі жанчыны і самі сабе шапталі замовы, і прасілі ў спагадлівых знахароў, каб тыя рабілі гэта для іх, перасцерагаліся розных хвароб, баяліся завідушчых вачэй, нават павеву халоднага сівернага ветру, які таксама мог прынесці вяскоўкам вялікую шкоду. “Госпадзі Божа, благаславі, Мацер Божая, таксама дапамажы. Ісус Хрыстос, ангелы-храніцелі, спасіцелі, памажыце рабе божай (імя). Царскія вароты, растварыцеся, замкі, разамкніцеся, косці, расшырцеся, пускайце дзіця на белы свет гуляці і здароваму і шчасліваму пражываці. Госпадзі, памілуй. Госпадзі, памілуй. Госпадзі, памілуй. (Як пачнуцца схваткі, то прачытаць тры разы запар)” (“Малітва жанчынам перад родамі”, в. Глінішча); “Госпадзі, айцец наш. Мацер Божая, Ісус-храніцель, і ўсе ангелы. Памагіце мне, рабе божай Вользе. Нябесныя вароты, расчыніцеся, замкі, разамкніцеся, косці, расшырцеся, дзіця маё прапусціце. Хай народзіцца з румяным ліцом, рыжым валаском, шчырым сэрцам, белым цельцам. Госпадзі, памілуй, Госпадзі, памілуй, Госпадзі памілуй. Амінь. Амінь. Амінь. (Як пачнуцца схваткі, то неабходна над парадзіхай прачытаць тры разы)” (“Перад радзінамі”, в. Глінішча); “Ішоў Ісус Хрыстос цераз Іарданскій мост. Насустрач Божая Маці Марыя. Божая Маці Марыя, бяры залатыя ключы, замкі адмыкай, ад рабы божай (імя) плод прынімай. Амінь. Амінь. Амінь” (“Перад родамі”, в. Рудакоў); “Святая Маці Марыя, хадзі да рабы божай (імя) найхутчэй. Святая Маці ішла, тры свячы нясла, тры нажы таксама. Свячамі распісала, нажамі разразала, царскія вароты адкрывала, да рабы божай (імя) ход давала і дзіця яе вынімала. Амінь. Амінь. Амінь” (“Замова на роды”, в. Глінішча); “Прасвятая Багародзіца, на прастоле стаяла, Госпада Бога прасіла, усіх святых памінала. Усе святыя, божжыя ўгоднічкі, скорыя памочнічкі, дапамажыце ў скорам разрашэніі зоры-зараніцы, вас на небе тры сястрыцы: адна – вячэрняя, другая – паўночная, трэцяя – ранішняя. Будзьце вы мне шчырымі памочнічкамі. Амінь” (“Для родаў”, в. Віць).
    Былі замовы, якія выкарыстоўваліся для аблягчэння родаў, для таго, каб парадзіха магла ўстаць і хадзіць ужо на наступны дзень, бо рэальнасць жыцця патрабавала іменна гэтага – разлежвацца, адпачываць не было асабліва калі. Справа і праца не чакалі. Не рэдкім выключэннем было і тое, што немаўля маладая матуля вымушана была браць з сабою і на поле, і на луг, дзе вешала калыску ў цянёчак, а сама, нароўні з іншымі, вымушана была шчыраваць, каб не закінуць гаспадарчую справу, каб не плесціся ў канцы, за астатнімі. Таму і шапталі парадзіхі замовы на лёгкія роды, на тое, каб не здарылася ніякіх ускладненняў. “На гары стаіць цэрква. У этай цэркові сорак папоў і сорак дзякоў, і сам Гасподзь стаіць, кнігу ”Евангелле “ чытае і хрысціць сваім храстом, царскія дзверы адчыняець і к рабе божай (імя) прыступаець, і сваёй святой рукой яе храсткі расхінаець, з чрэва яе младзенца асвабаждаець. Сам Гасподзь явіўся на помашч, і з яе чрэва младзенец асвабадзіўся. Ва векі вякоў. Амінь. Амінь. Амінь” (“К лёгкім радзінам”, в. Мокіш).
    Былі і больш канкрэтныя вуснапаэтычныя творы, якія адрасаваліся, напрыклад, на захаванне сына, калі ён і нарадзіўся ў гаспадароў. “Ангелы, прыступіце да яго сахранення. Крыламі сваімі моцнымі адганіце ўрагоў, ліхадзееў. Агнём, мячом пагубіце, маё дзіцяня сахраніце. Амінь. Амінь. Амінь” (“Замова на аберажэнне малога сына”, в. Глінішча). Стараліся перасцерагчы і засцерагчы парадзіху ад усемагчымых узрушэнняў і нават – ад выпадковага падзення. Хоць, вядома ж, гэта было зрабіць надзвычай цяжка. “Прашу Госпада Бога. Ішоў Адам цераз мост, цераз чыстае поле, цераз жоўтыя пяскі. Прышоў Адам закрываць варота, варота закрываць, залатым штыком падпіраць. Што завялося, дык стань на тым месцы, як цар Давід на крэсле да свайго часу. Гасподзь – з помаччу і я – са сваім духам. Амінь” (“Ад удара цяжарных”, в. Рудакоў). Сустракаліся замовы, якія мелі агульныя назвы і, безумоўна, агульнае прызначэнне – для таго, каб увогуле засцерагчы здароўе жанчын. “Госпадзі, як на моры, на акіяне стаіць царква, а ў той царкве Божая Маці абедню служыць. Як Божая Маці царскія вароты закрывае, закрый плод і рабе божай (імя) да пары, да ўрэмені, да паслушнага часу. Амінь” (“Для жанчын”, в. Мікулічы).
   Спрадвеку сцвярджалі і тое, што роды для любой жанчыны, нават самай здаровай і вынослівай, не праходзілі бясследна. Яна ўсё роўна вымушана была потым пакутаваць ад усялякіх хвароб. Каб такога не здарылася, дык стараліся зараней чытаць усе магчымыя папераджальныя замовы, дзе хваробы і запалохваліся, і спальваліся, і адсылаліся ў балоты ды цяжкадаступныя мясціны. “Залатнік, залатнічок, залаценечкі ражок! Сядзь на сваім месцы, як пан у крэсле!” (“Ад жаночых захворванняў”, в. Дворышча); “У лазні вадзіць рукой па голаму жывату, амываць цёплай вадой і пры гэтым абавязкова прамаўляць: “Арына, Марына ў каліну хадзіла, каліну ламала, у рабы божай (імя) хваробу выбівала. Усё здымі, вадой спалашчы: бабкіны, дзедкіны, цёткіны, дзядзькіны, бацькіны, маткіны злобныя шэпоткі, злыя размовы, ведзьміны загаворы. Амінь. Амінь. Амінь” (“Ад жаночай хворні”, в. Рудакоў).
    Продкі, навучаныя суровым жыццём, усё магчымымі здарэннямі, рыхтаваліся заўсёды сустракаць любую бяду, каб быць напагатове, каб яна не заспела іх знянацку. Наіўнае меркаванне, але, тым не меней, яны стараліся абавязкова прытрымлівацца такога пункту гледжання на ўсялякія праблемы. Кожнаму думалася, што раз я папярэджваю хваробу ці нейкае непажаданае здарэнне, то яно ўжо толькі ад гэтага страціць найбольш страшныя свае ўласцівасці, не будзе так даймаць у будзённым жыцці. Не паважалі, баяліся ворагаў, то і іх закліналі страшнымі магічнымі словамі. ”Андрэй-хрэсціцель, краста насіцель. Крастом красціўся, крастом наградзіўся. Каб у майго ворага зубы анямелі, вочы асталбянелі, усе жылы спыніліся. Бацюшка-ваявода, бяры ключ, замкні лютага врага на замок” (“Замова ад усялякіх врагоў”, в. Губарэвічы); “Гэта гаворыцца перад тым, як выходзіш з хаты ў дарогу, няхай сабе і самую блізкую. Прагаворваецца тры разы: “Прасвятая Багародзіца з варот выйшла, у прыполе сваім пясок жоўты нясла. Яна тым жоўтым пяском мне сцежачку ўсыпала, злыя сілы, злых людзей, ворагаў маіх ад мяне адганяла. Мне затое здароўе і добрую славу прыхінала. Амінь”” (“На добрае ўсё і на шчаслівую дарогу”, в. Поташня ); “На моры, лукаморы стаіць дуб зялёны. На том дубе сядзіць чоран воран, дзюбкай выбірае, кіпцямі выдзірае, на сіняе мора хваробы пускае, рабу божаму (імя) ад галавы, ад рук, ад спіны помашчы давае. Амінь” (“На ўсё самае вязучае і добрае”, в. Бабчын); “Ішоў сам Бог гарою, Маць Прачыста – другою. Сышліся на сінюю гару, кнігі там чыталі, рабы божай (імя) ад галавы, ад ног, ад рук, ад спіны помашчы давалі. Амінь” (“Ад розных хвароб і напасцей”, в. Мокіш); “На моры, на лукаморы ляжыць камень. На тым камні ляжыць мядзведзь. Ляжыць-паляжае, нарадку божую выбірае, чорным языком убірае, чорным хвастом умятае, на мхі, на гнілыя дзярэўя высылае. Там вам быць, гнілыя дзярэўя палажыць, у раба божага (імя) не быць, па касці не хадзіць, крыві не піць, сэрца не таміць, пакуль бабка прыступала і помачы давала, і нарадку ўгаварывала калючую, балючую, надзіўную прыгаворную. Тут табе не быць. Амінь! (Чытаць тры разы ад усяго)” (“Замова ад усяго, калі нават сум на душы і сэрцы”, в. Клівы); “Як звёзды ад буйнага ветру памеркнуць, так бы ў майго супастата сэрца і вусны б у яго памерклі, і як мёртвы анямеў і не змог бы проціў мяне глаголяці, і як мёртвы на свет не глядзіць, так бы й той супастат не змог на мяне глядзець раба божага (імя). Амінь” (“Загавор на кожны дзень”, в. Пажаркі); “Загаварываю, загаварываю, раба божага (імя). З пупочка, з жываточка, з касцей, з машчэй, выйдзі на гнілыя балоты-калоды ды на цёмныя лясы. Ідзі на моры, там табе сталы засланыя, там кубкі наліваныя, там табе жыць і гуляць, і балезні не відаць. Амінь” (“Ад усяго і ад хвароб”, в. Мікулічы).
    Некаторыя з замоў нават немагчыма канкрэтна класіфікаваць, бо самі інфарматары называлі такую хваробу, якой у рэальным жыцці нам сустракаць (нават чуць пра яе!) не даводзілася. Тым не меней, такія творы таксама маюць права на паўнавартаснае існаванне. “Ляцеў чоран-воран. У таго чорана-ворана трыдзевяць дзюбак, трыдзевяць крыльяў, трыдзевяць кіпцяў (рабы божай) здымаць урокі. Несудзімыя прыстрэкі, браты ўрочныя, прыстрэшныя, прысмешныя, прыгаворныя, прыдуманыя, прыгаданыя, дзявоцкія, хлапецкія, парабоцкія, жаноцкія. Дзюбкамі раздзяўбаць, крылцамі размахаць, кіпцямі разграбаць, а крыльям ляцець на мхі, на балоты, на ціхія лозы. Амінь. Амінь. Амінь” (“Замова ад прыстрэку”, в. Губарэвічы); “Ішоў Ісус Хрыстос цераз калінавы мост. Трасціна паламалася, угаль і ятрань перастала на гарэ гарэць. Сёння нядзеля, ні пятніца. Няхай скула не ятрыцца! (Замову паўтарыць тры разы і абавязкова хрысціцца пасля кожнага разу)” (“Замова ад ятрані”, в. Мокіш); “Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Божай Мацеры пакланюся, усяму свяшчонаму, усяму хрышчонаму, каб ліхачышчэ гаварыці. Ішоў чалавек чорнаю дарогаю, з чорным целам, з чорнай шкураю, з чорнымі косамі, з чорнымі вачыма, з чорнымі вейкамі, з чорнымі бровамі, з чорным ілбом, з чорным носам, з чорнымі ноздрамі, з чорным ротам, з чорнаю барадою, з чорнымі губамі, з чорнымі зубамі, з чорнымі дзяснамі, з чорным языком, з чорнымі шчокамі, з чорнымі нагамі, з чорнымі пальцамі, з чорным жыватом, з чорным пупам, з чорнымі грудзямі, з чорнаю шапкаю, з чорнаю світкаю, з чорнаю сарочкаю, з чорнымі штанамі, з чорнымі пугавіцамі. Ішоў чорнага дуба рубаці. Чорны дуб рубаў, чорныя трэскі адляталі, ад свяшчонага, крышчонага (імя) ліхачышчэ адганялі. Амінь” (“Шэпт супраць ліхачышчы, чорнай балезні”, в. Глінішча); “Гаварыць тры разы да заходу сонца і дуць пры гэтым на хворага: ”Госпаду. Первым разам! Госпаду, познім часам! Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Мацеры пакланюся, усім святым апосталам – таксама. Стань, Госпадзі, на помач, Прачыстая – на паратунак. Шла Мацер Прачыстая па полю чыстаму. Несла Ісуса Хрыста ў прыполе, благавешчанскай шоўкавай рызай пакрывала. З благавешчанскай шоўкавай рызы каплінка ўпала, з раба божага (імя) чорную балезнь сцірала, змывала, у сіняе мора сплаўляла. Ляг жа ты, чорная балезнь, у мора на дно, а ў раба божага (імя) не бываць, крыві не гадзіць, касцей не ламіць. Сходам меняйся мой дух на Гасподній. Амінь” (“Замова ад балезней”, в. Мікулічы); “Стаіць дуб, на тым дубе – сук. На суку сядзіць чоран-воран, залатым клювам дзяўбець у буйную галаву, у шчырае сэрца, у рукі, у ногі. Ідзі, бес пракляты, на мхі, на балоты! Там табе гнілую калоду паядаць, у рабе божай (імя) не бываць. Амінь” (“Замова ад усяго”, в. Паташня); “Первым разам, добрым часам, Госпаду Богу памалюся, Святой Прачыстай пакланюся. Вячэрняй зары папрашу: – Зоры-заранічкі, божыя памашчнічкі, прыдзіце, памажыце рабе божай Вользе прыстрэк гаварыце. На моры, на лукаморы стаіць дуб на 12 какатоў, на 12 варатоў, на іх сядзіць 12 ангелаў. Станьце вы да помачы, прыступіце, рабе божай прыстрэк гаварыце прыстрэчны, прыгаворны, ветраны, калючы, балючы. Тут табе не хадзіць, касцей не ламіць, галоўкі не крушыць. Я – з словам, Гасподзь – з помаччу. Палюбі мой дух (тры разы). Амінь” (“Замова ад прыстрэку”, в. Губарэвічы); “Прасвятая Багародзіца з варот ішла, у прыполе пясок несла. Яна той пясок пасявала. Як таму пяску не расці, не буяць, так і ў мяне (называеш сваё імя) зговару не бываць, падзіву не гасцяваць ні панскага, ні цыганскага, ні папоўскага, ні бясоўскага. Мне баба (імя той, ад каго пачуў) казала і мне (сваё імя) помач давала. Як ёй здаровай быць, так і ў мяне (сваё імя) зговару, падзіву не бываць. (Прагаворваецца тры разы)” (“Замова ад падзіву”, в. Глінішча); “Цёмная ночка начніц нарадзіла, малому дзіцяці мукі нарабіла. Яснае сонейка дзень пачынаець, начніц праганяець, дзянніц насылаець, боль сунімаець. Шух у печ! Шух у печ! Шух у печ!” (“Замова ад усіх дзіцячых хвароб”, в. Руднае); “Ехаў Ягорый на буланым кані, асвабадзіў царыцу ад уроку, асвабадзі раба божага ад усякай болі” (“Ад болі”, в. Віць); “Бацькаў пладавічок, маткін залатнічок, станьце на месцечка ў залатое крэслечка з макава зернетка. Замочкамі залатымі, шоўковымі платочкамі падвязвалі: ніжэй пупа не хадзіць, касцей не ламіць рабе божай (імя), залатнік вастанавіць. Амінь” (“Ад усялякай хваробы”, в. Клівы); “Свацечка, галубачка, прашу ж вас, каб не было майму дзіцяці журбы ў вас. Каб не стаялі цёмны ночкі пад акном, каб не ўцірала дробныя слёзачкі рукаўком. Ой, каб не была ды паветачка хатачкай, ой, каб не была ды суседачка матачкай. Дай добры лёс, пазбаў ад хвароб. Амінь. Амінь. Амінь” (“Замова, каб не балелі дзеці і дарослыя, каб усё добра было”, в. Рудакоў).
    На Хойнікшчыне намі запісаны і традыцыйныя замовы. Мы маем на ўвазе замовы ад агульнавядомых хвароб, якія нам даводзілася найбольш часта фіксаваць і ў іншых рэгіёнах рэспублікі. Напрыклад, ад ліхаманкі. “Асінка, асінка, вазьмі маю трасінку, а аддай маё здароўе! Амінь” (“Замова ад ліхаманкі”, в. Рудакоў); “Найперш – вяснянка, а другая – лядзянка, а трэцяя – лістападніца, а чацьвёртая – касцяніца, а пятая – квахтуха, а шостая – начніца, а сёмая – смутніца! Адкаціся, адваліся ад грудзей і ад бела цела, ад буйнай галавы! Ты, дзеўка, не шляйся, на мяне не зазірайся. Я ў хаце ляжу, на вугаль гляджу. Як вуглю згарэць, так табе ў катле кіпець. Бяжы, не азірайся, назад не вяртайся, ступай у пні, у калоды, у гнілыя балоты. Там табе жыць, са мхоў ваду піць. Амінь” (“Замова ад ліхаманкі”, в. Віць).
    Апошні аспект, на якім хацелася б засяродзіць нашу ўвагу – гэта тое, што жыхары Хойнікшчыны ўмелі замаўляць таксама і сваіх свіней. Нам удалося зафіксаваць некалькі рэдкіх замоў, якія да гэтага не трапляліся ў іншых мясцінах рэспублікі. “Ішоў Ісус Хрыстос праз Ерусалім, сустрэўся з Яўхімам і пытаецца, што за навіна ў яго? – Хварэюць свінні мае. Ой, чалавеча, вазьмі тры жмені ячменю на імя маё, будуць здаровы і плодны свінні твае. Амінь” (“Замова ад хваробы свіней”, в. Віць); “У чыстым полі стаіць дуб. Пад дубам – карыта. Там (мянушка свінні) добра наліта. Там бабка-варажэйка. Яна сядзіць, на (мянушка свінні) глядзіць. Вам, кабанчыкі, паядаць і як цяляці ля карыта не ляжаць, як у моры вада прыбывае, так (мянушка свінні) салам залівае. Амінь” (“Замова, каб зберагчы свіней”, в. Клівы); “Іду на базар з хлебам і паскай. Раскрыйце той мех, дзе добрыя парасяткі. У мяне пяць капеек медзі, раскрыйце той мех, дзе парсючкі, як мядзведзі. У чыстым полі стаіць дуб. Пад тым дубам – карыта, дзе табе, кабанчык, усялякае дабро наліта. Вось табе, кабанчык, пяць капеек медзі, каб ты ляжаў і лапу сасаў, як мядзведзі. У моры вада падымаецца, а ў мяне кабанчык сальцам наліваецца. Амінь” (“Каб купіць добрых парасятак”, в. Паташня).
    Падводзячы вынікі, можна канстатаваць наступнае – за тыя шматлікія разы, калі нам даводзілася бываць на Хойнікшчыне ў фальклорных экспедыцыях, стала зразумела, што гэты палескі край – своеасаблівая скарбонка вуснапаэтычнай творчасці, старадаўнія жанры якой жывуць тут і да нашых дзён.
СПІС ІНФАРМАТАРАЎ, АД ЯКІХ БЫЛІ ЗАПІСАНЫ ЗАМОВЫ
1. Гуляй Аляксей Сцяпанавіч, 1888 г.н., неадукаваны;
2. Гуляй Любоў Пятроўна, 1890 г.н., неадукаваная;
3. Кукрак Арсеня Цітаўна, 1897 г.н., неадукаваная;
4. Ляшчук Антаніна Рыгораўна, 1897 г.н., неадукаваная;
5. Малюга Пятро Ігнатавіч, 1906 г.н., неадукаваны;
6. Малюга Сцепаніда Іванаўна, 1904 г.н., 3 класы адукацыі;
7. Міхаленка Аляксей Мікалаевіч, 1892 г.н., неадукаваны;
8. Мурашка Аўдоцця Сцяпанаўна, 1901 г.н., неадукаваная;
9. Мурашка Лізавета Сцяпанаўна, 1899 г.н., неадукаваная;
10. Новік Аграфена Сямёнаўна, 1896 г.н., неадукаваная;
11. Новік Лявон Пятровіч, 1900 г.н., неадукаваны;
12. Новік Любоў Іванаўна, 1902 г.н., 4 класы адукацыі;
13. Пацяруха Надзея Дамінікаўна, 1899 г.н., неадукаваная;
14. Пацяруха Пятро Ігнатавіч, 1900 г.н., неадукаваны;
15. Хваянок Домна Іванаўна, 1895 г.н., неадукаваная;
16. Хваянок Любоў Пятроўна, 1903 г.н., 3 класы адукацыі;
17. Хваянок Надзея Сцяпанаўна, 1902 г.н., неадукаваная.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Август 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019