Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

      Валянціна Новак, Алена Кастрыца
                                                   ТРАДЫЦЫІ СЯМЕЙНАЙ АБРАДНАСЦІ ХОЙНІКШЧЫНЫ

   Сямейна-абрадавы комплекс Хойнікшчыны захоўвае агульнаэтнічную аснову і вылучаецца багаццем рэгіянальна-лакальных асаблівасцей. Традыцыйна падзяляецца на тры часткі: радзінна-хрэсьбінную, вясельную і пахавальную, якія суправаджалі жыццё чалавека ад нараджэння да яго апошніх дзён. Засяродзім увагу на мясцовым характары радзінна-хрэсьбінных абрадаў і звычаяў.
   Фальклорныя матэрыялы, зафіксаваныя на тэрыторыі Хойніцкага раёна падчас шматлікіх палявых экспедыцый, даюць падставы сцвярджаць аб добрай захаванасці і надзвычайнай папулярнасці сярод насельніцтва звестак па радзінна-хрэсьбінных абрадах і песнях.
     Радзінна-хрэсьбінны комплекс, як сведчаць фактычныя матэрыялы, складаецца з трох цыклаў: дародавага, родавага і пасляродавага, пры гэтым у склад першых двух з іх уваходзяць вераванні, абрадавыя дзеянні, прыкметы і павер’і, скіраваныя на захаванне цяжарнасці і забеспячэнне “лёгкіх” родаў, а таксама звязаныя з выкананнем цяжарнай жанчынай тых правілаў і прадпісанняў, што складаюць аснову этнапедагогікі.
     Звернемся да асобных структурных кампанентаў радзінна-хрэсьбіннай абраднасці. Як вядома, у сістэме народных вераванняў важнае месца належыць традыцыйным забаронам, засцярогам і прадпісанням для цяжарных. Так, напрыклад, цяжарным забаранялася працаваць у святы, “стрыгчыся, красіцца”, быць сквапнымі (“І бярэменная нічога жалець не даўжна була, а то дзіця родзіцца жадным, гліну есці будзе” (в. Казялужжа), нельга было станавіцца на вяроўку (“Дзеўке, якая носіць дзіця няльзя было станавіцца на вяроўку, бо дзіця можа задушыцца пупавінай” (в. Стралічаў), хадзіць на пахаванні і глядзець на пакойнікаў (“Бярэменнай нельзя было глядець на пакойніка ці на памерлую скаціну, а такжа хараніць, быць на пахаранах” (в. Стралічаў), дакранацца да твару рукамі пры пажары і да т.п. (“Калі бярэменная абпекалася, то ей нельзя трогаць рукамі галаву ці шэю, покуль не пройде шок, бо діця можа нарадзіцца с краснай плямай на тым месце” (в. Стралічаў), калыхаць пустую калыску (“Нельзя калыхаць каляску ці краватку, калі там няма дзіця. Гаварылі, што дзіця памрэ” (в. Стралічаў), даваць гадаваламу дзіцяці люстэрка і шыць яму вопратку з новага матэрыялу (“Да аднаго года няльзя даваць дзіцю зеркала, няльзя шыць яму адзежу з новага матэрыялу” (в. Стралічаў) і інш.
     Цяжарная жанчына імкнулася прытрымлівалацца шэрагу прадпісанняў, звязаных з засцярогай дзіцяці ад “сурокаў”. Напрыклад, “…калі цяжарная ішла на похараны, яна прывязвала да пояса чырвоную лентачку ці адзявала чырвоную хустку, каб не прычынілася ліхога. Цяжарная павінна насіць увесь час хвартух, тады дзіця не будзе баяцца благога вока. Каб людзі не ўраклі, цяжарная, як ідзе ў людзі, павінна апранаць усё да пары: пару сарочак, пару спадніц і г. д. Тады ніхто не ўрачэ. Калі цяжарная спужаецца каго-небудзь, то павінна заткнуць за пояс вялікі палец левай рукі” (в. Аравічы)). Нараджэнне дзіцяці і забеспячэнне яго шчаслівага лёсу з’яўляліся прыярытэтнымі для любой сям’і.
     Мясцовыя жыхары шчыра верылі ў прыкметы і павер’і (прычым іх прытрымлівалася не толькі жанчына-парадзіха, але і яе муж, бабка-павітуха і інш.), зыходзячы з якіх можна было забяспечыць лёгкія роды: “Трэба расплесці косы ёй, развязаць усе вузлы, адкрыць усе замкі” (в. Вялікі Бор); “Шоб лёгка радзіла, дак маліліся” (в. Казялужжа) і да т. п.
     Пасляродавы цыкл уключаў абрады і звычаі, звязаныя з прыняццем нованароджанага ў грамадска-сямейны калектыў. У гэтых адносінах вылучаўся абрад наведвання парадзіхі і нованароджанага сваякамі і знаёмымі Адзначым, што ў вёсках Хойніцкага раёна наведваць парадзіху (“прыходзіць у адведкі”) маглі праз некалькі дзён, прычым толькі родныя і знаёмыя з шэрагу замужніх жанчын і абавязкова з якімі-небудзь стравамі: “Хто родзіць дзіця, дык сабіраюцца тады бабы і ідуць даведацца. Бралі міску мукі, крупу, ілі сухароў напякуць, ілі якога малака возьмуць, ну што было. Прыходзяць сюды, етая рожаніца саджае за стол. Там іх сабярэцца чалавек пяць-шэсць, а можа і болей. Вуп’юць, тады закусяць, трохі пагуляюць і пайшлі дадому. Ета былі так называемыя вотведы” (в. Алексічы).
     Асабліва важным і надзвычай урачыстым лічыўся абрад хрышчэння. Заўважым, што ў рытуальных дзеяннях, выкананне якіх было звязана з галоўнымі персанажамі (кум, кума, бабка-павітуха) радзінна-хрэсьбіннай цырымоніі, не было нічога выпадковага і раптоўнага: загадзя выбіралі хросных бацькоў (“Хлеб вязуць куме і куму. З хлебам бацькі ішлі да кумоў, каб пагадзіліся” (в. Клівы)), бабку-павітуху (“За бабу бралі тожа тую, што была пры родах” (в. Вялікі Бор)), прызначалі дзень хрышчэння.
     Кожны з персанажаў выконваў свае строга акрэсленыя абавязкі: бабка-павітуха рыхтавала дзіця да паездкі ў царкву (“На хрэсьбіны дзіця ў царкву сабірае баба: мые, пелянае ў свае пялёнкі, адзявае ў сваю адзежу” (в. Стралічаў), хросныя павінны былі аднесці нованароджанага ў царкву, прытрымліваючыся пэўных патрабаванняў, таксама строга рэгламентаваных, святар праводзіў царкоўны абрад хрышчэння дзіцяці (“У дзень нараджэння ці назаўтра дзіця вязуць у царкву хрысціць. Кум з кумою садзяцца на лаве, а хазяйка перад тым закрывае печ засланкаю, каб у дарозе добра паводзілася. Кумы бяруць у дарогу хлеб і соль, каб дзіця багатае было. У цэркві кумы хрысцілі дзіця, а як бацюшка састрыжэ ў дзіцяці валосікі, то кум капае на іх воскам і кідае ў купель. Калі валасы адразу патонуць, то дзіця скора памрэ, а як будуць наверсе плаваць, то дзіця будзе шчаслівае” (в. Аравічы); “У цэркву едуць толькі кум, кума і дзіця. Радзіцелей не бяруць. За бабу бралі тожа тую, што была пры родах. У цэркві кума адзяе дзіця ва ўсё сваё. Як родзіцца дзевачка, тады насілі яе да варот, а калі хлопчык, то за вароты” (в. Вялікі Бор). Усе названыя абрадавыя дзеянні мелі важнае значэнне і былі скіраваны на захаванне дзіцяці ад усяго дрэннага і на забяспячэнне доўгага і шчаслівага жыцця.
     Безумоўна, ганаровымі гасцямі на гэтым застоллі былі кум, кума, бабка-павітуха, якіх садзілі на лепшыя месцы і адорвалі падарункамі: “Пасля царквы ўсе садзяцца за стол. Куму, куме і бабе радзіцелі дарылі падаркі” (в. Стралічаў); “Калі кумы з дзіцём вяртаюцца з цэрквы і ўсе госці збіраюцца ў хаце, парадзіха падносіць бабе падарак, кланяецца ў ногі і кажа: “Прасціце мяне, бабусечка. Дзякуй вам за вашу працу, што не пагрэбавалі мною” (в. Аравічы).
     Кульмінацыяй хрэсьбіннага застолля з’яўлялася рытуальнае біццё “бабінай кашы”, якой надавалі магічнае значэнне. Знешняя гульнёвасць і гумарыстычнасць гэтых абрадавых дзеянняў мела на мэце пэўныя сімвалічныя функцыі: закладванне асноў будучага дабрабыту дзіцяці, а таксама пажаданне бацькам далейшага працягу роду. Паводле народных уяўленняў, чарапкі з кашы павінны былі садзейнічаць нараджэнню дзяцей: “А чарапкі з етага разбітага гаршка потым адзявалі на галаву. Ета ўжо счыталася, што будзе дзяцей багата. Ета каша абычна называлася “кумава каша” ілі “бабіна каша” (в. Алексічы).
     Радзінна-хрэсьбінныя абрады суправаджаліся песнямі-ілюстрацыямі, сярод якіх вылучаюцца велічальныя (для маці і бабкі-павітухі), гумарыстычныя (для бабкі, кума, кумы), застольна-бяседныя (часта не звязаныя з радзіннай абраднасцю). Як бачна, радзінна-хрэсьбінны комплекс жыхароў Хойнікшчыны адрозніваецца багаццем лакальных асаблівасцей, характэрных для розных структурных кампанентаў, семантычнай разнастайнасцю абрадавых дзеянняў, шырокім спектрам міфалагічных уяўленняў.
      У сістэме сямейнай абраднасці значнае месца займае вяселле. Гэта своеасаблівае тэатралізаванае прадстаўленне, якое складаецца з трох частак: давясельнай, уласна вясельнай і паслявясельнай. У структуры хойніцкага вяселля вылучаюцца наступныя абрадавыя моманты: сватанне, заручыны, зборная субота (“вянкі”), пасад, каравай, першы дзень вяселля, другі дзень вяселля, паслявясельная частка (“гуляць зайца”, “пярэзвы”, “хадзіць у цыганы”, “куры”, “пеўні”, “крошкі”).
      У сватанні і звязаных з ім песнях яскрава раскрываецца старадаўняя форма шлюбу – купля-продаж нявесты. Аб гэтым сведчаць прадстаўленыя ў розных мясцовых варыянтах вяселля рытуальныя дыялогі, якія адбываліся падчас сватання паміж бацькамі маладых (“Прыходзяць і бацька кажа: “Мы прышлі купіць у вас цёлку”. А бацька дзяўчыны кажа: “Ну, пабачым, калі панравіцца. А калі не панравіцца, так далей пашукаеце. А калі панравіцца, так пакупайце”. Ну тады ўжо так пагаварылі, заходзяць у хату, і калі дзеўка гэты хлеб, што прыняслі, разрэзала, то, значыць, яна сагласна. Тады ўжо на стол накрываюць, за стол сватоў садзяць, а яны ўжо на стол кажуць: “Значыць, купілі мы цялушку” (г. Хойнікі (в. Валокі).
      Звычайна на заручынах (змовінах) дамаўляліся аб тэрмінах вяселля, пры гэтым, напрыклад, у в. Дворышча адбываліся на гэтым этапе рытуалы “звядзення” свечак маладых і “перапівання” гарэлкі сватоў (“Патом як на парозе ўваходзіць матка, не матка, а цётка, і, етае, нясе свечкі. Іх тры разы паляць і тры разы тушаць на парозе. Свечкі – ета закон: свечка маладое і свечка маладога. Свечкі вялікую роль іграюць, ну а ўжэ патом, як гэтыя свечкі звязалі, іх перапіваюць – за іх гарэлку просяць” (г. Хойнікі (в. Дворышча).
      Зборная субота як структурны кампанент у сістэме вясельнай абраднасці Хойнікшчыны быў вядомы пад назвамі “дзявочы вечар”, “ёлка”, “вянок”. Збіраліся сяброўкі маладой: “…яны пелі песні, вілі для маладых вяночкі з руты. Калі свадзьба была зімой, то руту гатовілі з лета” (в. Аравічы).
      Перад вянчаннем асобна ў хаце жаніха і нявесты адбываўся такі абрадавы момант, як пасад (саджэнне жаніха і нявесты на дзяжу, пакрытую кажухом), які сімвалізаваў своеасаблівае благаславенне маладых на шлюб (“Перад тым, як ехаць жаніцца, нявесту садзілі на пасад. Яе брат або проста хлопчык расплятаў ёй косы, расчэсваў, а тыя, што выпалі, кідаў у печ. Калі валасы ўпадуць у печ, то замуж другі раз яна не пойдзе. Як не даляцелі, то хутка яна памрэ, а калі паляцелі ўбок, то памрэ жаніх. Потым брат вядзе нявесту да бацькоў, каб благаславілі яе. Бацькі даюць благаслаўленне, а хлопчык вядзе нявесту на пасад. Ставіцца дзяжа, наверх кладзецца вывернуты кажух. На дзяжу садзіцца нявеста, калі яна яшчэ дзеўка, а калі не дзеўка і сядзе, то абразіць каравай і ёй у жыцці не будзе ні ў чым шчасця” (в. Аравічы).
      Адметнасцю беларускай вясельнай абраднасці на тэрыторыі Гомельшчыны, у тым ліку і Хойнікшчыны, з’яўляецца каравайны абрад. Што датычыць каравайных песень, то ў іх змесце найбольш глыбока адлюстраваліся традыцыі народнай “смехавай культуры”. Жартамі, смехам, здзекамі, кпінамі і весялосцю імкнуліся засцерагчы сам працэс падрыхтоўкі каравая ад уздзеяння звышнатуральных сіл. Каравайныя песні можна ўспрымаць і як своеасаблівае папярэджанне не здзяйсняць тых дзеянняў, якія супярэчаць народнай маралі, шкодзяць лёсу маладых, а таксама і як пажаданні ім быць дбайнымі гаспадарамі. Праз мастацкія прыёмы персаніфікацыі і гіпербалізацыі каравая, печы і іншых прадметных атрыбутаў дасягаецца стварэнне камічнасці сітуацый у вясельнай абраднасці і паэзіі. Жыццядайная сіла смеху ў дадзеным выпадку, верылі, магла непасрэдна паўплываць на якасць падрыхтоўкі і выпечкі каравая. Паэзія каравайнай абраднасці – выдатны ўзор амбівалентнасці народнага смеху, калі, з аднаго боку, гучаў непасрэдна матыў услаўлення працы каравайніц, а з другога боку меў месца здзеклівы, выкрывальны смех у дачыненні да сур’ёзнага і важнага каравайнага працэсу, з вынікам якога – караваем (абрадавым хлебам) быў звязаны рытуал благаславення маладых з боку ўсяго роду, пажаданне ім шчаслівага і заможнага жыцця.
Залатары-купцы едуць,
Залаты абруч вязуць,
Нам на чэсць, на славу
Нашаму караваю.
Губатая ўчыняла,
А рылатая мясіла,
А красная ды харошая

У печ садзіла (в. Кажушкі).
      Каравайныя пажаданні, якія мелі месца ў структуры хойніцкага вясельнага абраду, з’яўляюцца яскравым сведчаннем глыбокай народнай мудрасці нашых продкаў, філасофскага характару іх этнапедагагічнай скіраванасці. У лаканічных, іншы раз рыфмаваных радках гучалі спаконвечныя народныя ўстаноўкі, якія датычаць шчаслівага сямейнага жыцця. Невыпадкова заклікалі ў пажаданнях шанаваць бацькоў, паважаць адзін аднаго, клапаціцца аб прадаўжэнні роду: “Дарую курку квактуху, штоб любiла свякруху!”; “А я сваiм маладым жылаю шчасце-долю i век доўгi, i мяшок грэчкi, штоб маладая маладому насiла яечкi”; “Сколькi ў лесе пянькоў, штоб у маладых було столькi сынкоў!”; “Дарую каробку глiны, штоб пазвалi на хрысцiны!”; “Дарую шчасце i любоў i каробку буракоў, штоб не любiла чужых мужыкоў!” (в. Вялiкi Бор).
     Другі дзень вяселля на Хойнікшчыне адметны тым, што “завіваюць” маладую: “Каравай падзяліўшы, пачыналі завіваць маладую. Для гэтага бралі жонак, якія добра жылі ў пары. Яны знімалі вянок і пачыналі намазваць галаву маслам, каб жытка була па масец. Запляталі касу, каб жонка мужа баялася, ды на другіх не заляцалася. Надзявалі хустку, і яна ўжо була маладзіцай” (в. Вялікі Бор).
     Мясцовыя жыхары верылі ў шматлікія прыкметы і павер’і, скіраваныя на забеспячэнне трывалага шлюбу і сямейнага дабрабыту: “А маладыя даўжны быць у пары, і даўжон малады ўвесь вечар вадзіць маладую, і штоб іх не раз’едзенілі, і тады яны будуць жыць мірна і гласна. І калі мрака такая, ідзе дождж, ета будуць яны багатыя” ( г. Хойнікі (в. Дворышча). Калі ехалі да вянца, то асцерагаліся, каб не “распрэгліся” коні: “Если невеста доехала до поворота в конце деревни и у неё распрягалась повозка, а лошади убежали в разные стороны, то молодые долго жить не будут. А если без происшествий пройдёт дорога, то молодые будут жить долго и счастливо” (в. Храпкава), а таксама, каб засцерагчы маладую ад звышнатуральнага ўздзеяння нячыстай сілы, “пры выездзе да шлюбу, абвязвалі яе зялёнай ніткаю, а на нітку тую прывязвалі анучку з крошкай хлеба, драбком солі і часначынкай” (в. Аравічы). Асабліва значнай прысутнасцю прыкмет і павер’яў вызначаўся каравайны абрад. Лічылася ў народзе, што “калі дзень хмурны, то каб жыццё маладых не было цяжкае, рашчыну на каравай не пачынаюць, пакуль сонца хоць на хвіліну не выгляне з-за тучы”. З мэтай прагназавання поўнай сям’і павінна была “лепшая нявесціна дружка прыносіць тройчы ваду, тройчы сыпле муку ў замес, цеста замешваюць тры жанчыны, дзяжу накрываюць трыма кажухамі. Усё робяць тройчы, каб была тройка – мужык, жонка і дзеці”. Каб маладым дасягнуць гармоніі ў сямейным жыцці, то забаранялася “цеста на каравай мясіць кулакамі, бо мужык будзе жонку біць”. Імкнуліся адказна і дакладна выконваць усе рытуалы, звязаныя з падрыхтоўкай каравая, каб не пашкодзіць яго і каб ён атрымаўся ўдалым, таму што “яшчэ раз пекці нельга”; а “калі на спечаным караваі будзе трэшчына, то гэта дурная прыкмета: хто-небудзь памрэ” (в. Аравічы).
     Паслявясельны перыяд, як адзначалася вышэй, у вёсках Хойніцкага раёна меў розныя назвы: “пярэзвы”, “хадзіць у цыганы”, “куры”, “пеўні”, “крошкі”, “гуляць зайца”. Напрыклад, у в. Алексічы “гулялі зайца” ў хаце маладога. Выкананне песень пра зайца на вяселлі нярэдка было звязана з абрадам шлюбнай ночы і вызначэннем цнатлівасці нявесты. Прадуцыравальная і дзетанараджальная сімволіка зайца знаходзіць пацвярджэнне ў сатырычных абрадавых дзеяннях мясцовай гульні: “Адзяюцца некалькі чалавек ва ўсё рванае, смешнае, чудзяць. Гэта цыгане. Бегаюць у розныя хаты, хватаюць хто што: яечкі, хлеб, кур. Адзін чалавек перадзяваецца ў кажух – гэта заяц. Цыгане круцяць ляльку. Бегаюць па двары, абліваюцца гарэлкай. Заяц уцякае, хто-небудзь страляе ў зайца, ён падае. Зайца кладуць на стол. Абліваюць гарэлкай, мо жывы? Потым лупяць, ён ляжыць. Скідаюць кажух, шапку (аблупліваюць). Заяц ускоквае і танцуе на столку. Госці ідуць у хату “есці зайчаціну”. У гасцей твары сажай вымазаны. З гасцей выбіраюць маладога і маладую, дзеляць каравай. Садзяць маладых на кут, вешаюць вянок цыбулі на маладую. Калі ў сям’і было апошняе дзіцё, то за маладых садзяць бацькоў. “Зайца” гуляюць і ў хаце маладой. Маладыя гуляюць самі па сабе”.
     Сярод асноўных кампанентаў пахавальнай абраднасці Хойніцкага раёна вылучаюцца вераванні, прыкметы і павер’і, абрадавыя дзеянні, галашэнні, што адпавядае структуры агульнаэтнічнай пахавальнай традыцыі. Як і ў радзінна-хрэсьбіннай, і ў вясельнай абраднасці, у сістэме пахавальнага абрадавага комплексу, складаным і шматпланавым, значнае месца адводзілася народным вераванням. Было прынята ў мясцовай традыцыі “закрываць усе зеркала”, спыняць гадзіннікі (в. Слабажанка), калі паміраў чалавек.
     Магічнае значэнне надавалі вадзе, якой абмывалі цела нябожчыка. Лічылася, што ў такім выпадку вада набывае шкодныя якасці, таму і пазбаўляліся яе. Дадзенае павер’е атрымала іншае значэнне ў мясцовай традыцыі в. Стралічава: гэту ваду “выліваюць дзе-небудзь у куточак ілі на перакростак, штоб па ёй не хадзілі, каб нябожчыку не было важка на тым свеце”.
     Міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з верай у тое, што птушкі ўвасабляюць душы памерлых, адлюстраваны ў мясцовым звычаі карміць гэтых птушак рэшткамі ежы, якую пакідалі для памерлага ў сподачку на падаконніку: “Калі падаюць на стол, то на стале ставілі свечу і блюдцэ для пакойнага. І ў гэта блюдца лажылі німнога пакойнаму. А после абеда, гэтую ежу (пакойнага) аддавалі птушкам. Людзі лічылі, што птушкі, гэта былі пакойныя людзі” (в. Віць).
     Прытрымліваліся жыхары Хойнікшчыны і прынцыпаў народнай практыкі, звязанай з адзеннем памерлага: “Адзенне, якое было ў смяротны час на нябожчыку, коўдру, прасціну, на якой ён паміраў, закопвалі каля магілкі. Памыўшы, нябожчыка прычэсвалі і пачыналі адпяваць” (г. Хойнікі).
     Зыходзілі з правіл зямнога этыкету і жыхары Хойнікшчыны,збіраючы нябожчыка ў апошнюю дарогу: клалі ў труну рэчы, якімі той карыстаўся пры жыцці, кідалі ў магілу грошы і жменьку зямлі (“На могілках у магілу да нябожчыка кідаюць жменю свянцонай зямлі і грошы” (г. Хойнікі). Шанаванне памяці памерлых і ашчадныя адносіны да магілак, выкананне памінальных абрадаў (“На Радаўніцу людзі ездзяць на могілікі, памінаюць памёршых. У гэты дзень на могілкі кладуць фарбаваныя свянцоныя яйкі і кавалкі пасхальнай булкі. На “Дзяды” заўсёды гатуюць вячэру, якую пакідаюць на ўсю ноч на стале. А перад тым, як ісці спаць, людзі запрашаюць памёрлых на вячэру. У гэты дзень абавязкова гатавалі рытуальную страву “канон”. Яе гатавалі з маленькіх кусочкаў булкі, мёда і вады” (г. Хойнікі) – устойлівая традыцыя на Хойнікшчыне.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019