Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
З мінулага папрыпяцкіх вёсак 
(лістапад 2008 г.)
     Аб некаторых сёлах нашага рэгіёна першыя пісьмовыя звесткі больш інфарматыўныя, чым тыя, што маюць дачыненне да Хойнік. Яно і нядзіўна. Людзі ахвотней асядалі не ў забалочаных мясцінах, а там, дзе зручней весці земляробчую гаспадарку – на берагах паўнаводных Прыпяці, Дняпра і прытокаў. Гэтыя населеныя пункты раней узнікалі, хутчэй траплялі да розных уладальнікаў, а інфармацыя пра іх – у гістарычныя крыніцы.
     У артыкуле "Зніклыя паселішчы, зніклыя назвы” задавалася пытанне: калі тульгавічанам адзначаць 500-годдзе сваёй вёскі – у 2008 ці ў 2011 годзе? Аднак, святкаваць юбілей ужо позна. З аднаго боку, гэта прыкра, але ўрэшце і добра, бо дзякуючы гісторыкам XIX ст. і нам стаў вядомы каралеўскі ліст яшчэ ад 24 мая (3 чэрвеня н. ст.) 1506 г. Тэкст самай ранняй на сёння згадкі пра населены пункт Хойніцкага раёна мусім прывесці на мове арыгінала:
      Александръ божю милостью корол полский
    Воеводе киевскому князю Ивану Львовичу Глинъскому. Бил намъ чоломъ дворенинъ нашъ князь Василей Мунча и поведил перед нами, штож отчину его неприятел нашъ великий князь Московский забрал и посел, и не мает ся на чомъ поживити. И онъ просил в насъ села в Мозырскомъ повете на имя Тулеговичов [Тулеговичъ], а поведал нам, штож с того села дани грошовое и медовое и бобровъ и куницъ всего того – десят копъ* грошей нам даивали. Ино и твоя милость о томъ намъ поведил, ижъ тая речь такъ есть, какъ он намъ поведал. Ино мы з ласки нашое за его к нам верную службу тое село Тулеговичи со всим с тым ему дали, какъ на насъ держано, и твоя бы милость ему в то увязанье далъ…(Акты Литовско-Русского государства. Вып 1. Т. 2. (13901529)./Сост. М. Довнар-Запольский. Москва, 1897. С. 119 – 120).
    Праз два гады былы верны слуга караля далучыўся да мяцяжу князя Міхала Глінскага, а пацярпеўшы паражэнне, уцёк у Маскву. Тульгавічы аддадзены былі гаспадарскаму дзяку Васку Пятровічу. Як вынікае з апісання Мазырскага замка 1552 г., ужо ў 1512 г. імі ў якасці выслугі валодалі навагрудскія зямяне Заройскія, якія напярэдадні складання дакумента прадалі сяло з пятнаццаццю чалавекамі пану Герасіму Калантаю (АрхивЮЗР. Ч. VII. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России.  Киев, 1886. С. 644). 
 
 
      У хойніцкай кнізе "Памяць” пададзена інфармацыя, паводле якой у 1570 – 1580 гг. папрыпяцкія вёскі Аравічы, Баршчоўка, Масаны належалі Міхайлаўскаму (Залатаверхаму) манастыру ў Кіеве. Маем пра тыя паселішчы і больш раннія звесткі. У памятным запісе 1526 г. ігумена Макарыя сказана, што на карысць згаданага манастыра "зъ Масановича земле две ведре меду идетъ**, а каля "Борщовки поле Михаиловское звечное”. Да таго ж ігумен "купилъ есми у Марка (усё ж: Макара) Орменина Киевского две службе, у-въ Оревицкои волости*** Лысковщину а Погоны, дани идетъ: чотыри кади меду, а осмьдесятъ грошеи серебра, бочка рыбы; а далъ есми за тое 5 копъ грошеи и сорокъ копъ грошеи Литовское личбы” (Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. (1506 – 1544). С.-Петербург, 1848. С. 167 – 168). Аднак, у 1543 г. кароль Жыгімонт I Стары выдаў грамату, у якой чытаем: "Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людеи, на Припяти, у Воревичохъ, на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макареи за сто копъ грошеи Литовское монеты у толмача [перакладчыка] нашого Макара Орменина… ”. Навошта зноў білі чалом, калі службы і так належалі манастыру? Справа ў тым, што праз нейкі час пасля набыцця прывілей на ўладанне і прадажныя лісты ваявода кіеўскі Андрэй Неміровіч "до скарбу своего взялъ”, а прызначаны пазней ігумен Падапрысвет "мешкавши съ полгода у манастыри, и утекъ прочь, и великие шкоды церкви Божьи починилъ, и тыи листы зъ собою побралъ, або ихъ неведомо где поделъ”. Але дзякуючы сведчанню спраўцы ваяводства Кіеўскага Андрэя Сангушкавіча і кіеўскіх зямян, неаднаразова бачыўшых арыгіналы дакументаў, кароль пацвердзіў манастыру яго права на валоданне Лыскаўшчынай і Пагонным (Тамсама. С. 394 – 396).
 
 
    Прыведзеныя ўрыўкі дазваляюць спыніць дыскусію аб пачатковай форме назваў вёсак Аравічы і Пагоннае¹. Паставіць на пісьме ажно дзве запар галосныя літары, каб паведаміць, што службы знаходзіліся ў Аравіцкай "воласці”, аўтару запіса 1526 г. было не менш цяжка, чым жыхару вёскі, беларусу, тое ж самае вымавіць. Так з’явілася паміж галоснымі "въ”. А ў грамаце 1543 г. пісар злучыў яго з назваю. Наўрад ці нашыя Аравічы ён пераблытаў з украінскім сялом Варовічы ў Оўруцкай воласці, апошнія бо – далекавата ад Прыпяці.
    Тое, што Пагоннае спачатку іменавалі Пагонамі****, здымае пытанне аб паходжанні назвы: як і меркавалася, не ад "гоні”, але  ад "пагона”. Потым, як мы бачылі, згадана служба Пагонная. Магчыма, адразу тут стаялі пагоны бацькі і аднаго ці двух сыноў, бо ў першай палове XVI ст. службу, г. зн. адзінку абкладання павіннасцямі сялян-даннікаў, складалі 2-3 дымы. А маглі жыць і чужыя між сабой людзі. З цягам часу служба вырасла ў сяло Пагоннае. Такім чынам, адпаведная забудова не абавязкова была звязана з правядзеннем "валочнай памеры” (гл.: ЛС. 25. XI . 2006), існавала і раней, у тым ліку, у маладворных паселішчах, якія не мелі вуліц. Але выглядае так, што яна рабілася ўзорам для новых пасяленцаў.
     На заканчэнне заўважым, што востраў Кажушкі згаданы яшчэ пад 1512 годам у "Акце абмежавання Брагінскай воласці"*****, сяло Кажушкаўцы або Кажушкавічы – пад 1552 г. у апісанні Чарнобыльскага замку, а сярод вёсак Папрыпяцця, якія ў 1581 (магчыма, яшчэ ў 1563) і 1628 г. належалі Пячэрскаму і Свята-Мікалаеўскаму (Пустынскаму) манастырам у Кіеве, А. Ябланоўскі назваў Аравічы, Радзін (Radyn, Rudyn) у першым выпадку, Дронькі (Drony, Drunki)***** – у другім.
 
*Капа раўнялася 60 грошам.
**Тут гаворка не пра сяло, а пра чалавека Масановіча; у апісанні Чарнобыльскага замка 1552 г. (АрхивЮЗР. С. 558) ужо ў множным ліку – Масановічы; у крыніцы 1569 г., паводле А. Ябланоўскага, – Масаны, якія ў 1628 г. належалі панам Радзімінскім.
***Воласць то была не Аравіцкая, а Беласароцкая; мелася на ўвазе, што службы – паблізу больш вядомых тады Аравічаў. Цікава, у другой палове XIX ст. цэнтр гэтай воласці (Дзёрнавічы) – таксама на Нараўляншчыне.
****Паводле формы аднатыпны з Пагонамі і тапонім Валокі. Вёска ўзнікла там, дзе былі намераны валокі зямлі, а не пралягаў, як на думку некаторых мясцовых жыхароў, нейкі волак. Адкуль і куды той волак – навокал адны балоты і лес! І чаму назва выступае назоўнікам множнага ліку? Гэта яшчэ раз пацвярджае старую ісціну: пры вывучэнні гісторыі карыстацца фальклорнымі звесткамі  трэба вельмі асцярожна.  
*****Раней, у 1512 г. – востраў Дронкі (НГАБ. Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 19. А. 1049 адв.).                                                                                                         
¹Высветлілася, што аб назве Пагоннага дыскусію спыняць зарана; гл.: Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 9 (1511–1518). Vilnius: Žara, 2002 [2004]. № 204, а таксама дадатковы да першага артыкула матэрыял "Куфэрак...”.
С. Бельскі
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019