Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Паўстанне 1831 года на ўсходзе Палесся
     Весткі аб падзеях 1830 г. у зноў рэвалюцыйнай Францыі ўскалыхнулі Еўропу. А намер расійскага імператара Мікалая I паслаць войскі на задушэнне бельгійскай рэвалюцыі непасрэдна падштурхнуў да выступлення патрыятычную частку шляхты ў Каралеўстве (Царстве) Польскім, якая ў чарговы раз паспрабавала аднавіць Рэч Паспалітую ў межах да 1772 г. У ноч на 29 лістапада ў Варшаве пачалося паўстанне, якое ў хуткім часе ахапіла ўсю Польшчу, а ў сакавіку-красавіку 1831 г. узняліся Літва і заходнія паветы Беларусі.
     Выступленні паўднёвых паветаў Міншчыны – Мазырскага, Рэчыцкага (таксама і Пінскага) – належалі хутчэй да комплексу паўстанняў на Валыні і Кіеўшчыне, чым у астатняй Беларусі і Літве. Цэлы шэраг фактаў паказвае на сувязь паўстанцкіх рухаў тут з паўстаннямі паветаў Оўруцкага і Радамышльскага. Мінскія паветы ўзняліся ўсяго праз некалькі дзён пасля выбуху на Украіне. Калі разбітыя валынскія паўстанцы пайшлі на поўнач, на тэрыторыю Міншчыны, рэшткі мазырска-рэчыцкага аддзелу накіраваліся на поўдзень. Магчыма, акрамя вонкавых акалічнасцяў, якія схілілі паўстанцаў суседніх паветаў да пошуку сховішча ў тых самых наваколлях, у справу ўступіла і жаданне, хоць і занадта позна рэалізаванае, аб’яднаць раздробненыя сілы супраць шматразова мацнейшага праціўніка. Правадыр мазырскага паўстання Фелікс Кеневіч, а таксама некалькі іншых паўстанцаў з паўднёвых старон Міншчыны, наладзілі сувязі з інсургентамі Валыні. У лісце, накіраваным да расійскіх уладаў ужо з эміграцыі, Кеневіч паведаміў, што пачаў акцыю, галоўным чынам, з-за угавораў эмісара Напалеона Навіцкага, які мог прыбыць толькі з поўдня. Аскеркі і некалькі іншых паноў з Рэчыцкага павету, паводле слоў затрыманага ў ваколіцах Радамышля паўстанца падпаручніка Чарнецкага, меліся ездзіць да лагеру радамышлян, размешчанага недалёка ад Ваўчкова. Меркавалася нават стварыць супольную вышэйшую ўладу над Рэчыцкім, Мазырскім і Оўруцкім паветамі; а гонар узначаліць яе прапаноўвалі, як паведамлялі расійскія чыноўнікі, сямідзесяціаднагадоваму Каралю Прозару, былому абознаму ВКЛ, які ад часу вяртання ў 1829 г. з колькігадовага зняволення ў Варшаве і Пецярбургу знаходзіўся ў сваім маёнтку Хойнікі Рэчыцкага павету. Маршалак Ануфры Галецкі звярнуўся да абознага з лістом, заклікаючы яго да дзеяння, пра што стала вядома ўладам. Планавалася стварэнне пад яго камандаваннем аддзелу, які б налічваў да 1000 чалавек і да арганізацыі якога, падобна, нават прыступілі. Устрымалі старца, паводле М. Дубецкага, "настойлівыя рэкамендацыі сыноў і слабнучыя сілы фізічныя”. Непасрэднага ўдзелу ў паўстанні абозны не ўзяў. Здаецца, аднак жа, у Хойніках адбываліся таемныя нарады патрыётаў, 16 ліпеня 1831 г. ротмістр Крузэ ў рапарце да губернатара Дрэбушова пісаў, як у час сваёй бытнасці ў Хойніках даведаўся "зусім дакладна, што Прозар яшчэ перад выбухам беспарадкаў, прыняў кіраўніцтва над паветамі: Оўруцкім, Рэчыцкім і Мазырскім”*. Следчая справа, распачатая супраць абознага, была спыненая распараджэннем графа Строганава, які прыйшоў да высновы, што "далейшыя допыты не могуць прывесці да выкрыцця важнейшых акалічнасцяў” (25 студзеня 1832г.).
      Заклік да дзеяння не пайшоў з павету Рэчыцкага. Кінуў яго з суседняга Мазырскага павету Фелікс Кеневіч, малодшы з трох сыноў не жыўшага тады ўжо Антонія Кеневіча, падкаморага мазырскага. У канцы мая Фелікс Кеневіч разам з некалькімі таварышамі арганізаваў выступленне. Пакінуў свой родавы маёнтак Дарашэвічы на левым беразе Прыпяці (сёння – Петрыкаўскі раён) і, абраны сваімі паплечнікамі правадыром, назваўся членам Часовага Польскага Ўрада ды пачаў узбройвацца ў наваколлі Нароўлі і Барбарова, што на тэрыторыі ўжо Рэчыцкага павету. На чале невялікага аддзела, які складаўся з ледзьве больш як дзесятка чалавек, аб’язджаў наваколлі Прыпяці, вярбуючы шляхту і сялян. Тым астатнім абяцаў зямлю і вызваленне ад паншчыны.
      У Барбарове, маёнтку Аляксандра Горвата, да яго далучыліся 12 чалавек – 5 шляхцічаў ды 7 валасцян. Было папаўненне кантаністамі таксама з маёнткаў Галоўчыцы Станіслава Горвата і Нароўля вышэйназванага Аляксандра. Яшчэ Ф. Кеневіч забраў6 коней пана Даніэля Горвата.Узаемадзейнічалі з ім двое Аскеркаў: Эмілі, сын (тады ўжо нябожчыка) падкаморага, а потым павятовага маршалка Паўла Аскеркі, а таксама стрыечны брат Эмілія – Антоні. У сваіх маёнтках Вадовічы ў сучасных Калінкавіцкім і Алексічы  Хойніцкім раёнах Аскеркі, паводле даносаў тамтэйшых праваслаўных святароў, выконвалі паўстанцкія прыгатаванні: рыхтавалі зброю і правіянт, арганізавалі аддзел, які складаўся з 50 чалавек. Двухразовая рэвізія, праведзеная ў Вадовічах ротмістрам фон Крузэ, нічога падазронага, аднак, не выкрыла; такія самыя вынікі мела следства, праведзенае на месцы афіцэрам жандармерыі Аляксандравым. Але ёсць даклад падпалкоўніка Туталміна з паведамленнем, што Эмілій Аскерка сапраўды меў дачыненне да руху: ездзіў да паўстанцкага аддзелу ў Мухаеды, аднак, у хуткім часе з’явіўся да яго з просьбай аб дараванні і на падставе імператарскага ўказа ад 4чэрвеня 1831 г. быў пакінуты на волі. Чыннага ўдзелу ў падзеях Аскеркі не ўзялі. Праўдападобна, дзейнасць іх абмяжоўвалася пэўнай дапамогай роўна Кеневічу, як і радамышльскім паўстанцам.
       Згуртаваўшы за кароткі прамежак часу некалькі дзесяткаў чалавек, Кеневіч каля 6 чэрвеня распачаў энэргічныя дзеянні. Аддзел яго кружыў па наваколлю на поўдні ад Мазыра; на Оўруцкім тракце інсургенты занялі паштовыя станцыі ў Міхалках і Караліне, а таксама ў Кузьмічах, якія знаходзіліся ўжо зусім блізка ад Оўруцкага павету. Перанялі эстафеты і раззброілі дробны расійскі аддзел, што канваіраваў арыштантаў. Праз некалькі дзён, Кеневіч, навязаўшы папярэдне патаемныя стасункі з некаторымі расійскімі салдатамі размешчанай у Мазыры пад кіраўніцтвам падпаручніка Артабаеўскага каманды інвалідаў, з якой да яго перайшлі два чалавекі, 11чэрвеня з’явіўся пад Мазыром. Каля самога места адбылася бітва з гарнізонам, пасля якой паўстанцы адступілі ў паўднёвым кірунку да Міхалак. Невядома, ці ўдзельнічаў у сутыкненні сам Кеневіч, ці, што больш праўдападобна, у ім брала ўдзел толькі частка яго людзей; невядома таксама нічога пра страты паўстанцаў. Маецца звестка, што ў сутычцы быў паланёны адзін з паўстанцаў, які засведчыў канцэнтраванне аддзела ў Міхалках. Яшчэ ў той самы дзень высланы з Мазыра а 8-й гадзіне вечара расійскі атрад, па прыбыцці каля 1-й гадзіны пасля поўначы да Міхалак знянацку ўдарыў на паўстанцаў і цалкам іх разбіў**. Былі параненыя і забітыя; частка паўстанцаў апынулася ў няволі; рэшта разбеглася па навакольных лясах. Відавочна, толькі невялікая група паўстанцаў пад камандай Кеневіча здолела адступіць на поўдзень, у наваколле Мухаедаў, дзе злучылася з інсургентамі, разбітымі ў Оўруцкім і Радамышльскім паветах.
      Прыкладна ў той жа час адбыліся вырашальныя падзеі і ў тых двух паветах. Паўсталі яны ў маі пад камандаю сваіх маршалкаў: ОўруцкіВільгельма Галавінскага, РадамышльскіАнуфрыя Галецкага. Радамышляне, занадта слабыя, каб авалодаць сваім павятовым местам, заняўшы на кароткі тэрмін Чарнобыль, укрыліся паблізу Беласарок на правабярэжжы Прыпяці, у межах Рэчыцкага павету (сучасная Нараўляншчына). Іншы паварот атрымалі падзеі ў суседнім павеце. Оўруч, размешчаны на ўзбочыне адносна буйных цэнтраў, быў апанаваны паўстанцамі.
       Звесткі пра ход паўстанняў на Кіеўшчыне і Валыні важныя ў першую чаргу тым, што дадаюць шэраг дэталяў да тэмы; акрамя таго, заключныя акты іх  часткова адбыліся на тэрыторыі Мінскай губерні.
       У наваколлі Оўруча дайшло да вырашальных сутыкненняў оўручан з наступаючымі расійскімі войскамі, пасля чаго места было спустошанае з лютасцю, падобна як у Ашмянах і Ўладзіміры на Валыні. Паводле Ст. Дангэля, гісторык Ф. Вратноўскі сцвярджаў, што паўстанцы былі разбітыя 26 мая. То, аднак, памылковая дата, бо, як даводзіў А. Пузырэўскі, Оўруч быў заняты ледзьве каля 3 чэрвеня. Адрозненне поглядаў датычыць не толькі акрэслення тэрміну падзеяў; няма згоды і ў тым, як яны развіваліся. Калі Ф. Вратноўскі пісаў толькі пра адну бітву пад Оўручам (не называючы мясцовасць), падчас якой быў спайманы цяжка паранены маршалак Галавінскі, дык А. Пузырэўскі падаў звесткі пра два сутыкненні, з якіх першае, вырашальнае, мелася адбыцца 2 чэрвеня ў лясах пад Васьковічамі, другое – на наступны дзень пад самым Оўручам. У тым астатнім быў рассеяны натоўп узброеных, пераважна абшарніцкіх валасцян, прымусова прыведзеных панамі. Абодва гэтыя апісанні зноў дакладна не адпавядаюць інфармацыі, якая утрымліваецца ў матэрыялах следчай камісіі, а таксама з агалошанымі пазней афіцыйнымі паведамленнямі камандавання расійскай арміі.
        У дакументах Камісіі захаваўся ліст мазырскага земскага спраўніка Шышко ад 28 мая, у якім ён даносіў рэчыцкаму спраўніку Карвоўскаму пра бітву пад Оўручам і за самое места. Шышко прыбыў да Оўруча адразу пасля заняцця яго ўрадавымі войскамі, выкліканы палкоўнікам Севасцьянавым, які праводзіў тую аперацыю супраць інсургентаў. Апошні, маючы тры батальёны пехоты, два эскадроны 3-га коннага палка стральцоў, адну сотню арэнбургскіх казакоў з дзвюма гарматамі і частку Александрыйскага палка гусараў***, ударыў, згодна справаздачы Шышко, на паўстанцаў пад самым местам. Лічба тых апошніх складала тры тысячы(?!) чалавек. Пасля дзвюхгадзінавай бітвы, увёўшы ў бой артылерыю, якая зрабіла шэсць стрэлаў, Севасцьянаў прымусіў паўстанцаў да адступлення. На полі бітвы яны пакінулі 43 забітых і 61 параненага, расіяне здабылі 6 штандараў, 2 сцягі, 7 марцір і ўсе пікі. Страцілі ж, па словах справаздаўцы, забітым аднаго казака, параненымі аднаго штабс-ротмістра і трох казакоў. "Па разбіццю паўстанцаў, – працягвае далей спраўнік, – места Оўруч і маёнткі правадыроў паўстання былі разрабаваныя казакамі і салдатамі, якія не падлягалі аніякаму стрыманню. Жанчыны паўстанцаў, пра якіх стала вядома, пакараныя розгамі, з паўстанцаў жа тых каля 350 чалавек шляхты звязнена. Сяляне, прыцягнутыя да паўстання, вызваляліся пры ўмове, што выдавалі сваіх паноў. За кожнага абшарніка, выкрытага з доказамі, вызначана было 10 рублёў узнагароды, за кожнага правадыра – 100 рублёў. Дык сяляне штохвілінна прыводзілі да палкоўніка паноў і шляхту з рознымі абвінавачваннямі і доказамі. З правадыроў былі спайманыя Бараноўскі, Залэнскі і Трыпольскі, забіты Зелянеўскі, уцеклі маршалак Галавінскі, Паўша, Стэцкі і іншыя з 300 паўстанцаў. Накіраваліся яны дарогай на Радамышль да Хабна, але таму што ў Радамышлі знаходзілася наша войска, былі вымушаныя шукаць сховішча ў лясах маёнтка Мухаедаўскага. Да Хабна палкоўнікам былі высланыя два батальёны і эскадрон конных стральцоў з часткай казакоў. Урэшце, Шышко дадае, што на мяжы Мазырскага павету былі пастаўленыя моцныя старожы, каб перашкодзіць пранікненню туды ўцекачоў.
       Шышко прыбыў да месца падзеяў ужо пасля заняцця Оўруча. Пра бітву ён ведаў толькі з рапарту, дзеля чаго ў справаздачы мог дапусціць пэўныя недакладнасці. Вельмі перабольшанай выглядае прыведзеная ім лічба паўстанцаў, але, з іншага боку, і лічба ў 500 чалавек, пададзеная А. Пузырэўскім, на думку Ст. Дангэля, – занадта малая****. Магчыма таксама, што адбыліся дзве бітвы: першая, вырашальная, 2 чэрвеня пад Васьковічамі, другая – пад самым местам на наступны дзень. Спраўнік мог з тых дзвюх бітваў у паведамленні зрабіць адну, і гэта тым лягчэй, што сутыкненне пад Оўручам, паводле ўяўлення пра ход падзеяў А. Пузырэўскага, было толькі заканчэннем бітвы, якая адбылася напярэдадні. Але зноў жа: калі пад Васьковічамі адбыліся вырашальныя падзеі, Шышко не забыў бы пра іх так лёгка і хутчэй замаўчаў бы оўруцкую бітву. Трэба таксама ўважаць за верагодную звестку спраўніка пра тое, што паўстанцы не былі канчаткова разбітыя пад Оўручам, але частка іх пад камандай галоўнага арганізатара руху Галавінскага здолела адысці. Зрэшты, тое згодна і з афіцыйным расійскім паведамленнем галоўнага камандзіра 1-й арміі. Менавіта, паводле данясенняў генерала Левашова, харунжы Палубінскі, высланы палкоўнікам Севасцьянавым з Оўруча з часткай казакоў дзеля высочвання паўстанцаў, натрапіў на іх пры Будзе-Любаўцы і ўзяў маршалка Оўруцкага павету Галавінскага, "галоўнага ў тым павеце верхавода”, ды быўшых пры ім спраўніка Зюлкоўскага, абшарніка Радзевіча і доктара Касоўскага*****.
       Галавінскі, адступаючы 3 чэрвеня пасля оўруцкай бітвы ў накірунку Хабна, не мог намервацца, як цвердзіць Шышко, дабрацца да Радамышля. А радамышляне ўжо з 15мая знаходзіліся ў Беласароках; яны заставаліся ў кантакце з оўручанамі і абодва аддзелы меліся злучыцца. Таксама і Галавінскі, які ведаў, дзе яны знаходзяцца, імкнуўся да навязання кантакту з імі, больш лагічна меркаваць, збіраўся ісці не да Радамышля, але – да Беласарок. Невядома, якога дня адбылася бітва пад Будай-Любаўкай; верагодна, гэта здарылася праз пару дзён пасля заняцця Оўруча. Магчыма, Галавінскі атрымаў інфармацыю аб руху ўрадавых войск супраць радамышлянаў ці нават аб паражэнні гэтых апошніх і, баючыся падыйсці занадта блізка пад Беласарокі або Углы, некалькі дзён знаходзіўся ў наваколлі Оўруча і там пацярпеў канчатковае паражэнне.
      У хуткім часе, 12 чэрвеня, былі разбітыя і радамышляне. Даведаўшыся пра падзеі пад Оўручам, яны адступілі з Беласарок у накірункуда Углоў, дзе вырашылі прыняць бой. Сілы іх налічвалі каля 500 чалавек, уключна з невялікай групай рэчыцкіх паўстанцаў. Непрыяцельскае войска наблізілася неўзабаве; камандаваў ім маёр Лявіцкі, камандзір акруговага батальёна 48-га палка стральцоў (яны дзейнічалі папярэдне супраць ковельскіх паўстанцаў). Ход бітвы быў наступны: авангард аддзела Лявіцкага, які складаўся з трох узвадоў Нежынскага палка конных стральцоў і 20 казакоў пад камандай ротмістра Ахтырскага палка гусараў барона Ферзэна, апярэдзіўшы галоўныя расійскія сілы, ударыў на паўстанцаў******. Конніца радамышлянаў смелай атакай вымусіла праціўніка адыйсці, але пры тым надта далёка выйшла наперад. Патрапіўшы, у сваю чаргу, пад агонь надыходзячых асноўных сіл расійскіх, пайшла ўрассыпную. Паўстанцкая пяхота, якая кінулася ў атаку, таксама не вытрымала наступу рэгулярных войск. Разгром быў поўны; салдаты на працягу пяці вёрст пераследавалі ўцякаўшых інсургентаў. "Страта бунтаўнікоў ў тым паражэнні – паведамляе афіцыйны расійскі рапарт – склала 200 чалавек забітых і вельмі вялікую колькасць параненых. У няволю няшмат узята, але сярод палонных – маршалак Галецкі  і абшарнік Ярашэвіч. У атацы штабс-ротмістр Шопэрт узяў адну гармату вялікага калібру і яшчэ – 3 фальканэты, 83 стрэльбы, 8 пісталетаў і 123 пікі. З нашага боку загінуў адзін ніжэйшай ступені афіцэр і 26 шэраговых. Пасля бітвы пад Угламі больш за дзесятак шляхты і абшарнікаў з Радамышльскага павету з’явіліся да падпалкоўніка Туталміна ў Рэчыцу з просьбай аб дараванні*******.
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019