Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Рэха паўстання 1863 года
на Хойнікшчыне і Брагіншчыне
       Паўстанне 1863 – 1864 года, як вядома, закончылася трагічна. Адны ўдзельнікі яго загінулі ў баях, другія склалі галовы на эшафоце, трэціх саджалі ў турмы, адпраўлялі на пасяленні і г. д. Цікава, як жа адгукнулася рэха паўстання ў вёсках і фальварках Хойніцка-Брагінскага рэгіёну.
    У НГАБ у Мінску (Ф. 296. Воп. 1. А. з. 29-а. А. 578) захаваўся, напрыклад, "Акт аб правядзенні вобыску ў маёнтку Астрагляды Рэчыцкага павету ў пана Прозара”. Пры вобыску былі знойдзены: турэцкі мушкет, банка з порахам, два паляўнічыя ражкі, дзве парахаўніцы, драбніца, адвёрткі, машынкі для падсыпкі пораху, два кракаўскія кафтаны і дзве канфедэраткі. Пана Прозара брагінскі ваенны начальнік Малярэўскі ў Астраглядах не застаў і не затрымаў. Але і цяпер яшчэ старэйшыя жыхары навакольных вёсак расказваюць, што сам Прозар некалькі дзён сядзеў на дрэве, недалёка ад свайго маёнтка, хаваўся ад пагоні і ўважліва сачыў за тым, што адбываецца ў маёнтку.
    Там ён нібы прасядзеў некалькі дзён. Увечары, па дамоўленасці, у цемнаце ён апускаў зверху ўніз спецыяльны канацік, і верныя людзі перадавалі яму па канаціку ваду, ежу, пошту. Пазней на допыце Прозар гаварыў, што ў Астраглядах не жыў, а па дарозе, едучы з Рэчыцы ў Кіеў, пакінуў у Астраглядах сваю давераную асобу – двараніна Арама Савары.
    Сёння вядома, што ў нас на Палессі, амаль у кожнай вёсцы жылі-былі калісьці дваране. У вёсцы Бабчын, напрыклад, нейкі час жыў ляснічы, дваранін Слуцкага павету Генрык Антонавіч Пяткевіч. З жонкай Паўлінай Карлаўнай (у 1864 г. ёй было 30 гадоў), якая паходзіла з Крыжаноўскіх, мелі "чатырох сыноў ад дзесяці да двух гадоў”.
     Ці багатыя былі Пяткевічы? З адказу Генрыка Пяткевіча на шосты пункт абвінавачання: "У Рэчыцкім павеце жыву 15 гадоў, у маёнтку Прозара – з 1856 года; першыя два гады будаваў смалакурню ў Прушыне, наладжваў хімічную перапрацоўку драўніны, здабычу смалы, шкіпідару, драўлянага спірту. Знаёмства маё абмяжоўвалася толькі з рабочымі, асабліва з сялянамі, наймаў людзей на работу для нарыхтоўкі дроў, лучыны, бярозавай кары, нікуды далёка не выязджаў”. З допыту Паўліны Пяткевіч ад 7 снежня 1864 года: "З прыслугі ў мяне з мужам былі летась: фурман Даніла Сямёнавіч Гузок і дзяўчына Ганна Ільінічна Літвінава і тыдні два дапамагала ў хаце Лізавета з Лісцвіна”. З просьбы палітвязня Рэчыцкай турмы Генрыка Пяткевіча памочніку ваеннага начальніка Рэчыцкага і Мазырскага паветаў Стэфановічу: "Пакінуў дома хворую жонку з дзецьмі без сродкаў для існавання...” – просіць вызваліць з-пад арышту і адправіць дадому пад нагляд паліцыі. Стэфановіч лічыць гэта магчымым, калі дазволіць начальнік. Але той не згаджаецца. У чым жа абвінавачвалі Пяткевіча? Мінская следчая камісія паведамляла ваеннаму начальніку, што Генрык Пяткевіч жыў у маёнтку пана Мечыслава Прозара, загадваў смаляным заводам, а сяляне побач з тым заводам у лесе знайшлі 11 ружжаў.            
       Перад следчымі і жандарамі паўстала задача выкрыць сувязі Прозара і Пяткевіча з навучэнцамі Мазырскай гімназіі: ці не прызначалася зброя для палітычна ненадзейнай моладзі? А трэба ведаць, што ў распараджэнні следчай камісіі быў данос настаўнікаў гімназіі ў Віленскую навучальную акругу ад 27 лютага 1863 года, у якім гаварылася, што яшчэ ў снежні 1861 г. [!] на сцяне гімназіі былі наклееныя "возмутительные стихи”: ”Позор, позор, польской земли дети! [за тое, што не змагаліся як мае быць супраць расійскага прыгнёту], ”По городу разбросаны десятки печатных возмутительных книжек на простонародном языке… Паны притесняют крестьян, грабят и бьют по щекам русских священников…” Было і такое: 19 лютага 1863 г. мяшчане Аляксей Дубатоўка, Даніла Кучура і Леанід Трос прывялі да камандзіра батальёна ў Мазыры мазырскага народнага засядацеля Бародзіча ў польскім нацыянальным касцюме”. Дубатоўка заявіў, што Бародзіч прапаноўваў яму вызваліць арыштаванага ксяндза Выганоўскага, угаворваў ехаць да Бабруйску, дзе збіралася шляхта, абяцаў грошы, пісталеты, стрэльбу, бо грошай у іх багата, ёсць зброя ў Кустаўніцы [былая шляхецкая аколіца; існавала да 1978 г. у Мазырскім р-не].       
       Вось і жадала камісія высветліць, ці не прывозіў Генрык Пяткевіч зброю з Слуцкага павету, ці быў ён знаёмы з землямерам Галіцкім і яго памочнікам А. Міркулевічам, з Вырвічам, Сакалоўскім і іншымі падазронымі ды небяспечнымі? Даніла Гузок, былы фурман Пяткевіча, на допыце, пад клятваю, гаварыў, што ў Пяткевіча было 15 ружжаў службовых (для аховы гаспадаркі, лесу, таму што ён быў яшчэ і ляснічым) і адно сваё. Фурману паказалі знойдзеную зброю. Адно ружжо пад №3 ён пазнаў. Належала яно Пяткевічу. На пытанне: "Ці быў Пяткевіч знаёмы з Нікадэмам Галіцкім?” Гузок адказаў: "Зналі адзін аднаго, сустракаліся зрэдку”. Сам Пяткевіч пісьмова сведчыў, што верна служыў цару і пану Прозару, а за што пакараны, не ведае. Далей ён тлумачыў, што ўсё пачалося з пажару.  
        Здарылася гэта ў сакавіку 1863 года. Згарэў завод і панскі маёнтак у Прушыне. У яго самога было 70 пудоў мёду. Як пачаўся пажар, усё дабро разнеслі па лесу, пахавалі пад кустамі. Гэта, на яго думку, быў не выпадковы пажар, не самазапаленне. Нехта падпальваў знарок. Сам ён тады быў у ад’ездзе. Пазней ён увесь час хадзіў па лесе і шукаў сваё дабро. Пад кустамі валяліся медныя і жалезныя рэчы... Акрамя таго, ён ляснічы, яго абавязак – хадзіць па лесе. Аднойчы яму ў лесе зрабілі папярэджанне. Сустрэліся неяк у лесе незнаёмыя людзі, браканьеры. Хацеў прыцягнуць іх да адказнасці, прыняць меры. А яму сказалі: " Маўчы, а то мы падкінем ламак... (маецца на ўвазе не ламачча, не дровы, а стрэльбы), як Аскерку (сваяк Прозара, уладальнік багатага маёнтка) [тут, магчыма, гаворыцца пра Генрыка Аскерку, уладальніка Рудакова, якога сапраўды арыштоўвалі. – S. Jelita], дык адразу вас і пацягнуць”, г. зн. арыштуюць.
      Так гэта ці не так? Збылося ці не збылося? Ляснічы сядзеў у турме і думаў, разважаў. Чаму своечасова не здаў, навошта ўтойваў і перахоўваў гэтае ламачча? Адказваць на бясконцыя пытанні трэба было пісьмова. І ён адказваў: сам аддаў у Рэчыцкі земскі суд 9 ружжаў, потым сабраў у ляснікоў і адаслаў яшчэ 5, перадаў іх прыставу Мухлядзе. Ляснікі не хацелі здаваць гэтыя стрэльбы. Пасля таго, як у 1862 годзе памёр Уладзіслаў Прозар, бацька Мечыслава, 5 ружжаў, атрыманыя ляснікамі ад старога пана, засталіся ім назаўсёды. Але не доўга цешыліся, здалі. А сваю стрэльбу? Сваю аддаў лясніку Грычаню, які жыў у Вялікім Боры.

     

     Потым, калі ляснік памёр, ружжо кудысьці знікла. Ружжо Пяткевіча ўсе добра ведалі і адразу апазналі Даніла Гузок, Змітро Ярац і  іншыя. Быў у Пяткевіча яшчэ і каштоўны сярэбраны гадзіннік. Не аднаму  з сяброў даваў ён прыкласці гадзінік да вуха. Слухае сябра і ўсміхаецца: спачатку ў гадзінніку цікае, а потым гучыць мелодыя: "Ешчэ Польска не згінела”. Няўжо і пра гэта ведаюць? Пра гэта на допыце пакуль што не гаварылася. Але следчы ведае галоўнае. З 26 на 27 чэрвеня гарошкаўцы, сяляне з вёскі Гарошкаў, прынеслі сельскаму старасту Данцу 11 стрэльбаў, знойдзеных імі ў зямлі каля смалакурні ў фальварку Прушын, якім кіраваў Пяткевіч. 29 чэрвеня сяляне вёскі Рашаў Хойніцкай воласці  Лявон Ярац, Захар Ярац і Ілля Добыш паведамілі ваеннаму начальніку Рэчыцкага павету, што сяляне, працуючы ў лесе каля смалакурнага завода, звярнулі ўвагу на тое, як сам кіраўнік завода Пяткевіч часта прагульваецца каля аднаго месца. Калі ён пайшоў, яны раскапалі зямлю і знайшлі пад сасною тыя 11 ружжаў.
    Вобыскі і допыты працягваліся. Арам Савары дапоўніў ужо вядомыя звесткі: "Кірую маёнткам Прозара ў Астраглядах з 1863 года. Зброі ніякай не бачыў”.  Калі прыстаў Мухля запатрабаваў здаць зброю, Арам праз нейкі час даведаўся, што зброя ёсць у Пяткевіча, і загадаў здаць яе. Колькі было зброі, не памятае, таму што яна была ў распараджэнні Пяткевіча. Мечыславу Прозару тады было 38 гадоў, Генрыку Пяткевічу – 50, абодва католікі, маліліся ў касцёле, спавядаліся ў ксяндзоў. Пры вобыску ў ксяндза-пробашча ў Астраглядах Машкевіча знойдзены былі "жалезныя шарыкі, падобныя на карцеч”. Ксяндза Машкевіча, такім чынам, хацелі таксама прыцягнуць да справы аб удзеле ў падрыхтоўцы паўстання. Але тут здарыўся цуд. "Карцеч”, якую знайшлі пры вобыску, праз нейкі час ператварылася ў хлеб. Ксёндз Машкевіч тлумачыў такое дзіўнае ператварэнне рэчаў тым, што мае звычку катаць шарыкі з хлебных крошак. Крошкі засохлі і атрымалася "карцеч”.    
      Справы Генрыка Пяткевіча былі непараўнальна горшыя. Абвінавачванне было цяжкае, канкрэтнае.  Седзячы ў турме, ізаляваны ад навакольнага свету, ён ужо не мог зрабіць цуд наконт таго, каб зброя  ператварылася ў ламачча. Хоць спроба, відавочна, такая была. 25 ліпеня 1864 года ў паліцэйскім дакуменце пра Генрыка Пяткевіча запісана наступнае: "целаскладу моцнага, прыгожае сіняватае адценне скуры, асабліва на вуснах і шчаках, жывот вялікі... прыкметна павялічаныя кравяносныя сасуды на вачах, боль у падрабер’і; што датычыць вар’яцтва, якое яму хацелі прыпісаць, цяпер, ва ўсялякім выпадку, не заўважаецца”.
      Партрэт зняволенага і стан яго здароўя засведчаны подпісамі гарадскога рэчыцкага і мазырскага акружнога ўрачоў. Скаргі палітвязня: шум у вушах, боль у сэрцы, страта апетыту, бяссонніца, сухі кашаль. Як жа было не балець сэрцу, калі ўсё навокал і ўсе былі супраць яго. Старшыня Хойніцкага валаснога праўлення Іван Раманенка пісаў у сваім рапарце ваеннаму начальніку Мазырскага і Рэчыцкага паветаў: "З 26 на 27 чэрвеня ўначы гарошкаўскі сельскі стараста Рыгор Данец паведаміў, што сяляне, якія працавалі на смалакурні ў Прушыне... прынеслі да яго 8 аднаствольных і 3 двухствольныя ружжы, а ўсяго 11”. Раманенка разам з трыма сельскімі старастамі – Дубровіцкім, Карчоўскім і Гарошкаўскім і з жандарскім унтэр-афіцэрам Барысам Сеўчанкам, аглядалі і правяралі тое месца, дзе была зброя – недалёка ад фальварка Прушын (каля чвэрці вярсты ад маёнтка). Ніхто з мясцовых жыхароў не сумняваўся, што гэта быў арсенал Пяткевіча.
     Далейшыя вобыскі і пошукі... У ваколіцах вёскі Губарэвічы таксама калісьці быў маёнтак. Належаў ён графу Ракіцкаму. Даверанай асобай у фальварку Губарэвічы быў шляхціч Лявон Кашпорскі. Ваенны начальнік атрымаў загад правесці вобыск і ў гэтым фальварку, а самога Кашпорскага арыштаваць... Пачалося з таго, што пры вобыску і допыце эканома маёнтку Крыўча Маневіча высветлілася: забароненыя гімны, усялякія заклікі, звароты і вершы былі атрыманы ад Лявона Кашпорскага. Арыштаваць апошняга, аднак, ужо немагчыма, бо ў снежні 1863 года ён памёр.         
       А як жа адчуваў сябе і дзе быў у гэты час сам Прозар? Ці можа ў павятовых начальнікаў не хапіла смеласці арыштаваць маршалка, г. зн. правадыра дваранства Рэчыцкага павету? У пастанове Мінскай следчай камісіі аб допыце абшарніка Прозара адзначалася: "М. Прозар хаваў у сябе паўстанцаў Адольфа Міркулевіча і інш. У яго маёнтку знойдзена 11 стрэльбаў, а ў яго да гэтага часу не бралі паказанняў...” 22 верасня 1864 г. Прозар, нарэшце, даваў паказанні. У пратаколе засведчана: "Прозар Мечыслаў Уладзіслававіч, 38 гадоў, рыма-каталіцкага веравызнання, абшарнік, валодае маёнткамі ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні і ў Канеўскім павеце Кіеўскай губерні, служыў у князя Васільчыкава з 1859 да 1863 г., наняў Пяткевіча пасля смерці бацькі ў 1862 г.; ад графа Келера, мінскага губернатара і губернатара Кушалева меў дазвол на 10 паляўнічых ружжаў і білет на два ружжы для асабістага карыстання. Ад’язджаючы ў Кіеў, забраў свае 2 ружжы, пра астатнія павінны ведаць А. Савары, турэцкі мушкет не лічыць за зброю, бо ім нельга карыстацца, хаваў як стардаўнюю каштоўнасць; два кафтаны – адзенне фурмана і фарэйтара.
       Працягваліся допыты сведкаў, сялян, панскай прыслугі, эканомаў. Паказанні Антона Дзерангоўскага, дварэцкага – служыў у Прозара ад студзеня 1862 г. Прозар жыў у гэты час у Рэчыцы (быў павятовым маршалкам). Паказанні Казачкоўскага, рэчыцкага мешчаніна. Служыў у Прозара ў Астраглядах. Ключ ад складаў на загад пані перадаў Дзерангоўскаму летам 1863 г. у прысутнасці Малярэўскага. Паказанні Фамы Прыходзькі. Служыў у Прозара ў Астраглядах эканомам з таго часу, як сам Прозар выехаў у Рэчыцу. Пра тайнік на складзе ведаў, але не ведаў, што там захоўваюццазабароненыя рэчы. Паказанні давалі Фёдар Купрэйчык, Емяльян Пётух, Ягор Ліпскі, Бантле, Ружынскі і інш.  Ганна Б...-ва самастойна, добраахвотна паведамляла галоўнаму начальніку краю, што рэчыцкі спраўнік Бародзіч у час следства апраўдваў і абяляў Сакалоўскага, Галіцкага і інш. Бародзіч пасля гэтага нібыта спалохаўся і пакончыў жыццё самагубствам.
      Прозар таксама памёр у зняволенні. "Прозар памёр, – адзначана ў матэрыялах  следчай камісіі, – але няма сумнення ў тым, што ў яго маёнтку жылі людзі, гатовыя да рэвалюцыйных беспарадкаў”. Памёр ад цяжкіх выпрабаванняў у зняволенні і Генрык Пяткевіч, дваранін, ляснічы, інжынер-хімік. Не ўпамінаецца чамусьці ў гэтых матэрыялах галоўны натхняльнік і арганізатар паўстання 1863 года. Але чаму? Не, гэта не звышканспірацыя. Таму, відаць, што ў той час на ўсходзе  Палесся пра Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага проста не чулі. Хваля сацыяльнага змагання пракацілася ў ваколіцах Хойнікшчыны як  навальніца, якая знішчала маёнткі, лясы, заводы, людзей. Нездарма ў народнай песні, якая магла захавацца менавіта з тых часоў, ёсць словы: "Ад маёнткаў папялішчы”. Не выпадкова ў антыпрыгонніцкай песні "Каб аб пану ўспаміну не было” гучала пагрозлівае : "Да калі мы дачакаемся, да з панамі паквітаемся...” Той, хто чакаў такога моманту, дачакаўся яго. 1864 год увайшоў у гісторыю як цяжкі і жорсткі. Не быў ён лёгкі і на Палессі...
   Паляцелі галовы людзей, якія свядома пачыналі вялікую барацьбу за вызваленне, але не здолелі або не захацелі  абяднаць і павесці за сабой народ. Змова абшарнікаў і шляхты супраць расійскага імперскага панавання гэтак і засталася выключна іх справай, а ўлады з гэтага яшчэ і вельмі ўмела скарысталі. Сам Мечыслаў Прозар, як вядома, быў унукам Караля Прозара, які актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1794 г. на чале з Тадэвушам Касцюшкам, адседжваў у Петрапаўлаўскай  крэпасці ў  Пецярбургу за  недаказаныя  сувязі з  дзекабрыстамі. З гэтай прычыны ў 1826 г., калі Мечыславу было два гады, яго бацьку Ўладзіслава Прозара ўлады проста выкінулі з Хойніцкага маёнтка. Пазней, што праўда, маёнтак вярнулі. Унук Мечыслаў, такім чыным, працягваў справу свайго дзеда. Сяляне, аднак, яго не падтрымалі, займаліся даносамі, падпаламі...                                                         
       Паводле Васіля Скідана,
супрацоўніка ІМЭФ НАН Беларусі,
падрыхтаваў С. Бельскі
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019