Четверг, 25.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Аляксандр Рогалеў,
д. ф. н., прафесар

                                                             Пра назву горада Хойнікі

    Самы паўднёва-ўсходні куток Гомельскай вобласці ўразаецца клінам паміж рэкамі Прыпяццю і Дняпром ля іх сутокаў. Між тым, калі сумежныя з рэкамі бакі гэтай тэрыторыі нізінныя, пясчаныя, пакрытыя балотамі, азёрамі і затокамі і параслі сасновым лесам, то сярэдняя яе частка ўяўляе сабой мясцовасць больш узвышаную, даўно і даволі густа населеную і апрацаваную.
   Гэтая града цягнецца ад паўднёвага ўсходу на паўночны захад і жывіцца рэчкай Брагінкай. На двух канцах грады стаяць два старадаўнія гарадкі – Брагін і Хойнікі.
  Мясцовасць, якая апісваецца, з’яўляецца быццам бы востравам сярод палескіх балот і была заселена яшчэ ў тыя аддаленыя часы, аб якіх, з прычыны адсутнасці пісьмовых крыніц, мы можам меркаваць толькі па матэрыяльных помніках даўніны ды з дапамогай геаграфічных назваў.
  На дадзенай прасторы вядома нямала гарадзішчаў. Адно з іх размешчана за два кіламетры на поўнач ад чыгуначнай станцыі Хойнікі. На жаль, раскопкі тут не праводзіліся.
   Не выключана, што апошнімі з тых, хто жыў* на гарадзішчы, былі дрыгавічы, старажытныя славянскія насельнікі ўсяго гэтага краю.
  Многія гарадзішчы Хойніцкага раёна датуюцца раннім жалезным векам (VI стагоддзем да новай эры – IV стагоддзем новай эры) і з’яўляюцца так званымі гарадзішчамі-сховішчамі.
   Менавіта такі археалагічны аб’ект адкрыты даследчыкамі ў наваколлях вёскі Веляцін, размешчанай на паўднёвы ўсход ад Хойнікаў.
   Назва Веляцін уяўляе сабой старажытнарускі прыналежны прыметнік са значэннем “пасяленне Веляты”. Такое імя насіў верагодны правадыр мясцовай дрыгавіцкай абшчыны, магчыма, нават князь, бо імя Велята, утворанае ў выніку спрашчэння, скарачэння больш поўнай двухасноўнай антрапанімічнай формы Велямір, адносіцца да тыпу княжацкіх імёнаў.
   Самі Хойнікі, якія з 1967 года з’яўляюцца горадам, упершыню згадваюцца ў 1512 годзе як вёска Брагінскага графства ў Вялікім Княстве Літоўскім.
   Дакладны час заснавання пасялення не вядомы. Лічыцца, што першаснай формай назвы населенага пункта была форма Хвойнічак**.
   Пазней, відаць, пасля 1569 года, калі пасяленне стала ўласнасцю князёў Вішнявецкіх***, з’явілася паланізаваная форма Хойнікі з мяркуемай папярэдняй уласна беларускай формы Хвойнікі.
Слова хвоя ў беларускай мове і беларускіх гаворках мае значэнне “сасна”. Такім чынам, хвойнічак – гэта “невялікі сасоннік”.
  Слова хвойнік тыпалагічна падобнае на словы дубнік, вязнік, клённік (кляннік), каліннік, ліпнік, алешнік, ляшчыннік, ельнік, якія ўяўляюць сабой неасабовыя назоўнікі мужчынскага роду са значэннем “від лесу, сукупнасць адной пароды дрэў, кустоў, раслін”.
   Можна думаць, што вёска Хвойнічак, з якой пачыналіся сучасныя Хойнікі, узнікла побач з невялікім сасновым лесам ці непасрэдна ў гэтым лесе, а сам хвойнічак (хвойнік) з’яўляўся выразнай прыкметай усёй навакольнай мясцовасці, бо інакш яго абазначэнне не было б пакладзена ў аснову геаграфічнай назвы.
  Пад уплывам польскай мовы слова хвойнік стала вымаўляцца як хойнік. З’яўленне ж множнага ліку назвы пасялення – Хойнікі – стала магчымым, на наш погляд, у выніку яе (назвы) пераасэнсавання.
   Калі вёска была малой, найменне Хвойнічак для яе было цалкам прыдатным. Па меры росту пасялення, асабліва тады, калі ў ім быў узведзены замак (першая палова XVII стагоддзя), узнікла патрэба змяніць папярэднюю назву, якая мела выразна адчувальнае памяншальнае адценне значэння.
   Простая замена назвы Хвойнічак на Хвойнік была немагчымай, бо непажаданая аманімія геаграфічнага наймення і агульнага слова, ад якой аб’ектыўна трэба было пазбавіцца, станавілася яшчэ больш выразнай.
  Таму назву сталі ўжываць у множным ліку, што пераводзіла яе ў разрад слоў, якія абазначаюць асоб паводле іх месцазнаходжання, пражывання: хойнікі – “людзі, якія жывуць у пасяленні і ў замку, размешчаных побач з хваёвым лесам”. Менавіта так мы “чытаем” гэту знешне, здавалася б, не вельмі складаную геаграфічную назву****.
   Адзначым таксама яшчэ адзін мясцовы тапанімічны факт: жыхары Хойнікаў дагэтуль называюць Замкам месца былога абарончага збудавання часоў Рэчы Паспалітай.

*Гэта – гарадзішча-сховішча хутчэй за ўсё жалезнага веку, на якім стала ніхто ніколі не жыў, культурнага слою няма і казаць пра дрыгавічоў, як пра яго насельнікаў, ніяк не выпадае. (С. Бельскі)
**Пра тое, што Хвойнічак не мае дачынення да нашых Хойнік гл. матэрыял "Акт абмежавання Брагінскай воласці" ў раздзеле меню "Гісторыя I". (С. Б.)
***Хойнікі ніколі не былі ўласнасцю князёў Вішнявецкіх. Гл. "Уладальнікі Хойнік" у раздзеле "Гісторыя І". (С. Б.)
****Аб паходжанні назвы "Хойнікі" ў сувязі з паступовым асваеннем глухой паўночнай часткі Брагінскай воласці гл. ніжэй матэрыял "Пра назву Хвойнікі/Хойнікі". (С. Б.)

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024