Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

     Руслан Гародка
                                                                                   Цуды Юравіцкай Багародзіцы

     Гісторыя цудадзейнай іконы Маці Божай Юравіцкай дайшла да нас галоўным чынам дзякуючы айцу езуіту Францішку Колерту, які быў суперыёрам кляштара ў Юравічах у 1742—1755 гадах. Ён – аўтар кнігі пра славуты абраз.
     Кніга ўбачыла свет у 1755 годзе. Яна пачынаецца словамі: «З крыніцы цудоўных ласкаў Марыі з Юравіцкіх гор узнікла на гонар яснавяльможнага пана Багуслава Аскеркі, кашталяна наваградскага, суддзі памежнага, праз ксяндза Францішка Колерта, калісьці працавітым пяром напісана, а цяпер друкарскім прэсам выціснена года Панскага 1755 у Нясвіжы ў друкарні Яго Княскай Мосці in Collegio Societatis Jesu».
     Францішак Колерт у 14 раздзелах сваёй кніжкі гаворыць пра вялікую колькасць ласкаў, атрыманых у Юравічах праз Марыю. У наш час, калі паўсюдна пануе матэрыялізм, калі зашмат скептыкаў, якія проста адмаўляюць само існаванне цудаў, гісторыі Колерта камусьці здадуцца неверагоднымі, але для вернікаў, якія спазналі веліч і ўсёмагутнасць Бога, гэтыя факты будуць яшчэ адным сведчаннем сапраўднай мацярынскай апекі Багародзіцы над сваімі дзецьмі.
     Шмат цікавай інфармацыі можна знайсці таксама ў кніжцы М. Чэрмінскага «Гісторыя абраза Маці Божай Юравіцкай, які знаходзіцца цяпер у касцёле св. Барбары ў Кракаве» (Кракаў, 1910). Узгадаем толькі некаторыя цудоўныя здарэнні, апісаныя ў гэтых выданнях.
     У 1676 г. Якуб Санкоўскі, які быў у Кіеўскім ваяводстве губернатарам і радцаю горада, адышоў ад Бога, але ў хуткім часе яго спасцігла кара. Куды б ён ні накіроўваўся, стаў бачыць чарцей, якія пераследавалі яго, бачыў і пекла, куды яго хацелі ўцягнуць злыя духі. Стаў адчуваць, што далей не вытрывае, быў знясілены і падаўлены. На шчасце, адзін з яго слугаў параіў яму звярнуцца па дапамогу да Маці Божай Юравіцкай. Санкоўскі маліўся да Марыі, прасіў Яе дапамогі ў навяртанні і пастанавіў здзейсніць пілігрымку ў Юравічы. Як толькі скончыў малітву, адразу адчуў у сабе перамену: быццам адляталі ад яго злыя духі. Верны свайму абяцанню, ён 9 міляў ішоў на каленях да Юравічаў, каб падзякаваць за атрыманыя ласкі. У хуткім часе Якуб уступіў у закон святога Францішка, дзе і працягваў сваё пабожнае жыццё.
      Хронікі расказваюць аб цудоўным навяртанні ў Юравічах у 1690 годзе Сцяпана Медыка, беглага лекара, які раней вёў распуснае жыццё. Ад дрэнных людскіх звычак адракліся Ляшчыцкі ў 1712 годзе, Мікалай Шчыгельскі і Храпавіцкі, а ў 1731 – стараста Міхал Руцкі.
      Вядомы цудоўны выпадак адбыўся ў 1680 годзе. У пана Прыгодскага памёр сын. Бацькоўскаму смутку не было канца. Цела памерлага паклалі ў труну і рыхтаваліся да пахавання. Бацькі крыжам падалі каля труны, са слязьмі просячы Бога і Марыю Юравіцкую дапамагчы іхняму гору. На вялікую іх радасць, сын раптам ажыў. Вотум ад шчаслівай сям’і захоўваўся ў санктуарыі.
     У 1684 годзе сын пана Каткоўскага Аляксандр, пасля трох дзён цяжкай хваробы памёр. Яму было ўсяго 15 тыдняў. Родзічы і знаёмыя бачылі мёртвае немаўля і слёзы маці. Каб суцешыць жанчыну, хтосьці прапанаваў памаліцца да Марыі Юравіцкай. Пабожная кабета ўсклікнула ў бок Юравічаў: «Найсвяцейшая Марыя Юравіцкая! Табе сына майго ахвярую. Ведаю, што багата ў Бога можаш, парадуй засмучаную матку, няхай з ласкі Тваёй сын мой жыве». Толькі гэта прамовіла, як дзіця заварушылася і паглядзела на заплаканую маці. Бязмерная радасць агарнула ўсіх прысутных. Бацькі адразу прынеслі дзіцятка да абраза Марыі, дзе пад прысягаю расказалі людзям пра цуд. Калі хлопчык стаў дарослым, ён, удзячны Багародзіцы за сваё жыццё, штогод збіраў пабожную групу людзей і сам прыводзіў іх у юравіцкую святыню.
     У 1724 годзе, 23 жніўня, здарыўся пажар у доме Тэафіла Лянкевіча, земскага пісара з Мазыра. Агонь імгненна перакінуўся з кухні да дзіцячага пакою, дзе знаходзіліся два гаспадаровы сыны. Старэйшы змог выбегчы з клубоў дыму і агню, а малодшы задыхнуўся. Усялякія спробы паратунку былі дарэмныя, але заставалася яшчэ вера ў моц Найсвяцейшай Панны. Бацькі запалілі свечкі перад Яе абразом і горача маліліся, просячы ўваскрашэння сына. Цудоўная Марыя прыняла слёзы і просьбы – вярнула жыццё дзіцяці. Удзячныя людзі радасна заспявалі: «Te Deum laudamus».
     Вядомы ў свой час выпадак адбыўся ў 1730 годзе. Слуга пані Гротавай, Руткоўскі, пераплываючы на чаўне праз Прыпяць, знянацку зваліўся і знік пад вадою. Людзі, што стаялі на беразе, бачылі гэта і хацелі ратаваць тапельца, але цэлыя тры гадзіны не маглі знайсці яго. Апошняга ратунку пачалі шукаць у Марыі Юравіцкай. Да Яе звярнуліся з малітвамі і адбыўся цуд: з вады паказалася галава, і Руткоўскі сам выйшаў на бераг.
     У 1678 годзе Міхал Вольскі, змучаны доўгаю і смяротнаю хваробаю, калі лекары ўжо толькі разводзілі рукамі, калі блізкая была апошняя хвіліна жыцця, звярнуўся да Маці Божай Юравіцкай. Ледзьве прамовіў словы малітвы, як раптам цалкам выздаравеў.
     Падобную ласку ў тым жа годзе зведаў харунжы Мазырскага павету пан Круневіч (уладальнік Алексічаў і Глінішча. С. Б.). Невылечна хворы, ён падняўся з ложка, як толькі звярнуўся з малітваю да Багародзіцы. Яго жонка таксама была аздароўленая ласкаю ад Юравіцкай Марыі. Жанчына мела на правай руцэ язву, якая гніла і павялічвалася. Ад болю жанчына не магла варушыць рукою, не ведала супакою ні ўдзень, ні ўночы. Яна паехала ў Юравічы і толькі моцаю вялікай веры ўзняла хворую руку да цудадзейнай іконы. Калі ж апусціла руку, то яна стала здароваю, не засталося нават следу ад былога нарыву.
     Цяжка хворая пані Палубінская, маршалковая Вялікага Княства Літоўскага, у 1690 годзе доўга лячылася, але ніякія лекі ўжо не дапамагалі, і тады яна загадала везці яе ў Юравічы, і як толькі апынулася перад касцёлам, выздаравела. Пра гэты цуд яна сама паведаміла пад прысягаю і прыслала ў санктуарый срэбны вотум.
     У 1690 годзе былі цудоўна аздароўленыя Аганоўскі і малодшы Свідэрскі, ахвяраваны бацькам Маці Божай Якуб Вільконскі, вайсковец, у тым жа годзе перад іконаю развітаўся з хваробаю і змог працягваць сваю службовую місію. Андрэй Дашкоўскі, які зваліўся з дрэва і быў непрытомны, пасля малітвы да Маці Божай падняўся без ніякіх пашкоджанняў цела.
     У Юравічах склалі свае воты многія вернікі: Грахольскі за аздараўленне сваіх сыноў у 1694 годзе, Шукшта з жонкаю ў 1696 годзе ў выглядзе залатога пярсцёнка таксама за вяртанне здароўя; у 1703 годзе – Альшэўскі, Нячуева, Шукальскі, Феліцыян Даўгела, Язэп Вадовіцкі; у 1712 годзе – Валерыян Вольскі, суддзя мазырскі, жонка старасты Гадэмбска. У 1731 годзе прыехалі з дарамі ўдзячнасці за атрыманыя ласкі афіцэр кароннага войска з Палтавы Сабагайдын, МіхалРажановіч, Язэп Весялоўскі з-пад Сандаміра, Хмялёўскі з-пад Кіева, Тлумашэўскі з Аршанскага павету.
     
У 1736 годзе Феліцыяна Панятоўская была вылечаная ад эпілепсіі, калі даверылася Юравіцкай Багародзіцы. У тым жа годзе дачка Петранэлі Вальбекавай праглынула шпільку. Калі яе не змаглі дастаць ніякім спосабам, людзі параілі напалоханай маці звярнуцца да цудадзейнага абраза Марыі Юравіцкай. Калі яна зрабіла гэта, шпілька адразу выпала пры кашлі на радасць бацькам.
     Айцец Марцін Тыраўскі ўласнаручна апісаў наступны цудоўны выпадак. Цясляр, які дапамагаў яму пры пабудове капліцы Маці Божай, у 1674 годзе страціў зрок. Ён папрасіў айца Тыраўскага, каб той памаліўся за яго да Марыі, таму што хоча яшчэ раз убачыць цудадзейны абраз Багародзіцы. Калі святар малітоўна звярнуўся да Найсвяцейшай Панны, да цесляра імгненна вярнуўся зрок і вочы яго сталі цалкам здаровыя.
     Не менш цудоўная гісторыя здарылася ў 1680 годзе з пяцігадовым сынам пана Гразнага, які, гуляючы з нажом, упаў на яго і ўбіў сабе лязо ў вока. На крык хлопца прыбег яго старэйшы брат і, вырываючы нож, яшчэ больш скалечыў малога. З вокам, залітым крывёю, хлопца завезлі ў Юравічы, а калі яго паклалі перад алтаром, рана раптам загаілася, не пакінуўшы нават і следу. Хлапчук вярнуўся дадому з дасканалым зрокам і шчаслівымі бацькамі, выслаўляючымі Бога і Марыю.
     Пані Солтанава з Рэчыцкага павету ў 1738 годзе зімою ехала з малым дзіцем у санях у Юравічы. Калі пераязджала Днепр, лёд не вытрымаў, і ўсе праваліліся ў ваду. Жанчына ўсклікнула: «Найсвяцейшая Марыя Юравіцкая, ратуй!» Вера перамагла. Выратавалася не толькі маці, але і дзіця.
    Ворагі святога Каталіцкага Касцёла ў 1705 годзе ноччу падпалілі будынкі рэзідэнцыі ў Юравічах, спадзеючыся, што сярод цемры ніхто не ўцячэ жывым з кляштара, і кляштар, касцёл ды цудадзейную ікону Багародзіцы праглыне бязлітасны агонь. Святары, заўважыўшы, што агонь ахоплівае будынкі, пачалі маліцца і ўсклікаць: «Найсвяцейшая Марыя! Твой дом і слугі Твае гараць, ратуй іх!» Марыя выслухала іх просьбы – агонь цудам патух.
     Немагчыма расказаць ці нават проста пералічыць усе ласкі і цуды, якія адбыліся ў Юравічах. Памерлыя ажывалі, хворыя атрымлівалі здароўе, сляпыя – зрок, глухія – слых, бяздзетныя бацькі былі ўзнагароджаны дзецьмі, людзі былі выратаваны ад агню, вады і ўсялякай бяды. Але галоўнае, што праз Марыю многія знайшлі Хрыста, нашага Збаўцу.
    Маці Божая Юравіцкая працягвае клапаціцца пра сваіх палескіх дзяцей і ў нашыя дні. Трэба толькі ўбачыць у Ёй сапраўдную Маці, якая выслухае, супакоіць і не зможа адмовіць у просьбе свайму дзіцяці, заўсёды яму дапаможа.
     Ці адбываюцца цуды ў нашыя дні? Безумоўна! Так сцвярджаюць палескія каталікі, якія лічаць Юравіцкую Багародзіцу Апякункаю Мазырскага Палесся. Адраджэнне рэлігійнага жыцця ў рэгіёне, дзе да 1990 года не дзейнічаў ніводны касцёл, не служыў ніводны святар – сапраўдны цуд. Копія цудадзейнай іконы пастаўлена ў галоўным алтары мазырскага касцёла св. Міхала Арханёла. Такая ж копія – у касцёле ў Хойніках. Хоць арыгінал абраза знаходзіцца ў Кракаве, Юравіцкая Божая Маці вярнулася на Палессе, каб зноў адорваць ласкамі тых, хто да Яе звяртаецца.

Маці Божая Юравіцкая, маліся за нас!

*****

     Modlitwa do Matki Bożej Jurowickiej o uproszenie szczególnej łaski
    Pośredniczko wszystkich łask, Maryjo! Największa po Bogu moja Nadziejo! Z największą wiarą i ufnością padam do Twoich stóp i błagam, abyś mi wyjednała u Syna swego łaskę..., którą bardzo pragnę otrzymać.
    Wiem, że niegodny jestem tej łaski, że więcej zasługuję na karę niż na litość. Ale wiem również, żeś Matką Miłosierdzia, która nikogo nie opuszczasz i nikim nie gardzisz. Wiem, że jesteś wszechmocna w błaganiu, że Twój Syn niczego Ci nie odmówi. Dlatego z tym większą ufnością przychodzę do Ciebie i błagam o pomoc i ratunek.
    Tyle łask ludzie w tym miejscu otrzymali od Jezusa za Twym pośrednictwem. Tylu strapionych i cierpiących odeszło stąd pocieszonych i wysłuchanych. Przeto i ja mocno wierzę, że mnie wysłuchasz i pocieszysz.
    Maryjo, racz wejrzeć na mnie i uczyń, co Ci Twe Serce podyktuje. Maryjo, liczę na Ciebie i powierzam się Tobie. Maryjo, w Tobie pokładam mą ufność. Maryjo, nie opuszczaj mnie! Błagam Cię, nie opuszczaj mnie!
    Pod Twoją obronę...


     ks. Stanisław Cieślak SJ

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019