Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

       К. В. Саўчык
         (Гомель)
                                                                                 Дзяржаўная рэгістрацыя праваслаўных абшчын у БССР у першыя
                                                                                пасляваенныя гады: умовы правядзення і роля чалавечага фактару

                                                                                                                (на матэрыялах Беларускага Ўсходняга Палесся)
     Раccматриваются правовые основы, условия, ход, сложности и региональные особенности государственной регистрации православных общин в БССР в первые послевоенные годы.
    Вялікая Айчынная вайна ўнесла карэктывы ў адносіны савецкай дзяржавы да рэлігійных арганізацый на тэрыторыі СССР. Адбыўся часовы, шмат у чым абмежаваны, але рэальны пераход ад курса на іх татальнае вынішчэнне да стварэння пэўных умоў для легалізацыі іх дзейнасці праз дзяржаўную рэгістрацыю пры прыярытэтным станоўчым стаўленні да рускай праваслаўнай царквы. Правядзенне рэгістрацыі было ўскладзена на мясцовых упаўнаважаных Савета па справах рускай праваслаўнай царквы пры СНК СССР, створанага яшчэ ў верасні 1943 г. у межах фарміравання новай сістэмы дзяржаўна-канфесійных узаемаадносін ( аналагічная працэдура праводзілася і ўпаўнаважанымі Савета па справах рэлігійных культаў, але некалькі пазней і з большымі перашкодамі).
   Першыя хадайніцтвы ад вернікаў аб адкрыцці цэркваў і малітоўных будынкаў пачалі паступаць да ўпаўнаважаных Савета па справах РПЦ пры СНК СССР па БССР ужо ў 1944 г., але шырокія маштабы перадача культавай маёмасці ў карыстанне праваслаўных абшын набыла толькі ў 1945 – 1946 гг., калі ў асноўным была завершана распрацоўка адпаведнай нарматыўнай базы і сфарміраваны штат упаўнаважаных Савета пры ўсіх аблвыканкамах. Кампанія па рэгістрацыі праводзілася згодна з пастановамі СНК СССР, якія рэгулявалі парадак адкрыцця цэркваў і выкарыстання вернікамі канфіскаваных у даваенныя гады прадметаў рэлігійнага культа, а таксама згодна з палажэннямі інструкцыі Савета. Паводле гэтай інструкцыі, асноўнымі накірункамі дзейнасці ўпаўнаважаных у БССР павінны былі стаць кантроль за разгортваннем дзейнасці адноўленых падчас акупацыі праваслаўных абшчын, улік культавых будынкаў і збор звестак пра святароў і рэлігійных актывістаў. Толькі пасля шматступеннай праверкі і атрымання дазволу Савета ўпаўнаважаны меў права правесці рэгістрацыю.
    Першым рэгістраваўся культавы будынак і адзіным патрабаваннем да яго была адпаведнасць санітарным і супрацьпажарным нормам. Пры гэтым прадстаўнікам мясцовай улады забаранялася адбіраць у вернікаў былыя царкоўныя будынкі, занятыя імі падчас акупацыі. У інструкцыйным лісце, дасланым старшыням райвыканкамаў, указвалася на тое, што калі дзяржаўныя і грамадскія установы размяшчаліся ў былых царкоўных будынках, а ў перыяд акупацыі гэтыя будынкі былі заняты рэлігійнымі абшчынамі, пытанне аб іх вызваленні магло быць вырашана толькі пасля ўзгаднення з Саветам па справах РПЦ пры СНК СССР [1, л. 16]. Аб парушэннях заканадаўства як з боку вернікаў, так і з боку мясцовых органаў кіравання ўпаўнаважаны павінен быў інфармаваць аблвыканкам, Савет па справах РПЦ пры СНК СССР па БССР і Савет у Маскве. Аднак не заўсёды ад таго, як афіцыйна ставіліся названыя дзяржаўныя органы да пытанняў вяртання вернікам незаконна адабраных малітоўных будынкаў, залежала іх вырашэнне на практыцы. Тым больш непасрэднае рашэнне ўзнікаючых канфліктаў не ўваходзіла ў паўнамоцтвы ўпаўнаважаных, але іх асабістае стаўленне да праблемы адыгрывала пэўную ролю. Так, згодна з пастановай Хойнікскага райвыканкама ў ліпені 1945 г. царква мясцовай абшчыны была занята пад клуб, а вернікам замест яе прапанаваны будынак былой каталіцкай капліцы, заняты ў той час пад аўташколу. Па ініцыятыве ўпаўнаважанага па Палесскай вобласці М. Пятроўскага ў верасні гэтага ж года аблсавет сваім рашэннем абавязаў райвыканкам прадставіць абшчыне іншы будынак для рэгістрацыі яго як культавага [1, л. 1]. На працягу 1946 г. ужо іншы ўпаўнаважаны (Н . Назарчук) у сваіх справаздачах рэгулярна звяртаў увагу кіраўніцтва на невыкананне райвыканкамам гэтага рашэння [1, лл. 10, 22]. Праўда, у рэшце рэшт, у жніўні 1947 г. аблсаветам яно было ўвогуле адменена, што вымусіла абшчыну арэндаваць памяшканне для правядзення набажэнстваў [2, л. 28], але сваімі дзеяннямі ўпаўнаважаны стварыў прэцэдэнт для прыпынення свавольстваў з боку мясцовых улад. У далейшым, калі райвыканкамы і сельсаветы звярталіся з запытамі ў аблсавет аб перадачы ім царкоўных будынкаў (напрыклад, у в. Гажын Нараўлянскага раёна пад краму, а ў в. Тульгавічы Хойнікскага раёна пад клуб), такія запыты заставаліся без станоўчага адказу [1, лл. 2, 26].
   У першыя пасляваенныя гады па Палесскай вобласці выпадкаў незаконнага адабрання ў праваслаўных абшчын былых царкоўных будынкаў увогуле было няшмат. Акрамя Хойнікскай абшчыны такі ж лёс напаткаў толькі абшчыну в. Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, якая ў выніку так і не была зарэгістравана [1, лл. 2, 10, 16]. У той жа час вядомы і актыўныя незаконныя дзеянні з боку вернікаў: у г.п.Нароўля адбылося заняцце пад царкву будынка былога дома святара, які з’яўляўся муніцыпальнай маёмасцю і да вайны выкарыстоўваўся як кватэра начальніка РА НКУС. Вернікам загадалі будынак вызваліць і ў сувязі з адсутнасцю культавага будынка абшчыне адмовілі ў рэгістрацыі [1, лл. 1, 43 адв.].
Не гледзячы на адсутнасць значнага супрацьдзеяння з боку уладаў, на працягу 1945 – 1946 гг. па Палескай вобласці былі зарэгістраваны толькі 24 культавыя будынкі рускай праваслаўнай царквы – найменшы паказчык па БССР, што было звязана не толькі з невялікімі тэрытарыяльнымі памерамі вобласці і невялікай колькасцю насельніцтва, але і з адсутнасцю шматлікіх тыпавых царкоўных будынкаў, якія можна было б афіцыйна рэгістраваць. Большасць такіх будынкаў на тэрыторыі Беларускага Усходняга Палесся была знішчана ў даваенныя гады, а ўсе захаваўшыеся і потым зарэгістраваныя былі адчынены падчас акупацыі [3, с. 27]. У 1946 г. былі зачынены 2 малітоўныя дамы: у в. Галоўчыцы Капаткевічскага і ва ўжо названай в. Гажын Нараўлянскага раёнаў – распараджэннем благачыннага А. Ф. Раманушкі па прычыне “совершенного нежелания верующих посещать молитвенный дом и не выполнения ими платежных обязательств перед государством и других повинностей, которые вызываются содержанием молитвенного дома и его священнослужителей” [1, л. 41]. У 1947 г. па Палесскай вобласці толькі адна праваслаўная абшчына падала хадайніцтва аб адкрыцці царквы – група вернікаў с. Крукі Камарынскага раёна, але да афіцыйнага заканчэння рэгістрацыі 1 студзеня 1948 г. гэта пытанне так і не было вырашана Саветам [2, л. 40].
     Наступным этапам пры правядзенні рэгістрацыі абшчын з’яўлялася прадстаўленне ўпаўнаважанаму царкоўнымі ўладамі дакументаў аб прызначэнні ў прыходы настаяцеляў. Пасля правядзення персанальнай праверкі па кожнаму святару і атрымання дазволу Савета ўпаўнаважаны іх рэгістраваў і ў далейшым благачынны павінен быў інфармаваць упаўнаважанага аб усіх перамяшчэннях і новых прызначэннях у межах свайго благачыння [1, л. 36]. У выпадках, калі святары без прызначэння іх архіепіскапам Мінскім і Беларускім праводзілі набажэнствы, упаўнаважаны павінен быў забараніць ім гэта, а ў выпадку адмовы падпарадкавацца – звярнуцца да мясцовых улад для прыняцця адпаведных мер [2, л. 55]. Такая працэдура адпавядала інтарэсам царкоўных уладаў, але святароў катастрафічна не хапала і выпадкі правядзення набажэнстваў святарамі без рэгістрацыі ці не ў адпаведнасці з рэгістрацыяй былі шырока распаўсюджанымі.
     Завяршаўся працэс рэгістрацыі разглядам хадайніцтваў ад рэлігійных актывістаў (не меней за 20 чалавек) аб рэгістрацыі самой абшчыны і ён часта замаруджваўся ў сувязі з несвоечасовым прадстаўленнем імі неабходных дакументаў [1, л. 10]. Правядзенне рэгістрацыі тармазілася таксама і складанасцямі працы ўпаўнаважаных. Упаўнаважаныя Савета пры аблвыканкамах па свайму службоваму статусу прыроўніваліся да загадчыкаў аддзелаў, але іх штат, нягледзячы на вялікі аб’ём работы, складаўся толькі з аднаго чалавека – самога ўпаўнаважанага. Аблвыканкам павінен быў забяспечыць упаўнаважанага асобным памяшканнем і транспартам, выдаткоўваць неабходныя канцылярскія прылады, але гэта не заўсёды магло быць выканана ў пасляваенны час і стварала пэўныя цяжкасці пры выкананні імі сваіх службовых абавязкаў [1, л. 18; 2, лл. 31, 42]. Акрамя таго, у сувязі з недахопам адказных супрацоўнікаў, аблвыканкам часта накіроўваў упаўнаважаных у шматдзённыя камандзіроўкі, звязаныя, напрыклад, з правядзеннем выбараў ці лесанарыхтоўкамі [1, л. 18]. Пры гэтым невялікія грошы, якія выдаткоўваліся Саветам для ўпаўнаважаных на камандзіроўкі, пералічваліся на рахунак аблвыканкама і выкарыстоўваліся не імі самімі, а аблвыканкамам [2, л. 42]. У выніку ўпаўнаважаны на працягу квартала рэальна мог наведаць па справах царквы толькі 2 – 3 раёны, атрымоўваючы асноўную інфармацыю ад райвыканкамаў і благачыннага, што, зразумела, не магло спрыяць выяўленню ім незарэгістраваных абшчын  [2, лл. 2, 16, 27, 31, 41]. Увогуле неабходна адзначыць, што рэгістрацыя праводзілася непадрыхтаванымі для гэтай складанай працы людзьмі і пры адсутнасці істотнай дапамогі як з боку Савета па справах РПЦ пры СНК СССР, так і з боку мясцовых улад.
      Вынікам праведзенай у 1945 – 1947 гг. у БССР рэгістрацыі стала фіксацыя праваслаўных абшчын, адноўленых падчас акупацыі, з мэтай устанаўлення татальнага кантролю за іх дзейнасцю. Але зняцце на дзяржаўным узроўні ідэі жорсткай апазіцыйнасці ўлады да царквы і лаяльныя адносіны шэрагу ўпаўнаважаных, як, напрыклад, упаўнаважанага па Палесскай вобласці, спрыялі дастаткова станоўчым адносінам вернікаў да правядзення рэгістрацыі. У параўнанні з агульнай лічбай зарэгістраваных праваслаўных культавых будынкаў па БССР у 1945 – 1947 гг. (749 у заходніх і 301 ва ўсходніх абласцях) [4, с. 236], іх невялікая колькасць па Усходняй Беларусі тлумачыцца не толькі адсутнасцю шматлікіх тыпавых царкоўных будынкаў і складанасцямі арэнды памяшканняў для набажэнстваў, але і нязначнай актыўнасцю з боку вернікаў, якая грунтавалася на сумным досведзе дзяржаўнарэлігійных дачыненняў у перадваеннныя гады.

Спіс выкарыстаных крыніц
1. Квартальныя справаздачы аб дзейнасці ўпаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў і царквы па Палесскай вобласці і звесткі аб колькасці цэркваў і малітоўных дамоў за 1946 г. // Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыр (далей – ЗДАМ). – Ф. 596. – Воп. 1. – Спр. 3.
2. Квартальныя справаздачы аб дзейнасці ўпаўнаважанага Савета па справах рускай праваслаўнай царквы па Палесскай вобласці і звесткі аб колькасці цэркваў і малітоўных дамоў за 1947 г. // ЗДАМ. – Ф. 596. – Воп.1. – Спр. 4.
3. Верашчагіна, А. У. Гісторыя канфесій у Беларусі: Мінулае і сучаснасць: дапам. для настаўнікаў / А. У. Верашчагіна, А. В. Гурко. – Мінск: Тэхналогія, 2000. – 157 с.
4. Канфесіі на Беларусі (к. XVIII – ХХ ст.) / В. Грыгор’ева, У. М.  Завальнюк, У. І. Навіцкі, А. М. Філатава; Навук. рэд. У. І. Навіцкі. – Мінск: ВП “Экаперспектыва”, 1998. – 340 с.

Шлях у навуку: да 55-годдзя студэнцкага навукова-даследчага гісторыка-краязнаўчага гуртка “НіКа”: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал. Н. А. Івашчанка, С. В.Марозава, І. В. Соркiна [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2011. С. 112 – 116

 

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019