Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                                                Аб чым расказвае стэла
                                                                                                        24. 11. 2010
    Мне часта даводзіцца сустракацца з вучнямі школ, навучэнцамі ДПТВ-183. Задаю пытанне – ў гонар якіх падзей, каму ўстаноўлена стэла. Рэдка хто адкажа, што даватарцам, а вось чаму – адказу няма. І балюча становіцца на душы мне, былому настаўніку гісторыі, закрадваецца думка, што мала цяпер на ўроках даецца краязнаўчага матэрыялу.
   У лістападзе 1943 года ва ўрочышчы Прушын, вёсках Дубровіца і Гарошкаў прайшлі жорсткія баі, у якіх разгромлена 216-я матарызаваная нямецкая дывізія, якая ішла на дапамогу хойніцкаму гарнізону. Як гэта было?
   Пасля няўдалай аперацыі на Усходнім вале немцы, адступаючы, не праміналі магчымасці замацавацца на любым рубяжы. Гітлераўскае камандаванне разлічвала затрымаць наступленне савецкіх войск у лясіста-балоцістых масівах Палесся і арганізаваць абарону на ўсходнім беразе ракі Прыпяць. Моцную абарону яны падрыхтавалі і на подступах да Хойнік уздоўж шашы Рэчыца-Даўляды, куды рухалася 216-я дывізія.
    Камандаванне 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса атрымала загад камандавання 61-й арміі праз балоцістыя масівы Брагіншчыны і Хойнікшчыны выйсці ў тыл гарнізона, перарэзаць шашу Рэчыца-Хойнікі-Даўляды і разграміць дывізію немцаў.
   Гэта быў цяжкі паход для кавалерыстаў. 21 лістапада іх разведка сустрэлася з партызанскім атрадам імя Суворава. Праваднікамі былі жыхары вёскі Пудакоў, якія добра ведалі мясцовасць, байцы кавалерыйскага корпуса Васілій Гуц і Аляксей Зелянкоўскі. Партызаны сумесна з сапёрамі дапамагалі гаціць балота, будаваць грэблі, каб пераправіць гарматы, тачанкі, боепрыпасы. Яны папярэдзілі камандаванне 59-га кавалерыйскага палка аб тым, дзе размяшчаюцца агнявыя кропкі, схаваны танкі, гарматы ў в. Дубровіцы.
   Кавалерысты з ходу атакавалі вёску. Першымі ўварваліся эскадроны П. М. Башкатава і В. М. Несцяроўскага. Немцы не чакалі такога імклівага націску з тылу, у выніку якога гарнізон быў разгромлены, шаша перарэзана. У баі ўдзельнічалі і роты партызан.
    Але значныя сілы праціўніка былі ў Гарошкаве і ва ўрочышчы Прушын. Тут і завязаўся ў асноўным рукапашны бой коннікаў 35-га кавалерыйскага палка 17-й дывізіі, 12-га кавалерыйскага палка 3-й дывізіі і трэцяй роты партызан. У баі ўдзельнічаў і аўтар гэтых радкоў.
  Немцы, імкнучыся прарвацца да Хойнік, кінулі ў атаку дзве роты салдат пры падтрымцы 3 танкаў да ўрочышча. Насустрач ім паляцелі гранаты і аўтаматна-кулямётны агонь. З супрацьтанкавай зброі былі падбіты два танкі, а трэці павярнуў назад. Больш гадзіны ішоў няроўны бой. Спробы немцаў злучыцца з гарнізонам горада былі спынены, перадавыя часці знішчаны. Загінулі ў гэтым баі 26 кавалерыстаў і 6 партызан.
    Паспяхова вёў бой у Гарошкаве кавалерыйскі полк пад камандаваннем падпалкоўніка Краснашапкі, баявы разлік батальёна пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза старшага лейтэнанта Ягорава.
    Да гэтага часу Калінкавіцкая партызанская брыгада па загаду камандзіра 61-ай арміі генерала Бялова захапіла станцыю Аўраамаўскую. 18 лістапада на досвітку партызаны штурмам авалодалі станцыяй, якую абаранялі каля 300 мадзьяраў і немцаў. Група Пратасава ўзарвала броняпоезд, а групы падрыўнікоў Гушчына і Дземянкова – рэйкі.
  Захоп чыгуначнага вузла даў магчымасць 17-й кавалерыйскай дывізіі паспяхова разграміць на шашы механізаваныя часці праціўніка, злучыцца з партызанамі, вызваліць вёскі Маклішча, Нарыманаў, Каранёўку, Ужынец, Алексічы, Прудок.
   Такім чынам лёс Хойнік вырашаўся на рубяжы Амелькаўшчына-Дубровіца-Гарошкаў-Аўраамаўская. Нямецкае камандаванне ўбачыла пагрозу аказацца “у мяшку”, спешна пакінула ўмацаваны рубеж і мястэчка. Была спроба яго падпаліць. На вул. Савецкай ужо былі абліты некалькі дамоў бензінам, але жанчыны на каленях прасілі не рабіць гэтага. Немцы нешта перагаварылі паміж сабой, кінулі каністру, хуценька селі ў машыну і паехалі. Уцёкі з пасёлка і раёна былі настолькі хуткія, што ў пякарні в. Барысаўшчыны не паспелі нават забраць гатовы хлеб. Яго разабралі потым жыхары вёскі.
  24 лістапада кавалерысты першымі ўступілі ў горад. На базарнай плошчы прайшоў мітынг, які адкрыў камісар 16-га мінамётнага палка Акбаеў. З рэпрадуктара грымела песня “Свяшчэнная вайна”, натхняючая на канчатковую перамогу над фашызмам.
  Вось аб чым сведчыць стэла на вышыні 100,3. І не толькі маё пажаданне, але і многіх жыхароў Хойнікшчыны, зрабіць тут невялікую пляцоўку для адпачынку. Няхай чалавек падарожны прысядзе, прачытае на надпіс на інфармацыйным шчыце аб падзеях таго далёкага часу і даведаецца, каму мы абавязаны сённяшнім мірным днём.

М. СКРЫПЧАНКА,
старшыня раённай ветэранскай арганізацыі

                                                                         

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019