Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Судовыя дакументы пра даўнія падзеі на Хойнікшчыне і Брагіншчыне

     Раней даводзілася згадваць пра тое, што звестак з гісторыі Хойнікшчыны да другога падзелу Рэчы Паспалітай у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Кіеве нашмат болей, чым у фондах НГАБ у Мінску. Гэта натуральна, таму бо асноўная частка рэгіёну разам з Хойнікамі і Брагінам у мінулым належала да Кіеўскага ваяводства. Але ж сёння, калі доступ да архіўных матэрыялаў і магчымы, дык нават кароткае пражыванне ў суседняй краіне і набыццё копій для прыватнай асобы з правінцыйным (тым больш беларускім) заробкам – рэч амаль недасягальная. Таму вымушаны абмежавацца гэтай нізкай анатацый да судовых актаў, якія самі па сабе і цікавыя, і карысныя. Хоць і бедна, але яны адлюстроўваюць тагачаснае жыццё.
Опись актовой книги
Киевского центрального архива №13.
Сост. Л. В. Ильницкий. Киев, 1882

Книга Житомирская гродская записовая и поточная 1617 и 1618 г.
12 снежня 1618 г. Скарга рэчыцкага старасты Аляксандра Служкі на пана Лукаша Сапегу за непрызнанне яго паверанага ў справе размежавання маёнткаў Апачыцы і Чарнобыль асобай паўнапраўнай, бо, маўляў, той не меў аселасці ў Кіеўскім ваяводстве. І гэта нягледзячы на сведчанне вознага (судовага выканаўцы – С. Б.) пад прысягай, што ён увёў названага паверанага, шляхціча Аляксандра Нелавецкага, у пажыццёвае валоданне сялом Карчоўка (наша Карчовае) згодна з запісам пана Мікалая Харлінскага;
6.
Сост. И. Новицкий. Киев, 1871
Книга Киевская гродская записовая, поточная и декретовая 1696 г.
(усе наступныя кнігі – Кіеўскія)
Жнівень-лістапад 1696 г. Пажыццёвы запіс брэсцкага харунжага князя Дамініка Шуйскага капітану Фрыдэрыку Левенфатэру на валоданне сёламі Плоскае і Мікалаеўка (у інвентары 1698 г. апошняе значыцца як wieś pusta) з абавязацельствам зацвердзіць яго ў судзе;
22.
Сост. Г. В. Донцов. Киев, 1880

20 студзеня 1700 г. Прыгавор да баніцыі (пазбаўлення правоў) кн. Д. Шуйскага па справе яго з шляхцічамі Нячай-Грузевічамі (уладальнікамі Масаноў і Баршчоўкі), Левенфатэрамі і інш. аб іх збіцці і рабаўніцтвах у с. Плоскае; пастанова суда аб адтэрміноўцы прыгавору над іншымі падсуднымі;
№ 25.
Сост. А. Т. Белоусов. Киев, 1881
14 лістапада 1705 г.
Скарга Станіслава і Алены Сілічаў на Зыгмунта Шукшту, адміністратара кн. Д. Шуйскага, за чатырохразовае спаленне іхняй карчмы, збіццё іх сялянаў і зняволенне апошніх у турме, адабранне кірмашовага і гандлёвага мыта з іх і з купцоў у Брагіне, за рабаўніцтва сялянскай маёмасці ў с. Лісцвін, за намер забіць падаўца скаргі ў Оўруцкім кляштары дамініканаў, за рабаўніцтва ў яго пры тым коней і рэчаў з вазоў;
2 снежня. Скарга Фр. Левенфатэра на адмову мінскага падкаморага князя Казіміра Друцкага-Горскага здзейсніць суд над слугой сваім, шляхцічам Янам Савінскім, абвінавачаным падаўцам у прыўласніванні маёмасці гаспадара і ўцёках з м. Хойнікі, дзе ён, Савінскі, раней служыў;
23 жніўня 1706 г. Скарга Фр. Левенфатэра на вількамірскага стражніка З. Шукшту за ілжывае абвінавачванне яго ў прыўласніванні маёмасці і наогул у злоўжываннях пры кіраванні маёнткам Хойнікі кн. Д. Шуйскага, які зараз у кіраванні Шукшты, за рабаўніцтва апошнім розных рэчаў у сяле Плоскім, за нанясенне яму раны і за пагрозы забіць;
18 лістапада. Скарга оўруцкага гродскага суддзі Аляксандра Траццяка на адміністратара маёнткаў кн. Д. Шуйскага З. Шукшту за тое што ён адмовіўся задаволіць страты падаўца скаргі, панесеныя ад спалення сялянамі князя сена ў сяле Радзін;
№ 26
Лістапад 1706
(у кнігах 1707) г. Два лісты З. Шукшты да Аляксандра Траццяка: першае – папрок апошняга за знявагу брэсцкага харунжага (князя Шуйскага), за буйствы на кірмашы, за наезды, за невяртанне арандаваных азёр у Хойніках, за паклёп і інш.; другое – просьба да Траццяка паказаць на тую асобу, якая заявіла, нібы ён, Шукшта, узводзіць паклёп на яго, ды падзяка за спыненне гвалту пры арэндзе азёр у Хойніках і гатоўнасць правесці дазнанне аб спаленым у Краснаселлі сене (відавочная памылка ўкладальнікаў вопісу, бо насамрэч пацярпелі радзінцы, падданыя А. Траццяка, гл. запісы ад 18. IX. 1706 і ад 22. VIII. 1707 г.);
18 красавіка 1707 г. Скарга Фр. Левенфатэра на кн. Д. Шуйскага за невяртанне яму, насуперак дамове, нарабаванай ў час наездаў маёмасці і за няўплату доўгу, зробленага падаўцам скаргі для Шуйскага пад сваю распіску ў слуцкага яўрэя-купца;
16 чэрвеня. Скарга кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага на кіраўніка маёнткаў кн. Д. Шуйскага З. Шукшту за збіццё ім разам з сялянамі князя сялян падаўца скаргі, рабаўніцтва іх маёмасці, патраву палёў, захоп паташу і інш. у сёлах Пагоннае, Малочкі і Дронькі на р. Прыпяці, нарэшце, за наезд узброенага аддзелу ў 500 чалавек з сялян, стральцоў і казакоў кн. Шуйскага на с. Варахобавічы, за збіццё і раненне казака і слуг пацярпелага, за намер забіць яго самога, за рабаўніцтва сялянскай маёмасці… Сведчанне аб тым вознага;
20 жніўня. Позва у суд кн. Д. Шуйскага і З. Шукшты па вышэйназванай скарзе Кр. Манецкага;
22 жніўня. Позва ў суд кн. Д. Шуйскага і З. Шукшты па скарзе на іх оўруцкага гродскага і каптуровага суддзі А. Траццяка аб спаленні ў яго с. Радзін сена краснасельскімі сялянамі Шуйскага;
22 жніўня. Позва ў суд кн. Д. Шуйскага і З. Шукшты па скарзе на іх А. Траццяка аб недапушчэнні яго збіраць шэлежны (спачатку дарожны падатак з фурманак, а пазней – тое, што і чопавы) і чопавы (з вырабу і продажу моцных напіткаў) падатак у м. Хойнікі;
2 верасня. Скарга Фр. Левенфатэра на адміністратара кн. Д. Шуйскага З. Шукшту за тое, што апошні не аплаціў яму рабаўніцтва маёмасці, насуперак загаду свайго пана, за невяртанне двух залатых кольцаў, узятых ім у жонкі падаўца, за распаўсюджванне зняважлівых для яго чутак і інш.;
Ліпень-лістапад 1706 (у кнізе 1707) г. Падпіска кн. Д. Шуйскага ў тым, што ён не мае прэтэнзій да Фр. Левенфатэра ў справе яго кіравання Хойніцкім маёнткам;
Сведчанне мазырскага лоўчага Юзафа Вольскага аб невяртанні, насуперак загаду кн. Д. Шуйскага, З. Шукштай рэчаў, нарабаваных у Фр. Левенфатэра;
Сведчанне кіеўскага лоўчага Крыштафа Манецкага аб адмове таго самага З. Шукшты, з-за нібыта несапраўднасці акта пагаднення Фр. Левенфатэра з Д. Шуйскім, вярнуць Левенфатэру нарабаваных у апошняга валоў, хлеб і іншае дабро;

№ 27.
Сост. А. Т. Белоусов. Киев, 1882
9,12
(складанне)/26 (занясенне ў кнігі) студзеня
1709 г. Запіс па завяшчанню пані Магдалены Карвоўскай 500 польскіх злотых і блакітных фіранак Юравіцкаму езуіцкаму касцёлу, 300 зл. і атласнай зялёнай тканіны з срэбранымі кружавамі для напрастольнай пеляны (antependeum) Астраглядаўскаму дамініканскаму кляштару, 4000 зл. пасагу мужу свайму Канстанціну Карвоўскаму ды поўнай уплаты грошай хатняй чэлядзі...;
  Ліст той жа М. Карвоўскай да старасты насовіцкага пана Нячая з просьбай змацаваць яе завяшчанне сваёй пячаткай;
7/16 лютага. Ліст каралеўскага ротмістра, лідскага стольніка Валерыяна Антонія Талмонта пра тое, што: 1) ён, выправіўшыся да маёнткаў Брагін і Хойнікі, прасіў шляхціча Мельчынскага дастаўляць для яго харугвы правіянт або грошы і загадаў яму выдаваць ад імя яго, Талмонта, распіскі; 2) што за ўсе страты, нанесеныя шляхце і яе падданым войскамі, мусіць адказваць пан Мельчынскі, выбраны шляхтай дзеля забяспечання войск правізіяй у Кіеўскім ваяводстве; 3) што за ракой Уша стаяць іншаземныя войскі (напэўна шведскія) і іх гэты ліст не датычыцца;
12/26 ліпеня 1706 (у кнізе 1710) г. Дабраахвотнае пагадненне кн. Д. Шуйскага з капітанам Фр. Левенфатэрам аб спыненні першым прэтэнзій ў справе кіравання апошнім м. Хойнікі і прылеглымі сёламі;
6/30 кастрычніка 1706 (у кнізе 1710) г. Распіска  Фр. Левенфатэра аб выплаце яму 900 зл. пол. вількамірскім стражнікам З. Шукштай на загад кн. Д. Шуйскага;
9/30 кастрычніка 1703(6?) (у кнізе 1710) г. Запіска кн. Д. Шуйскага да свайго арандатара З. Шукшты з загадам выдаць Фр. Левенфатэру 100 пол. зл.;
10 студзеня
1710 г. Скарга кн. Д. Шуйскага на мазырскага старасту Міхала Халецкага і жаўнераў яго казацкай (г. зн. узброенай "па-казацку”, былі ж яшчэ: гусарскія, драгунскія, татарскія) харугвы, якія патрабуючы для сябе правіянту, фуражу і грошай чынілі гвалт над сялянамі і слугамі князя, трымалі іх пад арыштам, рабавалі м. Хойнікі і прылеглыя сёлы. Прысяга ў тым сялян падаўца скаргі;
4 красавіка. Позва ў суд кн. Д. Шуйскага па скарзе Фр. Левенфатэра аб няўплаце яму Шуйскім, насуперак дабраахвотнаму пагадненню і абавязацельствам, 7000 пол. зл. за рабаўніцтва маёмасці і аб невяртанні Шуйскім грошай, занятых для яго Левенфатэрам у слуцкага купца Разэмбоўмана;
13 жніўня. Скарга мазырскага стольніка Аляксандра Нямірыча на З. Шукшту, кіраўніка маёнтка Хойнікі кн. Д. Шуйскага, за тое, што ён адмовіўся выдаць, нібыта селяніна-уцекача, яўрэя Аўросія, што застаўся вінны падаўцу скаргі вялікія сумы, але, не расплаціўшыся, збег у Хойнікі;
18 верасня. Позва ў суд Фр. Левенфатэра і іншых (хутчэй за ўсё яго сваякоў – Нячай-Грузевічаў) па скарзе брэсцкага харунжага Дамініка і загальскага старасты Апалонія, князёў Шуйскіх, за наезды з натоўпам узброеных слуг і казакоў на м. Хойнікі, збіццё сялян і рабаўніцтва іх маёмасці, захоп шынкаў, пашкоджанне стральбою дамоў, знявагу ксяндза, які спрабаваў абараніць годнасць Шуйскіх, а таксама за адмову сдаць справу па кіраванню гэтым мястэчкам і інш.;
25 верасня. Позва ў суд кн. Д. Шуйскага па згаданай скарзе А. Нямірыча;
30 кастрычніка. Скарга оўруцкага старасты Юзафа Антонія Кажухоўскага на мазырскага гродскага пісара Тэафіла Лянкевіча-Іпагорскага ды жаўнераў харугвы мазырскага старасты за збіццё яго слуг і падстарасты, трыманне іх у турме, катаванні голадам, абрабаванне сялян, адабранне ў іх коней, харчовых прыпасаў, розных рэчаў, прыўласніванне чыншу (грашовага падатку) пры наездзе на с. Аравічы і іншыя вёскі Беласароцкага ключа;
18 снежня. Скарга мельніцкага войскага Аляксандра Бандынэлі і яго жонкі, якія тады валодалі часткай сёл Брагінскага ключа Я. Канецпольскага, на адміністратара кн. Д. Шуйскага стражніка вількамірскага З. Шукшту з жонкай: 1)за збіццё ў м. Хойнікі іх яўрэя Фроіма Абрамовіча, ад чаго той памёр; 2) за адмову таму ж яўрэю ў святым хрышчэнні, аб чым ён, паміраючы, прасіў; 3) за таемнае пахаванне трупа, рабаўніцтва ў нябожчыка грошай, пагрозы самым падаўцам скаргі;
Тым жа днём датавана і скарга на забойства яўрэя Абрамовіча, пададзеная ад імя ўладальніка Брагіна серадзкага ваяводы Яна Канецпольскага;

№ 28.
Сост. И. М. Каманин. Киев, 1883
6 лютага 1711 г. Скарга шляхцічаў Аляксандра і Базыля Нячай-Грузевічаў на кн. Д. Шуйскага за жорсткае збіццё яго сялянамі падаўцаў скаргі і іх сялян пры наездзе і захопе ў пацярпелых сёл Храпкаў, Навасёлкі і Дворышча (пэўна, Грузевічы трымалі іх толькі з-за даўгоў Шуйскага, бо належалі яны да Хойніцкага маёнтка);
2 красавіка. Позва ў суд кн. Д. Шуйскага па скарзе А. і Б. Нячай-Грузевічаў;
30.
Сост. А. Т. Белоусов. Киев, 1907
25 чэрвеня 1643 (у кнізе 1713) г. Выпіска з кіеўскіх земскіх кніг венавага (пасагавага) запісу шляхціча Мікалая Абуховіча сваёй жонцы Сафіі, народжанай Глухаўскай, на сяло Тульгавічы ў Мазырскім павеце; запіс гэты спачатку ўнесены ў актавыя кнігі мазырскага старасты, а пасля пераносіліся ў мазырскія і кіеўскія земскія актавыя кнігі;
25 лютага 1713 г. Заява кн. Д. Шуйскага пра няяўку паборцаў для атрымання ад яго катловага і шынкавага падаткаў з мястэчка Хойнікі, дзеля чаго заявіцель і даставіў падаткі ў суд;
32.
2 мая 1716 г. Скарга кн. Д. Шуйскага на З. Шукшту за няўплату падаўцу грошай за арэнду Хойніцкай воласці;
9 мая. Скарга старадубскага падстолія Яна Аляксандра Окшы-Чахоўскага на мазырскага маршалка Антонія Аскерку за тое, што аддаў яму нібыта ў заставу сяло Юркавічы (на Брагіншчыне), калі яно ўжо належала роменскаму старасце Прэсецкаму, а потым не падпісаў сам застаўны запіс, каб падаўца скаргі не мог кампенсаваць страты, атрымаўшы сяло Губарэвічы;
23 і 25 чэрвеня. Скаргі З. Шукшты на кн. Д. Шуйскага за парушэнне дамовы адносна арэнды м. Хойнікі, падман і падлог пры складанні тае дамовы, неўзнагароджанне ім убыткаў падаўца па арэндзе маёнтка і ўхіленне ад падпісання арэнднага кантракта;
31 жніўня/23 кастрычніка. Узаемнае пагадненне кіеўскага земскага каморніка Аляксандра і навагрудскага лоўчага Базыля Нячай-Грузевічаў аб сумесным валоданні атрыманымі па бацьку сёламі Масаны і Баршчоўка і карыстанні ўсякімі прыбыткамі пароўну, за вылікам расходаў на ўтрыманне іх сястры Зузанны, на наём адміністратара, на патрэбы царквы і святара;
11 верасня. Заява мельніцкага войскага Аляксандра  Антонія Бандынэлі аб тым, што насуперак дэкрэту Кіеўскага земскага суда, маршалак А. Аскерка не з’явіўся своечасова на паседжанне для вырашэння спрэчак з-за ўладанняў: хутары Рудыя, Тварова, Рудакоў, Бабчын і Чахі. Акрамя таго, ён забараніў прыходзіць і сваім сялянам, пагражаючы ім пабоямі;
№ 33.
2 жніўня 1718 г. Скарга А. Окшы-Чахоўскага на сыноў кіеўскага падчашага Яна і Міхала Сілічаў за невыкананне умовы даўгавога запісу на 2000 пол. зл., забяспечанай сёламі Брагінскай воласці Высокае і Лісцвін, што ў Оўруцкім павеце;

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019