Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

    Васіль Афанасьевіч Рэвяка

    Ёсць людзі, якія сваім жыццём даказалі, што героем можна стаць не толькі ў ваенны час, але і ў мірныя будні. Але што патрэбна зрабіць для таго, каб стаць тварам эпохі? Рабіць тое, што прынята лічыць немагчымым, як сцвярджае вялікі пісьменнік О. Уайльд. Ставіць перад сабой толькі такія мэты, якія здольны запаліць сваё ўласнае сэрца. І гэтае святло тваёй нястомнай душэўнай энергіі, стараннямі якой зроблена многа добрага для іншых людзей, хутчэй за ўсё, у той дзень, калі ты менш за ўсё чакаеш гэтага, і запаліць тваю зямную Зорку.


    Прадаўжальнік вялікіх традыцый, пераемнік двух "зорных" папярэднікаў – Герояў Сацыялістычнай Працы Фёдара Пятровіча Сянько і Аляксандра Іосіфавіча Дубко – Васіль Афанасьевіч Рэвяка праявіў сябе магутным кіраўніком і ўпісаў яркую старонку ў развіццё гаспадаркі. Пры гэтым змог застацца адкрытым чалавекам. Ён шчыра расказаў аб сваім лёсе.
    Калі наперадзе ў цябе цэлае жыццё, хто не марыць аб чымсьці вялікім? Вось і студэнт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута Васіль Рэвяка быў нямнога рамантыкам. Але нейкіх глабальных мэт перад сабой не ставіў. Ды і ці мог юнак са шматдзетнай сялянскай сям’і паверыць у тое, што прыдзе час і ён атрымае самую высокую дзяржаўную ўзнагароду?
    Васіль Афанасьевіч памятае не толькі першыя ўдачы, але і першыя складанасці: пасля заканчэння інстытута веды былі добрыя, а вось рабоце з людзьмі, разуменню псіхалогіі студэнтаў не навучалі. Напэўна пашанцавала, што спасцігаць навуку зносін давялося ў адным з лепшых у рэспубліцы калектываў. У той час "Прагрэс" ужо валодаў новымі перспектыўнымі тэхналогіямі. Удасканаленню тэхналагічных працэсаў у розных галінах, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, мяжы няма. Але праблем у галіне фарміравання прадуктыўнасці жывёлагадоўлі і раслінаводства было больш чым дастаткова.
    Пад патранажам Аляксандра Дубко Рэвяка шэсць гадоў адпрацаваў галоўным заатэхнікам. Гэта былі напружаныя гады. Менавіта ў той час гаспадарка два разы ўзбуйнялася. Стварэнне розных по ўзроўню вытворчасці і інтэлектуальнаму ўзроўню калектываў заўсёды праходзіла няпроста. Вось тут і дапамагала веданне чалавечай псіхалогіі.
   У 1981 годзе, калі працаваў намеснікам старшыні па жывёлагадоўлі, адначасова ўзначаліў партыйную арганізацыю гаспадаркі. Яна была вялікай – 280 чалавек. Пасля таго, як Віталь Ільіч Крамко перайшоў у саўгас "Кастрычнік", Рэвяка стаў першым намеснікам старшыні. Затым яго запрасілі працаваць у абкам партыі інструктарам аргаддзела. Там ён адпрацаваў усяго некалькі месяцаў. Але яны аказаліся для яго самымі складанымі. Цішыня кабінетаў і работа з паперамі – гэта не з яго характарам. Наступная работа была хаця і партыйнай, але жывой. Яго выбралі першым сакратаром Мастоўскага райкама партыі. Адпрацаваў на гэтай пасадзе 6 гадоў. За гэты час закончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Атрымаў больш трывалыя веды па асновах псіхалогіі, фарміраванню псіхалогіі грамадства, прамоўніцкаму мастацтву і г. д.

     У Мастах яму многае ўдалося – раён зрабіў вялікі крок наперад, прыкметна вырас па прадуктыўнасці статка і ўраджайнасці.
    Пасля распаду Савецкага Саюза былі прапановы перайсці на працу ў Міністэрства сельскай гаспадаркі, Дзяржхарчпрам. Але ўсё змяніла сустрэча з Аляксандрам Іосіфавічам Дубко, і В. А. Рэвяка вярнуўся ў свой калектыў. Працаваў намеснікам старшыні да таго часу, пакуль Дубко не ўзначаліў кіраўніцтва Гродзенскай вобласці, а ў 1995 годзе стаў старшынёй "Прагрэса".
    Гэта адзіны выпадак, напэўна, не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы, калі тры кіраўнікі гаспадаркі адзін за другім сталі Героямі. Фёдар Пятровіч Сянько адпрацаваў 14 гадоў, Аляксандр Іосіфавіч Дубко – 22 гады, а Васіль Афанасьевіч Рэвяка працуе 19 гадоў.
    Пачатак "Верцялішкам" паклаў Ф. П. Сянько, які ўвасобіў у жыццё ідэю стварэння эксперыментальнай паказальнай гаспадаркі. Яму было тады 24 гады, але ён смела ўзяўся за справу. Больш вопытныя кіраўнікі, якім прапаноўвалі ўзяцца за гэту ношу, адмовіліся. Фёдар Пятровіч у вельмі сярэдняй гаспадарцы наладзіў вытворчасць, пачаў будаўніцтва найпрыгажэйшага на той час пасёлка. Яго справу працягнуў Аляксандр Іосіфавіч Дубко. Пры ім двойчы адбывалася ўзбуйненне гаспадаркі, маштабна разгарнулася будаўніцтва жылля і сацыяльнай сферы.
   В. А. Рэвяку таксама давялося прыкласці шмат намаганняў. Напрыклад, пры Дубко былі пабудаваны новыя комплексы, і запушчаны ў эксплуатацыю іншыя вытворчыя магутнасці, але пасля таго прайшло ўжо 22 гады. З’явіліся зусім іншыя тэхналогіі. Тое, што было зроблена, давялося перабудоўваць. Комплекс па вырошчванню бройлераў у бытнасць Рэвякі павялічыў прадуктыўнасць у 2 разы. Малочныя комплексы былі нядрэнныя, але прыйшоў час мяняць і іх. На добраўпарадкаванне пасёлка было затрачана 20 мільярдаў рублёў. Практычна быў пабудаваны новы пасёлак на 200 кватэр. Калі ўлічыць, што сям’я ў сярэднім састаіць з 4 чалавек, то значыць 800 з 3200 жывучых у Верцялішках – людзі, якія атрымалі ключы ад кватэр з рук свайго старшыні.
   Вельмі добра памятае Васіль Афанасьевіч свае першыя "Дажынкі" ў Шклове ў 2010 годзе, тады, да слова, мелі ўраджайнасць 46 цэнтнераў з гектара, а ў 2011 годзе атрымалі з гектара 84,9 центнера збожжавых.
   Першымі паведамілі Васілю Афанасьевічу аб будучым узнагароджванні журналісты тэлебачання. Але ён ім не паверыў. Так, разумеў, што шмат працуе, але ніколі не лічыў сябе выключным чалавекам. <...>
    Каманда ў яго добрая. Васіль Афанасьевіч часам жартуе: калі пусціць на дэмакратычныя рэйкі сваю гаспадарку, то і тады яна будзе самай моцнай. Кожны разумее, што яму трэба рабіць. Старшыня дапускае такую магчымасць, што сёння прыйшоўшы на практыку ў "Прагрэс-Верцялішкі" студэнт аграрнага ўніверсітэта, як калісьці Васіль Афанасьевіч, можа ўзначаліць гаспадарку. В. А. Рэвяка ганарыцца тым, што многа зрабіў разам з калектывам. "Прагрэс-Верцялішкі" не ў ліку тых, хто паўсядзённа прыбягаў да даброт у выглядзе дзяржаўных датацый. Ва ўсё – і развіццё вытворчасці, і сацыяльную сферу – укладвалі ўласныя грошы або крэдыты. У выніку гаспадарка на пад’ёме, жыццё ў людзей на належным узроўні. У Васіля Афанасьевіча двое дзяцей. Дачка Жанна закончыла юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржуніверсітэта, працуе ў прыватным бізнэсе. Сын Аляксей – выпускнік эканамічнага факультэта аграрнага ўніверсітэта, працуе ў банку. Жонка Яўгенія Уладзіміраўна – хатняя гаспадыня, захавальніца сямейнага ачага. Ёсць унук Арцём. Васіль Афанасьевіч – сапраўдны працаголік. Нават у выхадныя ідзе на работу, ды і водпуск увесь цалкам адгуляць не ўдаецца. Як правіла, бярэ два тыдні з думкай, што яшчэ раз у годзе адпачне, але потым не знаходзіць для гэтага "форткі". Захапленні ёсць. Вельмі любіць займацца веласпортам. 10 кіламетраў з раніцы на ровары – проста для задавальнення. А зімовымі вечарамі прагульваецца пяшком кіламетраў шэсць. Па-першае, бачыць, што робяць падлеткі на вуліцах Верцялішак, як убіраецца снег на вуліцах, а па-другое, такая прагулка здорава бадзёрыць. Летам, бывае, рыбачыць, але атрымліваецца гэта зрабіць толькі некалькі разоў за сезон. Хоць тут ёсць вадаём, дзе разводзіцца рыба, ён туды не ходзіць, любіць дзікія азёры – яму больш падабаецца працэс лоўлі, чым вынік. Рэвяка многае зрабіў, шмат чаго дасягнуў. Калісьці марыў, што гадоў за 15 правядзе рэканструкцыю, давядзе да ладу сацыяльную сферу і будзе задавальняцца вынікамі ў Верцялішках. Але потым зразумеў, што жыцця чалавечага для гэтага мала, вось чаму яго мара – у штодзённай працы. На радзіме Васіль Афанасьевіч бывае не часта. На вялікі жаль, не дажылі да трыумфу сына бацькі. Але Афанасій Ісакавіч і Алена Яфімаўна ганарыліся ім усё жыццё. Ганарыцца і Хойнікшчына сваім славутым земляком – Героем Беларусі.

ВІЗІТНАЯ КАРТКА
Васіль Афанасьевіч Рэвяка нарадзіўся 15 ліпеня 1948 года ў пасёлку Рабец* Хойніцкага раёна Палескай вобласці Беларусі. Скончыў Княжыцкую (Слабажанскую) васьмігадовую школу, затым Рэчыцкі аграрны каледж і Гродзенскісельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці "вучоны-заатэхнік". Пасля вучобы служыў у арміі, працаваў заатэхнікам-селекцыянерам у калгасе "Заазер’е" Гомельскай вобласці, загадчыкам цэха жывёлагадоўлі, а затым намеснікам старшыні калгаса "Прагрэс" Гродзенскага раёна. З 1995 года – старшыня СВК “Прагрэс-Верцялішкі”. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.
УЗНАГАРОДЫ, ГРАМАДСКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ
Ордэн "Знак Пашаны", медаль "За працоўныя заслугі", Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Указам №135 ад 01.03.2006 удастоены звання "Герой Беларусі" за выключныя заслугі ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.
Дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
ГАСПАДАРКА, ЯКОЙ В. А. РЭВЯКА КІРУЕ
У СВК "Прагрэс-Верцялішкі" працуе 45 структурных падраздзяленняў: 5 вытворчых участкаў, садаводчая брыгада, 13 жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, кармацэх, прадпрыемства па перапрацоўцы малака, цэх перапрацоўкі птушкі, прадпрыемства забою жывёлы, каўбасны цэх, мукамольнае прадпрыемства, хлебапякарня, цэх пярвічнай апрацоўкі пушніны, лесацэх, сталярна-мастацкае прадпрыемства, цэх пашыву адзення з футра і інш.

Клаўдзія Босак
18. 08. 2014

*Прозвішча Рэвяка сустракаецца сярод жыхароў сяла Алексічы яшчэ ў апісанні Мазырскага замку 1552 г. Пасёлкі Рабец і Дуброва, заснаваныя на землях колішняга маёнтку Новы Двор (Алексічы) у 1920-я гг., былі заселеныя якраз выхадцамі з Алексічаў. І на сёння гэтыя тры паселішчы маюць агульныя могілкі, хоць, скажам, да Рабца бліжэй могілкі Багуслаўца. Таму няслушна, як гэта нярэдка робіцца, называць аграрныя пасёлкі бальшавіціх часоў вёскамі. [С. Бельскі].

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019