Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

      Камунікат
     Мікола Згубарэвіч (Ляшчун). Мікалай Міхайлавіч Ляшчун нарадзіўся 8 студзеня 1955 года ў вёсцы Губарэвічы на Хойнікшчыне. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1972 годзе працаваў грузчыкам на Мазырскім кабельным заводзе. З 1973 па 1975 год служыў у войску. У 1980 годзе скончыў факультэт перакладчыкаў Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моваў. Падчас вучобы ў 1979 годзе праходзіў стажыроўку ў Йенскім універсітэце імя Фрыдрыха Шылера ў Германіі.
     З 1980 па 1983 год працаваў выкладчыкам нямецкай і англійскай моваў у Вышэйшай школе МУС БССР. Зараз выкладае англійскую мову ў Лагойску.
    Паэт, перакладчык. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар зборнікаў паэзіі “Палескія сны” (2007 г.), “Белая завея”(2009), друкаваўся ў калектыўным зборніку “Прайсці праз зону” (2001 г.).
     У 1982 годзе ў выдавецтве “Юнацтва” выйшаў з друку пераклад рамана нямецкіх пісьменнікаў Вільмаса і Ільзы Корн “Маўр і лонданскія гракі”. Друкаваўся ў альманаху “Далягляды” (1982).
  У рэспубліканскім перыядычным друку неаднаразова змяшчаліся пераклады з нямецкай, польскай і украінскай моў на беларускую мову. Пісаў апавяданні, гумарэскі. Выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі ў абарону роднай мовы і захавання літаратурна-гістарычнай спадчыны.

    Ільнянскую школу наведаў Мікола Ляшчун
   Да сустрэчы з паэтам Міколам Лешчуном мы рыхтаваліся загадзя. Пра гэтага чалавека нам расказаў настаўнік замежнай мовы Іван Іванавіч Міхалькевіч, калі прыехаў з курсаў павышэння кваліфікацыі. Ён перадаў у школьны музей зборнік вершаў Міколы Лешчуна "Белая завея”. Кіраўнік музея “Вілейшчына літаратурная” Роза Канстанцінаўна Шэрая запрасіла паэта да нас у школу.
   Сустрэча з Міколам Лешчуном адбылася ў рамках свята Міжнароднага дня роднай мовы. У зале сабралася шмат людзей, сярод якіх былі вучні і настаўнікі. Напачатку мерапрыемства вучні 9 "А” класа прачыталі вершы паэта. Затым слова трымаў сам Мікола Ляшчун. Нам цікава было дазнацца, што паэт нарадзіўся на Палессі. Вёска Губарэвічы – гэта адна з тых вёсак, якія пацярпелі ад чарнобыльскай радыяцыі. Вельмі закрануў маю душу верш, у якім апяваецца загубленая вёска. Мікола Міхайлавіч кожны год прыязджае ў родныя мясціны і сумуе па роднай хаце, якой ужо няма.
   Паэт працуе настаўнікам замежнай мовы ў Лагойску, ведае чатыры мовы: рускую, беларускую, англійскую і нямецкую. У дзяцінстве ён не марыў быць настаўнікам, але не шкадуе аб выбары прафесіі, бо кажа: "Калі б не стаў настаўнікам, не стаў бы паэтам”. Вось як ён піша аб гэтым: Сярод паэтаў – я настаўнік,_Сярод настаўнікаў – паэт,_незалежна ад абставін_Па-свойму ўспрымаю свет.


  

    Свае вершы піша пад псеўданімам Мікола Згубарэвіч. Ён вельмі цікава расказваў нам гісторыі са свайго школьнага жыцця, узнёсла чытаў свае вершы. Гаварыў, што марыў у дзяцінстве аб тым, каб яго верш надрукавалі ў газеце. А калі мара збылася, то насіўся з гэтай газетай як угарэлы.
   Мікола Ляшчун вельмі любіць, калі яго вершы чытаюць вучні. Кажа: "Магу слязу пусціць”. Мікола Міхайлавіч пажартаваў: "Ранкам босымі нагамі хадзіце па расе і будзеце паэтамі».
   Паэту вельмі падабаецца слова "заманіха”. Ён у нас запытаў сэнс гэтага слова, але мы не змаглі адказаць. І ён папрасіў паглядзець у слоўнік. Я паглядзела, аказваецца заманіха – гэта пастка. "Заманіха” – так хоча паэт назваць свой новы зборнік.
   Сваю творчасць Ляшчун пачынаў з мастацкіх перакладаў з замежнай мовы. Аўтар мае некалькі ўласных вершаў на англійскай і нямецкай мовах. Вельмі даражыць творчасцю Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Сяргея Законнікава, Генадзя Бураўкіна. Ляшчун прызнаўся, што зайдросціць нашай школе, бо ў нас усе размаўляюць на беларускай мове.
    Самыя любімыя яго вершы пра маці. Таксама любіць вершы пра жонку і дачок. Некаторыя яго вершы пакладзены на музыку. Я лічу, што Мікола Згубарэвіч – паэт ад Бога, бо яму сняцца вершы.
    Гэта цёплая сустрэча была падобна на маленькае свята беларускага слова.

Валерыя ГІРО, вучаніца 9 "А” класа Ільянскай сярэдняй школы
імя А.А. Грымаця

Газета "Шлях Перамогі"

Мікола Ляшчун, зборнік “Палескія сны”
Родная мова

Не знайсці ў свеце з ёй падабенства.
Яна – з роду крынічак бруістых
І адтуль, дзе пражыта маленства,
Ад людзей дабрадзейных і чыстых.

З баравых, балацяных сцяжынак,
Што ля Хойнік – глыбінкі палескай,
Ад дакосін, дакопак, дажынак
І ад песень тужліва-балесных.

Ад блакітных і ясных азёраў...
Дабрыня яе – ў мудрых паданнях,
А краса – ў васільковых узорах,
У ліпнёвых, сунічных світаннях.

На Палессі, ў Гародні, пад Мінскам
Яна лашчыць душу адналькова.
Мая спадчына, гонар і мараў калыска,
Мілагучная, шчырая, добрая мова.

Мой вырай
З балот замшэлых, купін, хвойніку
На белы нарадзіўся свет,
І з глушыні былой, з-пад Хойнікаў
Мой першы крык – радкі мае.

Пацешаць часам вандраванні –
Я на Палессе сэрцам рвуся,
Туды, дзе срэбранае ранне,
Дзе сны салодкія чамусьці.

Палескі край, душы світанак,
Адвечна спеліш думы шчыра.
Ты – мой пачын і мой прыстанак
І мой заўжды чаканы вырай.

На Губарэвіцкіх могілках
Вы чуеце, дзядзька Іван?
Зязюля пятроўку гукае,
Не чуецца песняў сяльчан,
І кайстры ніхто не збірае.

Паедзем, як колісь бывала,
І выкасім нашыя лёсы.
Гукнуў я, а рэха паслала
На шчоках слязінак пракосы.

Пагорбіліся альтанкі,
Трава пасівела ў лугах.
У вёсцы знямелі світанкі,
А пах сенакосны!.. А пах!..

Палескія летнія ночы
Бяссонны разбуджвае бор.
З кладоў сіратлівыя вочы
Зажураны косяць прастор.

На кірмашы ў Хойніках
“Купляй кіях, частуйся смела,
Бо агарод мой без нуклідаў!” –
Дзядок тутэйшы дзіўна ўмела,
Як радыёлаг спраўны выдаў.

“Не першы год я тут гаргую,
Як той рэвактар узарваўся,
А я таргую. не сумую,
Хоць нам Чарнобыль той дастаўся!

Насілі ўсё мы на праверку,
Ды так абрыдзела пазней.
Там дзеўка чыркне ў паперку
І кажа: “Еж, дзед, як раней!”

Так вось усё мы і ядзім
І прадаём патроху людзям.
На бэры тыя не глядзім.
А мо нічога і не будзе!?”

Ён мне сказаў, нібы спытаў.
Ды больш, відаць, сябе самога:
“Я колькі людзям груш прадаў,
І не памерлі, дзякуй Богу!”

Я слухаў дзеда, анямеўшы,
І жах смяротны ў сэрцы ўзнік:
Як доўга будзем, піўшы, еўшы,
Пражытых весці дзён адлік!?

Пасля паездкі ў родную вёску
Нарэшце спаткаўся з радзіннай зямлёю
І ў скрусе да бацькавай хаты дакрочыў.
Што сталася з хатай і вёскай маёю –
Хай лепей зусім бы не бачылі вочы!

Таполі і вербы без нас аўдавелі,
Сустрэў ваўкавата стогодні быльнёг,
Бабулінай жмут пасівелай кудзелі
На вечны спачын у застрэшку прылёг.

Натхнёна, як колісь, і метафарычна
Не хочуць ні сэрца пісаць, ні рука,
І рвецца да Бога з грудзей істэрычна:
За што пакараў ты так палешука?!

Ні клуба, ні школы не бачна ў лесе,
І выган мурожны парос хмызняком.
Маё безбалотнае, святое Палессе
Бязлюдна ўмірае, упаўшы нічком.

Аравіцкія яблыкі
Спякотаю дыхаў пагодлівы жнівень,
І час на Палессі гарачы стаяў.
Палеткі забрудзіў атрутлівы лівень.
Ніхто тут не сеяў, ніхто і не жаў.

Убачыць такое не зычу нікому:
Цагляная школа лазой абрасла,
Валяецца лялька ля зграбнага дома.
Мая тут сяброўка юнацтва жыла.

Мне цяжка да болю ў такое паверыць.
У кінутай вёсцы гуляе журба.
Пустэчаю зеўраюць вокны і дзверы.
Драты з электрычнага звіслі слупа.

Ля крамы ўпоравень з дахам – дзяды,
Ля клуба на ганку пласцінка разбіта...
Стагналі ад яблык налітых сады,
А мне ж падалося, што людзі нібыта.

Мая вёска
У глыбінцы стулілася сціпла
Дабрадзейна, душой не гавеючы,
Мая крэўная, з назваю звыклай
Вёска любая мне – Губарэвічы.
Зроду лёсам ніколі не пешчана –
Прыгажуня мая працавітая,
Хоць на картах вялікіх не змешчана,
Маё сэрца прыцягвае магнітам.

Тут – мой першы ўпэўнены крок
І радкоў маіх лепшых крыніца,
Тут – кахання мой першы глыток,
Тут хацеў бы навечна спыніцца.

Калі стомай жыццё агарнае,
Толькі ў родную вёску імчуся,
Да вытокаў сваіх прыпадаю
І вяскоўцам сваім пакланюся.

Губарэвіцкія вішні
Вішні ў роднае вёсцы паспелі.
Позірк вабіць сакоўны кармін.
Смутак тоіцца неадбалелы
У цішы незасеяных ніў.

Вакол нема, нібы на пагостах,
І глядзець нават сіл не стае.
Край маленства -- пакінуты востраў,
Згадкі тут пахаваны мае.

Не сасню больш, напэўна, ніколі,
Я блакітных і радасных сноў.
Разрываецца сэрца ад болю –
Я па сцежках маленства прайшоў.

Толькі ў снах і ў зваблівых мроях
Наталяю свой смутак спаўна.
І чамусьці здаецца мне болей,
Што ва ўсім і мая ёсць віна.

У родных Губарэвічах
Даўно гамоняць: высяленне...
А высяляць няма каго –
На прызбах бабкі ў здранцвенні
Чакаюць скону дня свайго.

Іх шлях увесь – з двара на лаву,
Ды той апошні – на клады.
Пра смерць гавораць, як забаву,
У спрэчках блытаюць гады.

А каляндар іх – ранак-вечар,
Не цешыць водар спелых ніў.
Ім дзень здаецца, нібы вечнасць.
– Во, дзякуй, што пагаманіў!

Куды нам ехаць, чалавеча?
Не зможам жыць на чужыне...
Нашто дзяліць кавалак нечы?
Не кінем хаты мы свае.

Трывожыць старасць – грэх вялікі,
Наклічам толькі божы гнеў.
Памерлі нашыя музыкі,
І не гучыць палескі спеў...

Наталля, Вольга ды Хрысціна –
Старэнькіх некалькі удоў,
Жыццё згадаюць у даўніну
Ды парасходзяцца дамоў.

Я дома
Я дома, дома! Мілы сэрцу водар
І пах непараўнальны медуніцы...
Натхняюся, што я з Палесся родам,
З гасціннай, хлебасольнае зямліцы.

Не кляўся я ў любові ёй ніколі –
Няшчырасці баюся хоць крупінкі.
Нідзе душу не супакою болей
Апроч Палесся, не знайду спачынку.

Дыхнуў наліў на поўненькія грудзі –
Нібы рукой зняло начную стому,
Адчуў ізноў, чаму нібы аб цудзе,
Гаворым у разлуцы мы аб дому.

Які я дужы і заўжды багаты,
Калі махне ля веснічак рукою
Матуля стрэчна, і да роднай хаты
Не зарасла сцяжынка муравою.

 

Мікола Ляшчун, зборнік “Белая завея”
Боль зямлі маёй

Паэма
– Эге, унучак, расцягнулі і ў нас,
у Губарэвічах, царкву, па
паленцу, па дошчачцы, знаку
дайжа не асталося...

З аповяду нябожчыцы бабулі Аксінні
***
Хойнікі, Хойнікі...
Вольхі ды хвойнікі.
Купы балотныя,
Лёсы гаротныя,
Зыбкія гаці,
Крык немаўляці,
Рукі руплівыя,
Песні тужлівыя,
Хаты, адрыны,
Гуд камарыны,
Плуг, серп і поле —
Вось і ўся доля.
— 1 —
Такіх не бачыў ты лясоў,
Хоць будзь за краем свету,
Не стрэнеш гэтакіх дубоў
І хвой — упэўнены я ў гэтым.

Бывала, ў даўнія часы
Заблудзіць нехта ў лесе:
Лясун варожыць галасы,
І шэпча тайнамі Палессе.

Сівой цнатлівасцю балот
Наш край прывабіў слаўны,
Цнатлівым сонца быў усход
І людзі з верай праваслаўнай.

Жылі гаротна тут спакон,
Кавалак хлеба здабывалі,
Не выракаліся ікон
І галасілі, і спявалі...

І чарку бралі ж у маркоце,
За долю Бога не клялі,
Касілі, стоячы ў балоце,
У працы шчырымі былі.

Спраўлялі годнасна хрысціны,
Канца вяселлям не было,
Былі нябожчыкам мярліны,
І шчасце вольнае прыйшло.
— 2 —
Настаў нарэшце лепшы час —
Паноў прагналі мы з маёнткаў.
« За хлеб рабілі і за квас,
Жылі ўсе з верай ў завядзёнку,

Што так жылі спакон дзяды,
І нам не бачыць светлай долі.
Пакосы, поле і клады —
І больш няма сцяжыны вольнай.

Усё зраўнуем, быццам пляц,
Каб жыць у злагадзе-дастатку,
Збудуем кожнаму палац —
Хаціны знішчым без астатку.

І не бяры да сэрца жаль,
Далоў царкву і забабоны!
Рэвалюцыйная мараль...
Рэвалюцыйныя законы...

«Руйнуй палацы іх і храмы,
Не засталося каб і знаку!» —
Крычаў нябожчык Лесь Адамаў,
Мясцовы зух і забіяка.

І так вось цэркаўкі ламалі
І засявалі цвінтары,
Ды прыгажэй не збудавалі,
І ў душах зніклі светары.
— 3 —
Руплівасць нам не пазычаць!
Зямелька нам радзіла шчыра,
І берагла нас божа маць,
І не цураўся першы вырай.

Мой прадзед быў не бедняком —
Зямля была і дзеду ў спадчыну.
Завалаклі ў калгас сілком,
Як непітушчага у складчыну.

«Хіба я што ў каго украў!?» —
Стары Купрэй крыўдліва плакаў, —
Я ж змалку кроўна гараваў,
Цяпер ганяюць, як сабаку!

Нашто адрэзалі надзел?
Ці я стаяў супроць улады?
Прымаў бы ў мітынгах удзел
І даў бы сам зямельцы рады...»

Мой дзед рупліва працаваў,
І гэта дзеда ўратавала.
Ён супраць немцаў ваяваў —
Ва ўлад сумнення не паўстала.

Хоць крок ім быў да Калымы,
Бо за правіннасці каралі,
Сяляне дбалі пра дамы
Свае ж усе і.... кралі... кралі...
— 4 —
Усё маё, усё тут наша:
Лясы, палеткі і лугі,
Канюшні,пуні, коні, пашы,
Кувалды ў кузнях, абцугі...

А коні ў нас былі ў пашане.
Што паляшук быў без каня?
З балота сена не астанеш
І не заробіш працадня...

Пра коней нат спявалі песні,
Давалі лепшае каню,
Кармілі добра напрадвесні,
Старых спытай, калі маню!

І вось машынная навала
Прыйшла ў палескае сяло.
Такога дзіва не бывала,
Такога цуду не было!

Сама машына і накосіць,
І прывязе, і узарэ,
І есці, трасца ёй, не просіць,
Яе хвароба не бярэ.

Вядома, людзі вельмі рады
Былі машынам як не ўсе,
А коні страцілі спагаду
І змізарнелі пакрысе.
— 5 —
А я меў у маленстве шчасце,
Бо еў сапрадныя гуркі
Ды без хімічнае напасці
І з лёгкай матчынай рукі

Расло цудоўна ўсё на дзіва,
І не было здароўя стратаў,
Хапала жыта нам на мліва
Без пестыцыдаў і нітратаў.

Мы ж у маленстве цэлым класам
Шукалі ў полі каларадаў,
А сёння гора ўсім калгасам,
Бо развялося ўдосталь гадаў.

А самалёт пачаў лятаць —
Махалі лётчыку гулліва,
Дык ён ва ўсю стаў паліваць
Нам грушы, яблыні і слівы.

Кружыў вясной, як воран кляты,
Каб не пладзіліся жукі.
І паліваў атрутай хаты,
Што дохлі пчолы, павукі...

Зямлю заўчасна марнавалі,
А ёй служыць яшчэ вякам!
Каб нашы продкі паўставалі,
Дык што б яны сказалі нам!?
— 6 —
Ды ў нас нічога не пыталі —
Няшчадна крэмзалі зямлю,
Палесся сэрца даставалі,
А заадно душу маю.

Спярша бяздумна асушалі,
Аж суха стала ў горле ў нас,
Пасля ў тых месцах арашалі...
Хто даў злачынны той заказ?

За багны людзі ўсе маўчалі.
Няхай дрыгва паслужыць нам,
Дык студні ушчэнт павысыхалі.
Якім маліцца нам багам?

Пачэзлі нашыя палеткі,
Пажоўклі травы-мурагі.
Дзе пасвіць нам кароў улетку?
Занылі людзі ад тугі.

Няхай праклён тых напаткае
За мукі роднае зямлі.
Яны зрабілі пекла з раю.
Няўжо мы грэшнымі былі?

Каб так сілком вужакі-трубы
Пілі кроў з родных каранёў
І давялі зямлю да згубы...
Ці акрыяе кут мой зноў?
— 7 —
Хаця рабілі анічога
На грэх спакон палешукі,
Але зграшылі, мусіць, Богу
Калісь ў вялікдзень землякі.

У дзень святы папрацавалі?
То мо за гэта божы гнеў?
І вырай песняй сустракалі.
Спаткала гора вас за спеў?

Ліхая немач, злыбяда
Усе панішчыла мясціны,
Бо лес атручаны, вада,
А вёскі — толькі ва ўспамінах.

І людзі нашыя ў выгнанні.
Чужая туліць іх зямля.
Бабуля просіць на скананні:
«На хату б глянуць хоць здаля!

Душа хай стоіцца ў спачыне,
На краскі б глянуць і траву,
Ты завязі дадому, сыне,
Я да дамоўкі дажыву...»

Не зычу ворагу ліхому
Чуць гэткіх жаласлівых слоў.
Я еду са слязьмі дадому,
Магчыма, і не ўдасца зноў.
— 8 —
Як кара божая з нябёс
Зацьміла сонечнае ранне.
Няўжо няміласцівы лёс
Наканаваў нам выміранне?

О Беларусь, мая гаротніца!
За што з нас гэткі люты здзек?
Была ты вечнаю нявольніцай.
Няўжо і будзеш ёй навек?
— 9 —
Цярпела злыбяду і золь
Зямля мая радзінная.
Дзяліў я быль, дзялю і боль
З пакутнаю Радзімаю.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019