ЗЯМЛЯ, НА ТАЛЕНТЫ БАГАТАЯ…
Хойніцкая зямля выгадавала нямала дзеячоў навукі і культуры, тых, хто дасягнуў пэўных вышынь у навуковай і мастацкай творчасці: вучоных, мастакоў, пісьменнікаў і артыстаў. Усе яны, хто ў большай, хто ў меншай ступені, праславілі сваёй дзейнасцю гэты куток Палесся.
Звязаны лёсам з Хойнікшчынай выдатны вучоны ў галіне лесазнаўства і лясной таксацыі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, акадэмік Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Уладзімір Феліксавіч Багінскі.
У. Ф. Багінскі нарадзіўся 2 лютага 1938 года ў Маскве. Яго бацькі – буйныя партыйныя работнікі, падпольшчыкі. Маці Уладзіміра ўваходзіла ў вышэйшае кіраўніцтва Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, у 30-я гады працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Маскоўскага інстытута замежных моў. Бацька служыў у арміі ў званні палкавога камісара, затым займаў пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце маскоўскага педагагічнага інстытута імя Пацёмкіна. Праз год пасля нараджэння сына бацькі былі рэпрэсаваны і маленькі Валодзя апынуўся ў беларускім гарадку Хойнікі, у сям’і дзядулі, Мечыслава Францавіча Багінскага. Дзед быў аўтарытэтным у горадзе чалавекам, валодаў чатырма замежнымі мовамі, добра разбіраўся ўсадаводстве і агародніцтве, быў брыгадзірам калгаснай садова-агароднай брыгады, у час вайны – партызан-падпольшчык, камандзір разведгрупы.
Уладзімір Феліксавіч скончыў Хойніцкую сярэднюю школу № 2 з сярэбраным медалём і мог без экзаменаў паступіць у любую вышэйшую навучальную ўстанову. Ён выбраў фізіка-тэхнічны факультэт МДУ. Але цётка Вікторыя, настаўніца па прафесіі, напомніла юнаку пра лёс бацькоў. І хлопец вырашыў прадоўжыць справу свайго прадзеда-лесніка – звязаць жыццё з лесам. Першым крокам на гэтым шляху было паступленне ў Беларускі лесатэхнічны інстытут. Тут студэнт Багінскі сустрэўся з выдатнымі педагогамі і буйнымі навукоўцамі, сярод якіх акадэмікі П. П. Рагавы, І. Д. Юркевіч, прафесары В. К. Захараў, Б. Д. Жылкін, К. Ф. Мірон і інш.
Пасля заканчэння ў 1960 годзе інстытута У. Ф. Багінскі 8 гадоў працаваў ляснічым і галоўным ляснічым у лясгасах Гомельшчыны. Назапасіўшы дастаткова вялікі практычны вопыт, ён зразумеў, што вытворчасць не можа паспяхова развівацца без навукі і паступіў у аспірантуру БелНДІЛГ (цяпер Інстытут лесу). Пад кіраўніцтвам аднаго з буйнейшых вучоных СССР у галіне лясной таксацыі, заслужанага дзеяча навукі БССР, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Фёдара Патапавіча Маісеенкі была падрыхтавана і папяхова абаронена кандыдацкая дысертацыя на тэму “Будова і рост сасновых маладнякоў штучнага паходжання ў БССР”.
У. Ф. Багінскі працягнуў справу свайго настаўніка і з 1975 года кіраваў даследаваннямі па лясной таксацыі і лесаўладкаванні, а з 1990 года і па лесазнаўстве, лесаводстве, эканоміцы і арганізацыі лясной гаспадаркі. Уладзімір Феліксавіч правёў фундаментальныя даследаванні па пытаннях удасканалення таксацыі дрэвастояў, павышэння прадукцыйнасці лясоў і лесакарыстання. Пры выкананні буйных фундаментальных даследаванняў выяўлены заканамернасці дынамікі, будовы, прадукцыйнасці і таварнасці дрэвастояў асноўных лесаўтваральных парод Беларусі, ажыццёўлена лесатаксацыйнае раянаванне лясоў Беларусі, распрацаваны новы метад прывядзення дрэвастояў да адзінаў паўнаты, абгрунтавана тыпізацыя будовы антрапагенных дрэвастояў, зроблена тыпізацыя прасторавай структуры змешаных дрэвастояў, даследаваны заканамернасці натуральнага прарэджвання насаджэнняў. Вялікае значэнне ў развіцці навукі пра лес маюць выяўленыя У. Ф. Багінскім заканамернасці сумеснага росту сасны і елкі і мадэлі бягучага прыросту і агульнай прадукцыйнасці чыстых і змешаных сасновых і яловых дрэвастояў, абгрунтаваныя ім новыя падыходы да вызначэння ўзросту спеласці і высякання лесу, арыгінальныя рашэнні па комплекснай ацэнцы лясных рэсурсаў і карыснасцей лесу, фарміраванні высокапрадукцыйных, устойлівых змешаных лясных насаджэнняў і многае іншае.
У 1986 годзе Уладзімір Феліксавіч Багінскі паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Заканамернасці будовы і росту дрэвастояў у зоне антрапагеннага ўздзеяння (на прыкладзе Беларускай ССР”. Прысуджаная ў 1986 годзе навуковая ступень доктара сельскагаспадарчых навук з’явілася лагічным пацверджаннем значымасці для лясной гаспадаркі не толькі нашай краіны, але і іншых пятнаццацігадовых даследаванняў заканамернасцей будовы і росту дрэвастояў пад уздзеянняў антрапагенных фактараў.
У. Ф. Багінскі – аўтар 6 вынаходніцтваў і больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 13 манаграфій і кніг, у якіх адлюстраваны шырокія навуковыя інтарэсы, смелы пошук і глыбокае веданне лесагаспадарчай навукі і практыкі. Шмат гадоў быў адказным рэдактарам зборнікаў навуковых прац Інстытута лесу.
Уладзімір Феліксавіч браў удзел у распрацоўцы асноўных нарматыўных дакументаў па лясной гаспадарцы: “Канцэпцыя ўстойлівага развіцця лясной гаспадаркі да 2015 года”, “Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь”, “Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2020 года”. За манаграфію “Лесакарыстанне ў Беларусі”, напісаную ў сааўтарстве з Л. Д. Есімчыкам, прысуджана прэстыжная прэмія НАН Беларусі за 1997 год. Напісаны У. Ф. Багінскім падручнік па сістэмным аналізе для лесазнаўцаў выдадзены ў 1997 годзе ў Расіі і выкарыстоўваецца многімі ВНУ ляснога профілю. Адна з лепшых прац, матэрыял для якой збіраўся больш за 30 гадоў калектывам з 14 аўтараў, манаграфія “Комплексная прадукцыйнасць зямель ляснога фонда” выдадзена ў ГДУ імя Ф. Скарыны. У ёй паказана, што можа даць любы ўчастак лесу з аднаго гектара плошчы: драўніна, грыбы, ягады, лекавая сыравіна, жывёлы і г. д. Такой комплекснай ацэнкі, сабранай пад адной вокладкай, няма ні ў адной краіне свету.
За заслугі перад лясной гаспадаркай і лясной навукай У. Ф. Багінскі ўзнагароджаны Ганаровым дыпломам Дзяржлясгаса СССР, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Ганаровымі граматамі НАН Беларусі, ганаровай граматай аблвыканкама. Лаўрэат “Скарынаўскіх чытанняў-2009”.
У 2004 годзе абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, а ў 2005 годзе прысвоена званне прафесара па спецыяльнасці “Лесаводства”. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Феліксавіча Багінскага падрыхтваны і паспяхова абаронены чатыры кандыдацкія дысертацыі.
Пры непасрэднай падтрымцы У. Ф. Багінскага ў 2004 годзе ва УА “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” была адкрыта спецыяльнасць “Лясная гаспадарка” і створана кафедра лесатэхнічных дысцыплін, якую ён узначальваў на працягу двух гадоў. Зараз У. Ф. Багінскі – прафесар кафедры, перадае свае веды і багаты практычны вопыт будучым інжынерам.
Уладзімір Феліксавіч Багінскі – строгі і патрабавальны выкладчык, клапатлівы муж, бацька траіх дзяцей і дзядуля шасці унукаў, сапраўдны сябар, гатовы дапамагчы парадай і справай. Дзеці Уладзіміра Феліксавіча атрымалі ў спадчыну схільнасць да навукі. Старэйшы сын спыніў свой выбар на фізіцы, малодшы – на медыцыне, а дачка атрымала эканамічную адукацыю, абараніла кандыдацкую дысертацыю, зараз працуе дацэнтам ГДТУ імя П. О. Сухога і адначасова выкладае на кафедры лесатэхнічных дысцыплін ГДУ. Акрамя захаплення навукай. У. Ф. Багінскі мае і іншыя хобі – гісторыя, літаратура, тэатральнае мастацтва. Паляванне. Па ўласным прызнанні, прафесар напісаў кнігу аб’ёмам 500 старонак пра гісторыю роду Багінскіх, якую ён ведае з ХVІ стагоддзя.
Алена Палуян