Мелодыі Радзімы
Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, –
На чужое неба ўжо гляджу сягоння.
Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.
I няма на свеце так вялікай меры,
I няма на свеце так каваных дзвераў,
Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелю –
Беларусь са мною разлучыць пасмелі!
Я ад вас далёка... Скажуць гэтак людзі...
Але хто заглянуў у чужыя грудзі
I паняў хто шчыра той агонь і мора,
Што гарыць, бушуе і аб чым гавора?
Пойме толькі гэта, хто аж да сканання
Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстання;
Каго доля-ведзьма ад самой калыскі
Кідала па свеце, як той ліст вятрыскі.
Я ад вас далёка... А дзе ні гляджу я –
Дома толькі думка днюе і начуе;
Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман,
Знаю толькі рэчку – з плытнікамі Нёман.
Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны,
Дзе такі там хорам важна збудаваны, –
Што мне замянілі б хату і бярозкі,
Хату і бярозкі беларускай вёскі?
Я ад вас далёка... Дзеліць нас паўсвета, –
А жыву ж я з вамі і зіму і лета;
Чую з вамі ўвосень непагоды песню,
Цешуся з праталін вольнага прадвесня.
I ці сонца ўзыдзе, і ці сонца зайдзе, –
Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе;
З выраю ж як толькі сустрачаю гусі,
Весці ў іх пытаю з роднай Беларусі.
Я ад вас далёка... Жыву між чужымі,
Чую ж вашы песні, – водклік шлю сваімі;
Дабываю песні ад душы, ад сэрца,
Аж бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца.
Не зрабіць нікому гэткай дамавіны
I не вырыць ямы гэтакай глыбіны,
Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці,
Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.
Я ад вас далёка... Божа ты мой мілы!
Неразлучны з вамі да самой магілы, –
Не пакіну думаць светам і ўпацёмку:
Як там жывіцё вы, як жыве старонка?
А хоць дасць мне доля ў дамавіне месца, –
Ўстане цень з зямлі мой, на крыж абапрэцца.
I ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.
Янка Купала, 1910 г.