С. Бельскі
Акт абмежавання Брагінскай воласці 1512 года
(папярэднія заўвагі)
Цяжка ўстрымацца, каб спачатку не прывесці радкі з кнігі "Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна" (Мінск: БЭ, 1993. С. 26). На яе і сёння спасылаюцца, ці не як адзінае друкаванае выданне, прысвечанае гісторыі Хойнікшчыны.
"Упершыню Хойнікі ўпамінаюцца ў 1512 г. як вёска Брагінскага графства Вялікага княства Літоўскага ў апісанні межаў Брагінскага графства дзякам Іванам Кніцічавым: "Хойнічак размешчаны на захадзе графства з вёскамі Лісцвін, Драгічын, Кажушкі* і складае заходнюю мяжу графства. З трох бакоў Хвайнічок акружалі балоты, далей працягваліся вялізныя масівы пераважна хвойных лясоў". Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што Хойнікі атрымалі назву ад паняццяў "хвоя", "хвойныя лясы". Але існуе і іншая думка. У апісанні дзяк у адным месцы назваў пасяленне Хвайнічок, у іншым – Хойнічак...". Далей выкладаецца цалкам абсурдная ідэя паходжання назвы "Хойнікі" ад старажытнай элінскай меры сыпкіх (г. зн. сухіх) рэчываў**.
Зрэшты і пададзеную нібыта цытату з дакумента (падкрэслена) пакінем на сумленні аўтараў матэрыяла ў "Памяці" або, хутчэй, іх папярэднікаў і натхняльнікаў, бо нічога падобнага ў ім няма. Што з сябе ўяўляе самое апісанне? (ніжэй змешчаны фрагмент карты ВКЛ Яна Якубоўскага. 1928 г.)
Тэкст абмежавання Брагінскай воласці 1512 г. у фондах НГАБ у Мінску (раней у фондах НГАБ у Горадні) вядомы з актавай кнігі Мазырскага гродскага суда як запіс ад 2 жніўня 1776 года, а таму выкананы лацінскай графікай, хоць, у адрозненне ад польскамоўных уступу і канцоўкі ўсяго дакумента, "рускай мовай пісаны". Гэтым тлумачыцца і польскамоўны загаловак "Akt Ograniczenia Hrabstwa Brahińskiego", які аўтары хойніцкай "Памяці", а таксама энцыклапедычных артыкулаў няслушна ўжываюць, калі пішуць аб месцазнаходжанні Хойнік у пачатку XVI ст. Тэрмін "графства" для азначэння адміністрацыйных адзінак і асобных уладанняў у ВКЛ таго часу не ўжываўся, таму ў "рускай" частцы дакумента і значыцца "воласць Брагіня". Мы маем справу з больш позняй традыцыяй, калі сёй-той з Вішнявецкіх, скажам, Міхал Сервацы, мог падпісацца не толькі "князем на Вішняўцы", але і "графам на Брагіне". Паны Ракіцкія, да якіх урэшце адыйшоў Брагінскі маёнтак і для якіх складзены запіс 1776 г., пры канцы XVIII ст. таксама пачалі называць сябе "графамі"...
Аўтар абмежавання, насуперак "Памяці", быў не дзякам, а дзяржаўцам трахтамірскім і дымірскім, дваранінам каралеўскім. Дзяржаўцы – гэта часовыя ўладальнікі і кіраўнікі дзяржаўных маёнткаў. Трахцеміраў і Дымер – населеныя пункты ў сучасных Чаркаскай і Кіеўскай абласцях Украіны. Прозвішча аўтара не Кніцічаў, а Кміцічаў. І як у згаданых крыніцай Кісялёве і Яльцове адразу пазнаюцца Кісель і Ялец, так у Кміцічаве – Кміціч або Кміта. А гэта ўсё вядомыя не адно ў Кіеўскім ваяводстве шляхецкія сем’і.
З населеных пунктаў воласці, акрамя Брагіна, у дакуменце згаданыя тры памежных сяла – Галкі, што на Брагіншчыне, Ліштвін – хойніцкі Лісцвін, Дамамірка – лоеўскія Дзімамеркі (Дамамеркі). А вось пра Хвойнікі (Хойнікі) ніякіх звестак тут няма і быць не магло. Мяжа тае часткі Брагінскай воласці, што прызначалася князю Міхайлу Васільевічу Збаражскаму, праходзіла ад вострава Кажушкі праз угоддзі Лісцвіна ў накірунку сяла Дзімамеркі, г. зн. на поўдзень ад сяла Хвойнікі, ды яшчэ і за гарою***. Згаданы ў абмежаванні востраў Хойнічак месціўся паміж сёламі Лісцвін і Дзімамеркі, хутчэй за ўсё на тэрыторыі сучаснай Брагіншчыны, а чысты рог Хвойнічок яшчэ далей – паміж с. Дзімамеркі і месцам упадзення рэчкі Пясочанкі (Пясочні) ў Брагінку. Пэўна, ні адзін з гэтых Хвайнічкоў не мог быць колішнімі Хойнікамі не толькі таму, што не з’яўляўся паселішчам, як даўно заўважылі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, але і з прычыны неадпаведнасці свайго геаграфічнага размяшчэння.
У акце названыя яшчэ астравы Дронкі (а не прыдуманы для нашага рэгіёну Драгічын) і Кажушкі. Не выключана, што ўжо ў 1512 г. існавалі і аднаімённыя сёлы, належалі яны да Беласароцкай нядзелі Чарнобыльскай воласці Кіеўскага ваяводства, а астравы былі угоддзямі гэтых сёлаў, памежнымі з Брагінскай воласцю.
Наогул гэты невялікі дакумент уяўляецца вельмі прыдатным для вывучэння тапаніміі Брагінскага, Хойніцкага і Лоеўскага раёнаў. Адныя абазначэнні балот ды забалочаных мясцінаў (алёс, бель, гало, мох, прыд (прыдыскае), тапіла) якія шматлікія, дык што ўжо казаць пра самыя тапонімы!
Ніжэй змяшчаем познюю копію арыгінальнага тэксту ў лацінскай графіцы і яго пераказ па-беларуску.
*Яшчэ раней, пасля адкрыцця музея ў СШ № 3 г. Хойнікі ў лістападзе 1977 г. і ў дачарнобыльскія 1980-я гг., тое ж самае распавядалі вучням настаўнікі гісторыі (на здымку: Ігар Іванавіч Беразняцкі з вучаніцамі). Распавядалі эмацыйна і шчыра, па-майстэрску абуджаючы ў нас цікавасць да мінулага роднага краю. Мы вельмі ўдзячныя нашым настаўнікам за навучанне, як тыя Платон і Арыстоцель сваім. Але следам за імі мусім паўтарыць (што праўда не па-элінску, а каб, пры абавязковым захаванні антычнай традыцыі, усе збольшага маглі разабраць сэнс, – на лаціне): amicus Socrates, amicus Plato, sed magis amica veritas... Пра Хойнікі ў пісьмовых крыніцах з 1512 г. як вёску Брагінскага графства ў ВКЛ даводзілі М. І. Камінскі і А. М. Кулагін у кнізе "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць." [Мінск, 1985. С. 346], пра "мястэчка Хвойнічак" у 1512 годзе і "дзяка Кніцічава", ізноў жа пра "Брагінскае графства" і нейкія "Хвойнічкі" пісалі У. А. Малішэўскі і П. М. Пабока [Нашы гарады. Мінск, 1991. С. 226]; пасля гэта ўсё шматразова паўтаралася.
**Маецца на ўвазе хеніка альбо хойніка – адзінка аб’ёму, роўная 1,08 л. [χοῖνιξ, χοινικος, ἡ, from Homer, Odyssey 19, 28 down, a choenix, a dry measure, containing four cotylae or two sextarii (i. e. less than our 'quart'; cf. Liddell and Scott, under the word) (or as much as would support a man of moderate appetite for a day; hence, called in Athen. 3 § 20, p. 98 e. ἡμεροτροφις (cf. ἡ χοῖνιξ ἡμερήσιος τροφή, (Diogenes Laërtius 8, 18)): Revelation 6:6 (where A. V. measure (see Amos appendix ad loc.). χοῖνιξ, χοινικος, ἡ
Гэты ляпсус [хеніка/хойніка (у слоўніку Бракгаўза-Эфрона запісаны хойнік , але ж назоўнік той жаночага роду (ἡ χοῖνιξ), таму ў нашай мове мусім дадаваць канчатак -а)] бачым яшчэ на картасхеме 1926 года, на якой паказаны наш рэгіён напярэдадні вяртання ў склад Беларусі (аўтар: прафесар М. Селішчэнскі, г. Масква).
***Тую гару за паўтысячагоддзя, зразумела, нішто не магло зруйнаваць, яна і сёння аддзяляе Лісцвін, Паселічы, урочышча Пальміру ад Хойнік, але хвайнікоў, з-за якіх наш райцэнтр атрымаў сваю назву, на ёй няма, бо векавыя дрэвы даўно высечаныя, а зямля пад імі разараная. Лес, што яшчэ прымыкае да гары з усходу і паўночнага ўсходу – пасляваенны, ды і той, падобна, будзе неўзабаве высечаны, не з-за караеда...
AKT АБМЕЖАВАННЯ БРАГІНСКАГА ГРАФСТВА
для яснавяльможнага яго міласці пана Ракіцкага,
палкоўніка пяцігорскага войск Вялікага Княства Літоўскага служачага
Года тысяча семсот семдзесят шостага месяца жніўня другога дня
На ўрадзе Яго Каралеўскай Міласці гродскім Мазырскім перада мною, Янам Валерыянам Вольскім, падстолім і падстарастам судовым павету Мазырскага, яснавяльможным яго міласцю панам Гедэонам Яленскім, старастам судовым мазырскім, пісарам дэкрэтовым Вялікага Княства Літоўскага ўведзеным на пасаду, прысутны асабіста вяльможны яго міласць пан Алаіз Ракіцкі, ротмістр Ашмянскага павету, Абмежаванне ўсяго графства Брагінскага, рускай мовай пісанае, у копіі яснавяльможнага яго міласці пана Міхала Ракіцкага, палкоўніка пяцігорскага войск Вялікага Княства Літоўскага, у чужым архіве доўгі час захоўванае, па атрыманні яго адразу да актаў падаў наступнага зместу:
Лета Божага тысяча пяцьсот дванаццатага месяца марца сёмага дня
За Указам Гасударскім Найяснейшага Караля Яго Міласці Зыгмонта, а за паданым чалабіццем князя Міхайла Васілевіча Збаражскага, я, Іван Андрэевіч Кміцічаў, дзяржаўца трактамірскі і дымірскі, дваранін Яго Міласці Каралеўскай, выехаўшы на імене воласці Брагіня, каторага воласць раней прыналежная была да Яго Міласці Гасудара Караля Вялікага Князя Літоўскага, аглядаў я рубеж той воласці, каторая пачынаецца з гары рэчкаю Брагінкаю ўніз да ракі Дняпра, а Дняпром угору да сяла Брагінскага Галэк, ад таго сяла ідучы да места Брагіня ад рогу вострава Юркоўскага ў рэчку Быструю, катораю ўперад праваю стараною ў роў, які называецца Рубеж; адтуль ракою ў Шлях і ў востраў Брагінскі Петкаўшчызна, адтуль на белую гару, тою гарою папалам уздоўж у балота, каторым папалам уздоўж на Масток, тым Мастком папалам уперад, з Мастка зноў балотам папалам уздоўж у Хвойку востраў Хракаў, ад Хвойкі ў Дубовік востраў Дубенскі, ад Дубовіка балотам уздоўж папалам у тапіла Кулешаў у Яблонаў востраў Брагінскі, каторы папалам, адтуль у востраў Жэрдзен Савенскі ў Хвашчы востраў Брагінскі, ад Хвашчы балотам папалам уздоўж у востраў Брагінскі Пупаху, ад Пупахі балотам беллю ўдоўж папалам у востраў Бровак, ад Броўка таксама балотам беллю папалам уздоўж у Зварачанскія астравы праваю стараною зноў балотам беллю ўздоўж папалам з астравамі Дронкі Курылушкі і Кажушкі ў лазу, катораю папалам уздоўж у альсы, альсамі ў Тапіла, з Тапіла ў рэчку Ціхую, з Ціхай у рэчку Цеснаўку, катораю папалам уздоўж у пераезд балота, тым балотам зноў папалам уздоўж у Суботнае, з Суботнага ў балота Ператок, каторым папалам уздоўж на гаць, з гаці ў балота, называнае Рокаш, каторым папалам уздоўж праваю стараною ў балота Свістошу, каторым папалам уздоўж у балота брагінскае Ржавец, тым балотам Ржаўцом у сяло Ліштвін Брагінскае прама мяжою праваю стараною ў Роў Вялікі, з таго Рову ў балота Чысцец, каторым папалам уздоўж зноў у Роў Другі Вялікі, з таго рова ў Кашовец, каторым папалам уздоўж з Кашоўца ў балота Казіную Бараду Брагінскую берагам, адтуль у Карчовае балота Брагінскае берагам, з Карчовага праваю стараною ў алёс, альсом ў брод, які называецца Рубеж, адтуль балотам мохам папалам уздоўж у Загацішча, з таго балота праваю стараною ў рэчку Дубровіцу, катораю папалам уздоўж, з той рэчкі на гало, тым галом уздоўж папалам у зацятыя і ў жадныя астравы Брагінскія, ад тых астравоў зноў галом вялікім папалам уздоўж праваю стараною ў востраў Хойнічак балотам Шызоўцам у балота і мох Каровя Лука Брагінская, ад той лукі альсамі ў ляскі праваю стараною ў Караханскі мох балотам, з таго ў Лысную балота ў Шчытаў востраў Брагінскі ў Лецешын балота, каторае балота папалам уздоўж з Лецешына ў Ваўкошынку рэчку, катораю папалам уздоўж, тою рэчкаю ў алёс, з таго альса балотам Цесновым папалам уздоўж, з Цесновага ў Сухое балота папалам уздоўж, з таго балота ў Кабылі Брод, з таго брода ў Пясочню рэчку, тою рэчкаю ўздоўж папалам у сяло Брагінскае Дамамірку, каторая рэчка пайшла тапіламі і балотам у рэчку Чэрэтынскую ў Гнілушу, з Гнілушы праваю стараною ў Іванкаў востраў балотам уздоўж папалам у Белкіну, тою рэчкаю ў Калодну, з Калодны ў Крымок, тою рэчкаю ў востраў Сеўкоўскі, называны Доўгі, праваю стараною ў Сеўкоўку, з той рэчкі балотам уздоўж папалам у Дуброву Сеўкоўскую ў Ператок логам грываю ўперад праваю стараною ў Капец, адтуль у Крыніцу Чэрэтаваху, ад Чэрэтавахі логам праваю стараною ў прыдыскае гало папалам ровам , з таго гала і рову праваю стараною ў Кнітавую лазу ўздоўж папалам, тою лазою ў балота Загацішча, каторым папалам у чысты рог Хвойнічок, з таго рогу на Кражавацік Пуцішчам у Касповы [Каспаровы?] Лес балотам у Доўгі Востраў альсом у Хатчыцкую мяжу, ад той мяжы праваю стараною балотам уздоўж папалам зноў у рэчку Пясочню, каторая бяжыць у рэчку быструю Брагінку, адкуль рубеж Брагінскі пачаўся, там і заканчваецца. Гэтаму майму агляду хоць і зволіў супрацівіцца камісар князя яго міласці Збаражскага пан Хвядос Палазовіч*, толькі ж я па Указу Гасударскім Яго Міласці Каралеўскім гэты ліст рукой маёй падпісаў у замку Брагінскім, а пры тым былі людзі слушныя шляхецкага роду пан Андрэй Кісялёў і пан Міхайла Яльцоў.
У таго Абмежавання ўсяго графства Брагінскага подпіс рукі яго міласці пана камісара Яго Каралеўскай Міласці, тымі выказаны словамі: Іван Андрэевіч Кміцічаў, дзяржаўца трахтамірскі і дымірскі, дваранін Яго Міласці Каралеўскай. Каторае тое такое Абмежаванне графства Брагінскага рускай мовай пісанае, з-за даўнасці падзёртае, за паданнем яго вышэйназванай асобай да актаў, ёсць да кніг гродскіх павету Мазырскага спраў вечыстых прынятае і ўпісанае.
Выпіс выдадзены
НГАБ у Мінску. Ф. 1728. Воп. 1. А. з. 19. А. 1049 – 1050 адв.
*Чаму мог супрацівіцца "камісар" князя Збаражскага? Усё ж праводзілася ў яго інтарэсах. Пан Фёдар (Хвядос), пэўна, – бацька Сямёна Палазовіча, уладальніка Астраглядавічаў і Хвойнік, а Астраглядавічы пры абмежаванні апынуліся ўнутры ўладання М. Збаражскага. Вось для каго з'явіўся клопат: а ці не паспрабуе князь альбо яго нашчадкі у будучыні прыгарнуць да сваіх і землі Палазовічаў? І ці мог старэйшы Полаз быць упаўнаважаным Збаражскага? Выглядае так, нібы каралеўскі камісар І. Кміціч досыць адвольна вытлумачыў незадавальненне суседа. (С. Б.)