Суббота, 20.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Сядзіба Аскеркаў/Ваньковічаў у Рудакове

     У выданні ”Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów słowiańskich” запісана: Рудакоў калісьці ўваходзіў у склад брагінскіх уладанняў князёў Вішнявецкіх, а пасля – паноў Ракіцкіх, Аскеркаў.
    Заўважым, што Рудакоў упершыню згаданы як "востраў" у дзельчым лісце 1574 г. князёў-братоў Аляксандра і Міхаіла Вішнявецкіх; дастаўся ён тады Міхаілу. У 1687 г. ужо будучы паселішчам, якое налічвала 12 дымоў, разам з шэрагам іншых на тэрыторыі сучаснага Хойніцкага раёна, належаў да Брагінскага ключа пана Яна Канецпольскага, ваяводзіча бэлзскага, калі і стаў месцам цяжкага для жыхароў пастою казакоў запарожскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. Перад тым, у 1686 г. паводле сведчання бабчынскага ляснічага Лаўрына, з Рудакова адышлі восем дымоў сялянскіх – часы бо неспакойныя. У 1715 г. жыхароў Рудакова называў сваімі падданымі яго застаўны ўладальнік Аляксандр Антоні Бандынэлі. Недзе ад 1733 г. разам з іншымі вёскамі і хутарамі Рудакоў стаў уласнасцю князя Міхала Сервацыя Вішнявецкага, які менавіта тады пачаў падпісвацца "графам на Брагіне". У самым пачатку 1749 г. брагінскія добра дасталіся дачцэ князя пані Эльжбеце Замойскай. Менавіта ад яе ў 1754 г. маёнтак набыў пан Францішак Антоні Ракіцкі [на здымку: усё, што засталося ад ліпавай алеі паміж панскай сядзібай і вёскай; называць, аднак жа, такую планіроўку "каланіяльнай", як робіць гэта А. Сімакоў, наўрад ці слушна, бо вельмі ўжо яна пашырана была ў маёнтках Беларусі, хоць паны нярэдка тамсама і нараджаліся].
    Ізабэла Ракіцкая выйшла замуж за Ігнацыя Аскерку гербу Мурдэліо зменены [рэканструкцыя ніжэй справа], а пасагам яе стаў Рудакоўскі маёнтак. Ігнацы і стаў заснавальнікам тутэйшай галіны Аскеркаў. Як засведчыў А. Ельскі ў ”Słowniku...", у 1816 г. уладанне паводле сямейнага пагаднення было падзеленае наступным чынам: Уладзіслаў Аскерка, падкаморы рэчыцкі, жанаты з Ядвігай Гечэвіч, атрымаў вёску Рудакоў з рэзідэнцыяй і вёскі Чахі, Рудыя, Варацец, а яго сястра Людвіка – фальваркі Мокіш і Бабчын з прылегласцямі. Пасля Уладзіслава спадкаемцамі былі запісаныя непаўналетнія дзеці Генрык, Зофія і Аляксандр. Урэшце уладальнікам стаў старэйшы сын Генрык (1827 – 1866), брат Аляксандра Аскеркі, палітыка "белых” і паўстанца 1863 года, сасланага ў Сібір. Зрэшты, Генрык Аскерка таксама меўся выконваць абавязкі павятовага начальніка, калі б толькі паўстанне ахапіла Рэчыцкі павет. Быў звязнены, але яму пашчасціла пазбегчы ссылкі, а тым самым і канфіскацыі Рудакова. У 1884 г. дачка Генрыка Алена Аскерчанка выйшла замуж за Станіслава Костку Ваньковіча, уладальніка Пэтэша, Підкуданьца і Зарэчча ў Віленскім павеце, і атрымала ў пасаг Рудакоў. Ад таго часу і да рэвалюцыйнага 1917 г. маёнтак быў адной з шматлікіх фартунаў сям’і Ваньковічаў.
      Першыя пакаленні Аскеркаў жылі ў Рудакове ў якімсьці напэўна драўляным сядзібным доме, а пазней у неагатычным палацыку, узведзеным у першай палове XIX ст., вядомым толькі паводле выкананага ў 1891 г. Ігнацыем Врублеўскім малюнка. Будынак, для ўзвядзення якога, паводле А. Раствароўскага, выкарыстаныя лістоўнічыя брусы, быў адносна невялікі, складаўся з дзвюх арганічна спалучаных між сабой частак: аднапавярховай, якая была ўласна жылым домам, і трохпавярховай, размешчанай з правага боку, вежы.
      Галоўнае крыло пакрываў даволі высокі, гладкі чатырохсхільны дах, атачоны парапетам. Левае крыло паказана на малюнку без даху, і гэта як бы сведчыць, што ў той час палацык быў часткова пашкоджаны пажарам. Абодва левыя вуглы мелі надбудаваныя вежачкі.

     Цэнтральны ўваход выкананы ў выглядзе тамбура, замкнёнага трохвугольным шчытом з парапетам на даху. У цэнтры шчыта бачыцца картуш, верагодна, з гербам Аскеркаў. Тамбур меў шырокую тэрасу, акружаную балюстрадай. Вокны жылога будынка – прамавугольныя, у вострых лучковых абрамленнях, крайнія з якіх аддзеленыя ад астатніх пілястрамі. Неагатычныя (стральчатыя) аконныя праёмы мелі два ніжнія паверхі квадратнай у плане вежы, тады як трэці паверх, паменшаны ў плане, вылучаўся круглымі вокнамі (ружамі або акулюсамі). Вежу таксама аздаблялі чатыры надбудаваныя вежачкі і парапет, за якім – часткова сплюшчаны палаткавы дах. Над вежай узносіўся высокі шпіль: на ім вывешвалася харугва ўладальнікаў, калі яны знаходзіліся дома. Што да выгляду сядзібы ад парку і да інтэр’еру, дык пра іх нічога невядома.
     З цягам часу аскеркаўскі дом падаўся Ваньковічам занадта цесным і яны наважыліся збудаваць новы неабарочны палац, стары прыстасаваўшы пад афіцыну. Праэкт новай рэзідэнцыі быў распрацаваны сваяком уладальнікаў Рудакова Тадэвушам Раствароўскім. Паўстаў будынак, паводле Рамана Афтаназы, каля 1910 г., пасля "срэбранага вяселля”, адзначанага гаспадарамі ў 1909 г. [пра тую сямейную і таварыскую падзею паведаміў у сваіх невыдадзеных успамінах Мечыслаў Ялавецкі. Сярод іншага ён зазначыў, што ўрачыстасць адбылася яшчэ ў старым палацыку, які ён назваў "абшырным.., узведзеным паводле англійскіх узораў у найлепшым стылі”. На жаль, ані слова не сказаў пра архітэктуру і ўнутранае абсталяванне, адно мімахадзь згадаў вялікую сталовую залу і прылеглы салон; Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wrocław, 1997. Cz. 2. T. 11. S. 306 – 309]. Аднак, Антоні Кеневіч у сваіх успамінах згадваў, што на тое вяселле яны Описание: http://hojniki.ucoz.ru/book/sjadziba_vankovichaw.jpgездзілі ў сярэдзіне ліпеня 1912 г. (гэта відавочная памылка) ды падаў кароткае апісанне мураванага з чырвонай цэглы дома, у якім падзея і адбылася [Kieniewicz A. Nad Prypecią, dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości. Wrocław-Warszawa, 1989. S. 386 – 387.]. І хто мае рацыю?.. Верагодна, усё ж Анджэй Раствароўскі, сын згаданага архітэктара пана Тадэвуша, унук паўстанца Аляксандра Аскеркі, які ў сваёй кнізе, незалежна ад часу "срэбранага вяселля" сведчыў, што жылы дом у Рудакове, або так званы палац, збудаваны ў 1905 1906 гг. [Rostworowski A. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. Warszawa, 2001. S. 83].
     Новы палац, вядомы з фотаздымка пярэдадня першай сусветнай вайны, які, хоць і ў перабудаваным выглядзе і занядбаным стане, але існуе ў Рудакове да сёння, складаўся з трох карпусоў: сярэдняга дзевяціасявога, аднапавярховага і двух бакавых, двухасявых і двухпавярховых. Бакавыя, крапаваныя вуглавымі пілястрамі, выступаючы, выразна акцэнтавалі парадны фасад цэнтральнага будынка. Невялікі тамбур быў замкнёны трохвугольным шчытом. Гэтая частка палаца, акрэсленая пілястрамі, увенчвалася высокім франтонам з паўкруглым навершам. Поле франтона аздоблена рэльефнай выявай гербу Ваньковічаў – Ліс зменены [ніжэй на здымку). Манатонны выгляд сцяны разнастаіўся прамавугольнымі аконнымі ліштвамі з ключамі, двума карнізамі, якія абягалі будынак паверсе. Дах палаца – вельмі высокі, ламаны, двухсхільны, накрыты гонтамі, – складаўся з ніжняй і верхняй частак. Ніжняя была абсталяваная чатырма вокнамі-люкарнамі. Такімі ж люкарнамі забяспечаныя і дахі бакавых двухпавярховых карпусоў. З паркавага фасаду мелася тэраса. Чырвоныя сцены палаца заставаліся неатынкаваныя.
       Цёмна-зялёныя сцены сталовай залы да паловы сваёй вышыні былі ашаляваныя дубам, а столь выкананая ў выглядзе крышкі куфра або шкатулы. З таго ж самага дрэва зроблены і мэблевы гарнітур, багата ўпрыгожаны разьбою і гербамі Ваньковічаў, вытрыманы ў стылі "гданьскага” барока. Тут таксама знаходзіўся адзін камін з чорнага мармуру. Над ашаляванай паловай сцен віселі фамільныя партрэты. "Вялікая” зала была абстаўлена двума камплектамі прывезенай з Пецярбургу мэблі ў стылі часоў Людовіка XVI, крытай шоўкам крэмавага колеру. Тут віселі дзве найкаштоўныя карціны – "Мора” Айвазоўскага і "Караван у пустыні” неназванага аўтара. "Чайная” зала, прызначаная для піцця кавы і гарбаты, мела вызалачаную мэблю ў стылі ампір. Аздабляла яе таксама чарада партрэтаў, у тым ліку выявы Алены з Аскеркаў Ваньковіч работы Людаміра Яноўскага, Генрыка Аскеркі, Аляксандра Аскеркі ў мундзіры афіцэра пяхоты расійскіх войск невядомага аўтара, і некалькі іншых.
       Сцены будуара гаспадыні дома былі пакрытыя ўнізе лакіраванай белай шалёўкай, а паверсе – адамашкай (шаўковай з узорамі тканінай, тэхналогія вырабу якой запазычана нібыта з Дамаску). Рухомую абстаноўку складала мэбля ў стылі sécession. Уздоўж сцен пакоя, прыстасаванага пад бібліятэку, стаялі дубовыя шафы, у якіх змяшчаўся яшчэ не вельмі багаты кнігазбор на некалькіх мовах, найбольш, аднак, было нот. Найперш таму, што і Станіслаў Ваньковіч, і яго брат Атон, і сыны з вялікім захапленнем займаліся ігрой на скрыпцы. Мяккія крэслы, якія складалі асноўную мэбліроўку бібліятэкі, былі пакрытыя ласінай шкурай.
     Новы пейзажны парк у Рудакове яшчэ не быў распланаваны і прадугледжваўся ў будучыні. Існаваў, аднак жа, вялікі парк старапольскага тыпу, які разам з фруктовым садам займаў плошчу каля 4 га. Старыя дрэвы разнастайных, пераважна лісцёвых, парод раслі шчыльнымі групамі таксама вакол разбітага перад новым домам газона, акалёнага высокімі ружамі, як тое было па абодва бакі палацыка Аскеркаў. На панадворак перад палацам выводзіла шырокая алея, абсаджаная старымі ліпамі.
​       Паводле «Списка землевладельцев Минской губернии 1911 года», Рудакоўскі маёнтак складаў 7075 дзесяцін [на 1888 год – 7162 дзесяціны.]. Як сведчыў М. Ялавецкі, гаспадарка вялася на вельмі высокім узроўні. Існавалі цагельня, малочны завод з паравой устаноўкай, бровар, тартак (лесапільня) і ўзорнае лясніцтва. Гаспадары ўтрымлівалі шпіталь, школкі і дзіцячыя прытулкі. Служба і канторшчыкі мелі свае народныя чытальні, а таксама клубы. Са спартыўных збудаванняў А. Кеневіч назваў тэнісны корт, для гаспадарчай часткі тое-сёе канкрэтызаваў: жывёла ўтрымлівалася ў прасторных, светлых, мураваных кароўніках, значнай крыніцай даходу была вытворчасць дэсертнага масла, якое штодзённа высылалася на продаж у Кіеў [А. Раствароўскі пісаў, што і ў Пецярбург. Дык чым не "Мілкавіта" пачатку XX ст.!?], маючы ў тым месце славу прадукта выключна высокай якасці, а на сельскагаспадарчай выстаўцы 1912 г. Рудакоў Ст. Ваньковіча дэманстраваў "добрых коней уласнай гадоўлі”. Яшчэ А. Раствароўскі заўважыў, што рудакоўскія паны Ваньковічы непасрэдна займаліся гаспадарчымі справамі, што адрознівала іх ад барысаўшчанскіх паноў Ястшэмбскіх, якія ўтрымлівалі мабыць і больш узорную гаспадарку, але ў асноўным даручалі яе вучоным эканомам.  

Падрыхтаваў С. Бельскі

Сядзіба Ваньковічаў на сайце Андрэя Дыбоўскага "Глобус Беларусі"
 

     Сучасны выгляд:

   

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024