Пятница, 26.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Сядзіба Ястшэмбскіх у Барысаўшчыне
 
   Пра вёску Барысаўшчына (за 12 км ад Хойнік), вядомую ў Беларусі знаходкамі найстаражытнай металічнай прылады (меднае долата сярэдзіны III тыс. да н. э.) і каменных баявых сякераў, энцыклапедыя "Гарады і вёскі Беларусі” паведамляе, нібы яна ўпершыню згадана ў пісьмовых крыніцах пад 1567 годам. Але тут мы маем справу з відавочнай блытанінай, бо літаральна тыя самыя звесткі прыводзяцца і для вёскі Барыскавічы на Мазыршчыне. Але ў адрозненне ад апошняй, наша Барысаўшчына не пазначана на карце аднаго з найбольш дасведчаных у Беларусі знаўцаў крыніц XVI ст. М. Ф. Спірыдонава, хоць месца на ёй для гэтага было дастаткова.
   Нам пакуль удалося знайсці інфармацыю пра вёску пад 1622 г. у размежаванні Кіеўскага ваяводства Кароны з Мазырскім паветам ВКЛ. Тады яна належала пану Храпавіцкаму з жонкай. У 1702 г. паселішча, уласнасць пана Антонія Вольскага, згаданае ў скарзе былога эканома Хойніцкага маёнтка капітана Фрыдэрыка Левенфатэра на тагачаснага яго адміністратара пана Зыгмунта Шукшту, дасланай у Оўруцкі гродскі суд.  Пазней ёй, відавочна, валодаў князь Ігнацы Шуйскі, бо ў 1752 г. зямлю ў Барысаўшчыне менавіта ён перадаў ротмістру Мазырскага павету Францішку Збароўскаму, напэўна, родзічу сваёй жонкі Людвікі з дому Збароўскіх, ад якога яна перайшла ў спадчыну сыну Алаізію. У 1782 г. маёнткі Новы Двор і Барысаўшчыну запавяшчаў ужо свайму сыну Фларэнцыю Юзафу, суддзі земскаму мазырскаму, каштэляніч навагрудскі Багуслаў Леапольд Аскерка. У 1802 г. апошнюю трымаў у заставе ад Аскеркі шляхціч Немчыновіч, пасля чаго яшчэ да 1804 г. маёнтак набыла радзіна Ястшэмбскіх і валодала ім ажно да канца 1917 г. Прычым, фартуна іх, Барысаўшчына, ад прыкладна 1000 дзесяцін у 40-гг. XIX ст. павялічылася да 1927 дзесяцін у 1911 г.  
    Ястшэмбскія і заклалі ў другой палове XIX ст. сядзібу – панскі дом і іншыя жылыя пабудовы, парк і пладовы сад, ад якіх захаваліся да сённяшняга дня хіба што рэшткі, ды і тыя знаходзяцца ў занядбаным стане.
    Польскі даследчык Раман Афтаназы чамусьці атаясаміў Барысаўшчыну, якая належала да Хойніцкай воласці Рэчыцкага павету, з аднаіменным маёнткам Воўк-Ланеўскага па-над ракою Пціч у Глускай воласці павету Бабруйскага, скарыстаўшы артыкулік А. Ельскага ў "Слоўніку геаграфічным…” (гл. ніжэй спасылку ў "Глобусе Беларусі"). Але пры гэтым аўтар змясціў у сваёй кнізе малюнак сядзібнага дому І. Врублеўскага 1891 г. менавіта нашай Барысаўшчыны, лаканічна апісаў яго. На апошнім мы бачым ад пад’езду аднапавярховы, адзінаццаціасявы будынак, узведзены на высокім падмурку ў плане рэгулярнага прамавугольніка і пакрыты гонтавым чатырохсхільным дахам. Галоўны ўваход акцэнтаваў ганак, увенчаны трохвугольным шчытом на шасці тонкіх калонах. Бакі ганку былі зашклёныя.
 
 
   А. М. Кулагін паспрабаваў апісаць сядзібу, абапіраючыся на выгляд будынкаў, якія захаваліся. Паводле яго, у аснову кампазіцыі ансамбля пакладзена рэгулярная планіроўка, якой падпарадкаваны ўсе пабудовы: сядзібны дом (не збярогся), жылыя і гаспадарчыя будынкі, парк. Усе пабудовы з цэглы, неатынкаваныя. Дамінуе будынак бровара [?!], вырашаны ў выглядзе квадратнага ў плане аб’ёму з круглымі ў сячэнні вежачкамі па вуглах. Архітэктурны дэкор у стылі неаготыкі. Аднапавярховыя, прамавугольныя ў плане жылыя будынкі дэкарыраваны стылізаванымі порцікамі і фрызам геаметрычнага малюнку. Вельмі кваліфікавана апісаў парк В. Р. Анціпаў. Паводле аўтара, закладзены ён быў у XIX ст. і разам з сядзібай займае 8 га. Размешчаны на дзвюх прыбярэжных тэрасах правага берага р. Гаранкі, прытока р. Віць. Агульнае пейзажнае вырашэнне кампазіцыі дысгармануе з сістэмай шырокіх просталінейных каналаў у ніжняй частцы парка. На верхняй тэрасе знаходзіўся панскі дом са службамі і гаспадарчымі пабудовамі. Гэта быў мураваны, з дзвюма сіметрычнымі верандамі аднапавярховы будынак, тарцом звернуты да ніжняй тэрасы. Адна з веранд месцілася на грэбні адхону. З пабудоваў цікавасць уяўляе воданапорная вежа (гэта той самы будынак, які А. Кулагін чамусьці назваў "броварам”) з агляднай пляцоўкай наверсе, выкананая ў неагатычным стылі, пабудаваная на мяжы парка. З яе добра праглядалася ўся тэрыторыя маёнтка, у які ўваходзіў таксама пладовысад, абнесены глухой мураванай сцяной. Асноўныя перспектывы адкрываліся ўздоўж каналаў, і многія з іх да сённяшняга дня не страцілі сваёй прывабнасці. Ад дома па аднамаршавай лесвіцы можна было спусціцца да шырокага (10 м) канала і на лодцы праехаць да р. Гаранкі, дзе на выспачцы, перад каналам, находзіўся каменны павільён (захаваўся фундамент). Парк на ніжняй тэрасе складаецца ў асноўным з мясцовых парод, сярод якіх высаджаныя лістоўніцы і піхты. На верхняй растуць шматлікія экзоты, якія ў большасці сваёй прывезеныя з пітомнікаў Рыгі, Кіева, Варшавы, а часткова вырашчаныя на месцы. Наколькі багатай была калекцыя дрэў і кустоў сведчыць тое, што ў парку калісьці зарэгістравана да 300 іх відаў і форм, у тым ліку акцінідзія палігамная, міндаль нізкі, бярозы даурская, чорная і папяровая, самшыт, чашацвет цветаносны, клемаціс, баярышнікі, жымаласці і інш. У 1929 г. у парку налічвалася больш за 100 відаў і форм у ўзросце 30 – 50 гадоў. Тут раслі піхты грабенчатая, Віча, сібірская, бальзамічная і аднацветная; елка чорная; сосны чорная, веймутава; туя заходняя і яе залацістая форма, тсуга канадская і інш. З ліставых – цюльпанавае дрэва, шаўковіца белая, сумах, арэх шэры, ліпа амерыканская, клён коласацветны, ясенеліставы залаціста- і серабрыстаатачоны, лох серабрысты, ляшчына звычайная чырвоналіставая, альха шэрая перыстая, аморфа кустарнікавая, бук лясны, ясень амерыканскі, таполя пірамідальная, дубы чарэшчаты чырвоналіставы, залацісты, пірамідальны і плакучы, клекачка, бяроза далекарлійская і інш. Найбагацейшыя драўняныя калекцыі моцна пацярпелі ў гады вайны. На месцы унікальнга для Беларусі цюльпанавага дрэва немцы пабудавалі дот. Але частка экзотаў усё ж захавалася да нашага часу (кніга В. Анціпава пабачыла свет у 1975 г.). Каля ўвахода ў парк расце дугласія цісаліставая і іва белая плакучая. Асноўная частка экзотаў была высаджаная перад фасадам дома. Тут захаваліся елкі Энгельмана, калючая і яе блакітная форма; піхты Віча, сібірская і каліфарнійская; таполя пірамідальная; бархат амурскі; дуб чарэшчаты пірамідальны; кожанка, біручына і інш.
   Для аднаўлення кампазіцый неабходна расчысціць сажалкі, асушыць ніжнюю тэрасу і правесці пасадку дрэў, – падсумаваў В. Р. Анціпаў сорак гадоў таму. Але ці магчыма гэта зрабіць сёння?..

Падрыхтаваў С. Бельскі 

Сядзіба Ястшэмбскіх на сайце Андрэя Дыбоўскага "Глобус Беларусі"
Занядбаныя рэшткі сядзібы Ястшэмбскіх у сённяшняй Барысаўшчыне:

                                                              Сядзіба ў Барысаўшчыне
       Амаль кожны чалавек з радасцю або сумам успамiнае свае дзяцінства, калі здавалася, усё было незвычайным, таямнічым, кожная дробязъ была цікавай, а іншыя падзеі здаваліся ледзь не казачнымі. Для мяне яркімі ўражаннямі напоўнены ўспаміны аб гадах маленства, якое прайшло ў вёсцы Барысаўшчына на тэрыторыі былога маёнтка паноў Ястржэмбскіх. Векавы парк, сядзібныя пабудовы, якія ў свой час аблазіў уздоўж і ўпоперак з сябрамі –  гэта былі любімыя мясціны для нашых гульняў, а аповяды пра іх мы з захапленнем слухалі наведваючы дзіцячы сад, які, дарэчы, знаходзіўся ў былым доме панскага эканома насупраць вежы.
      У апошні час назіраецца пэўная цікавасць да гісторыі Барысаўшчанскага маёнтка. 3 гэтай прычыны, а таксама з-за практычна поўнай адсутнасці якіх-небудзь даступных друкаваных матэрыялаў, я вырашыў падзяліцца даволі цікавымі, на мой погляд, звесткамі, пачутымі ў розны час ад розных людзей, і сваімі разважаннямі наконт лёсу сядзібы. Не прэтэндую на абсалютную дакладнасць, бо, зразумела, у народных паданнях, пераказах праз столькі гадоў заўсёды цяжка, а часам і немагчыма, даведацца дзе былое, а дзе прыдуманае.
      Дык вось, сядзіба пана Фелікса Ястржэмбскага, паляка па паходжанню, пачала ўзводзіцца ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя на поўнач ад вёскі Барысаўшчына на беразе рэчкі Гаранкі (прыток ракі Віць). Землі пана, паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Мінску, складалі каля тысячы дзесяцін, сюды ж уваходзіла вёска Барысаўшчына, у якой у сярэдзіне 19 стагоддзя было каля 40 двароў з 350 жыхарамі. У маёнтку найбольшае ўражанне да гэтага часу выклікае будынак шасціпавярховай воданапорнай вежы, якую многія чытаўшыя кнігу "Памяць. Хойніцкі раён", памылкова называюць броварам. На самой справе бровар знаходзіўся ў іншым месцы і ўяўляў сабой нічым не прыкметную драўляную пабудову, разбураную ў савецкі час з-за непрыгляднага стану.
      Вежа пабудавана ў модным для тых часоў стылі "псеўдаготыкі", нагадвала фартэцыі сярэднявечча. Вышыня вежы па маіх вымярэннях складае каля 17-18 метраў. На апошнім паверсе знаходзяцца два цыліндрычнай формы жалезныя бакі ёмістасцю 18 тон кожны. На першым паверсе была вадакачка, даваўшая ваду для патрэбаў дома, стайні і фермаў. I зараз людзі знаходзяць рэшткі труб водаправода з глазураванай гліны. На іншых паверхах былі невялікая хлебапякарня і малочная з сепаратарам для вырабу вяршкоў, сыру. Яе абсталяванне выкарыстоўвалася амаль да 60-х гадоў XX стагоддзя.
      Па расказах старажылаў, пры ўзвядзенні вежы выкарыстоўвалася адмысловая цэгла, спецыяльна прывезеная з Латвіі. Для прыгатавання асабліва моцнага раствору дабаўлялі курыныя яйкі і нават кроў валоў. Дарэчы, у маёнтку быў свой цагельны завод на 10 печаў. Рэшткі яго падмурку можна ўбачыць у пасадках чарнаплоднай рабіны ля Паташэнскага возера.
      Да 70-х гадоў XX ст. памяшканні вежы выкарыстоўваліся для розных мэтаў. Тут жылі людзі, была кантора, дэманстраваліся кінафільмы. У халоднае надвор'е пакоі ацяпляліся з дапамогай грубак і "буржуек". У 50-я гады аднойчы зімовай ноччу прарвала бакі з вадой. Раніцай дзятва коўзалася на заледзянелай лесвіцы, як на горцы. Сколваючы лёд ламамі і сякерамі, дарослыя вельмі пашкодзілі лесвіцу і каб не разбурыць яе зусім, пачалі паліваць лёд кіпенем.
      У 1971 годзе нехта запаліў сенасховішча, размешчанае ў вялікай бакавой прыбудове. Пасля моцнага пажару яе зруйнавалі трактарамі. Гэта і стала пачаткам павольнай пагібелі вежы.
      Навокал вежы знаходзяцца сядзібны дом, дом эканома, лядоўня, якая таксама выкарыстоўвалася пры савецкай уладзе. Сядзібны дом мае тыповы для таго часу выгляд: калоны, порцікі, геаметрычныя фрызы. Падобным чынам выглядае большасць будынкаў сядзібы. Пра панскі дом у кнігах "Помнікі. Гомельская вобласць" і ўжо названай "Памяць" зноў жа недакладна напісана, што ён не захаваўся. Між тым, да 1986 года ў ім жыло 7 сем'яў. Да пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя дом выглядаў больш-менш нармальна. I толькі калі мясцовыя "аматары старадаўнасці" разабралі дах на будматэрыялы, паступова прыйшоў у заняпад. Шчымлівыя пачуцці ахопліваюць, калі пройдзеш па паўразбураных пакоях, бальнай зале. Злева ад дома знаходзіцца паўпадвальнае памяшканне, у якім, гавораць, ёсць замураваны лаз у разгалінаваны падземны ход. Значную частку сядзібы займалі цудоўны парк пейзажнага тыпу са сцяжынкамі, пасыпанымі белым пяском, і вялікі пладовы сад з аранжэрэяй. У парку знаходзілася сажалка з разгалінаванымі каналамі. Звычайна панская сям'я любіла тут адпачываць, плаваць на лодцы, любавацца лебядзямі і лавіць тлустых карпаў, якіх па панскаму загаду разводзілі ў сажалцы.
      У парку расло больш за сто відаў дрэў і кустоў: ліпа амерыканская, туя заходняя, таполя, самшыт, цюльпанавае дрэва, белая шаўкоўніца, жасмін, акацыя, канадскі клён, пробкавае дрэва і шмат іншых раслін, прывезеных з далёкіх краін. Сажалка з каналамі і некаторыя віды дрэў захаваліся да гэтага часу.
      Сад таксама налічваў нямала сартоў яблык, груш, сліў, вішань. Плады і ягады выкарыстоўваліся розным чынам, напрыклад, для вырабу спіртных напіткаў.
      Была пчаліная пасека, ружоўнік. Аранжарэя ўяўляла сабой аднапавярховы будынак, цагляная палова якога для рэдкіх кветак і раслін захавалася, а другая, са шкла, з зімовым садам, была разабрана ў час астатняй вайны. Тут кватаравалі ўласаўцы, пасля вайны была бойня, склад ядахімікатаў.
      Ястржэмбскія трымалі вялікую гаспадарку, у тым ліку пародзістых коней для эстэтычнага задавальнення і конных прагулак. Некаторыя свінарнікі, кароўнікі і канюшні выкарыстоўваюцца і зараз.
      I, напэўна, многія бачылі доўгі трохметровы мур, уросшы ў зямлю, якім быў агароджаны маёнтак. 3 двух бакоў мура знаходзіліся брамы на ланцугах. Перад паўднёвай брамай стаяла старажоўка з наглядчыкам. На тарфянішчы ля ракі мур пераходзіў у вялікі дубовы паркан. Фелікс Ястржэмбскі, заснавальнік сядзібы, быў чалавекам добраадукаваным, але не інтэлігентным, меў наравістую, экзальтаваную натуру, своеасаблівае пачуццё гумару. Напрыклад, на розныя святы ў знак добрага настрою выстаўляў у двары драўляныя карыты з сырам і тварагом, прапаноўваючы сялянам есці з іх накшталт свіней. Аднойчы да смерці напалохаў жанчын, якія працавалі ў полі. Набыўшы ровар, пан вырашыў зрабіць абкатку, а заадно і здзівіць сялян. Стаяла спякота, і каб крыху ахаладзіцца, ён прыдумаў прышпіліць да капелюша дзве моцна накрухмаленыя насоўкі. Пры яздзе, гайдаючыся ўверх-уніз, яны абвявалі твар. Жанчыны, упершыню пабачыўшы такі цуд цывілізацыі, як ровар, і кіруючага ім у такой амуніцыі пана, разбегліся хто куды. Але здаралася і сялянам смяяцца з абшарніка. Нягледзячы на тое, што вакол сядзібы быў мур, яны ўсё роўна часта лазілі па яблыкі. I вось пан загадаў, каб зверху на усе сцены густа ўмуравалі асколкі шкла, спадзеючыся, што гэта стрымае няпрошаных гасцей. Калі работа была завершана і пан ехаў задаволены ў брычцы наўсцяж мура, на шляху сустрэў парабка. Фелікс спыніў брычку і запытаў: "Ну што, хлоп, больш не есці табе яблыкаў?!" Хлоп, хітра зірнуўшы, адказаў: "Чаму ж не есці, паночку?" Жадаючы пазабаўляцца, Фелікс прапанаваў парабку: калі той зараз жа пералезе праз мур, то атрымае рубель. Парабак, нядоўга думаючы, скінуў з плячэй бравэрку, кінуў яе на верх сцяны, плюнуў на мазолістыя далоні, скокнуў, падцягнуўся і спрытна пералез мур па бравэрцы. Аддаў пан грошы і, злосна сцебануўшы каня, паехаў.
      Пасля Фелікса сядзібай валодаў яго сын Мiкалай, інжынер-палкоўнік. Ён, як і бацька, быў "цяжкім" чалавекам, тыранам не толькі ў адносінах да сялян, але і дамачадцаў. Жонка Мікалая была прыгожай паняй, значна маладзейшай ад мужа. Да сялян ставілася добразычліва. Мела мяккі, але годны характар. Нягледзячы на гэта, Мікалай не кахаў яе. Пакуль жонка, якая хварэла на сухоты, знаходзілася дома, ён звычайна бавіў час у абдымках адной са шматлікіх каханак.

      Урэшце рэшт здарылася трагедыя. Слугі знайшлі сваю гаспадыню ў ложку мёртвай, з рэвальверам у сціснутай руцэ. Афіцыйна пастанавілі лічыць яе смерць самазабойствам. Але бацька пані, генерал, які шмат чаго бачыў у жыцці, пасля дэталёвага агляду месца здарэння і цела дачкі цвёрда заявіў, што гэта забойства. Гэтак жа лічылі і многія дваровыя людзі.
      Фелікс справіў жонцы пышнае пахаванне, развітацца з ёю прыйшло шмат людзей. У ружоўніку зрэзалі ўсе ружы, дзеці кідалі іх пад колы павозкі-катафалка на працягу ўсяго шляху да радавой грабніцы Ястржэмбскіх.
       У студзені 1905 года ў Расіі пасля расстрэлу мірнай дэманстрацыі адбылася рэвалюцыя. У Барысаўшчыне, як і ў іншых вёсках раёна, пачаліся сялянскія хваляванні. Арганізатарам мітынгаў выступаў тульгавіцкі сацыял-дэмакрат Сцяпан Акуленка. Пад яго ўплывам некалькі сялян вырашылі запатрабаваць у Мікалая Ястржэмбскага паляпшэння ўмоў працы і адмены штрафаў. 

       Калі яны прыйшлі да пана, то ён, нічога не слухаючы, пачаў хвастаць хадакоў нагайкай. Усе разбегліся, акрамя аднаго, па мянушцы Саўка, які не разгубіўся і паваліў пана на зямлю. "От, пане, цяпер мы з табой таварышы", – з гэтымі словамі ён зняў з пана капялюш і надзеў сабе на галаву, а свой стары картуз насунуў пану. Той, скінуўшы картуз, падняўся, з грэблівай усмешкай сказаў: "Не, Саўка! Не быў ты мне таварышам і не будзеш".
      Праз некаторы час сяляне зноў пайшлі да пана. На гэты раз іх было шмат болей і настроены былі рашуча. Ястржэмбскі, баючыся бунту, пайшоў на ўступкі і згадзіўся выканаць некаторыя патрабаванні.
      У гадавіну расстрэлу рабочых у Петраградзе на Хойнікшчыне зноў пачаліся сялянскія выступленні, і Ястржэмбскі з чэляддзю часова з'ехаў у Польшчу. Сяляне сабралі "мітынг свабоды", які хутка перарос у банальнае рабаванне маёнтка. Бралі хто харч, хто карову ці каня, хто шафу або проста люстэрка.
      Аднак такая "свабода" працягвалася нядоўга. Неўзабаве прыехалі казакі. Эканом з рахункаводам склалі спіс украдзенага дабра, а казакі пачалі шукаць зачыншчыкаў. Злоўленых прыводзілі да канторы мясцовай управы і білі нагайкамі.
      Пасля пакарання сялян Ястржэмбскія вярнуліся ў сядзібу, а бедны Саўка, памятаючы леташнюю гісторыю з капелюшом, схаваўся недзе ў вёсцы Навасёлкі. Казакі не змаглі яго адшукаць. Дарэчы, цяга да жартаў Саўку ледзь не згубіла. У 1918 годзе пачалася нямецкая акупацыя. Немцы адразу загадалі сялянам вярнуць Ястржэмбскім зямлю і скаціну.
      Аднойчы Саўка падышоў да акупантаў і, карыстаючыся іх няведаннем мовы, угодлівым голасам стаў кпіць: "Каб вы, гады, яйкамі падавіліся, каб малаком захлынуліся!" Немцы радасна ківалі: "Я! Я!" А тут падышоў яшчэ адзін салдат, які крыху разумеў па-руску. Ён пераклаў Саўкавы пажаданні, і зняважаныя нашчадкі тэўтонаў да паўсмерці збілі жартаўніка.
       Існуе меркаванне, што калі б не Кастрычніцкая рэвалюцыя, Барысаўшчына, магчыма, стала б прамысловым мястэчкам памерам з Хойнікі. Брат Фелікса быў таленавітым інжынерам, адным з "піянераў", якія пракладвалі чыгунку на Палессі. У Мінскім чыгуначным музеі ёсць даведкі аб ім. Гавораць, быццам Мікалай планаваў з дапамогай дзядзькі правесці чыгунку да Барысаўшчыны.
       Пасля рэвалюцыі Ястржэмбскія з'ехалі ў Польшчу, потым, магчыма, у Германію, бо ўнук Фелікса ў час Вялікай Айчыннай вайны прыязджаў у форме нямецкага афіцэра агледзець маёнтак інават пазнаў Аксінню – жанчыну, якая даглядала яго ў дзяцінстве.
Існуе легенда пра скарб фамільнага серабра Ястржэмбскіх, якое Мікалай склаў у куфар і закапаў недзе ў парку, перш чым збегчы за мяжу. Так гэта ці не, але тут можна было ўбачыць "чорных шукальнікаў" з металадэтэктарамі, якія прыязджалі з Гомеля. Ці знаходзяць яны што-небудзь, цяжка сказаць. Затое вядома гісторыя выяўлення іншага "скарбу". У 1968 годзе адзін з тагачасных жыхароў панскага дома В. А. Краснаселец, капаючы падвал, натрапіў на вінны склеп памешчыка, у якім радамі стаяла каля трохсот бутэлек з рознымі вінамі, настойкамі, наліўкамі. Некаторыя з іх аж загусцелі ад часу.
      Хутка ўсе бутэлькі былі разабраны, але ніхто не асмельваўся паспрабаваць, бо прыйшоў участковы і запатрабаваў здаць нібыта атручанае віно. Некаторыя панеслі здаваць, але нехта выпадкова ўбачыў, як участковы смела дэгуставаў віно. Сцяміўшы падман, мужыкі радасна кінуліся частавацца вінамі шматгадовай вытрымкі.
      У пачатку 1930 года мінулага стагоддзя на Хойнікшчыне дзе-нідзе яшчэ дзейнічалі антысавецкія групоўкі. Адна з іх абрабавала пахавальную грабніцу Ястржэмбскіх, якая знаходзілася недалёка ад паўночнай брамы. У ёй былі два памяшканні: падземнае для магілаў прадстаўнікоў роду і верхняе, тыпу капліцы, дзе ў рэлігійныя святы запальвалі свечкі. Вакол яго стаялі мармуровыя надмагільныя камяні блізкім асобам сям'і.
       Бандыты збілі і скруцілі прыстаўленага да грабніцы вартаўніка. У пошуках залатых упрыгожанняў раскапалі большасць магілаў.
       Не менш ганебна паступіла пасля гэтага здарэння вясковае начальства, аддаўшы загад перакласці нябожчыкаў з ацынкаваных трунаў у драўляныя, разабраць надземную частку на цагліны, а падземную засыпаць.
       Па словах відавочцаў тых падзеяў, у адной труне знаходзілася цела Фелікса з цалкам захаваным тварам. Аднак пры перакладанні цела рассыпалася.
       Цынк спатрэбіўся на выраб вёдзер для фермы. Усё гэтае блюзнерства апраўдалі "бязлітаснай барацьбой з класавымі забабонамі і перажыткамі капіталізму ў свядомасці людзей".
       Да другой палавіны 80-х гадоў XX ст. каля панскага могільніка ляжалі дзве мармуровыя пліты, адна з іх з эпітафіяй пані. Потым нейкі вандал трактарам раскалоў яе папалам.
      Цяпер, маючы сродкі і жаданне, большасць будынкаў можна было б адрэстаўраваць. Але дзе ўзяць тыя сродкі? Некаторыя замежныя турысты, напрыклад з Англіі, пасля наведвання сядзібы з захапленнем і непаразуменнем узрушана спрабавалі даведацца, чаму мы так адносімся да сваёй гістарычнай спадчыны.
       А час не чакае. Калі лёсам Барысаўшчанскай сядзібы ніхто так і не зацікавіцца, то ад некалі маляўнічых мясцінаў могуць застацца толькі ўспаміны і нешматлікія фотаздымкі.
       Зараз у Беларусі прымаюцца меры, каб умацаваць нацыянальную самасвядомасць. На мой погляд, гэта немагчыма без захавання помнікаў гісторыі, культуры, без дасканалага вывучэння ладу жыцця нашых продкаў, іх звычаяў, абрадаў. Вучыць гэтаму патрэбна з малых гадоў у дзіцячых садках і школах. Бо нацыянальнае самаўсведамленне, гордасць за краіну – як магутная рака, у якую паступова ператвараецца ручай цікавасці да сваіх вытокаў, спадчыны і любові да роднай старонкі.

А. Эсауленка,
галоўны захавальнік фондаў
Хойніцкага раённага краязнаўчага музея

З гледзішча гістарычных ведаў, аўтар тут нярэдка вярзе славесную лухту,
але краявіды ў яго атрымаліся выдатныя і ў Юравічах,
і ў Барысаўшчыне з Хойнікамі

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024