Четверг, 28.03.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Сядзіба Аўраамавых

    Гэты комплекс знаходзіцца на вуліцы К. Маркса, у цэнтры сучасных (не колішніх!) Хойнік і ўключае сядзібны дом і парк. Раней тут размяшчаўся аддзел адукацыі райвыканкама, а зараз краязнаўчы музей. Сфарміраваны ў пачатку XX ст. Дата 1912 на галоўным фасадзе, відавочна, паказвае год, калі было завершана ўзвядзенне дома, а літары АА на фасадзе і на пілонах уяздной брамы – імя ўладальніка сядзібы Андрэя Міхайлавіча Аўраамава.
   Палацык, паводле А. М. Кулагіна і Т. Ф. Літвінавай, – помнік эклектычнай архітэктуры, ўяўляе двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, да якога асіметрычна прыбудавана квадратная вежа – своеасаблівы бельведэр. Апошняя вянчалася ўступчастымі кутнымі слупкамі. Плоскасць кожнай з чатырох сцен у верхняй частцы вежы разбіваецца чатырма калонамі на два высокіх і шырокіх вакна з кратаванымі пераплётамі. Галоўны ўваход у будынак аформлены ў выглядзе порціка на невысокім цокалі з ганкам, па-над ім балкон другога паверху. Порцік (або тэраса) уладкаваны з дапамогаю чатырох калон са стылізованымі паводле егіпецкіх матываў колакалападобнымі капітэлямі. На чырвоным фоне цагляных сцен (cёння яны атынкаваныя) вылучаліся атынкаваныя і пафарбаваныя ў белы колер дэталі архітэктурнага дэкору (ліштвы, карнізы, руст і інш). У пластыцы фасадаў выкарыстаны утрыраваныя формы класіцызму (франтоны, калонкі, сухарыкі), рэнесансу (арачныя нішы з ракавінамі), матывы сярэднявечнай замкавай архітэктуры (зубчастыя парапеты, байніцы). Унутраная планіроўка калідорная з вылучэннем параднай групы памяшканняў. Міжпаверхавая лесвіца знаходзіцца ў цэнтральным квадратным у плане вестыбюлі.
   Парк мае пейзажна-рэгулярную планіроўку. Прамавугольная сетка алей абмяжоўвае паркавыя курціны. Растуць мясцовыя пароды дрэў – асіна, ліпа, клён, лістоўніца. Некаторыя з іх дасягаліўнушальных памераў.
Уяздная алея вылучана чатырохпілоннай (сёння, прынамсі, – трохпілоннай) брамай.

   PS Напярэдадні рэстаўрацыі (ці рамонту?) сядзібнага дома, у 2009 г. ад Дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль" была складзена адмысловая "гісторыка-архіўная" даведка.
     Паводле яе, гэты будынак узведзены на месцы старога драўлянага, у якім жыў і прымаў спіскоўцаў (арганізатараў паўстання) 1794 года знакаміты паплечнік Т. Касцюшкі "рэдкі грамадзянін" Караль Прозар. Падставаю з'явіліся "обнаруженные во время натурных исследований обложенные кирпичом деревянные элементы здания..." у спалучэнні з "единственным дошедшим до нашего времени фотоснимком начала XX века (Афтанази) с современным обликом памятника и материалами архива БТИ г. Хойники". Інакш кажучы, на думку ўкладальнікаў даведкі, частка першага паверху аўраамаўскага дома – нішто іншае як абкладзены цэглай драўляны дом Прозараў! Дзеля такой высновы ім, што праўда, давялося тлумачыць уважлівай адукаванай грамадскасці, чаму фотавыява драўлянага будынка пярэдадня Першай сусветнай вайны не адпавядае плану першага паверху будынка з цэглы (на здымку ўнізе справа). Прычына нібыта ў перабудовах...
    Даведка з нашага боку: прозараўскі сядзібны дом месціўся прыкладна за кіламетр ад сядзібы А. М. Аўраамава, на "Замку", г. зн. у раёне вуліцы У. В. Жыляка (пра тое гл. матэрыял "Прозараўскія мясціны ў Хойніках"; тамсама і фота). Пры раздзеле маёнтка ён дастаўся, магчыма, яго брату Мітрафану Міхайлавічу Аўраамаву. Чэслаў Пяткевіч засведчыў: "Dom ten poraz ostatni oglądałem w r. 1912, stał jeszcze na tem samem miejscu...", а гэта значыць
ён працягваў існаваць адначасова з "андрэйчыкавым". Больш за тое, трэба ведаць, што дом
АА паўстаў не ў тагачасным мястэчку Хойнікі, а на месцы сядзібы Валокі, пазначанай на ваенна-тапаграфічнай карце сярэдзіны XIX ст. як фальварак*. "Усадьба Увалоки" згадана разам з прыналежнымі да яе броварам і ветраком у выданні "Волости и важнейшие селения Европейской России" (Вып. 5. СПб., 1886. С. 113).
  Апісаная ж аўтарам даведкі капліца з чацверыковымі кутнымі шатровымі вежамі (былі яшчэ дзве вежачкі над пярэднім і тыльным фасадамі) месцілася ад сучаснага парку яшчэ далей – у раёне сённяшніх гарадскіх могілак, паміж вуліцамі У. Р. Калесніка, Сялянскай і Г. Ц. Берагавога.
    Блытаніны лёгка было пазбегчы, каб не сталае ігнараванне думкі мясцовых гісторыкаў "вышэйшымі інстанцыямі". Але раённае кіраўніцтва і падначаленыя ўстановы, звыклыя да субардынацыі, ды што ўсё вызначаецца "наверсе", і ў выпадках, якія патрабуюць спецыяльных ведаў, хутчэй зробяць запыт у Гомель ці нават адправяць кагосьці па даведку ў Рэчыцу (было і такое!), хоць ні ў Гомелі, ні ў Мінску (не кажучы пра Рэчыцу) даўняй і наогул гісторыяй Хойнікшчыны ніхто наўпростую не займаецца і адэкватна яе не ўяўляе; калі ж і запытаюць пра што на месцы, дык пачутае ў адказ, з нейкіх сваіх уладных амбіцыйна-ідэалагічных прычынаў пакідаюць без увагі.
   Пэўна і іншае: бюджэтныя грошы на рэстаўрацыю выдзяляліся выключна да Дня беларускага пісьменства, а не "пад імя" К. Прозара, таму і з гэткіх меркаванняў скажаць гістарычную рэальнасць не мела ніякага сэнсу. Памылковая інфармацыя, да таго ж, трапіла ў газеты, на тэлевізію, на шырокавядомы сайт "Глобус Беларусі"
** , а гэта, як і ўсялякі зман, вельмі прыкра...

*Фальварак Валоцкі вядомы яшчэ з інвентара 1844 года [НГАБ у Мінску. Ф. 142. Воп. 1. А. з. 1475. А. 33 адв.]. На сёння даступны план фальваркаў Езапоў і Валокі 1887 г. (гл.: Хойнікі ў Вікіпедыі)
**Гл. ніжэй. Маем на ўвазе недарэчную спасылку на кнігу Рамана Афтаназы [Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej. Wrocław ∙ Warszawa ∙ Kraków, 1991. T. I. S. 34 – 36], у якой размова вядзецца пра сядзібу Прозараў, не Аўраамавых.

аўтар PS С. Бельскі

Сядзіба Аўраамавых і іншыя адметныя мясціны ў Хойніках на сайце Андрэя Дыбоўскага "Глобус Беларусі"
Рэшткі сядзібнага дому і парку

Буйныя планы ўлетку

Фрагменты былога парка

   

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024