Вторник, 16.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Прозараўскія мясьціны ў Астраглядах
     Палац
  А. Ельскі ў выданні "Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich” (Warszawa, 1886. Т. VII. S. 690) паведамляе, што Астрагляды, даўней называныя Астраглядавічамі, спачатку належалі князям Вішнявецкім, а пасля – панам Харлінскім, Ракіцкім, Прозарам.
     Пэўна, Вішнявецкія аніколі не валодалі Астраглядавічамі. Гэтае паселішча ў пісьмовых крыніцах з XVI ст. да 1887 г. заўсёды належала тым самым гаспадарам, што і Хойнікі, але не князям Вішнявецкім. Сярод уладальнікаў у розныя часы былі паны Палазовічы (ад 1504 г.), князі Любецкія (ад 1532 г.), паны Харлінскія (з канца 1568 г.), Абрагамовічы (з 1627 г.), Бразоўскія (недзе з 1642-3 гг.), князі Шуйскія (ад 1664 г.), паны Прозары (пасля 1814 г).
    Не маем звестак таксама пра тое, каб гаспадарамі Астраглядавічаў былі калі-небудзь паны Ракіцкія. І хоць 20 жніўня 1818 г. Тэкля, дачка графа Людвіка Ракіцкага, сапраўды выйшла замуж за Уладзіслава, сына Караля Прозара ўласнага гербу (Прозар), бацька не мог запісаць іх ёй у пасаг, як падае А. М. Кулагін. Прычына названая вышэй. Што праўда, у 1783 г. князёўна Людвіка Канстанцыя Шуйская выйшла замуж за будучага вялікага абознага ВКЛ Караля Прозара. Нездарма апошні называў сябе "графам на Хойніках і Астраглядавічах”. Можна было б падумаць, што напярэдадні паўстання, узначаленага ў 1794 г. Т. Касцюшкам, калі Караль Прозар, дзеля атрымання грошай на яго арганізацыю, прадаў ці аддаў у заставу не адно свае  спадчынныя ўладанні на Жмудзі (заходняя Літва), але і Астрагляды, тым болей, што Людвіка, як пісаў Марыян Дубецкі, заўсёды падтрымлівала мужа ў яго задумах. Але ў рэвізіі 1795 г. запісана, што маёнтак Астраглядавічы Людвікі з Шуйскіх Прозаравай быў не прададзены, а ўсяго толькі здадзены ў "арэндную пасэсію” Яну, сыну Уладзіслава, Ястшэмбскаму тэрмінам на 3 гады (з 2. IV. 1794 да 2. IV. 1797 г.) за 1833 дукаты (чырвоныя злотыя) і 6 злотых польскіх (у арэнду каноніку інфлянцкаму Корсаку здадзены таксама маёнтак Хойнікі). Ракіцкія, як бачым, уладальнікамі ані трымальнікамі маёнтка ў заставе не названыя. І ў шляхецкай рэвізіі 1811 г. Юзаф Парыкевіч запісаны эканомам фальварка Астраглядаўскага – уладання нікога іншага, а пані Людвікі, жонкі Караля Прозара, былога абознага ВКЛ і Кавалера.
    Пасля смерці К. Прозара ў 1841 г. маёнтак перайшоў да Уладзіслава. Гэты апошні, як вынікае з  дзённікавых запісаў архіепіскапа М. Галубовіча, жыў у старой сядзібе ў Хойніках да самай сваёй смерці. А. М. Кулагін, аднак, лічыць (ці не ў сувязі з "пасагам”?) што менавіта ён дзесьці ў 1810 – 1820-х гг. выбудаваў у Астраглядах паводле праэкта Генрыка Марконі шыкоўны палац у стылі ампір. Самое па сабе, зразумела, тое нявыключана. 
     Пасля Уладзіслава Хойніцкі і Астраглядаўскі ключы, што, паводле больш позняга "Списка землевладельцев Минской губернии на 1876 год”, разам з Гарадзішчам і Савічамі складалі 75 103 дзесяціны ворыўнай зямлі, пашаў, сенажацей і лясоў з балотамі, атрымаў у спадчыну яго сын Мечыслаў, рэчыцкі маршалак, жанаты з Зофіяй, дачкой Уладзіслава Аскеркі з Рудакова. Прычым сям’я Мечыслава, як сведчыць той жа М. Галубовіч у запісе ад 18 верасня 1860 г., жыла менавіта ў астраглядаўскім палацы ["Па абедзе я ад’ехаў у Астраглядавічы. Заспеў там толькі гаспадыню дома, жонку маршалка пані Прозараву, яе матку Аскеркаву, брата, глухога і барадатага, Эміля Аскерку, і валынскага Прозара. Вельмі гасцінна быў прыманы."].
  Ад Мечыслава Астрагляды перайшлі да яго сына Канстанціна, жонкай якога была Зофія, дачка Баляслава Свентажэцкага, выбітнога паўстанца 1863 года. Гэты нашчадак і змарнаваў атрыманую ад продкаў фартуну, губляючы фальварак за фальваркам, пакуль урэшце не прадаў маёнтак з рэзідэнцыяй расійскім уладам. Наступны, гаспадар (ці быў гэта Аляксандр Іванавіч Цямніцкі, згаданы як уладальнік Астраглядаў у "Списке землевладельцев Минской губернии 1911 г."?) уладкаваў у салонах лазню. Ад празмернага напалення ў печах аднойчы здарыўся пажар, які знішчыў увесь палац.
  У 1912 г. па найвысачэйшаму дазволу Астрагляды набыў Альгерд Гардзялкоўскі гербу Ляліва з Друцку, апошні іх прыватны ўладальнік, які меў намер аднавіць палац паводле праекту Тадэуша Стрыенскага, але выбух першай сусветнай вайны перакрэсліў усе планы. 
     Выгляд прозараўскай рэзідэнцыі ад парку вядомы з малюнка Ігнацыя Врублеўскага 1891 г., ад пад'езду – выява (акварэль) з архіву Мечыслава Ялавецкага, ад парку і ад пад'езду з фотаздымкаў, як лічыў Р. Афтаназы, прыкладна 1918 г., з трох фота пачатку XX ст. (1910 г.?) сямейнага архіву Караля і Марыі Свяцкіх. Прычым, на здымках будынак выглядае нібы пасля пажару.
   Дзеля апісання сядзібы, як заўсёды, выкарыстаем матэрыялы спецыялістаў (А. М. Кулагіна і, часткова, Р. Афтаназы).
  Аднапавярховы дом меў П-падобны ў абрысе падмурак: да бакоў галоўнага фасада далучаліся кароткія перпендыкулярныя крылы. У цэнтры выступаў рызаліт з каланадай, якая несла дарычны антаблемент і тэрасу перад мансардай. Пад порцікам знаходзіліся арачныя дзверы і вокны з трохвугольнымі франтончыкамі. Дэкор аднапавярховых крылаў абмяжоўваўся паўкруглымі надаконнымі, аб’яднанымі гарызантальнай цягай, броўкамі і шырокім дарычным фрызам з трыгліфамі ў завершы. Пасярэдзіне тыльнага (паркавага) фасада размяшчалася тэраса з бакавымі сходамі ў парк, а па баках вылучаліся рызаліты. Будынак у цэнтральнай частцы накрываў высокі чатырохсхільны дах з франтонам, над бакавымі крыламі – трохсхільны. Сцены рэзідэнцыі былі гладка атынкаваныя, а дэкор і калоны пафарбаваныя ў белы колер, які ўдала кантраставаў з больш цёмным колерам тынкоўкі.
     Унутры палац меў двухрадную анфіладную планіроўку. З боку порціка змяшчаўся дэкарыраваны ў "паляўнічым” стылі вестыбюль з развешанымі на сценах трафеямі і карцінамі адпаведнай тэматыкі, з кафлянай печкай, вялізным камінам і вітымі сходамі на другі паверх. Дзверы, выкананыя з чырвонага дрэва з інкрустацыяй, вялі ў прасторную сталовую, блакітны плафон (упрыгожаная столь) якой уяўляў нібы нябеснае скляпенне з зоркамі і маладзіком. Са сталовай направа можна было трапіць у вялікую бальную залу, што асвятлялася парамі вокнаў ад пад’езду і ад парку. Далей знаходзіліся чатыры жылыя пакоі. Па левы бок вестыбюля размяшчаліся салон-гасцёўня, будуар гаспадыні і чатыры жылыя памяшканні. Вялізны пакой другога паверха прызначаўся пад бібліятэку, за якой знаходзіўся гардэроб гаспадыні дома Зофіі Прозар. Паркет парадных апартаментаў, паводле слоў гаспадыні Ванды Гардзялкоўскай, заснаваных на інфармацыі людзей, якія ведалі палац яшчэ ад часоў Прозараў, "уяўляў чароўныя пейзажы, выкананыя з розных драўняных гатункаў – чырвонага дрэва, чорнага дуба, ясеню, грушы”, і ўдала спалучаўся са сценавымі панэлямі, дэкарыраванымі ў тэхніцы стука (алебастрам, аздобленым пад мармур). Кафляныя печы і мармуровыя каміны таксама з’яўляліся дэкаратыўнымі элементамі інтэр’еру.
    Уяздная брама мела "ваяўнічую” трактоўку ў выглядзе навешаных на высокія мураваныя слупы каваных кратаў з рымскіх пік і ампіравых вянкоў. Па яе баках размяшчаліся дзве вежы-вартоўні з купальным пакрыццём, завершаным чыгуннымі дэкаратыўнымі пінаклямі.
   Ад брамы вакол газона праходзіла шырокая алея са старых ліп. Па абодва бакі газона перад палацам стаялі дзве невялікія афіцыны з чатырохслуповымі ганкамі. За палацам раскінуўся пейзажны парк, высаджаны на плошчы ў 5 га ліпай, дубам, грабам, платанам, пірамідальнай і італьянскай таполяй, мноствам дэкаратыўных кустоў. Праз гэтыя пейзажныя пасадкі ад палаца адыходзіла прамая алея, замкнёная вялізным чатырохвугольным газонам. Цэнтрам складанай воднай сістэмы з’яўляўся востраў дыяметрам 200 м, абкружаны шырокім каналам, злучаным з асноўным вадаёмам. Палац і парк былі абнесеныя ажурнай мураванай агароджай з пастаўленымі праз кожныя дзесяць метраў атынкаванымі і пафарбаванымі ў белы колер слупамі. Па фронту сядзібы праходзіў гасцінец, высаджаны векавымі платанамі і таполямі.
 
 
 
 
 
 
    Сучасны выгляд:  Захаваліся адно рэшткі палаца Прозараў у Астраглядах.
Афіцыны на здымках Я. М. Каспяровіча 2011 г.
 
Афіцына на здымку Юрыя Панкова. 2019 г.
І яшчэ

*****

"Село Домамирка з людми и з их вшелякою повинностю и даню, з дубровами, чертежами, лесами, полми, сеножатми. Ку тому остров Рудаков с полями, чертежами, дубровами и сеножатми до границы от Высокого, взявши от сеножатей до могилок, до дороги Хвойницское, которая идеть до Остроглядович, до рубежов, которые есмо сами зарубали водле выязду нашого братэрского...[з публікацыі М. Ф. Спірыдонава (Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1. – Мінск, 2000]

Урывак з дзельчага ліста князёў-братоў Аляксандра і Міхаіла Вішнявецкіх 1574 года,
з якога вынікае, што Астраглядавічы ні аднаму з іх не належалі,

былі памежным пунктам, як і дарога Хвойніцкая. Навейшыя энцыклапедыі і даведнікі чамусьці
працягваюць сцвярджаюць, што Астрагляды і Хойнікі уладанне князёў Вішнявецкіх!.. 

Сядзіба Прозараў на сайце Андрэя Дыбоўскага "Глобус Беларусі"

Падрыхтаваў С. Бельскі

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024