Пятница, 26.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Юравічы – "дыямент" на "Залатым кальцы Палесся"

      Як вядома, маршрут "Залатога кальца Гомельшчыны” праходзіць праз Гомель, Лоеў, Рэчыцу, Юравічы, Мазыр, Тураў, Чырвоны Бераг (Жлобінскі раён), Чачэрск і Ветку.
    Найбліжэйшы да нас пункт – Юравічы. Іх мы можам успрымаць гэткімі ж сваімі, як, напрыклад, Тунеўшчыну або зніклы ўжо Засценак. І прычына не ў геаграфічнай блізкасці ды наяўнасці тут сусветна вядомых помнікаў, надзвычай каштоўных для гістарычнай навукі і цікавых для турыстаў, з-за чаго Юравічы хочацца называць "дыяментам” на "Залатым кальцы”. Галоўнае – колішняя прыналежнасць жыхароў засценкаў (не блытаем з вёскамі) Азярын, Багуславец, слабады Кажушкі, Тульгавіцкай Рудні і часткі сяла Тульгавічы, аколіцы Паташня, шэрагу двароў у сяле Загалле, вёсках Глінішча, Гноеў і Клівы, фальваркаў заходняй часткі сучаснага Хойніцкага раёна да каталіцкай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны, што гуртавалася вакол касцёла ў Юравічах (прынамсі, на 1796 год, з капліцамі ў Глінішчы, Багуслаўцы і Барысаўшчыне), як і прыналежнасць жыхароў калінкавіцкіх вёсак Агароднікі, Бярозаўка, Вадовічы, Слабодка, Ужынец (ажно пакуль будынак Юравіцкага касцёла не ператварылі ў царкву) да праваслаўнага Свята-Мікалаеўскага прыхода з цэнтрам у сяле Алексічы на Хойнікшчыне. А таксама знаходжанне заходняй часткі апошняй у парэформенны час у складзе Юравіцкай воласці і з 1926 да 1931 г. – у Юравіцкім раёне.
      Крыху больш падрабязна пра месцы, якія можна наведаць у Юравічах.
      Стаянка паляўнічых на мамантаў
     Агляд помнікаў, што натуральна, пачынаем з найстаражытнай у Беларусі стаянкі людзей у цэнтры вёскі. Паводле У. Ф. Ісаенкі, адкрыта яна 6 ліпеня 1929 г. пасля таго, як чатырма гадамі раней мясцовы жыхар В. Яшчанка знайшоў ля сцяжынкі з дольніх Юравічаў на гару трубчастую костку (голень маманта). Знаходку аднеслі ў школу да настаўніка Ю. Попеля, які і паведаміў пра падзею ў Акадэмію навук Беларусі. Першыя ж звесткі пра буйныя косткі, што трапляліся на дне яра (па ім пракладалі дарогу на Хойнікі) з’явіліся яшчэ ў канцы XIX ст. Размешчана стаянка над далінаю р. Прыпяці на вышыні 24 – 25 м ад летняга межаннага ўзроўню вады. Яе найбольш верагодны ўзрост – каля 26 тыс. гадоў ад нашага часу, хоць выказваліся і іншыя меркаванні. Першабытная грамада, якая тут жыла, была невялікай – 15 – 20 чалавек (родзічы па адной маці?). Акрамя шматлікіх прыладаў працы з крэменю і вырабаў з косці, найбольш цікавыя з якіх кінжал даўжынёй 13 см і чурынга (культавая рэч) з ікла маманта, на стаянцы знойдзеныя рэшткі 15 – 20 маладых мамантаў, а таксама першабытнага быка, дзікага каня, пясца. У згрувашчаннях касцей і вялікіх камянёў археолагі заўважылі пэўную сістэму, якая дапускае наяўнасць жытла авальнай формы. Маюцца на ўвазе чарапы, буйныя косткі, валуны, на адным з якіх адкрытыя сляды охры. Некаторыя косткі пабывалі ў вогнішчы або раструшчаныя і ператварыліся ў костны вугаль (паліва?). Але нядоўга віліся дымкі над жытлом Юравіцкай стаянкі. Холад узрастаў. Аднойчы зрабілася нясцерпна – і людзі пакінулі тэрыторыю Беларусі на доўгія тысячагоддзі.
   Юравіцкую стаянку вывучалі пакаленні археолагаў, але і сёння яна не перастае здзіўляць прафесійных даследчыкаў і наогул зацікаўленую грамадскасць. Інакш як сенсацыйнай не назавеш знаходку, зробленую 4 жніўня 2006 года экспедыцыяй пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Алены Ганадзеўны Калечыц [чорна-белы здымак апублікаваны ў газеце "Калінкавіцкія навіны” адразу ж 8. VIII. 2006]: на месцы, дзе і раней вяліся раскопкі, у больш нізкім гарызонце археолагі адкрылі цэльны чэрап маманта з біўнямі. Метры за тры ад яго знойдзены зуб, а побач у зямлі акрэсліваліся рэшткі яшчэ аднаго чэрапа. Трэба думаць, Юравіцкая стаянка выдасць нам яшчэ не адну сенсацыю.
      Касцёл Нараджэння Найсьвяцейшай Панны Марыі і школа езуітаў
    Езуіты ўпершыню з’явіліся ў Юравічах у 1673 г. Тады айцец Марцін Тыраўскі († 20 красавіка 1684 г.) узвёў драўляную капліцу пры дарозе з Юравічаў да Алешыцаў (бясспрэчна, – гэта Алексічы на Хойнікшчыне) і змясціў у ёй прывезеную з Львова цудатворную ікону Маці Божай – вядомую яшчэ з 1630 г. сямейную каштоўнасць паноў Канецпольскіх. Паводле падання, Найсвяцейшая Панна сама абрала гэтае месца для будучай святыні. Як бы яно ні адбылося, але капліца была пастаўлена там, дзе ў XVII ст. ніхто не жыў (сяло раскінулася пад гарою), і сцвярджэнне аб існаванні на гэтым месцы царквы з захоўванай у ёй цудатворнай іконай выглядае міфам, створаным праваслаўным духавенствам, калі яно дамагалася і ўрэшце дамаглося ў 1864 г. закрыцця касцёла* і перадачы будынка праваслаўным (перад тым касцёл зачынялі ў 1831 г., назаўсёды скасаваўшы кляштар).
     Шматлікія цуды, здзейсненыя Маці Божай, пашыралі яе культ, прынеслі славу юравіцкай святыні. Пілігрымкі ў Юравічы сталі часцейшымі. Людзі прыязджалі і прыходзілі з усяго Мазырскага, а таксама з суседніх Оўруцкага і Рэчыцкага паветаў. Ікона была вядомая ў Кіеўскім, Мінскім ваяводствах, на Чарнігаўшчыне. У 1681 г. быў узведзены драўляны касцёл (знішчаны пажарам у 1705 г.) і дом езуіцкай місіі для чатырох ксяндзоў.
   Правінцыял ордэна езуітаў ксёндз Барталамей Вансоўскі, удзячны Найсвяцейшай Панне за вяртанне да жыцця, ініцыяваў будаўніцтва новага мураванага касцёла. Пачалося яно ў 1726 і было ў асноўным завершана ў 1746 годзе. Вядома, шчодрыя ахвяраванні на ўзвядзенне святыні склала навакольная шляхта і асабліва Багуслаў Аскерка. Апошні выступіў таксама фундатарам выдання кнігі суперыёра Юравіцкай рэзідэнцыі ў 1742 – 1755 гг. Францішка Колерта "Krynice cudownych łask Maryi z jurowickich gór wynikające, na honor JWP Bogusława Oskierki” (Nieświż, 1755). Дарэчы, ад імя гэтага чалавека паходзіць і назва аднаго з яго фальваркаў (пазней вёскі, называнай таксама "мястэчкам”, і засценка) на Хойнікшчыне – Багуслаўца (з 1977 г. – Грачыхіна), што ў 4 км ад мележавага Глінішча ды ў 1 км ад Алексічаў і Княжыцы (Слабажанкі), сустрэтага намі ўпершыню ў метрычных запісах Юравіцкага касцёла пад 1794 годам. А згаданая кніга разам з вершаваным "Głosem nieprzebranych łask o cudownej Najśw. Pannie jurowickiej na siedmiorakich górach między poleskiemi pustyniami ku czci i chwale bożej wdziecznie brzmiący” (Wilno, 1768) з’явілася ці не першым з вядомых на сёння літаратурных твораў, якія маюць дачыненне да нашых мясцінаў. У 1756 г. пры кляштары была адкрыта школа, праз год пераўтвораная ў сярэднюю. З 1765 г. пры рэзідэнцыі існавала музычная бурса, а таксама тэатр і бібліятэка. Юравіцкай езуіцкай рэзідэнцыі падпарадкоўваліся Мазырская (з 1729 г.) і Брагінская (з 1750 г.) місіі.
     Пра тое, якім быў касцёл да яго перабудовы ў праваслаўны сабор у другой палове XIX ст. і наступнага зруйнавання ў савецкія часы, ёсць шматлікія апісанні. Т. Габрусь прыводзіць вытрымку з "Люстрацыйнага інвентара Юравіцкай калегіі езуітаў” ад 22 снежня 1773 г., складзенага пасля касацыі ордэна: "Касцёл вялікі, мураваны, пышны, дахоўкамі крыты, з 2 вежачкамі наперадзе…” У адной з вежаў быў вялікі гадзіннік, які біў кожную чвэрць гадзіны, у другой – "звонаў дужых 3”. А. Ярашэвіч удакладняе, што званы віселі ў паўднёвай, а гадзіннік – паўночнай вежы, што даўжыня будынка складала 36,5 м, а шырыня – 20,5 м. У 1819 г. дах быў пакрыты жалезам.
   Паводле А. Кулагіна, касцёл і школа езуітаў – помнік позняга барока. Касцёл – 3-нефавая мураваная базыліка з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым галоўным фасадам, які падзелены на тры ярусы развітымі антаблементамі, расчлянёны вязкамі пілястраў, крапаваны франтонамі. Разнастайныя нішы і аконныя праёмы аздоблены складанымі профілямі і лепкай. Бакавыя сцены расчлянёны спаранымі лапаткамі і неглыбокімі нішамі. Абапал апсіды – 2-павярховыя сакрыстыі, паўночная злучана калідорам з будынкам калегіума.   Унутраная прастора падзелена на 3 нефы 6 магутнымі слупамі і аркадай паміж імі. Над галоўным уваходам паміж вежамі ўладкаваны невялікія хоры. Тут жа ў цыліндрычных шахтах размяшчаліся вітыя лесвіцы вежаў. Бакавыя нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі, цэнтральны – цыліндрычнымі з люнетамі, падзеленымі падпружнымі аркамі, якія абапіраюцца на спараныя насценныя пілястры. З краповак выкарыстаны плафонныя авальныя рамы, іанічныя капітэлі ў барочнай інтэрпрэтацыі, шматлікія архітэктурныя абломы. Да 1732 г. была скончана работа над галоўным алтаром, створаным рэзчыкам Тарасам Аршыцкім і вызалачаны Стэфанам Пятроўскім. [А. Ярашэвіч: у ім знаходзіўся цудатворны абраз, а з бакоў далучаліся праз ляпніну абразы "Звеставанне” і ”Ахвяраванне Езуса ў святыні”]. Пры ўладкаванні царквы галоўны алтар быў закрыты іканастасам, а 8 бакавых [паводле А. Ярашэвіча, усяго раней было 10 мураваных бакавых алтароў, аздобленых ляпнінай: Францішка Серафіцкага, Беззаганнага Пачацця, Міхаіла Арханёла, св. Юзэфа, Францішка Ксаверыя, св. Дамініка, св. Антонія, Укрыжаванага Езуса, Святой Сям’і, Яна Непамуцэна], алтароў выратаваў ад разбурэння мясцовы архіерэй. Пад касцёлам знаходзілася вялікая крыпта.
     Корпус школы – 2-павярховы П-падобны ў плане аб’ём, які ўтварае ўнутраны двор-курданёр. Сіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка падкрэслена дзвюма 3-яруснымі вежамі па вуглах дваровага фасада. Сцены рытмічна расчлянёны пілястрамі, аконныя праёмы зфігурнымі ліштвамі. Планіроўка галерэйная з вялікай залай у цэнтры. Перакрыцці абодвух паверхаў скляпеністыя. 
    У 1994 – пачатку 2000-х гг. у комплексе размяшчаўся праваслаўны жаночы, а з верасня 2005 г. па сённяшні дзень – мужчынскі манастыр. Здавалася б, добра і тое, што праваслаўныя манахі, па меры сіл сваіх, падтрымліваюць будынак у пэўным стане – усё ж не поўнае запусценне. Але гэта азначае і іншае: велічная каталіцкая святыня ўжо ніколі не адродзіцца, а таму ніколі не будзе вернутая да нас цудатворная ікона Маці Божай Юравіцкай, невядома дакладна калі вывезеная Габрыэляй (з Ваньковічаў) Горват і перададзеная на захаванне (а не ўкрадзеная (!), як напісалі ўкладальнікі "Золотого кольца Гомельщины”) у маі 1885 г. у кракаўскі касцёл Св. Барбары. Умовай вяртання было як раз адраджэнне касцёла ў мястэчку.
    Ёсць у Юравічах і гарадзішча X – XIII стст. па-над сучаснай вуліцай Відолічы (магчыма, так той сярэднявечны горад і называўся), на якім у XV – XVI стст. стаяла ўмацаваная сядзіба. Хоць раскопкі 2004 г. і спарадзілі ў некага фантастычную ідэю, нібы менавіта тут знаходзіўся спачатку горад Тураў (непадалёк працякае рака Тур’я), але як турыстычны аб’ект гэты помнік (або помнікі), прынамсі сёння, не вельмі прывабны.
   *Пра тое, як гэта адбылося захаваліся ўспаміны тагачаснага ксяндза-вікарыя Фердынанда Сенчыкоўскага: ”У Юравічах я сустрэў роту салдат, якія на працягу чатырох гадзін сякерамі секлі ў касцёле алтары, статуі 12 апосталаў і арган, які каштаваў 6 тысяч рублёў… Пасля… Стэфановіч (намеснік ваеннага начальніка Мазырскага і Рэчыцкага паветаў) звярнуўся да каталікоў са словамі: "Глядзіце, ваш касцёл ужо праваслаўны, "Матка Боская” ўжо прыняла праваслаўе. Дык і вы прымайце праваслаўе, а ўрад кожнаму… дасьць… па 30 рублёў”. То тут выйшаў наперад 80-гадовы стары, пакланіўся і гучна сказаў: "Ня хочам, паночку, мяняць лепшую веру на горшую!”. "Як гэта на горшую?!” – крыкнуў маёр Стэфановіч. Стары, ані-не збянтэжыўшыся, сказаў: "А як жа, пане, не горша, калі вы да свае веры яшчэ 30 рублёў даеце! Я, калі мяняю каня, то заўсёды дадаю, калі мой конь горшы. І так усе робяць”. "Узяць гэтага мяцежніка!” – крыкнуў Стэфановіч. Старога схапілі і пацягнулі ў кутузку, і толькі праз шэсць дзён вызвалілі” (Минская старина. Вильна, 1911. Вып. 3. Ч. 1. С. 10 – 11).
        Лёс Юравіцкай святыні
    Вядома, што арыгінал адзінай у нашым рэгіёне цудатворнай іконы Маці Божай Ласкавай быў вывезены з Юравічаў у Кракаў і сёння знаходзіцца ў касцёле св. Барбары. Калі і як ён там апынуўся?
     У. Ф. Ісаенка ў кнізе "Памяць. Калінкавіцкі раён” даводзіў, нібы гэта адбылося ў 1855 г. Але з такім сцвярджэннем пагадзіцца нельга. Яно пераканаўча абвяргаецца сведчаннямі стваральніцы копіі іконы – мастачкі Ядзвігі Кеневіч. Па-першае, у 1856 г., дзеля збору ахвяраванняў на рамонт касцёла, юравіцкі ксёндз наведаў маёнтак Дарашэвічы на Петрыкаўшчыне, дзе расказваў Кеневічам пра слынны абраз. Па-другое, у лісце, пісаным у Юравічах і датаваным 24 ліпеня 1863 г., пані Ядзвіга паведамляла: ксёндз Гуга Гадэцкі (Градэцкі) "пасля працяглых разважанняў” згадзіўся, каб яна скапіявала цудатворную ікону, як тое і было зроблена [вытрымкі з лістоў прыведзены ў кнізе прафесара-гісторыка Стэфана Кеневіча. "Dereszewicze 1863.” (Wrocław, Warszawa, Gdańsk, Łódź, 1986. S. 141 – 142)].  Пазней кс. Г. Гадэцкі, прадчуваючы, што касцёл могуць зачыніць, а парафію зліквідаваць у шэрагу іншых рэпрэсіўных акцый расійскіх уладаў у сувязі з паўстаннем, усталяваў у галоўным алтары касцёла копію, а арыгінал перадаў на захаванне жонцы маршалка (предводителя дворянства) Рэчыцкага павету пані Габрыэле з Ваньковічаў Горват. Апошняя і вывезла ікону ў Кракаў, аддала яе мясцовым езуітам з абавязкам вярнуць у Юравічы, калі тут будзе адроджаны касцёл. Дык калі ж гэта здарылася? Цяжка сказаць дакладна. Ксёндз Станіслаў Залэнскі, абапіраючыся на езуіцкія архівы, назваў 1885 г. [Załęski S. Jezuici w Polsce. Kraków, 1905. T. 4. Cz. 4; пра Юравіцкую рэзідэнцыю, Мазырскую і Брагінскую місіі гл.: S. 1546 – 1552]. Але чуткі аб падмене іконы ў Юравічах хадзілі яшчэ тады, калі мастачка працавала над копіяй і захоўваць яе ў мястэчку было небяспечна. Застаецца меркаваць, што ікона была прывезена ў Кракаў яшчэ раней, а ў 1885 г., адчуўшы хуткае заканчэнне свайго зямнога шляху, Г. Горват толькі перадала яе на захаванне езуітам. Пытанне адкрытае…

Да Юравіцкай парафіі ў 1748 годзе належала частка жыхароў паселішчаў сённяшніх Калінкавіцкага
і Хойніцкага раёнаў: Юравічы, Вадовічы, Алексічы, Загалле, Барысаўшчына, Шарэйкі, Града і Прудок

[дзіўна, але езуіцкія Тульгавічы не названыя. С. Б.]
[Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. Lwów, 1748. P. 148]

Сведчанне айца Паўла Мыцкевіча, суперыёра Юравіцкай рэзідэнцыі SJ (1758-1762 гг.), пра хрост
ксяндзом Ігнацыем Барановічам Адама Шуйскага апошняга з мужчын гэтага роду ўладальніка Хойнік і Астраглядаў

[АGAD. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sign. 19. S. 18]

Падрыхтаваў С. Бельскі

   Юравічы-"дыямент" на сайце Андрэя Дыбоўскага "Глобус Беларусі"

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024