Четверг, 28.03.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
  Прозараўскія мясьціны ў Хойніках

        На сённяшні дзень аб тых мясьцінах засталіся хіба што ўспаміны старажылаў ды кароценькія нататкі ў літаратуры. Таму не выпадае назваць іх інакш як "страчанай спадчынай”.
        Сядзібны дом "на Замку” [у адрозненне ад таго, які "у парку”]
      Закладзены ён быў Каралем Прозарам у часы Чатырохгадовага сейма (1788 – 1792), а знаходзіўся, паводле слоў мясцовых жыхароў, колішніх і цяперашніх, на сучаснай вуліцы імя У. В. Жыляка ў раёне былых фабрыкі мастацкіх вырабаў, двара дзіцячага садка і дамоў № 24 – 26. Напэўна гэта не тое месца, на якім размяшчалася старадаўняе ўмацаванне, дзеля чаго ўся мясціна і атрымала назву "Замак”, бо на апошнім, як высветліў у 1982 годзе М. А. Ткачоў, жыццё ў XVIII ст. замерла.
     Захаваліся ці не адзіны фотаздымак сядзібы, зроблены перад Першай сусветнай вайной і апублікаваны ў кнізе Рамана Афтаназы аб рэзідэнцыях на ўскраінах Рэчы Паспалітай, ды малюнак 
1891 г. Ігнацыя Врублеўскага, змешчаны ў кнізе Зыгмунта Глогера "Budownictwo drzewne i wyroby z drzewa w dawnej Polsce" (Warszawa. 1907. T 1. S. 342). Ёсць таксама апісанне яе А. М. Кулагіным:

      "Драўляны будынак на цагляным падмурку меў рысы стылю ампір. Прамавугольны ў плане выцягнуты па падоўжанай восі дом завяршаўся вальмавым дахам [спачатку крытым гонтамі, а ў першай палове XIX ст. – ліставым жалезам. – Ч. Пяткевіч]. Сцены ашаляваныя гарызантальна, ліштвы з трохвугольнымі франтончыкамі аздаблялі высокія прамавугольныя вокны. Галоўны ўваход афармляў манументальны порцік тасканскага ордэра з 4-ма парамі калон, што трымалі развіты класічны антаблемент. Да адной з тарцовых сцен дома быў прыбудаваны Т-падобны ў плане флігель, да другой – галерэя, аналагічная паводле свайго архітэктурнага вырашэння порціку галоўнага фасада”.
     Ч. Пяткевіч бачыў сядзібу, калі наведаў Хойнікі ў апошні раз у 1912 годзе, і адзначыў, што дом стаяў на тым самым месцы, выглядаў так, як і колісь, адно дах, раней чырвоны, быў перафарбаваны ў яскрава-зялёны колер, больш уласцівы дойлідству праваслаўнай Расіі. Нядзіўна, бо ў той час сядзіба належала не "паляку”, а рускаму, магчыма, Мітрафану Аўраамаву.
   Зрэшты, як слушна заўважыў той жа Ч. Пяткевіч, прозараўская рэзідэнцыя ў плане архітэктурным не была чымсьці адмысловым. Каштоўнасць старой сядзібе надае тое, што з ёй пэўным чынам звязаныя важныя гістарычныя падзеі, у ёй жыў вялікі чалавек, якога Тадэвуш Касцюшка называў "рэдкім грамадзянінам”, а імператрыца Кацярына II прылічыла да "злостнейших бунтовщиков”.
     У гэтым адносна сціплым доме, называным "палацам”, Людзьвіка Канстанцыя з Шуйскіх і Караль Прозары сустракалі гасцей з Оўруцкага, Мазырскага і Рэчыцкага паветаў ды, падобна, як у той Варшаве, "пад няспыннае біццё з гармат” святкавалі 12 чэрвеня 1791 года тут, на ўскрайку балота ў глухім кутку Палесся, прыняццё першай у Еўропе Канстытуцыі. Апісала падзею варшаўская "Gazeta narodowa i obca, змясціўшы на сваіх старонках "Ліст абывацеляў Мазырскага павету...” ад 14 чэрвеня т. г.
     У пачатку жніўня 1793 года сядзіба ў Хойніках прымала ўжо іншых гасцей (пераважна з Кіеўшчыны) – удзельнікаў канспірацыйнай нарады, мэтай якой была падрыхтоўка ўзброенага выступлення супраць падзелаў Рэчы Паспалітай і за аднаўленне Канстытуцыі 3 мая.
      Зважаючы на актыўны ўдзел К. Прозара ў грамадскіх справах, можна меркаваць, што і архіў, які захоўваўся ў "палацы”, быў вельмі каштоўным для вывучэння гісторыі нашага краю.

      З нарыса "Брагінская воласць” вядомага гісторыка У. Б. Антановіча вынікае, нібы на момант яго напісання архіў уладальнікаў Хойнік усё яшчэ захоўваўся ў старым сядзібным доме "на Замку”. Але Марыян Дубецкі, які сваю кнігу "Karol Prozor. Przyczynek do dzieów powstania Kościuszkowskiego падрыхтаваў, абапіраючыся на дакументы згаданага архіва, паведаміў наступнае.
    Частка гістарычных збораў, упарадкаваных абозным Каралем Прозарам, каля
1840 г. была пазычана Міхалу Грабоўскаму дзеля вырабу копіяў і ўжо ніколі да Хойнік не вярталася. Але найбольшыя страты архіву нанеслі рэвізіі 1864 г. (вынікам іх быў таксама арышт Мечыслава Прозара), якія ўлады праводзілі ў сувязі з антырасійскім паўстаннем. Тады кіраўнік маёнтка, засцерагаючыся перад новымі паліцэйскімі акцыямі, спаліў дзве скрыні з паперамі ў Хойніках; падобным чынам дакументы былі знішчаныя і ў Астраглядах.
      Пасля такіх значных стратаў адукаваная грамадскасць меркавала, што ўвесь архіў загінуў. Толькі ў
1880 г. Браніслаў Клечынскі, валынскі зямянін, які раней працяглы час жыў у прозараўскім маёнтку, выпадкова адшукаў забытыя з-за даўнасці пакункі з паперамі, якія ўтрымлівалі неспадзявана новыя і каштоўныя матэрыялы што да жыцця абознага, а значыць і да гісторыі Касцюшкаўскага паўстання.
      Усе дакументы "аж да найдрабнейшага шматка” былі перапісаныя пад наглядам Б. Клечынскага, а іх аўтэнтычнасць засведчаная пячаткамі сям’і ўладальнікаў. Гэтыя копіі ўтварылі Архіў Прозараў сярод матэрыялаў знакамітага  гісторыка Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, які меў намер, але не паспеў напісаць працу пра К. Прозара. Пасля архіў перайшоў на некаторы час да М. Дубецкага, а ўрэшце апынуўся ў фондах Бібліятэкі Ягелонскай у Кракаве.
     Што да арыгіналаў, то яны засталіся ў нашчадкаў абознага, якія без найменшага шкадавання прадалі іх перакупшчыкам. Вось як апісаў гэта Уладзіслаў Ельскі – пляменнік апошняга іх прыватнага ўладальніка Аляксандра Ельскага, вядомага літаратара, публіцыста, стваральніка Бібліятэкі і Музея старажытнасцяў у Замосці на Ігуменшчыне.
     ”У Замосце траплялі часам цэлыя архівы вядомых родаў. Памятаю такі факт. Прозар, што жанаты са Свентажэцкай, страціў у выніку марнатраўнага жыцця вялікія спадчынныя маёнткі ў Астраглядах і Хойніках. Дзядзька даведаўся пра яго намер прадаць архіў роду Прозараў мінскаму яўрэю-антыквару і звярнуўся да Прозара з лістом. Пачынаўся ён як звычайна: "Любімы зямляк! Даведаўся я, што маеш намер прадаць родавы архіў, таму я згодны купіць яго”. Прозар адказаў, што ніколі такога намеру не меў. Калі ж неўзабаве дзядзька даведаўся, што архіў ужо знаходзіцца ў мінскім антыкварыяце, неадкладна паслаў другі ліст з рэзкай вымовай, што Прозар, насуперак свайму слову, прадаў архіў. Ліст дзядзькі з рук адрасата трапіў да таго самага антыквара, і той вырашыў, што не перапрадасць паперы Ельскаму. Каб купіць іх дзядзька вымушаны быў скарыстаць пасрэдніцтва свайго зяця Зыгмунта Глогера”.

     На сёння арыгіналы захоўваюцца ў фондзе "Архіў Прозараў і Ельскіх (Ельскія, акрамя ўсяго, былі сваякамі Прозараў) Галоўнага Архіва Старажытных Актаў (Archiwum Główne Akt Dawnych) у Варшаве. Як зазначае гродзенскі гісторык Генадзь Семянчук, архіваліі Прозараў складаюць значную частку гэтага адносна невялікага фонду. Сярод іх – дакументы віцебскага ваяводы Юзафа, абознага ВКЛ Караля, жонкі апошняга Людзьвікі з Шуйскіх, якія датычаць маёнтка Хойнікі і іншых уладанняў у Рэчыцкім павеце.
       Нарэшце тут, у сядзібе "на Замку”, сярод векавых ліп і клёнаў, у цішыні, якая толькі ўвесну парушалася галасам жаб, шчабятаннем балотнага птаства ды спевамі салаўёў, працякалі і тыя рэдкія шчаслівыя дні Людзьвікі і Караля Прозараў, калі ім выпадала быць разам. Гаспадыня нярэдка бавіла час за чытаннем кніг і ігрой на фартэпіяна, а муж яе, акрамя чытання, удасканальваў сваю англійскую мову (веданне французскай і нямецкай было тады звычайнай з’явай), займаўся з дасланымі з Англіі мікраскопамі, электрарухавікамі і рознымі даведнікамі, напрыклад, – аб выкарыстанні электрычнасці ў лячэнні хваробаў. Больш за ўсё, аднак, гаспадара захапляла паляванне. Як ён сам распавядаў: "... тое астатняе досыць шчасліва для мяне праходзіць... палявалі мы на двух мядзьведзяў, абодва на мяне выбеглі разам, і я абодвух забіў двума стрэламі...”. Яно і не дзіўна, бо адвагі і умення валодаць сабой вялікаму абознаму ніколі не бракавала.
     Заснавальнік Хойніцкага раённага краязнаўчага музея А. М. Зелянкоўскі пісаў, што гэты сядзібны дом спалены ў часы савецка-польскай вайны. У першыя гады савецкай улады на яго падмурках быў пабудаваны народны дом культуры, які згарэў у Другую сусветную вайну. Некаторыя мясцовыя жыхары, аднак, сведчаць, што – не зусім на тых падмурках, а крыху ў баку, яшчэ і на месцы трох згаданых вышэй дамоў вуліцы У. В. Жыляка.

С. Бельскі

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024