Вторник, 23.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                                                                    Консул са Стралічава
                                                                                               {Пра аўтара слоўніка, складзенага… у палоне}

     Сёлета адзначаецца 200-годдзе з дня нараджэння нашага земляка Іосіфа Антонавіча Гашкевіча – дыпламата, усходазнаўцы, перакладчыка і мовазнаўцы, першага дыпламатычнага прадстаўніка Расійскай імперыі ў Японіі. Яго асоба, як і ягоная навуковая ды дыпламатычная дзейнасць, настолькі шматгранная, што дасюль прыцягвае ўвагу шматлікіх навукоўцаў з розных краін Еўропы і Азіі. У тым ліку – з Японіі ды Беларусі. Дзейнасць Гашкевіча ўшанавана і UNESCO: сусветная арганізацыя ўнесла ягоныя ўгодкі ў свой Каляндар памятных дат.
     Знаёмцеся: Акіра Фурусава, старшы выкладчык кафедры мовазнаўства і краіназнаўства Усходу факультэта міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Трынаццаць гадоў таму, скончыўшы Такійскі інстытут рускай мовы, ён пераехаў жыць у Беларусь. Тут ажаніўся з беларускай, выкладае ва ўніверсітэце і паспеў дасканала вывучыць характар і норавы мінскіх студэнтаў. Да таго ж, даследуе разнастайныя пытанні беларуска-японскіх сувязей – ад мовазнаўчых да культурных. Не так даўно спадар Акіра захапіўся вывучэннем навуковай спадчыны Іосіфа Гашкевіча і прыняў удзел у III Міжнародных чытаннях, прысвечаных славутаму ўраджэнцу Беларусі.
     – Я вырашыў даследаваць адзін з найменш вядомых у Беларусі бакоў творчай дзейнасці Іосіфа Гашкевіча – падрыхтоўку і выданне “Руска-японскага слоўніка”, – распавёў Акіра Фурусава. – Кніга, дарэчы, для сярэдзіны XIX стагоддзя была вельмі перадавая…
    Над выданнем сваёй самай значнай мовазнаўчай працы Гашкевіч працаваў разам з японцам Тацібана Каосаем. Але самае цікавае тое, што ствараўся “Японска-рускі” слоўнік у той час, калі адзін з яго аўтараў быў… у палоне! Крыху гістарычных звестак. У пачатку 1850-х гадоў Іосіф Гашкевіч быў прызначаны чыноўнікам па асобых даручэннях у Азіяцкі дэпартамент Міністэрства знешніх сувязей Расійскай імперыі ды адпраўлены ў якасці перакладчыка і дарадцы з місіяй Яўфімія Пуцяціна ў Японію на знакамітым фрэгаце “Палада”. У 1855-м наш зямляк удзельнічаў у працэдуры падпісання мірнага трактата паміж дзвюма краінамі, пасля чаго морам вяртаўся дадому. У Ганконгу ён і трапіў у палон да англічан. Вось тут, амаль год седзячы за кратамі, ён займаўся складаннем першага японска-рускага слоўніка. А выдаў даследчык сваю мовазнаўчую працу ўжо пасля вызвалення – у 1857-м, у Санкт-Пецярбургу.
    Трэба сказаць, што надрукаваць слоўнік было не так проста. Вось што, дарэчы, пісаў пра гэта сам Іосіф Гашкевіч: “Друкаванне японскага слоўніка сустрэла вялікія цяжкасці: поўнага кітайскага і японскага шрыфта ў Пецярбургу не было, а для таго, каб іх зрабіць, патрабавалася шмат часу і выдаткаў. Таму мы звярнуліся да асобага спосабу друкавання: рускі тэкст, папярэдне набраны і правераны, аддрукоўваўся чарніламі, а ў пакінутыя прабелы ўпісваліся японскія і кітайскія словы. Затым усё разам друкавалася ў літаграфіі”.
     Работу ўраджэнца Беларусі годна ацанілі мовазнаўцы. Слоўнік быў адзначаны Дзямідаўскай прэміяй Імператарскай акадэміі навук з уручэннем залатога медаля Гашкевічу. І, як адзначаюць сённяшнія навукоўцы, для сярэдзіны ХIХ стагоддзя гэтая мовазнаўчая праца была сапраўдным дасягненнем і паспрыяла вывучэнню японскай мовы не толькі ў Расіі, але і ў краінах Еўропы. Дарэчы, як помнік японскай мовы першай паловы XIX стагоддзя мовазнаўчая праца Іосіфа Гашкевіча не страціла свайго навуковага значэння і на сённяшні дзень. Напрыклад, слоўнікам дасюль карыстаюцца даследчыкі гісторыі японскай мовы.
     Распавядаць пра Іосіфа Гашкевіча і ягоную навуковую дзейнасць Акіра Фурусава можа не адну гадзіну. Няўрымслівы даследчык так захапіўся велічнай асобай першага консула Расіі ў Японіі, што вырашыў абавязкова з’ездзіць туды, дзе нарадзіўся слынны беларус. І пабываў там ужо двойчы.
    – У вёску Стралічаў Хойніцкага раёна, дзе і нарадзіўся Іосіф Гашкевіч, я трапіў разам з японскай дэлегацыяй, якая выязджала ў рэгіёны Беларусі, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У паселішчы пазнаёміўся з дырэктарам Стралічаўскай сярэдняй школы, які запрасіў мяне прыехаць туды яшчэ раз і распавесці пра Японію ды яе жыхароў…
    Запрашэнне тое было прамоўлена не проста так. Справа ў тым, што Акіра Фурусава мае незвычайнае хобі: ён ездзіць па гарадах і вёсках Беларусі ды ладзіць там для беларускай дзятвы майстар-класы па арыгамі, распавядаючы пры гэтым пра гісторыю і культуру Японіі. За час свайго знаходжання ў нашай краіне ён наведаў дамы культуры і школы ў многіх рэгіёнах краіны, здолеўшы пазнаёміць са старажытнай культурай японскага народа сотні беларускіх дзяцей і падлеткаў.
    Пабываў навуковец і ў Астраўцы, а таксама ў вёсцы Малі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Як вядома, менавіта ў маёнтку Малі прайшлі апошнія гады жыцця Іосіфа Гашкевіча, а ў самім Астраўцы славутаму ўраджэнцу Беларусі ўстаноўлены помнік. Дарэчы, сёлета гэты раён наведала і доктар гістарычных навук, прафесар універсітэта ў горадзе Хакадатэ Курата Юка. Нагадаю, што Хакадатэ – горад, дзе і знаходзілася консульства Расійскай імперыі ў Японіі ў сярэдзіне XIX стагоддзя (Акіра Фурусава з дзецьмі ў Стралічаўскай СШ).
    На жаль, па словах Акіры Фурусавы, у Японіі зараз мала ведаюць пра Гашкевіча, пра тое, што ён родам з Беларусі.
    – Мабыць, найбольш памятаюць пра першага консула Расіі толькі ў Хакадатэ. Там, дарэчы, знакамітаму ўраджэнцу вашай зямлі ўстаноўлены помнік. Хаця, несумненна, усё больш японцаў даведваюцца і пра Беларусь. Спрыяюць гэтаму і падобныя канферэнцыі, што ладзяцца ў Астраўцы ды Мінску ўжо не ўпершыню. На сёлетніх Чытаннях, дарэчы, прысутнічаў і Пасол Японіі ў Беларусі Сігэхіро Міморы, а пра жыццё і дзейнасць Іосіфа Гашкевіча распавядалі не толькі беларускія вучоныя, але і замежныя навукоўцы, у тым ліку – і з маёй краіны…
    Як прызнаўся Акіра Фурусава, цяпер ён працуе над рэалізацыяй аднаго амбіцыйнага праекта: стварыць разам з выкладчыкамі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта японска-беларускі слоўнік.
     Аўтар: Юры Чарнякевіч, аглядальнік газеты "Культура" (2014 г.)

   

Бюст І. А. Гашкевіча ў г. Астравец. Аўтар – В. Янушкевіч, 1994 г.
Куток, прысвечаны І. А. Гашкевічу ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Малі (Астравецкі раён)
Будынак колішняга Расійскага консульства ў г. Хакадатэ. Рэканструкцыя 1908 г., сучасны выгляд.
Унізе: памятны знак у гонар І. А. Гашкевіча на аднаіменнай вуліцы ў Астраўцы. Аўтар – А. С. Шомаў (канец 2014 г.);

госці з Японіі ў Астраўцы; імпрэза ў СШ № 2 г. Астраўца (13 сакавіка 2017 г.); вуліца і сад у Мінску.
А што ў Стралічаве і Хойніках?..

 Прэзентацыя выставы дакументаў НГАБ да 200-годдзя Іосіфа Антонавіча Гашкевіча,
 першага расійскага консула ў Японіі, у храме Свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску 16.03.2014 

    16 сакавіка 2014 г. у другую нядзелю Вялікага посту, прысвечаную памяці Свяціцеля Грыгорыя Паламы, у храме Свяціцеля Мікалая Японскага ў межах чарговага занятку Школы Практычнай генеалогіі з дабраславення настаяцеля іерэя Паўла Сердзюка адбылася прэзентацыя выставы дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Мінску, прымеркаванай да 200-годдзя Іосіфа Антонавіча Гашкевіча (1814–1875), дыпламата, усходазнаўцы, першага расійскага консула ў Японіі, паплечніка свяціцеля Мікалая Японскага па дыпламатычнай і місіянерскай дзейнасці ў г. Хакадатэ ў 1860 – 1865 гг.
    На выставе экспанавана 18 дакументаў з фонда Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ) «Мінская духоўная праваслаўная кансісторыя», якія асвятляюць факты ранняй біяграфіі будучага дыпламата, датычацца абставін служэння яго бацькі Антонія Іванавіча Гашкевіча і яго малодшых братоў святара Андрэя і псаломшчыка Фёдара Гашкевічаў. Акрамя гэтага, прадстаўлены два партрэты Іосіфа Гашкевіча і радавод Гашкевічаў, распрацаваны галоўным архівістам аддзела публікацыі дакументаў НГАБ Вадзімам Урублеўскім, які і азнаёміў прысутных з выставай.
  На адкрыцці, акрамя слухачоў Школы практычнай генеалогіі і прыхаджан храма, прысутнічаў Дзмітрый Міхайлавіч Дрозд, знакаміты беларускі генеалог і гісторык, які выступіў з паведамленнем “Вопыт даследавання сялянскага радаводу”. З уступным і заключным словам да прысутных звярнуўся настаяцель іерэй Павел Сердзюк.
    Выстава будзе адкрыта грамадскаму агляду тры тыдні – да свята Дабравешчання (7 красавіка). Закрыццё выставы плануецца правесці 6 красавіка на перадапошнім занятку Школы Практычнай генеалогіі з удзелам намесніка дырэктара НГАБ Дзяніса Васільевіча Лісейчыкава.
    У той час як архіепіскап Фесаланіцкі Грыгорый Палама (1296–1359), настаўнік Царквы, у сваёй спрэчцы з калабрыйскім манахам Варлаамам засведчыў рэальнасць чалавечага пазнання Бога праз Божыя энэргіі, то Іосіф Гашкевіч прыкладам свайго жыцця паказаў як важна пазнаваць культурнае багацце іншага народу праз яго душу – мову. Узаемапазнанне культур спрыяе ўсведамленню непаўторнасці шляха кожнага народу да Таго, хто стварыў бясконцае сузор’е не толькі нябёсных, але і зямных сусветаў.
    Пасёлак Стрэшын Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці – старажытнае паселішча на правым беразе Дняпра, якое напачатку XVIII ст. было ўласнасцю Віленскага біскупства. Яму і давялося стаць калыскай святарскай дынастыі Гашкевічаў.
    У кнізе сучаснага гісторыка В. Ф. Голубева «Сельская абшчына ў Беларусі  XVI – XVIII стст.» (Мінск, 2008) прыводзіцца шэраг цікавых фактаў з гісторыі гэтай мясцовасці ў прыгаданы час. Так, жыхары тагачаснага мястэчка Стрэшын Рэчыцкага павета Менскага ваяводства, якім даводзілася плаціць падаткі на карысць святых айцоў, мелі розны маёмасны стан. Паколькі багацейшыя сяляне дабіваліся раўнамернага размеркавання падаткаў і плацяжоў, то гэта адпаведна прыводзіла беднякоў да разарэння і жабрацтва. Дзяржаўныя ўраднікі, т. зв. камісары, а таксама мясцовая адміністрацыя (старцы і войты) нярэдка аддавалі не ўсе сабраныя грошы ў біскупства, а частку дзялілі паміж сабой, «забываючы, што гэта слёзы і кроў людскія» (С. 262–263). Таксама ў кіраўніцтва Віленскага біскупства меліся праблемы як з уроўнем рэлігійнай адукаванасці простых жыхароў сваіх уладанняў, так і з традыцыйным ладам жыцця насельніцтва, які не заўсёды адпавядаў царкоўным правілам і канонам. З тэкстаў устаў біскупскіх маёнткаў усходняй Беларусі можна ўбачыць, што сяляне часта папросту не хадзілі ў царкву ці касцёл і іх прымушалі рабіць гэта, запісваючы як першачарговую павіннасць. У нядзелю і на святы ў царкву павінен быў прыйсці хаця б адзін чалавек з хаты. Кожны селянін абавязаны быў схадзіць да вяліканочнай споведзі. За кантролем выканання гэтага прадпісання ў вёсках выбіраліся дзесятнікі (С. 261–262).
    У такіх умовах адбывалася жыццядзейнасць мясцовых жыхароў, у т. л. мяшчан Гашкевічаў. Таму, верагодна, спадзеючыся на лепшую долю прадстаўнікі роду выйшлі з падатнага мяшчанскага стану, атрымаўшы права святарскага уніяцкага служэння.  Калі і ў наш час многія ўспрымаюць святарства як прафесію, то і ў той час у свядомасці простага чалавека, які мала ведаў пра Святых айцоў і не многа разумеў у Святым Пісанні, душпастырства не вылучалася ў штосьці незвычайнае. Аднак далейшая гісторыя паказала, што ў часы Расійскай імперыі, у XIX ст., прадстаўнікі роду сапраўды пераарыентавалі сваю свядомасць. Яскравы служыцель на душпастырскай ніве прападобны Іаан Кармянскі (Іван Іванавіч Гашкевіч; 1837–1917), святар с. Агародня Гомельскага павета Магілёўскай губерні, даводзіўся Іосіфу Гашкевічу дваюрадным пляменнікам.
    З мястэчка Стрэшын прадстаўнікі роду пачалі рассяляцца па іншых уніяцкіх* парафіях. У 1809 г. Антоній Гашкевіч (1771–1836) быў прызначаны да Міхайлаўскай царквы ў сяле Стралічаў* Рэчыцкага павета Мінскай губерніі, што на поўдзень ад Хойнік. У перыяд ВКЛ тэрыторыя гэта была памежнай з каралеўствам Польскім**. Тэрыторыі гэтыя і цяпер памежныя паміж Беларуссю і Украінай. Магчыма асаблівасці тэмпераментаў абодвух народаў паўплывалі на беларускую працавітасць і цярплівасць першага японскага консула, на яго украінскую няўрымслівасць у дасягненні мэты.
    Па лініі маці Глікерыі Якаўлеўны Юзафовіч продкі будучага дыпламата таксама належылі да святарскага роду. Верагодным братам Глікерыі з’яўляўся Якаў Якаўлевіч Юзафовіч (1794–1863), святар Целяханскай Троіцкай царквы Пінскага павета, які ў часы свайго служэння там (1825–1846) звярнуў да праваслаўя вялікую колькасць мясцовых уніятаў, а таксама каталікоў і нават яўрэяў. Менавіта яго сын Фёдар, псаломшчык Свята-Вольскай царквы Пінскага павета, прыняў пакутніцкую смерць ад рук паўстанцаў у 1863.
   4 красавіка 1814 у сям’і святара Антонія і Глікерыі Гашкевічаў нарадзіўся першынец, названы ў памяць прападобнага Іосіфа Пячорскага, святога XIV ст., адпаведным імем. У 1835 Іосіф Гашкевіч скончыў курс навук Мінскай духоўнай семінарыі з «першым разрадам» і быў накіраваны ў Санкт-Пецярбургскую Духоўную Акадэмію (СПбДА), якую скончыў у 1839. Тэма яго кандыдацкай працы – «Гістарычны агляд таямніцы пакаяння». Займаўся літаграфічным выданнем пераклада Старога Запавета са старажытнаяўрэйскай мовы на рускую.
    Па рашэнні Свяцейшага Сінода ад 29 жніўня 1839 залічаны ў Расійскую духоўную місію ў Кітаі (1839–1848). Вынікам яго прыбывання ў Кітаі сталі артыкулы ў фундаментальным даследаванні «Працы членаў Расійскай духоўнай місіі ў Пекіне». У 1852–1853 знаходзіўся ў якасці перакладчыка і райцы пры місіі адмірала Я.В. Пуцяціна ў Японію на фрыгаце «Паллада». 14 ліпеня 1855 пакінуў Японію на брыгу «Грэта», на якім трапіў у палон да англічан у Ганконгу (1 жніўня 1855 – 30 сакавіка 1856). У палоне займаўся складаннем пры дапамозе японца Тацібаны Кумэдзо першага японска-рускага слоўніка (СПб, 1857). 21 снежня 1857 вышэйшым загадам па грамадзянскім ведамстве прызначаецца Расійскім імператарскім консулам у Японіі. У 1858–1865 – консул Расійскай імперыі ў Японіі (Хакадатэ). Па вяртанні з Японіі ў 1865–1866 служыў у Азіяцкім Дэпартаменце МУС Расіі ў чыне калежскага райцы.
  Пасля выхада ў адстаўку перасяліўся ў набыты маёнтак Малі ў Віленскай губерні (цяпер у межах вёскі Малі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. РБ), дзе распачаў працу над кнігай «Аб каранях японскай мовы», якая была апублікавана пасмяротна ў 1899. У 1871 Іосіф Гашкевіч з жонкай былі зацверджаны ў патомным дваранстве. У 1872 у іх нарадзіўся сын Іосіф (будучы ганаровы міравы суддзя Віленскай акругі, аўтар кнігі «Статыстычныя звесткі па сялянскім землеўладкаванні Віленскай губерні»). Памёр першы японскі консул у сваім маёнтку 5 кастрычніка*** 1875.
   У вёсцы Малі ў памяць земляка ўсталяваны памятны знак (каменярэз Р. Б. Груша), у гарадскім пасёлку Астравец – бюст (скульптар В. І. Янушкевіч). У Мінску адна з вуліц названа імем Іосіфа Гашкевіча (м-н Лошыца). У музее г. Хакадатэ ўсталяваны бронзавы бюст (1989, скульптар А. К. Комаў). У навуцы імем Гашкевіча названыя апісаныя ім невядомыя раней віды насякомых і заліў у Паўночнай Карэі.
  Пры азнаямленні з біяграфіяй паняволі здзіўляе шырыня творчай асобы Іосіфа Антонавіча. Такі жывы інтарэс да ўсяго новага і незвычайнага ў геаграфіі, біялогіі і мовазнаўстве быў немагчымы без невычэрпнай для кожнага хрысціяніна крыніцы творчай і пазнавальнай энэргіі – Даброт Святога Духа. Гашкевічу ўдавалася ачышчаць ў сваёй душы месца для святыні, а таму здзяйснялася прароцтва цара Давіда: «І будзе ён як дрэва, пасаджанае ля струмянёў вод, якое прыносіць плод свой у час свой, і ліст якога не вяне і ва ўсім, што ён ні робіць, паспее» (Пс. 1:3). Пісьменнік Іван Аляксандравіч Ганчароў (1812–1891), які пакінуў шэраг падарожных замалёвак пад агульнай назвай «Фрэгат “Палада”» (выдадзены ў 1858), так апісвае свайго паплечніка па дыпламатычнай місіі ў Японію: «Непахісна спакойны ў душы і з усімі заўсёды аднолькавы».
   Гэтыя спакойнасць і трываласць у вернасці Божай задуме Іосіф Гашкевіч відавочна прадэманстраваў ў англійскім палоне. Усё што адбываецца не па нашай волі звернута ў наша выратаванне. Яму гэта было вядома – журба не наведала яго сэрца. У гэты адносна спакойны час, не зацярушаны неадкладнымі праблемамі дыпламатычнай службы, і ствараецца Гашкевічам вышэй згаданы першы японска-рускі слоўнік.
   20 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусі адбудзецца адкрыццё выставы музейных экспанатаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю слыннага земляка.

Вадзім Урублеўскі

НГАБ у Мінску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 334

*Стралічаўская Свята-Міхайлаўская царква ад 1795 г. была павернутая з уніі да праваслаўя і бацька Іосіфа Антоні Гашкевіч, прызначаны яе настаяцелем у 1809 г., ад самага пачатку быў праваслаўным святаром.
**І Стралічаў, і Хойнікі ў часы Рэчы Паспалітай знаходзіліся не на памежжы з Каронай Польскай, а ў яе складзе – на памежжы з ВКЛ, ад якога яны былі адлучаныя напярэдадні Люблінскай уніі. (С. Бельскі)
***Гэта адбылося 3 (15) мая 1875 г. (гл.: Грыцкевіч В. П. Жыццё і дзейнасць Іосіфа Гашкевіча // Беларусіка-Albaruthenica. 8. Беларусь – Расія – Японія: Матэрыялы першых Астравецкіх чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча. – Мінск, 1997. С 11 – 15).

У Стралічаве 24 мая 2019 г. нарэшце ўсталяваны памятны знак
(тут дзень нараджэння пададзены паводле грыгарыянскага,
а дзень смерці паводле юліянскага календару і памылкова,

бо напраўду 3 (15) мая 1875 г.)

А ў Астраўцы ў снежні 2014 г. меркавалі, што смерць напаткала І. А. Гашкевіча ў 1873 г.

Запіс аб смерці І. А. Гашкевіча (з недакладным  указаннем узросту нябожчыка; папраўдзе 61 год)
(Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы.  Ф. 605. Воп. 20. Спр. 484. А. 59адв. – 60)

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024