Суббота, 11.05.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

    Смерць адабрала ад беларускай літаратуры Б. І. Сачанку ў самым росквіце яго творчых сіл. Але яго жыццё прадаўжаецца ў шматлікіх творах, якія набылі сусветную вядомасць.
Барысу Іванавічу Сачанку вучаніца Вольга Ядчанка прысвяціла цудоўны музычны твор. Пад уласны акампанемент яна выканала неўміручую "Аве, Марыя". А вучні шостага класа паказалі інсцэніроўку паводле ранняга апавядання пісьменніка.
    Сяргей Давідовіч Сорак дзён смутку і памяці
    Няўмольна, нястрымна ляціць час... Закружаныя віхурай падзей, захопленыя мітуснёй жыцця, мы, бывае, і не заўважаем яго імклівага лёту. I толькі тады, калі жыццё знянацку наносіць балючы ўдар па сэрцы, прыпыняем хаду, каб азірнуцца навокал і глыбей задумацца аб існасці жыцця, аб сапраўдных яго каштоўнасцях...
    Вось такім жудасным ударам адклікнулася ў сэрцах многіх сумленных людзей раптоўная, заўчасная смерць Барыса Іванавіча Сачанкі...
   Заўтра спаўняецца сорак дзён, як перастала біцца яго заклапочанае вялікімі справамі і спадзяваннямі шчырае сэрца. Сорак дзён няма яго сярод нас, жывых. Сорак дзён смутку, жалобы, памяці…
    Мне пашчасціла сустракацца з Барысам Іванавічам – ён калі-нікалі тэлефанаваў мне, запрашаў наведацца на працу, і ў сваім просценькім кабінеце паказваў новыя выданні, ганарыўся імі і творчым калектывам, з захапленнем гаварыў пра тое, што “выспела” ў яго адкрытай душы – ён жыў Беларуссю, яе гісторыяй, яе пакутамі і надзеямі.
    Сёння я з удзячнасцю ўспамінаю наведванне Барысам Іванавічам маіх выставак жывапісу, яго трапяткую ўсхваляванасць ля карцін чарнобыльскай тэмы...
    Смерць Барыса Іванавіча не пакідае месца ў душы для абыякавасці і разбэрсанасці, яна згуртоўвае думкі і пачуцці, загартоўвае нацыянальную свядомасць...
    Няўмольна, нястрымна ляціць час, бязлітасна крышыць на сваім шляху нікчэмнае, выпадковае, бессэнсоўнае, змятае смецце і бруд, але пакідае і ўшаноўвае духоўнае, нацыянальна значнае, годнае – і побач з гэтым духоўным, значным і годным назаўсёды застанецца Барыс Іванавіч Сачанка.
     У дзень яго пахавання я прысвяціў яму невялічкі верш:
     Непазбежнае
     Ці думала мохам парослая глеба,
     Што парастак той, што цягнуўся да промняў,
     Скрануць яе здольны, да сонца прабіцца,
     Да неба блакітнага, велічных зорак?..

     I трэснула мёртвая чорная глыбка
     Ад парастка кволага – сілы магутнай,
     Бо глыбе спрыяла аджыўшая цемра,
     А парастак браў свае сілы – у сонца!
     Мікола Мятліцкі Памяці дарогі
     Багата чыім спадарожнікам выпала быць мне на тваім лёгкім шляху Мінск – Хойнікі, дарога Радзімы. Чалавечыя лёсы адстуквалі коламі, адкрываліся душы – франтавікоў, партызан... тых людзей, каму лапік майго Палесся бясконца дарагі. Адны акрапілі крывёй яго волю, другія працаю рук далі яму сілу. Людзі, лёсы... На дарозе, якая, як ніводная іншая, бяжыць ім насустрач.
     “Як Антэй, дакрануўшыся маці-Зямлі, набіраўся новых сіл, так і я, наведаўшы родныя мясціны, гаюся, на доўгі час пазбаўляюся сноў... Сноў свайго трывожнага, абпаленага нягодамі вайны маленства”. Яна свая, памяць гэтай дарогі, у Барыса Іванавіча Сачанкі. Так распарадзіўся лёс: багата разоў мне выпадала быць спадарожнікам вядомага ў рэспубліцы пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР.
      Дзень нараджэння
      ...Я загарнуў кнігу. За акном аўтобуса, узятыя вечаровым суцемкам, мільгалі пракаветныя сосны – блізка, паўз самы асфальт. Гэта быў трэці раман з трылогіі пісьменніка, які зусім няподаўна выйшаў у свет і якім выпала якраз скараціць гадзіны дарогі. Ужо, калі аўтобус выехаў з Рэчыцы, адкрылася раптам: неўзабаве гэтая дарога “дасць нырца” ў вялікі лес.
     Героі трылогіі, жывучы зараз у маім уяўленні, уступаліся пад знаёмыя шаты. Памяць уражліва выхоплівала іх галасы. Мільгалі наўзбоч вёсачкі, светла, шыферам дахаў, і зноў пад кронамі дрэў развіналася-бегла дарога. Быццам інакшым, зведаным на старонках кнігі жыццём, жыло тутэйшае наваколле. Адусюль, здавалася, пазірае вайна. Далягляд кнігі зліваўся перад вачамі з рэальнасцю: сіняе, у лёгкіх аблоках неба над лесам. I мо ад таго сполашна, непазбыта перакідаўся на яго вячорнія далечы гэты мройны «палон былога». Увачавідкі, здаецца, бачылася тое, што столькі гадоў тут дзеялася. I неяк густа, агніста выбліснула над хмурымі кучомкамі лясістага далягляду вячорняя барва.
     Непадалёк ад гэтай дарогі, наўпрост па лясістых балацінах, па супесках-выспах затоена ў садах і ацалелых соснах разбеглася раскідзіста хатамі вёсачка на расцярэбе. 3 назвай, што як сама жывіца дыхае – Вялікі Бор. Па даўняму паданню заснавалі яе запарожскія казакі, якія знайшлі тут, паміж непраходных балот, незапамятна калі паратунак. Багата з памяці сцерлася. Ды гэтаму прамое сведчанне – круты паляшуцкі характар, з якім умелі пастаяць за сваю годнасць заўсёды. Ды многія сказы пра дзівацтвы велікаборцаў, у якіх багата было язычніцкага наіву.
     У творчасці Барыса Сачанкі пяшчотна, любоўна паўстае малая радзіма, паўстае адметным, агромністым светам. У кожнай сваёй кнізе не, не дый зноў збочыць пісьменнік на палескую сцежку, вернецца сюды, адкуль “дарога ішла праз лес”. Ішла – да людзей.
     Па гэтай дарозе “праз лес” выйшлі сягоння да чытача героі Сачанкі-празаіка, каб сказаць сваё, поўнае гістарычнага драматызму слова пра сябе, а ў еднасці сваёй, – пра народ. Іх лёсы сапраўды скрушныя, бо апалены самым ахвярным ліхалеццем – вайной, якая прайшлася тут помна, падзейна, сцёршы шмат якія вёсачкі з твару зямлі, асабліва падкрэсліўшы гэтым ро-давую сутнасць прапраўнукаў вольналюбівай сечы, палешукоў.
     У адной з падобных, спаленых вайной вёсак – на папялішчы Вялікага Бору – сцерлася людская памяць пра дзень нараджэння хлапчука. (Колькі таму прыкладаў у вайны!) За клопатамі вёска заўсёды не памятала такіх дзён, бо народжаны ў ёй чалавек “абзываўся” ў жыцці не першым сваім крыкам. Народжаны на жытнішчы або бульбянішчы, ён прыглядваўся вёсцы падросшы, першым сваім мазалём прыглядваўся, тым голасам павечнай работы, для чаго і прыходзіў пад неба. А дзень нараджэння? Яго святасць падкрэслівалася ў вуснах вёскі наступным: на Аляксея, на Юр'я, на Міколу...
     У сваёй аўтабіяграфіі пісьменнік з горыччу прызнаецца, што яго дзень нараджэння, праз гады, абраны самім ім. Вёска памятала адзін толькі год...
     Так... На гэтай палескай дарозе не хапала цікаўнасці голасу, каб запытацца ў пісьменніка, чаму менавіта на выбар некалі яму, хлапчуку, упадобілася вясна, яе 15 мая?! Магу здагадвацца толькі, што выбар гэты — невыпадковы, і ў чалавечым лёсе пісьменніка шмат чым пазначаны. Ён, гэты дзень, увайшоў у лёс хлапчука перш за ўсё Перамогай, дорачы яго спакутаванаму сэрцу светлую магчымасць – наноў, з рабства, паўстаць на ўвесь рост пад небам Радзімы. Уваскрэснуць на папялішчы тае хаты, дзе крык немаўляці пачуўся.
      3 гэтай “недакладнасці” з днём нараджэння выразна паўстае сягоння дакладнасць нараджэння ў беларускай літаратуры таго пакалення, да якога належыць Барыс Сачанка, як адзін з самых таленавітых яго галасоў, і пра якое гаворыцца: “апаленае вайной з маленства...”
      Ёсць у гэтым светлым майскім дні і скруха першае ростані з родным Палессем. Прыхавалася глыбака, помна. Балесная, поўная суму і горкай дзіцячай слязы дарога выгнання. Мо там, у Нямеччыне, памяць засціла белым яблыневым цветам жахлівае чорнае папялішча ўсяго Вялікага Бору, студзіла-гасіла трывожна чутыя воклічы на дарозе смерці, якой гналі яго жыхароў да бліжэйшай станцыі Аўрамаўская, а потым – у Васілевічы, дзе білася над натоўпам крыло пагрозы – расстраляюць, і дзе згусцілася, як хмарная ноч, трывога прадчутага рабства: “У Нямеччыну гоняць!”
       На станцыі Аўрамаўская, дзе паабапал каляі жалезкі ціхмяны пастой страявых соснаў, дзе небагата вагонаў і сягоння перастуквае коламі, нейк выразна ўявілася гэтае, знанае з “Чужога неба” Барыса Сачанкі – жахлівае відовішча з далёкага 43-га. Колькі іх, такіх вось станцый – болевых кропак на карце беларускай гісторыі?! Не ўсе яны сягоння адкрытыя свету, не-каторыя выстынуць, страцяцца ў часе голасам астатняга сведкі. Толькі не страціцца, не выстыне ў сэрцы чалавечым уся скрушная праўда пра іх скразны боль. Не адно сэрца пісьменніцкае — на парозе жыцця — зведала гэты жах, здакладнай праўдай пачуццяў, нязмушана запаліла-пазначыла трапяткі агеньчык неастуднага ў веях часу болю.
       Маленькая лясная станцыя. Прыпынак... Пачатак дарогі. Смалістым, церпкім настоем некранутага сякерай камлюкаватага бору займае дых. Тут, роздумна ідучы сцежкамі творчасці празаіка, адкрываеш для сябе тое, што дзень яго нараджэння ў літаратуры – першая спроба пяра – у повязі з гэтай канкрэтыкай матэрыялу. 1943-ці... За спінай – спаленая вёска. Адышоўшыся ў часе, адступіўся дзень жаху, слёз, бяды. Пякучая, як жар, не астылая ў гадах памяць. Уся да драбніц, сцінаючы дыханне, падступаецца яна зноў і зноў да сэрца, каб легчы крывавым пасведчаннем аб нараджэнні, жыцці. Першыя творы празаіка няхай яшчэ і сцярожка, ды ўсё ж прачула, падбіраюцца да “сваёй тэмы”. Іх голас пакуль што спудлівы, як і само пе-ражытае. Але пачуты голас. Ранняя сталасць пазначае яго ўдумна-засяроджаную сілу. Малады празаік вельмі зарана спасцігае ісціну: толькі перажытае, спазнанае – вартае голасу. Падасца, што лёгка ад дасканалага ведання матэрыялу тварыліся “Апошнія і першыя” або “Чужое неба”. Аднак большага цяжару для душы няма, як гэтае, зведанае.
       Сымон Гарапашка (нашчадак вольналюбівага казака Гарапашкі) – маленькі выгнаннік спапялёнай Бароўкі, магчыма, астатняе яе дзіця. Чуйным дзіцячым сэрцам свайго героя з “Чужога неба” збірае пісьменнік парасткі дабрыні чалавечай, тыя, няхай кволыя яшчэ, водбліскі надзеі, якія скажуць, што вяртанне на папялішча адбудзецца. На гэтым этапе творчасці адным са значных набыткаў празаіка вылучаецца ранейшая па напісанні за “Чужое неба” аповесць “Апошнія і першыя”. Яна, здагадваемся, багата чым папярэднічала раману ў навелах, як шырокай, падзейнай кнізе. У “Апошніх і першых” Барыс Сачанка апісвае апошні дзень тае ж Бароўкі ў ланцугу ўсіх спазнаных ёю ваенных падзей. Засяродзіўшы ўвагу на трагедыі вёскі (сягоння – “хатынскай” тэме), празаік, адзначым, адным з першых у літаратуры па-сапраўднаму глыбока ўзняў самы творча ўвекавечаны сягоння пласт вайны. I багата такі лёсавага, свайго паўстае з твора пра трагедыю Бароўкі, што і сягоння, чытаючы яго, даходзіш да саміх маральных вытокаў такой літаратуры, яе галоўнага права – тварыць праўду пачуццяў.
        Аднак Палессе Барыса Сачанкі – увасобленае творча – у мастацкай палітры не звужана да адной усяго ваеннай тэматыкі. Памяць аб вайне пазначае маральныя крытэрыі чалавечай душы, скажам, і тады, калі дзеянне твора адбываецца ў пасляваенным часе. Вабіць празаіка і дзівосна-казачны, не растрачаны ў стагоддзях, свет Палесся, той мацярык, які этнаграфічна адрозна паўстае перад чытачом. 3 асаблівай мастацкай выразнасцю акрэслілася гэта ў кнігах прозы “Памяць” і “Ваўчыца з Чортавай Ямы”, дзе чуйна раскрываюцца чалавечыя душы перад мудрым светам прыроды, а многае, чым жывуць яны, толькі ёй, прыродай, падаравана.
       ...Сягоння пра Палессе створаны Барысам Сачанкам эпічны твор – трылогія “Вялікі Лес”, тая кніга, да якой ішоў пісьменнік многімі жыццёвымі вёрстамі. Біяграфічныя моманты праглядваюцца ў ёй пэўнымі пазнакамі азмрочанага дзяцінства, а галоўную ношу чалавечых клапот нясуць простыя сумленныя людзі, і іх зямное бытаванне ўступае ў вялікую стыхію вайны, лёсы іх адрозныя. Сумленне пісьменніка – за тых, хто годна выстаяў.
       Трохі з вандровак
      Значымасць пісьменніцкай творчасці непасрэдна пераклікаецца з яго асобай, тымі клопатамі, якімі жыве пісьменнік, наш сучаснік. 3 маленькай палескай вёсачкі Барысу Сачанку абсяжна, шырока адкрыўся свет, у якім яго слова і яго грамадская дзейнасць непадзельна зліліся. На пасадзе сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў БССР прыбыло ў пісьменніка менавіта такіх клопатаў: прадстаўляць літаратуру за межамі рэспублікі і краіны, прадстаўляць яе на сустрэчах з беларускім чытачом. Глыбока і дасведчана, захоплены сапраўднымі поспехамі літаратуры, гаворыць Барыс Сачанка пра яе развіццё і творчы плён з кожнай трыбуны.
       Ды ўсё ж у мнагастайнасці сягонняшніх вандровак пісьменніка не затравела, не згубілася сцежка на Палессе. А часта толькі сюды кліча здарожаны дзень, каб даць магчымасць тут, на ўзбоччы прагрэсу, ціхмяна задумацца перад новай дарогай, шчымотна пачуць душой роднае, сваё.
       Гэтак было і ў той пагодны верасень 1981-га. Узнікла ў душы Барыса Іванавіча гэткая жаданая патрэба – пераведаць свой Вялікі Бор. 3 раніцы, яшчэ мокрай, сутонлівай дарогай, рушылі. Барыс Іванавіч, жартаўнік і гаварун, мала абзываўся словам. Яго вабіла ўсё, што страката мігцела наўзбоч доўгага, у некалькі гадзін шляху. Восень рупілася на палях клопатамі хлебароба. Яшчэ не завораныя жытнішчы страката мігцелі пожняй, у жаўцяных, свежых сціртах саломы. Праз некалькі дзён, я ведаў, у пісьменніка новая дарога. На гэты раз – за акіян, у Злучаныя Штаты, на XXXV сесію Генеральнай Асамблеі ААН. Ды вось, перад гэтай дарогай радзіма паклікала.
      Паездка за мяжу мелася доўжыцца каля трох месяцаў, і сэрцу не дало знудзіцца спатольнае святло Палесся. У хаце, калі ўжо развітваліся, вочы маці, блакітныя, светлыя, наліліся сумам. Пэўна, багата прыгадалася Веры Міхайлаўне ў гэтыя хвілі. Мацярынскаму сэрцу нялёгка праводзіць сыноў у такія дарогі. Адтуль, з-за акіяна, плыла над светам трывога, спудліва кранала крылом чуйную, не выстылую ў бядотах сваіх паляшуцкую памяць. Пастаяў Барыс Іванавіч над бацькавай магілай пад соснамі на вясковых кладах. I ўжо на зваротным шляху ў Мінск зноў-такі задумліва, ціха ўзіраўся – болей і болей душой прыпадаючы да гэтай пагоднай вераснёвае далі. Гаварыць пра гэтую, на сугрэве мірнага сонца, зямлю, памятаючы, якой вялікай цаны дзень па-над ёй, прыкута лёсам да болю зямлі сваёй гаварыць. Ці не такой рупнасцю жыў кожны раз, за пяро беручыся?
     ...Ужо мякка снегам ступала зіма, калі зноў Палессе пазвала ў дарогу. Яно клікала зараз святліста і сумна – памяццю таго са сваіх сыноў, хто сэрцам сагрэў сцежкі яго пакручастае долі, – памяццю Івана Мележа. У Глінішчах, на радзіме пісьменніка, адкрываўся літаратурны музей.
     У дарозе думалася пра тое, што ёсць у беларускае літаратуры ўдзячныя чытачы. Адным з першых такіх мележаўскіх чытачоў быў Аляксей Мікалаевіч Сцепаненка, які тады працаваў другім сакратаром Хойніцкага райкома партыі. Паляшук, ён вырас на праслаўленай Мележам палескай зямлі, у маладыя гады стаў кіраўніком раёна, багата вучыўся ў пісьменніка Апейкавай мудрасці. Як чалавек малады, энергічны, захапіўся ідэяй ства-рыць мележаўскі літаратурны музей. У Сцепаненкі знайшлося шмат аднадумцаў — на геаграфічных абсягах «Палескай хронікі». Лепшыя навасёлкаўскія цеслі ўзводзілі пасярод Глінішчаў зруб.
       Барысу Іванавічу на правах земляка і сябра Івана Паўлавіча Мележа выпала адкрыць гэты музей. Таго пажадалі ў Хойніках, ведаючы яго як таленавітага прадаўжальніка мележаўскай справы – пісаць роднае Палессе. Чыталіся якраз у Хойніках першыя кнігі “Вялікага Лесу”, дакладны адрас у іх – сваім вее. Дый, наогул, Барыс Іванавіч заўсёды цікавіцца клопатамі землякоў. Не з тых ён, чыя дарога шпарка бяжыць міма іхніх патрэб.
       Дарога была з перамётамі. Быццам сама зіма гаварыла веямі снежнымі: колькі не давершана Мележам...
       Яшчэ раз, блізка-блізка, падступілася да сэрца зямля палеская ў гэтай вандроўцы.
       ...I гэтая вясна зноў-такі раньш прыйшла на Палессе. Пад матчынымі вокнамі цветам захліпаюцца яблыні. Зноў у галавах дарогі – чыстае, выкупанае ў росах – паднялося сонца. Яно мякка ступае абсягамі насустрач, ідзе смуглымі вёрстамі зямлі. I яна, зямля продкаў, гукае неспатольна, гукае даць новаму слову крылы.
       Максім Лужанін Быў поруч
       Няўжо мінула аж два гады, як мы страцілі агульнага друга. Агульнага – не перабольшанне, перад яго абаяльнасцю расчынялі самыя цяжкія дзверы. Думаецца, няпроста знайсці ў Беларусі чалавека, хто б не ведаў і не паважаў імя Барыса Сачанкі. За ўмельства, хутчэй – за прыроджаную здольнасць носьбіта яго рабіць людзям дабро. I рабіў ён гэта дабро ўсяк: адданасцю роднай мове і літаратуры, сваімі кнігамі, прагай абараніць і падняць незаслужана забытае і забароненае, сваёй практычнай дзейнасцю, працай у многіх рэдакцыях, у Саюзе пісьменнікаў, у выдавецтвах.
       Стаўшы на чале "Беларускай Энцыклапедыі", ён выявіў яшчэ адзін бок свае адоранасці: арганізатара, фінансавага распарадчыка. Выдавецтва пры ім не зазнавала недахопу сродкаў, меў, яшчэ і людзям пазычаў. Добра забяспечыў абноўлены штат нават дармовым харчаваннем.
       I праца ішла. Сведчанне таму добры дзесятак выдатных, новых для рэспублікі тамоў, не буду пералічаць, яны ўнікальныя.
      Задум жа было шмат, і яшчэ шырэйшых. Але... Дасюль цяжка ўсведамляць, што ніколі больш не пачую ягонага голасу ў тэлефоне, не пабачу, не адчыню дзвярэй насустрач – ён заходзіў кожны тыдзень абавязкова, у суботу ці ў нядзелю. Апошні раз, нібы прадчуваючы расстанне, прыйшоў напачатку тыдня. Напярэдадні.
       Сказаць: мы сябравалі – будзе замала, завузка. У нас былі адносіны поўнай шчырасці, роўнай зацікаўленасці: абодва кніжнікі, абодва грыбнікі, абодва – адданыя роднай мове і пісьменніцкай справе, амаль аднолькава глядзелі на рэчы і падзеі, думалі, як лепей падбаць пра культуру, пра будучыню нацыі.
       Барыса Іванавіча прывяла ў мой дом любоў да кнігі. У мяне было даволі шмат старых і не даступных на той час воку кніжак, часопісаў, газет. Мне даводзілася выказвацца публічна датычна занядбання нашай мовы, выступіў у яе абарону і ён, яшчэ будучы студэнтам. Перадрук некаторых нашых выказванняў за мяжой пацягнуў за сабой непрыемнасці дома: давялося даваць растлумачэнні.
      Наша дружбацтва, спыненае не нашай воляй, доўжылася, на маю радасць, добрых паўтара дзесятка гадоў. Барыс Іванавіч шмат у чым дапамагаў мне: увішна капаў агарод на дачы, парадкаваў кнігі, нават хапаўся мыць посуд пасля таварыскай бяседы. 3 такою ж ахвотай ездзіў на сустрэчы з выбаршчыкамі. Агітаваў за мяне, расказваючы пра маю работу і жыццё. Пасля афіцыйных сустрэч мы наладжвалі літаратурныя вечарыны, ён адкрываў іх і вёў, чытаў свае творы.
      Паездкі былі незабыўныя. Паклікалі ў Салігорск, землякам пажадалася разам адзначыць маё сямідзесяцігоддзе. Барыс Іванавіч вельмі хораша выступіў, усім спадабалася яго нязмушаная размова і добразычлівасць. На бяседзе, наладжанай мясцовым кіраўніцтвам, ён прыгарнуў да сябе сэрцы прысутных разумнымі тостамі, дасціпнымі жартамі. Бяседавалі задоўга, я, падзякаваўшы, адпрасіўся. У гасцінічным нумарку пачаў грэць гарбату - у дзверы пастукалі: Барыс. Ён не мог пакінуць мяне аднаго і сышоў таксама. Неўзабаве прыйшоў і Анатоль Вярцінскі, пасміхнуўся на нашу гарбату, маўляў, кінулі дарма куды лепшае пітво. Аднак прысеў, прагаварылі мы ўтрох да белага дня.
       Багата паездзілі разам: у лес за Радашковічы, за Чэрвень, у Налібоцкую пушчу па грыбы і ў мой родны Слуцак – на рынак. Трэба было паглядзець, як з пільнасцю і спрытам гаспадыні абыходзіў ён рыначныя рады. Каштаваў на смак сала і тварог, умела таргаваўся, збіваў цану. Усе астатнія ішлі ўслед і куплялі рознае дабро, паспытанае і за меншыя грошы. Аднак купіць што лепшае, чым нагледжанае Сачанкам, не шанцавала нікому. Умеў дагадзіць і ўгаварыць самых непрыступных прадаўцоў, яны запаміналі яго і ўсміхаліся насустрач пры чарговым з'яўленні, маўляў, ідзі, ідзі хутчэй да нас, табе прыхована нешта лепшанькае.
       Дарогаю назад спыняліся ў лесе. Ніхто не мог хутчэй за Барыса накласці агню, лёпш накрыць імправізаваны стол. У кампаніі з намі амаль заўсёды былі Анатоль Вярцінскі, Пятро Краўчанка. Светла і радасна, адначасна грунтоўна, дасведчана гаварылася Барысу Іванавічу пры вогнішчы. Нас сагравала размова пра шляхі радзімы, пра новыя творы, пра добрых людзей.
      Мяне заўсёды цешыла яго ўмельства арыентавацца ў розных аўдыторыях. На літаратурных вечарах ён беспамылкова вызначаў, што трэба чытаць у тым ці іншым месцы. I быў узнагароджаны цёплым прыёмам слухачоў. Таксама без памылкі выбіраў сярод мноства кніг лепшыя – густ, здольнасць па двух-трох сказах разгорнутай кнігі дазнацца, чаго яна варта.
       Пры ўсёй добразычлівасці і шчырасці нашых сустрэч і гаворак мы да апошніх дзён звярталіся адзін да аднаго на вы. Калі я аднойчы прапанаваў спрасціць адносіны, выпіць на брудэршафт, дык пачуў ад Барыса Іванавіча нешта падобнае да таго, што сказаў некалі на такую ж прапанову малады А. Макаёнак: "скажу "ты", калі здолею Вас у нечым паправіць". Гэта была залішняя сціпласць, бо я не прэтэндаваў на бязгрэшнасць сваіх думак і павагу да ўзросту.
       Барыс Іванавіч чула адгукаўся на чалавечыя патрэбы і ў сілу свае патрэбы рабіць людзям дабро імкнуўся хоць чым цябе ўзрадаваць, прынесці што-небудзь у хату, падараваць, хай сабе драбнічку.
       Ён неўзаметку рабіўся душою размовы ў любым асяроддзі, чарнявы, чубаты, усмешлівы.
       Дасюль горка. Не здолеў і хвіліны пабыць каля труны, правесці ў дарогу. А, зрэшты, і так – заплюшчу вочы і бачу ягоны воблік. Быццам нічога не здарылася, ніхто нікуды не адыходзіў.
       Бібліяграфія
Андраюк, С. Асабістае, асабліва балючае / Серафім Андраюк // Ленінскі сцяг. 2006. 13 мая. С. 2.
Барыс Сачанка // Літаратура і мастацтва. 1995. 14 ліп. С. 4.
Белаш В. Яго нарадзіла зямля Беларусі / В. Белаш // Ленінскі сцяг. – 2001. 26 мая. С. 2.
Босак К. Вялікі талент – вялікі працаўнік / Клаўдзія Босак // Ленінскі сцяг. 2001. 23 мая. С. 2.
Босак К. Дзень светлых успамінаў / Клаўдзія Босак // Новае Палессе. 2006. 24 мая.  С. 4.
Босак К. У яго творах – родная зямля / Клаўдзія Босак // Гомельская праўда. 2006. 3 чэрв. С. 5.
Галубовіч Л. Творца і захавальнік / Леанід Галубовіч // Літаратура і мастацтва. 2006. 26 мая. С. 1.
Герасименко М. Снятся сны о Белоруссии / М. Герасименко // Маяк Полесья. 2006. 27 мая. С. 2.
Давідовіч Г. Сорак дзён смутку і памяці / Генрых Давідовіч // Звязда. 1995. 12 жніўня. С. 2.
Карнялюк К. Вялікі мастак з Вялікага Бору / К. Карнялюк // Ленінскі сцяг. 2001. 26 мая. С. 4.
Лужанін М. Быў поруч / максім Лужанін // Крыніца. 1998. № 10. С. 33 – 34.
Мятліцкі М. Памяць дарогі / Мікола Мятліцкі // Беларусь. 1986. № 5. С. 24 – 25.
Пісьменнікі пра пісьменніка // Ленінскі сцяг. 2006. 13 мая. С. 2.
Сіпакоў Я. Асоба / Янка Сіпакоў // Літаратура і мастацтва. 1995. С. 4, 15.
Цытатнік // Крыніца. 1998. № 10. С. 16 – 18.
Шамякін І. Словы жалобы і смутку / Іван Шамякін // Літаратура і мастацтва. 1995. 14 ліп.
Явар С. Я – дачка Барыса Сачанкі / Святлана Явар // Ленінскі сцяг. 2006. 13 мая. С.2.
Явар С. Я любілі яго… / Святлана Явар // Звязда. 2006. 17 мая. С. 4.
Якавенка Н. Жыве ў сэрцах / Н. Якавенка // Літаратура і мастацтва. 2006. 26 мая. С. 2.
Яшын І. Ствараецца музей / І. Яшын // Ленінскі сцяг. 1999. 17 лістапада. С. 4.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Май 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024