Понедельник, 29.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

       Валянціна Смыкоўская
                                                                              АД ЗАДУМЫ ДА ЎВАСАБЛЕННЯ

                                                                                               (заканчэнне)
       Звернемся да сцэны «На грэблі», створанай адной з першых у час працы над другой (часопіснай) рэдакцыяй рамана «Людзі на балоце». Яна надзвычай цікавая і ў плане мастацкага асэнсавання рэальна-жыццёвых фактаў пісьменнікам. У аснову сцэны пакладзены канкрэтны выпадак будаўніцтва грэблі паміж вёскамі Алексічы Глінішчы, што пацвярджаюць архіўныя матэрыялы Юравіцкага райвыканкама, сярод якіх захоўваецца «План работы па дарожным будаўніцтве ў Юравіцкім раёне Мазырскай акругі на 1929 год». У ім запісана: «Алексіцкі сельсавет, в. Алексічы. Правесці зямельныя работы па дарозе вясковага значэння ад в. Алексічы да в. Глінішчы будаўніцтва грэблі»[6]. Дакументальнасць, жыццёвую верагоднасць гэтага факта пацвердзілі нам і землякі жыхары палескіх вёсак Алексічы, Каранёўка, Глінішчы. Так, самы першы старшыня калгаса в. Глінішчы Нічыпар Ануфрыевіч Бельскі ўспамінаў, што «праца на будоўлі грэблі была па сутнасці першай калектыўнай працай палешукоў. Цяжка было іх сарганізаваць, даказаць неабходнасць такога мерапрыемства. Былі значныя цяжкасці і ў самой арганізацыі працы адсутнічала тэхніка, неабходныя будматэрыялы. Не было і належнага вопыту кіраўніцтва. Мне асабіста давялося шмат патраціць цярпення, вытрымкі, настойлівасці, каб справа не прапала дарэмна». (Наш запіс гутаркі з Бельскім у верасні 1970 г.)
      Гэтае прызнанне Бельскага дапамагае больш глыбока адчуць жыццёвую праўдзівасць адлюстраванага ў рамане «Людзі на балоце» факта. Яно дапамагае адчуць і веліч кнігі як мастацкага твора, у якім са шматлікіх жыццёвых з'яў узноўлена самае істотнае, найбольш тыповае. Бясспрэчна, што, ствараючы гэтую сцэну, Мележ-мастак не мог не абапірацца на творчую спадчыну Якуба Коласа. Аднак, калі будоўля грэблі каля в. Мікуцічы ў яго трылогіі выступае толькі як контур, у рамане Мележа ў сувязі з новымі творчымі задачамі яна становіцца лейтматывам твора. У адлюстраванні працэсу «трансфармацыі» аднаасобніцкай працы ў новую якасць, у раскрыцці прыгажосці людзей, народжаных новай, савецкай эпохай, бачыць пісьменнік сваю першачарговую задачу. Яна пераканаўча ўвасоблена ім і ў новых адносінах да працы, і ў пачуцці асабістага гонару куранёўцаў, якія пачынаюць разумець, што нясе з сабою новае жыццё ў глухую палескую вёску.
      Змены ў аўтарскай задуме выразна адбіліся і на паглыбленні эпічнага фону рамана. У першай рэдакцыі ён пачынаўся раздзелам «На лузе», які, зразумела, больш адпавядаў таму, каб быць пачаткам твора ў аснове сваёй маральна-бытавога. У новай рэдакцыі раман пачынаецца сцэнай, якая становіцца вызначальнай у трактоўцы вобраза народа, а значыць, і ў фарміраванні жанравай структуры кнігі. 3 усіх бакоў абступаюць палескую вёску Курані, што тулілася ля берага вострава, вечна мокрыя лясы і гнілыя балоты. Водгулле вялікага свету рэдка далятае сюды. Але такое становішча тут не палохала. «Людзям трэба было жыць і яны жылі», быццам сцвярджаючы спрадвечнасць гэтага жыцця, пада-гульняе пісьменнік. Такі эпічны пачатак найлепшым чынам садзейнічаў увасабленню мележаўскай канцэпцыі жыцця і чалавека.
     
Яшчэ працуючы над першай рэдакцыяй рамана «Людзі на балоце» (1959 1961 гг.), Мележ прыходзіць да вываду, што ахапіць увесь аб'ём жыццёвага матэрыялу, які адкрыўся яму, немагчыма будзе, калі абмежавацца рамкамі адной кнігі. Адбываюцца зноў пэўныя змены ў задуме, ускладняюцца творчыя задачы пісьменніка, які паступова прыходзіць да думкі «аб неабходнасці цыкла твораў, прысвечаных жыццю палескай вёскі, Палесся, яго народа, звязаных адзін з адным, якія ахопяць трыццаць гадоў палескага жыцця...» (Наш запіс гутаркі з Мележам у снежні 1972 г.) Такі абрыс набывае тэндэнцыя да стварэння вялікага эпічнага палатна аб беларускай вёсцы, сёння з поўным правам можна сказаць, тэндэнцыя да эпапеі. Яна вырасла са шматгадовай пісьменніцкай практыкі, з багатага сацыяльнага вопыту, з усебаковага даследавання жыцця народа, яго гісторыі [7].
      Нельга не адзначыць, што змены ў мележаўскай задуме ўплывалі і на эвалюцыю вобразаў рамана. Так, напрыклад, калі з вобразам Васіля Дзятла ў першай рэдакцыі было звязана вырашэнне маральна-этычных праблем, то ў часопіснай Васіль раскрываецца пісьменнікам у шматлікіх сюжэтных лініях і сутыкненнях (у адносінах з Міканорам, маці, жонкаю, у разважаннях аб зямлі, калгасе і г. д.). Карацей кажучы, і ў сферы быту (ён адзін з удзельнікаў сямейнай драмы), і ў сферы сацыяльнай дзейнасці (Васіль прадстаўнік сярэдняга сялянства). Калі раней Мележ акцэнтаваў большую ўвагу на супярэчлівасці, дваістасці характару героя, яго становішча, то на новым этапе ён стварае сцэны, дзе надзяляе Васіля такімі рысамі, якія найбольш адпавядалі логіцы развіцця яго характару.
      Цікавай з'яўляецца і сама гісторыя «нараджэння» мастацкага вобраза ў творчай лабараторыі Мележа. I тут ён найчасцей ідзе ад рэчаіснасці, карыстаючыся пры стварэнні таго ці іншага вобраза ўзятым з жыцця характарам як своеасаблівым «ключом». Так, на- прыклад, адразу пасля з'яўлення рамана «Людзі на балоце» многія чытачы-землякі пісьменніка пазналі ў Міканоры настаўніка Глінішчанскай школы (цяпер дырэктара музея Івана Мележа) Міканора Якаўлевіча Яроша. «Прачыталі з сяброўкамі раман, адзначала былая выпускніца школы Вольга Кудрыцкая, і адразу ж прыйшлі да такога вываду. Пыталіся ў людзей, і яны гаварылі, што гэта так...».
      Сам Міканор Якаўлевіч у гутарцы з намі гаварыў не так катэгарычна: «Ну, можа, гэта не зусім так, але нешта ёсць... Я разумею, «Людзі на балоце» мастацкі твор. І няправільна будзе лічыць, што вобраз Міканора літаральна мой вобраз». Відаць, у працэсе яго стварэння немалую ролю адыграў і асабісты вопыт Мележа, і вопыт тых, хто перабудоўваў жыццё Палесся на новых адносінах, каго асабіста ведаў аўтар.
      Мы ўжо гаварылі пра Нічыпара Ануфрыевіча Бельскага, які жыў у роднай вёсцы пісьменніка. Калі супаставіць яго жыццёвы лёс з лёсам мележаўскага Міканора, то нельга не заўважыць, што ёсць многа агульнага ў іх біяграфіях. Як і Міканор, Бельскі ў 1929 г. вярнуўся з арміі і адразу ўключыўся ў будаўніцтва новага жыцця. Многае перажыў: і барацьбу з кулацтвам, і сходы па землеўпарадкаванні, і барацьбу з цемрай і недаверам людзей. 3 1932 г. ён старшыня калгаса. Пасля быў пераведзены ў Юравічы на пасаду сакратара райкома партыі. Нельга не сказаць, што чалавек гэты заўсёды быў вельмі блізкім і дарагім пісьменніку. «Ён для мяне гэта маленства і юнацтва, тое дарагое, чым выкліканы абодва раманы», успамінаў Мележ [8]. Бясспрэчна, што знаёмства з гэтым чалавекам не магло не аказаць свайго ўплыву, калі ствараліся вобразы Міканора і Апейкі.
      У свой час у пошуках прататыпаў Васіля і Ганны я таксама звярнулася да Нічыпара Ануфрыевіча, і ён адказаў, што такіх Васілёў і Ганнаў тут у кожнай вёсцы многа. I я зразумела, што прататып для Мележа, гаворачы яго ж словамі, «толькі імпульс, толькі іскрынка, якой неабходна распаліць касцёр». «У маіх кнігах ёсць сапраўды адзін трывалы, бяспрэчны правобраз тое жыццё, кім-небудзь ужо напалову забытае, а многім, хто маладзейшы, і зусім невядомае», такі вынік падвёў аднойчы нашай гутарцы пісьменнік (гл. аб гэтым у кн. «Жыццёвыя клопаты», артыкул «Да пытання аб правобразах»).
      Сам Мележ гаварыў, што ў Куранях было многа дзяўчат і жанчын, якія паслужылі шмат у чым прататыпамі вобраза Ганны. Паступова адыходзячы ад рэальных асоб (сваёй першай каханай дзяўчыны і роднай цёткі, якую таксама звалі Ганна), пісьменнік імкнецца стварыць тыповы абагульнены вобраз жанчыны-паляшучкі, у лёсе і біяграфіі якой адбіліся найбольш значныя асаблівасці тагачаснай рэчаіснасці. Мележ знайшоў такі варыянт гэтага лёсу, які найбольш адпавядаў рэчаіснасці і які, па сутнасці, быў падказаны самім жыццём, а не адзінкавым лёсам канкрэтнай асобы.
      Многае з таго, што адбываецца ў «Палескай хроніцы» з Васілём Дзятлам, можна было б «упісаць» у біяграфію пісьменніка. Былі і канкрэтныя людзі, якія дапамаглі яму «напісаць» Васіля (у аднаго з іх былі нават вочы рознага колеру). I ўсё ж лёс Васіля таксама тыповы лёс многіх беларускіх сялян, якія праз цяжкія роздумы і выпрабаванні ішлі да новай праўды. I таму не знайшла я таго канкрэтнага чалавека, які паслужыў прататыпам літаратурнага героя. Можа, таму, што такога селяніна ўжо няма, а тыя, з кім ён жыў раней, проста не хацелі ўспамінаць сябе такімі. Сам пісьменнік заўсёды пераводзіў гутарку на зусім нелітаратурнага, зямнога Васіля, які ў апошні час працаваў старшынёй калгаса ў яго родных Глінішчах. I яму здавалася такое супастаўленне двух Васілёў невыпадковым, а сімвалічным, поўным глыбокага сэнсу.
      Безумоўна, Апейку пісьменнік аддаў сваё разуменне эпохі калектывізацыі і асабістыя сімпатыі. На іх псіхалагічную блізкасць указваў і Міканор Ярош, былы школьны сябар пісьменніка, бачачы ў абодвух «адзін фундамент характару». Пры ўсім гэтым вобраз старшыні райвыканкама таксама абагульнены, збіральны вобраз камуніста 20-х гадоў.
      Эвалюцыя мележаўскай задумы станоўча адбілася і на вобразна-выяўленчых магчымасцях пісьменніцкага слова, народнай мовы, якая становіцца ў рамане дзейсным сродкам перадачы палескага рэгіянальнага каларыту.
      Каб відавочнай стала сутнасць аўтарскіх пошукаў і іх заканамернасць, адзначым, што ў пачатковых накідах рамана героі Мележа, хаця і ў адпаведнасці са сваім характарам, гаварылі літаратурнай мовай. Але хутка пісьменнік адчуў ненатуральнасць, штучнасць гэтай мовы ў вуснах палешукоў, як кажуць, фальшывы тон. Усё настойлівей яго пачала браць спакуса, «ці не паспрабаваць даць героям гаварыць так, як яны гавораць у жыцці. Увесці ў раман іх сапраўдную, няхай, магчыма, дзіўную для другіх мову» [9]. Героі Мележа быццам ажылі, сталі тымі людзьмі з Палесся, якімі іх хацеў бачыць і чуць аўтар. Наогул, праца Мележа над словам яскравы ўзор таго, як трэба адносіцца да сваёй справы, каб кожнае слова ў тэксце несла пэўную ідэйную і сэнсавую нагрузку. Асабліва дбайна ставіўся пісьменнік да эпітэта. Так, напрыклад, падбіраючы шэраг эпітэтаў для характарыстыкі знешняга вобліку Ганны, ён імкнецца надаць ім найбольшую выразнасць. Тут і эпітэты «вільготна-чорныя», «падобныя на саспелыя вішні», і «абыякавыя», «вясёлыя», «гарэзныя», «нудлівыя» вочы, і «шаўкавіста-чорныя смелыя» бровы, і «гарачая, нястрымная, небяспечная» душа. 3 мноства іх пісьменнік выбірае тыя, якія найлепш адпавядаюць заду-ме і дапамагаюць стварыць непаўторны паэтычны вобраз палескай прыгажуні.
      Прыведзеныя намі звесткі з творчай лабараторыі Мележа падчас стварэння ім «запаветнай песні» выклікаюць вялікую цікавасць у вучняў. Яны садзейнічаюць не толькі больш грунтоўнаму і свядомаму разуменню спецыфікі мастацкага твора, але і зацікаў-ленаму стаўленню да самой асобы пісьменніка, творцы, у якога можна многаму навучыцца. Гэтыя звесткі пераканаюць іх у тым, якім адказным і патрабавальным быў ён да сябе, да кожнага свайго слова, радка, фразы, як уважліва ставіўся да людзей, якім служыў усімі сіламі сваёй душы.

1. Карпаў Ул. Крылаты ўзлёт. Мн., 1976. С. 247.
2. Литературная газета. 1956. 7 января.
3. Мележ I. Ліст да М. Абалкіна /У кн.: Жыццёвыя клопаты. Мн., 1975. С. 412 413.
4. Мележ I. Ліст да Абалкіна. 3 чэрвеня 1963 г. Асабісты архіў пісьменніка.
5. Мележ И. Перед первой страницей / Вопросы литературы. 1963. № 5. С. 122.
6. Філіял Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці ў г. Мазыры, д. 179, ф. 65, л. 4.
7. Літаратура і мастацтва. 1967. 28 снежня.
8. Мележ I. Да пытання аб правобразах. Жыццёвыя клопаты. Мн., 1975. С. 426.
9. Мележ I. Майстэрства гэта імкненне. Жыццёвыя клопаты. М., 1975. С. 329 330.

                                                                                Мележ – з-пад Прагі?..
       8 лютага мы, жыхары Хойнікшчыны, штораз адзначаем чарговыя ўгодкі з дня нараджэння нашага знакамітага пісьменніка-земляка Івана Паўлавіча Мележа. Яго творы добра вядомыя ў Беларусі і замежжы. А што мы можам сказаць пра сам род Мележаў, акрамя таго, што ён – сялянскі? Ці даўно Мележы пасяліліся ў вёсцы Глінішча?
      У кнізе У. Ф. Ісаенкі “Юравічы над Прыпяццю: ад старажытнасці да пачатку ХХ ст.” гаворыцца, што дзядуля пісьменніка Фёдар Мележ у 1890 – 1898 гг. быў юравіцкім валасным старшынёй. А ў кнізе “Памяць. Калінкавіцкі раён” можна азнаёміцца з сямейнай легендай, паводле якой, “род пайшоў ад чэха Ігната Мелешака аднекуль з-пад Прагі. Нейкім чынам Мелешак служыў у рускім войску. Прыйшоў аднойчы з сябрам, юравіцкім хлопцам, на пабыўку ў вёску Глінішча – на радзіму ж далёка. І закахаўся тут у мясцовую дзяўчыну-прыгажуню Кацярыну. Прайшоў тэрмін службы ў войску, маладыя пабраліся шлюбам. Было ў іх дзесяць дзяцей, сярод іх сын Фёдар. Прозвішча сваё на новай радзіме перайначыў – стаў Мележам. Марыў іншы раз: “Эх, пабываем мы, дзеткі, калі-небудзь у Залатой Празе...” Так і не давялося...”
      У “Памяці” легенда пераказана са слоў роднай сястры І. П. Мележа Тамары Паўлаўны Аляхновіч.
      Невядома, як чэх з-пад Прагі мог у ХІХ ст. апынуцца ў расійскім войску, бо паны, калі нават і вербавалі рабочую сілу па-за межамі імперыі, дык не дзеля таго, каб аддаваць яе ў рэкруты. Тым болей, што ў рэвізіі 1834 г. згаданы памерлы ў 1817 г. 56-гадовы Іван Мележ і два яго сыны Іван ды Андрэй. Апошнія названыя сярод сялян-гаспадароў таксама ў інвентары маёнтка Глінішча і Азярын 1845 г., які належаў Рыгору, сыну Станіслава, Аскерку. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што людзі з прозвішчам Мележ жылі ў Глінішчы яшчэ за часоў Рэчы Паспалітай і, прынамсі, з Чэхіі на Беларусь не прыходзілі.
      Але сямейнае паданне, бясспрэчна, вельмі прыгожае!
      [студзень 2006 г.]

                                                                           АБ ПІСЬМЕННІКУ І ЧАЛАВЕКУ
    Стала добрай традыцыяй першы ўрок па вывучэнню творчасці І. П. Мележа ў 11 класе Глінішчанскай сярэдняй школы-сада праводзіць у мясцовым Доме-музеі. Пабываўшы тут і пачуўшы ад дырэктара музея С. П. Ліпніцкай жывое слова аб Мележу як аб пісьменніку і чалавеку, вучні з вялікай ахвотай вывучаюць раманы "Палескай хронікі". I наогул трэба сказаць, што вучням школы вельмі пашанцавала ў тым, што беларуская літаратура адкрывае ім свой цудоўны і багаты свет менавіта тут, на радзіме пісьменніка.
    Увазе чытачоў урок-інтэрв’ю, які дае С. П. Ліпніцкая.
    КСЕНІЯ БОГДАН:
    – Софія Піліпаўна, ці перажыў сам Іван Паўлавіч тое, аб чым ён расказаў у раманах "Палескай хронікі"?
    – Безумоўна, перажыў. Вось што ён гаварыў: "Людзі, пра якіх я пішу і якія сталі героямі "Людзей на балоце", – гэта ж я сам, іх жыццё – гэта маё жыццё. Я пішу пра іх і адначасова пра сябе. Мне выпала быць сведкай тых крутых змен, ломкі жыцця, нараджэння новага чалавека – расказаць людзям пра ўсё, што тады адбывалася. Я адчуваю, што гэта, бадай, асабліва патрэбна і важна для моладзі, таму што нельга зразумець добра сучаснае, спасцігнуць значнасць і веліч будучага, не ведаючы вытокаў мінулага. Не ведаючы, з чаго мы пачыналі, праз што мы прайшлі".
    3 усіх твораў Мележа “Палеская хроніка” – твор пра найглыбей перажытае, пра самае блізкае сэрцу пісьменніка. Перажытае асабіста, бацькам, маці, роднай зямлёй тут злілося – не раз'яднаеш.
    МІХАІЛ ШЫШОЎ:
    – Хто паслужыў прататыпам Ганны ў "Палескай хроніцы"?
    – Многія думаюць, што прататыпам Ганны Чарнушкі з'яўляецца родная цётка пісьменніка Ганна па матчынай лініі, якая жыла ў Каранёўцы. Гэта зусім не так. Але нешта, можа, і ёсць. "Людзі на балоце" – мастацкі твор, і няправільна лічыць, што вобраз Ганны літаральны вобраз цёткі Ганны. У Куранях, ды і ў кожнай вёсцы было многа добрых, працавітых, прыгожых дзяўчат і жанчын, якія паслужылі прататыпамі. Гэта абагульнены вобраз беларускай жанчыны-паляшучкі.
    Але ж ёсць некалькі герояў, якіх аўтар у поўным сэнсе слова пе-ранёс на старонкі кнігі з жыцця і назваў сваімі імёнамі. Гэта Іван Зайчык, Алёша Касцючэнка, настаўніца Праскоўя Андрэеўна, Андрэй Руды, швачка Голда.
    АНТАНІНА КУДРЫЦКАЯ:
    – Вы сустракаліся з Іванам Мележам, ведалі яго асабіста. Які ён быў не як пісьменнік, а як чалавек?
    – Звычайны чалавек, прыгожы, з добрым характарам, зусім просты, па-паляшуцку мудры. 3 глінішчанцамі-калгаснікамі, на-стаўнікамі мясцовай школы ён размаўляў пры сустрэчах на вуліцы, у калгаснай канцылярыі, у школе.
    Калі прыязджаў да бацькоў, то любіў пасядзець пад дубам, дзе вешалі арэлі, ездзіў ва ўрочышчы "Вішанькі", "Сакава", дзе з бацькам касіў сена.
    Аднойчы, прыехаўшы на некалькі дзён дадому, Іван Паўлавіч павёз нас – сясцёр Тамару, Любу, мяне і яшчэ дзвюх нашых сябровак Соню і Вольгу на сваёй машыне ў Мазыр. Доўга хадзілі па гораду, а затым у магазіне Іван Паўлавіч купіў усім нам падарункі.
     Гэта ён дапамог, каб школа ў Глінішчах была пабудавана намнога раней запланаванага тэрміну.
     НАСТАССЯ БЕЛАУС:
     – 3 якіх твораў пачынаецца творчасць Івана Паўлавіча?
     – У 1939 годзе ён напісаў першы верш "Радзіме", які быў апублікаваны ў газеце "Чырвоная змена". А жаданне нешта пісаць, як сведчыць сам пісьменнік, з'явілася яшчэ ў пачатковай школе. На час навучання ў сямігодцы прыпалі першыя спробы творчасці і нават першая пісьменніцкая радасць, першае прызнанне. У 1933 годзе часопіс "Іскры Ільіча" (так да 1945 года называўся часопіс "Бярозка") змясціў серыю малюнкаў пад назвай "Прыгоды на граніцы" і папрасіў юных чытачоў напісаць па гэтых малюнках апавяданне. Мележ паслаў апавяданне ў вершаванай форме.
     У дзесятым нумары часопіса паведамілі вынікі конкурсу: "Добра напісалі апавяданні такія вучні: Перагуд Алена (Церахоўскі раён), Александровіч С. (з Капыля), Мележ Янка (з Хойніцкага раёна)".
     Іван Паўлавіч гаварыў, што гэта быў першы "пісьменніцкі" поспех, першая аўтарская радасць. Адсюль усё і пачалося.
     СВЯТЛАНА МЕЛЕЖ:
     – Мележ – прозвішча вельмі рэдкае. Ды і наогул, напэўна, сустракаецца толькі ў нашай мясцовасці. Скажыце, калі ласка, Софія Піліпаўна, можа Вы ведаеце гісторыю ўзнікнення гэтага прозвішча?
     – Сапраўды, такое прозвішча ёсць толькі ў нашых мясцінах. Аб гэтым паведамляе сястра пісьменніка Тамара Паўлаўна, якая жыве ў Мінску. Яе бацька гаварыў, што продкі іхнія з-пад Прагі (чэхам быў прадзед Ігнат). Іван часам называў бацьку фантазёрам, але, тым не менш, аднойчы сказаў, што пакапаецца ў архівах.
Толькі не паспеў – памёр.
     А вось настаўнік з Юравічаў У. Ф. Ісаенка даследаваў: "Сапраўды, 2 ліпеня 1874 г. Ігнацій Мележ падпісаў сярод іншых членаў апякунскага царкоўнага савета акт аб прыёмцы царквы, перабудаванай у 12-купаловы сабор (НГАБ у Мінску. Ф. 43. Воп. 1. А. з. 88). На той час ён быў паважанай асобай – юравіцкім валасным старшынёй. Пры ім будаваўся сабор. Юравіцкі маёнтак перайшоў да новага гаспадара, святаром быў А. А. Біруковіч.
     Юравічы зрабіліся значным адміністрацыйным цэнтрам. Былі адкрыты народнае (1865 г.) і жаночае (1871 г.) вучылішчы. Сын Ігнація, Фёдар, таксама быў валасным старшынёй (1890 – 1898 гг.), вельмі добразычлівым. Таму і пасля Лютаўскай рэвалюцыі ўвайшоў у валасное ўпраўленне. Улада пераходзіла да валрэўкома. Павел Мележ, унук Ігнація, стаў яго членам у 1920 годзе. Яму давялося працаваць разам з С. А. Акуленкам, які потым стаў старшынёй райвыканкама".
     А адносна таго, што прадзед быў з-пад Прагі, Тамара Паўлаўна піша: "И была у него фамилия Мелешек, и попал, вернее был выслан из Чехии в Россию за вольнодумство (служить в армию!), а потом познакомился с полешуком (?) и приехал в Глинище, где влюбился в Екатерину. У них было 10 детей. И так как фамилия Мелешек не была созвучна количеству детей, он исправил её на более созвучную и внушительную – Мележ".
     Будзем верыць архіву.
     МАРЫНА БАНДАРЧУК:
     – Дзе праходзілі здымкі кінафільма "Людзі на балоце"?
     – Праходзілі яны на Магілёўшчыне, таму што тады (фільм выйшаў на экраны ў 1982 годзе) балоты ў нас былі асушаны. А першы паказ быў у нашым Глінішчанскім СДК. Рэжысёр Віктар Тураў разам са здымачнай групай, артыстамі прыехаў у вёску, каб пачуць водгукі аб сваёй рабоце ад землякоў Івана Паўлавіча.
     АЛЯКСАНДР ІВАЧКІН:
     – Ці падтрымліваеце Вы цяпер сувязі з родзічамі Івана Паўлавіча Мележа?
     – Так. Асабліва з сёстрамі пісьменніка. Яны кожны год прыязджаюць у Глінішча да мяне. А па тэлефоне гаворым часта, бо гэта ж мае цёткі. Хаця Тамара на год старэйшая за мяне, а Люба маладзей, я іх называю Тамара і Люба.
     НАТАЛЛЯ КУДРЫЦКАЯ:
      – Хто ёсць зараз з родных Івана Паўлавіча і дзе яны жывуць?
      – Дочкі Люда, Ларыса, унучкі Ганна, Дар'я, унук Іван, сёстры Тамара Паўлаўна і Любоў Паўлаўна жывуць у горадзе Мінску, брат Генадзь Мележ – на Украіне ў горадзе Старабельску.
      ПЕТР КУДРЫЦКІ:
      – Софія Піліпаўна, ці часта наведваў свае родныя мясціны Іван Паўлавіч з сям'ёй?
      – Творчыя і грамадскія нагрузкі, паездкі па краіне і за мяжу, сустрэчы з выбаршчыкамі не дазвалялі яму часта бываць на радзіме. Ды яшчэ цяжкае раненне ў 1942 годзе нагадвала аб сабе ўсё жыццё. Па стану здароўя ён кожны год ездзіў на лячэнне ў Крым. Але ж не кожны год, праз два абавязкова бываў у родных мясцінах, часцей адзін, чым з сям'ёй.
      ІРЫНА ДУБАДЗЕЛ:
      – А ў апошні раз калі ён наведаў Глінішча?
      – Гэта быў май 1976 года. За тры месяцы да яго смерці 12 мая 1976 года ў Мінску праходзіў сёмы з'езд пісьменнікаў. Іван Паўлавіч дрэнна сябе адчуваў.
     Пётр Міронавіч Машэраў таксама прысутнічаў на з'ездзе і бачыў гэта, а пасля з'езда Машэраў запрасіў некалькі пісьменнікаў, у тым ліку і І. П. Мележа, паглядзець з вышыні новае Палессе. Калі верталёт падняўся, у салон зайшоў пілот і папрасіў Івана Паўлавіча паказаць на карце Глінішча.
     Верталёт прызямліўся на школьным стадыёне. Людзі беглі з ферм, палёў, высыпалі вучні, настаўнікі са школы. Іван Паўлавіч пагутарыў з імі.
     Гэта быў апошні яго прыезд на радзіму. I такі прыемны сюрпрыз зрабіў яму Пётр Міронавіч Машэраў. А 9 жніўня 1976 года Івана Паўлавіча не стала.

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024