Пятница, 29.03.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                      "Антычныя назвы паселішчаў у нашым рэгіёне
      Пальміра
     Марыян Дубецкі, знакаміты ўдзельнік паўстання 1863 – 1864 гг. і, падобна, першы біёграф (доктар Юзаф Антоні Ролле пісаў усё ж не біяграфію) Караля Прозара, паведаміў, што вярнуўшыся з другой эміграцыі ў 1814 г. і пасля вызвалення маёнтка ад чарговага секвестру, былы вялікі абозны ВКЛ пачаў актыўна займацца гаспадарчымі справамі, заснаваў шэраг фальваркаў і назваў іх у гонар вялікіх перамог і гераічных супрацьстаянняў як з айчыннай, так і сусветнай гісторыі – Рацлавіцы, Тэрмапілы (Фермапілы), Маратон (Марафон) і іншыя [Karol Prozor. Kraków, 1897. S. 314]. Асабліва цікава было б даведацца пра “іншыя”. І ці не было сярод іх Пальміры? Урочышча з такой назвай згаданае ў дакуменце 1887 г., калі Канстанцін Прозар прадаваў Хойніцкі маёнтак  расійскім купцам Міхаілу Аўраамаву і Гаўрыле Курындзіну.
   Мяркуем, што з’яўленне ў нашай мясціне населенага пункта з такой назвай было заслугай менавіта К. Прозара. Па-першае, аднаіменны пасёлак узнік у 20-гг. XX ст., а гэта не той час, калі паселішчам надаваліся антычныя назвы. Элінскае слова “пальміра”, запазычанае лацінскай мовай (palmyra), як і адпаведнае яму арамейскае “тадмор”, вядомае з клінапісных тэкстаў яшчэ пачатку ІІ тыс. да н. э. (Тадмор, Горад пальмаў – пачатковая назва паселішча), азначаюць сукупнасць пальмавых дрэў. У “Грамадзянскіх войнах” Апіана каля 40 г. да н. э. Пальмірай названы горад на ўсходзе Сірыі, які да ІІІ ст. стаў такім багатым і магутным, што нават паспрабаваў вызваліцца з-пад рымскага панавання. Асабліва рашуча гэтага дамагалася ўдава прызнанага ў Рыме “палкаводцам Усходу” Адэната і рэгентша малалетняга Вабаллата Зенобія (Ват Задбая). Дайшло да таго, што ў 272 г. імператар Аўрэліян распачаў вялікі паход супраць Пальміры. Вольналюбівыя пальмірцы мужна абараняліся (сам імператар быў паранены стралой), але гораду наканавана было здацца рымлянам. Зенобія, не вытрымаўшы ўсіх жахаў аблогі, села на самага хуткага драмадэра (аднагорбага вярблюда) і ўжо дасягнула Еўфрата, калі яе дагнала лёгкая конніца Аўрэліяна. Імператар пашкадаваў горад, аднак, усе скарбы яго былі вывезеныя ў Рым. Зенобіі і яе сыну было пакінута жыццё. Згодна з адной версіяй, па дарозе ў сталіцу імперыі яны абое памерлі, а паводле другой – Зенобія, стаўшы ўпрыгожаннем трыумфа Аўрэліяна, была правезеная па вуліцах Рыма ў залатых кайданах, пасля чаго сасланая ў Цібур (Цівалі), дзе правяла астатнія свае гады, карыстаючыся некаторай свабодай.
   Капітуляцыя Пальміры азначала падпарадкаванне Рыму залежных тады ад яе Месапатаміі і Егіпта. Аднак, народ не жадаў так хутка змірыцца з няволяй. Яшчэ раней, чым Аўрэліян дабраўся да Рыма, ён атрымаў вестку пра паўстанне на Ўсходзе. З неверагоднай хуткасцю імператар вярнуўся ў Сірыю і нечакана з’явіўся пад сценамі Пальміры, дзе царом ужо быў абвешчаны нейкі Антыох. Гэтым разам горад чакала бязлітасная расправа. Пальміра была разбураная, а на яе руінах пакінуты толькі рымскі гарнізон. Пасля наўмыснага змянення традыцыйных гандлёвых шляхоў горад канчаткова заняпаў і ператварыўся ў нязначную для краю вёску.
    К. Прозар, напэўна, добра ведаў гэты гістарычны сюжэт і не мог не правесці некаторыя паралелі з барацьбой патрыётаў Рэчы Паспалітай супраць агрэсіі суседніх манархій. Тым болей, што да значэнняў, якія надавалі слову “palma” антычныя аўтары, з цягам часу дадаліся “першынство”, “слава”, а да значэнняў “palmaris” – “пераможны”.
   Варта дадаць яшчэ: сірыйская Пальміра, вядомая на ўвесь свет сваімі архітэктурнымі помнікамі, з’яўляецца месцам паломніцтва шматлікіх турыстаў, а ад хойніцкай засталася хіба выспачка з дрэваў на месцы былога паселішча.
    

     Марытон
    Вёска Марытон размясцілася амаль што на мяжы Брагінскага і Хойніцкага раёнаў. Відавочна, сённяшняя форма назвы паселішча спрычынілася да таго, што інфарматары нястомнага збіральніка беларускіх легенд і паданняў, доктара філалогіі А. М. Ненадаўца паведамілі, нібы паходзіць яна ад вокліча пастушкоў “Марыя тоне!” (так звалі панскую дачку). Заўважым, што падобныя інтэрпрэтацыі назваў даволі пашыраныя ў фальклоры і не толькі беларусаў. Але ў інвентары Хойніцкага маёнтка 1844 г. Уладзіслава, сына Караля, Прозара (НГАБ у Мінску. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 13) названы фальварак Маратон, што дае падставу давяраць М. Дубецкаму, які намякнуў: назва нададзена К. Прозарам у гонар перамогі грэкаў над персамі ў 490 г. да н. э. пры Маратоне (Марафоне). Ідэя выглядае бясспрэчнаю: малалікія і не меўшыя палітычнага адзінства, але больш за ўсё на свеце шанаваўшыя асабістую свабоду эліны-рэспубліканцы адстойвалі яе ў барацьбе супраць велізарнага войска персідскага “цара цароў” Дарыя І Гістаспа гэтак жа адважна, як паўстанцы-касцюшкаўцы адстойвалі Канстытуцыю 3 мая і незалежнасць Рэчы Паспалітай у змаганні з арміямі расійскай імператрыцы-самадзержыцы Кацярыны ІІ.
   Пасля адмены прыгону фальваркавыя землі былі здадзеныя ў арэнду аднадворцам (19 мужчынскіх душ на 1870 г.) Цішкевічам, Вайцяхоўскім, Кажанёўскім і інш., якія ўтварылі тут сваё паселішча, у адных выпадках называнае ў крыніцах засценкам, у іншых – аколіцай. Магчыма, таму ў паданні, выкладзеным А. М. Ненадаўцам марытонскі пан выгодна адрозніваецца ад навакольных землеўладальнікаў сваім дабрадушным стаўленнем да вяскоўцаў (менавіта да марытонцаў): маўляў, усё сабе пасмейваўся ў вусы, ні слова ніколі вульгарнага не сказаўшы (Гомельшчына. Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў. Мінск, 2001. С. 57 – 59). Варта ўдакладніць, што пан той быў не марытонскі, а астраглядаўскі, бо менавіта да Астраглядаўскага маёнтка належалі ў парэформенныя і ранейшыя часы землі, на якіх знаходзіўся Марытон. І першыя жыхары яго паходзілі з “разабранай” расійскімі ўладамі шляхты, а таму ніколі не былі прозараўскімі прыгоннымі (быўшы людзьмі каталіцкага веравызнання, марытонцы і пахавальныя прысвячэнні нярэдка складалі па-польску, як на здымку). Гэтыя чыста гістарычныя акалічнасці даследчыку-літаратуразнаўцу або засталіся невядомымі, або, у адрозненне ад падання – помніка беларускага фальклору, не ўяўлялі каштоўнасці для яго тэмы і ўрэшце былі праігнараваныя.
     Аркадзія
    Вядомая яшчэ адна антычная з паходжання назва. Інвентар 1844 г. Юзафаўскага маёнтка, прыналежнага сыну Караля Прозара Юзафу, паведамляе пра фальварак Аркадзія, да якога былі прымацаваныя сяляне вёскі Уласы (Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1481. А. 40), а ў метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла пад 1850 годам названая таксама і вёска Аркадыя (Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 1. А. 115). У антычнай жа Грэцыі так называлася гарыстая вобласць у цэнтральнай частцы паўвострава Пелапанэс.
    Герадот у сваёй “Гісторыі” падаў звестку пра тое, як лакедэмоняне, г. зн. грамадзяне наймагутнага ў элінскім свеце поліса Спарты, жадаючы захапіць гарады Аркадзіі, запыталі дэльфійскі аракул, ці здолеюць заваяваць усю вобласць. Атрымаўшы, як гэта часта бывала, двухсэнсоўны адказ піфіі, яны, у спадзяванні на поспех і на вялікую колькасць палонных, узялі з сабой кайданы ды пайшлі вайной супраць горада Тэгеі. Але ў бітве лакедэмоняне пацярпелі паражэнне, і ўсе, хто трапіў у палон да аркадзянаў, як рабы, былі закаваныя ў тыя самыя кайданы і прымушаныя да паднявольнай працы на тэгейскіх палетках. Чым не матывацыя для надання сімвалічнай назвы-пратэсту фальварку, калі ведаць, што пазней спартанцы ўсё ж узялі над Тэгеяй верх?
    Паводле Герадота, і ў 480 г. да н. э. у Фермапільскі праход (яшчэ да адступлення асноўных элінскіх сіл пад прыкрыццём трохсот (!) гераічных спартанцаў цара Леаніда) супрацьстаяць персам воінаў з Аркадзіі прыйшло болей, чым з якой іншай вобласці – 2120 чалавек. Няўжо аркадскім пастухам свабода Грэцыі была даражэй, чым геронтам (старэйшынам) Лакедэмона?..
    Але найбольш рэальнай версіяй з’яўлення тапоніма на Хойнікшчыне выглядае наступная. У антычнай паэзіі горная Аркадзія паказана краінай мірных пастухоў, жыццё якіх з усімі яго радасцямі і горам было натуральна простым і сціплым, а таму шчаслівым. Сам зварот да пастушай тэмы грэка Феакрыта і рымляніна Вергілія даследчыкі лічаць своеасаблівымі “уцёкамі” паэтаў ад сучаснасці. У выпадку з Феакрытам гэта была рэакцыя адукаванага, вытанчанага чалавека супраць надакучлівай цывілізаванай мітусні. Вергілій жа стаміўся ад вечных канфліктаў, якія раздзіралі сучасную яму Італію і ахвярай якіх стаў ён сам, і жадаў цішыні – міру для сябе і свайго народу [злева карціна Нікаля Пусэна "Аркадскія пастухі". 1650 г. Луўр: тут спрадвечна шчаслівыя пастухі адкрываюць надгробак з надпісам: "І я ў Аркадзіі". Гэта сама Смерць звяртаецца да героеў і разбурае іхны безклапотны настрой, прымушае задумацца аб непазбежных у будучыні пакутах... Усё ж маем на ўвазе 
мастацтва Новага часу!].
     Ці не жадаў аднаго толькі міру для сваёй Радзімы Караль Прозар – чалавек, які добрую палову жыцця аддаў барацьбе за яе свабоду і шчасце, але якіх яму так і не пашанцавала ўбачыць? Станоўчы адказ напрошваецца сам сабой, калі ўлічыць няўдзел абознага ў паўстанні 1830 – 1831 гг. Мяркуем таксама, што назва Аркадзія (заўважым, асабліва прыдатная менавіта для сельскагаспадарчай адзінкі) была нададзеная фальварку хутчэй за ўсё пасля вяртання амаль сямідзесяцігадовага К. Прозара з Пецярбургскай турмы ў 1829 г., калі ён, да таго ж, пахаваў жонку Людвіку...

С. Бельскі

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024