Пятница, 29.03.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Пагоннае“купилъ есми у Марка [Макара] Орменина Киевского две службе… Лысковщину а Погоны…”, запіс ігумена Макарыя 1526 г. [АЗР];

Пальміра – назва паселішча, пэўна, антычная, а іх у нашым рэгіёне, паводле Марыяна Дубецкага, надаваў адно Караль Прозар, памерлы 1 лістапада 1841 г. Раней таго часу лагічна датаваць самое заснаванне і найранейшую згадку ў дакументах абознага; потым урочышча Пальміра згаданае у дакуменце аб продажы Хойніцкага маёнтка ў 1887 г., зямлёй у ім валодалі Аўгуст Краўчанка-Рудабельскі і Аляксандр Такарскі;

Паселічы – “słoboda Poselicze”, лета 1581 г., у рэестры збору падаткаў у Кіеўскім ваяводстве, належала Шчаснаму Харлінскаму [ZD. T. XX. S. 37];

Паташня – паселішча пад назвай Запаташна, згадана ў крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 г. Знаходзілася ў складзе Загальскага стараства. [Петреченко І. Є. “Камеральное описание… Речицкой округи”... С. 72]; у метрычных кнігах Юравіцкага касцёла сустракаем выраз de villa Potasznia (з вёскі Паташні) [хрост дзяцей шляхетных Дубікоўскіх 5 красавіка 1796 г.: НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. А. з. 60. А. 47]; Запаташны засценак пазначаны на плане Генеральнага межавання Рэчыцкага павету 1797 г.; 

Перавессе – пасёлак, створаны ў 1920-я гг. на землях былога фальварка Тэрэспаль (Перавессе), пазначанага на ваенна-тапаграфічнай карце 1850 г. Спалены акупантамі ў маі 1943 г. Не аднаўляўся;

Плоскае – аднадворнае паселішча “Płoskie” ў рэестры 1581 г., уласнасць Шчаснага Харлінскага [ZD. T. XX. S. 37];

Пудакоў – у крыніцы, складзенай на падставе рэвізіі 1795 г., названы сярод паселішчаў, нібыта сканфіскаваных (трымаў у заставе ад Ракіцкіх) у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі за ўдзел у паўстанні 1794 г. [Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р. С. 73];

Рабец – на 1909 і 1916 г. вядомы аднаіменны фальварак, належаў Антонію, сыну Фелікса, Лаўрыновічу [Список населённых мест Минской губернии./Сост. В. С. Ярмолович. Минск, 1909; НГАБ. Ф. 325. Воп. 2. А. з. 474. А. 19 – 19 адв.]; назва паходзіць ад рачулкі Рабец, згадванай яшчэ ў XVI ст.;

Радзін – “Radzin”, рэестр 1581 г., сяло Чарнобыльскага маёнтка пана Філона Кміты, ваяводы смаленскага [ZD. T. XX. S. 38];

Рашаў – карчма ў Хойніцкім маёнтку, званая “Raszow”, згадана ў дэкрэце ад 12 чэрвеня 1618 г., калі М. Харлінскі судзіўся з Гальшкай і Міхалам Лозкамі за напад іх людзей на карчму, а ў акце ад 7 чэрвеня 1623 г. пра наезд на Астраглядаўскі замак, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі) і прыналежныя да іх вёскі названая таксама “wieś Raszow” [ZD. T. XXI. S. 281, 637];

Рудакоў – “остров Рудаков”, 15 сакавіка 1574 г., належаў М. Вішнявецкаму [НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. А. з. 871. А. 19, 21]; у маёнтку Рудакоў Аскеркі у 1830 г. нарадзіўся выбітны грамадскі дзеяч і палітык, адзін з арганізатараў паўстання 1863 г. у Літве і Беларусі Аляксандр Юстыніян Аскерка;
Рудзенька – вёска, вядомая з рэвізіі 1795 г. [НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. А. з. 59. А. 133 – 134];
Руднае – вёска, прыналежная да Астраглядаўскага ключа пана Шчаснага Харлінскага, згаданая ў акце ад 6 красавіка 1590 г. [
AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 7]. У судовым дэкрэце ад 7 чэрвеня 1623 г. сярод паселішчаў, якія пацярпелі ад наезду сваякоў уладальніцы Гальшкі Харлінскай Станіслава, Юрыя і іншых Харлінскіх таксама згадана “wieś Rudnaja” [ZD. T. XXI. S. 56, 637];
Рудня Тульгавіцкая – паселішча, вядомае з запісу ў метрычных кнігах Юравіцкага касцёла ад 3 лютага 1790 г., калі бралі шлюб Мацей і Праксэда Шацілы [НГАБ. Ф. 937. Воп. 4. А. з. 60. А. 66 адв.];

Рудыя – хутары Рудыя, 1711 г., скарга ў Оўруцкі гродскі суд ад імя Аляксандра і Людвікі з Чыхроўскіх Бандынэлі на Антонія і Ганну з Грабоўскіх Аскеркаў за тое, што ўгоддзі з сенажацямі, прыналежныя да хутароў, якімі мясцовыя сяляне здаўна карысталіся, адабраўшы, загадалі араць, засяваць, касіць аж да самай ракі Брагінкі, рыбу лавіць, бортныя дрэвы руйнаваць і “іншыя пажыткі ўсякія браць і на свой пажытак абарачваць” [АрхивЮЗР. 1871. Ч. I. Т. IV. С. 379];
Старч згаданы ў сувязі з узвядзеннем тут царквы Раства Багародзіцы ў 1746 годзе [НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. А. з. 573. А. 42]. Надалей маем звестку пра тое, што на працягу 1778 1787 гг. у мясцовай уніяцкай царкве не было сталага святара, парафія бо малалюдная і бедная – усяго 40 двароў [Лісейчыкаў Д.В. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720–1839 гг. – Мінск, 2011. С. 58]; у радаводнай справе Аскеркаў Старч згаданы ў ліку паселішчаў, прыналежных пану Багуславу, які склаў тэстамэнт сынам у 1782 г. [НГАБ. Ф. 319. Воп. 2. А. з. 2386. А. 71 адв.];
Стралічаў – “słoboda Strzeliczow”, у рэестры 1581 г., уласнасць Шчаснага Харлінскага [ZD. T. XX. S. 37]; тут у сям'і  настаяцеля Міхайлаўскай царквы айца Антонія Гашкевіча 4 (16) красавіка 1814 г. нарадзіўся сын Іосіф, будучы першы консул Расійскай імперыі ў Японіі, аўтар Руска-Японскага слоўніка, лаўрэат поўнай Дзямідаўскай прэміі РАН, вучоны-арыенталіст [ніжэй фрагмент запісу аб нараджэнні-хросце: НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 13. А. з. 514. А. 594 адв.];

 

 

Судкоў –  аднаіменны фальварак у складзе Загальскага стараства, згаданы пад 1796 г.; стараства належала "малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его...", на той час яго трымаў у арэндзе суддзя Віцэнці Жук [Петреченко І. Є. “Камеральное описание… Речицкой округи”... С. 72; Суткоў на плане Генеральнага межавання Рэчыцкага павету 1797 г. гл. ніжэй];
Тульгавічы –“село Тулеговичи в Мозырскомъ повете”, 24 мая 1506 г., у прывілеі караля Аляксандра князю В. Мунчы [Акты Литовской метрики. Собр. Ф. И. Леонтовичем. Т. 1. Вып. 2. Варшава, 1897. № 747; Акты Литовско-Русского государства. Вып 1. Т. 2. (1390 – 1529)./Сост. М. Довнар-Запольский. Москва, 1897. С. 119 – 120];
Тунеўшчына – "деревня Туновщизна", 1796 г., належала Фларыяну Аскерку, але на той час была ў заставе ў Садкоўскага [Петреченко І. Є. “Камеральное описание… Речицкой округи”... С. 73];

Уласы –  “sioło Ułasy”, 26 чэрвеня 1600 г., належала Шчаснаму Харлінскаму [ZD. T. XXI. S. 60];
Хвойнае – вёска ў казённым маёнтку Загалле, рэвізія 1795 г. [НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. А. з. 59. А. 504 – 509 адв.];
Хойнікі – у вопісе архіўнага збору князёў Шуйскіх, які захоўваецца ў Archiwum Głównym Akt Dawnych у Варшаве, сустракаем каштоўную згадку пра "przywilej ruski" ад 3 чэрвеня 1504 г., якім кароль і вялікі князь Аляксандр падараваў Хойнікі і Астраглядавічы пану Сямёну Фёдаравічу Палазовічу на вечныя часы за вайсковыя заслугі, вылучыўшы іх з Брагінскай воласці [AGAD. APiJ
. Sygn. 1. S. 3, 104].

 

 

А абмежаванне Брагінскай воласці ад 7 сакавіка 1512 г., выкананае дзеля чалабітнай князя Міхаіла Васільевіча Збаражскага, як высветлілася, было адначасова і размежаваннем яе з маёнткам Хойнікі – добрамі пана Сямёна Полаза [S. 4]. У 1532 г. “имене Хвоиники”, уласнасць нябожчыка С. Палазовіча, вернутая каралём Жыгімонтам Старым яго зяцю князю Дзьмітрыю Любецкаму/Відэніцкаму [Андрій Блануца. Земельні надання Сигізмунда І Старого… С. 69 – 70]. Тэкст ліста даў падставу супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі дапусціць першую магчымую згадку пра Хойнікі пад 1492 г., што выглядала і тады занадта спрэчным. Больш верагодным уяўлялася дапушчэнне – самы канец 1511 ці пачатак 1512 года, бо з абмежавальнага акту Брагінскай воласці ад 7 сакавіка вынікала, што Хойнікі засталіся на поўнач ад яе, а значыць, яны ўжо камусьці аддадзеныя, тым часам як у 1509 г. нібыта яшчэ з'яўляліся яе часткаю і ні ў якім дакуменце згадвацца не маглі, – не было такой патрэбы. Маўляў, перад тым, як падараваць князю М. Збаражскаму большую і лепш асвоеную частку Брагінскай воласці, кароль за перамогі над татарамі ў 1508 і 1511 г., акрамя іншага, вылучыў з яе Хвойнікі і Астраглядавічы ды аддаў іх “Полазу Русаку, слаўнаму казаку”, як назваў пана Сямёна польскі храніст Марцін Бельскі. Тут мелася на ўвазе і перспектыва асваення незаселеных абшараў паміж угоддзямі брагінскага Лісцвіна і рэчыцкіх Маканавічаў, што і было пазней ажыццёўлена менавіта з Хойнік. Як бачым, гэтая апошняя акалічнасць стала галоўнай і падараванне маёнтка Палазовічу зрабіў яшчэ кароль Аляксандр;
Храпкаў – вёска, прыналежная да Астраглядаўскага ключа пана Шчаснага Харлінскага, вядомая ад 6 красавіка 1590 г. [AGAD. APiJ
. Sygn. 1. S. 7]. Ёсць таксама акт ад 22 чэрвеня 1600 г. пра сялян, збеглых з Храпкава да сёлаў Брагінскага маёнтку князя Адама Вішнявецкага [ZD. T. XXI. S. 56];

 

 

Чамкоў – хутар Чамкоў на карце 1850 г., на ўсход ад якога – фальварак Аркадзія [Военно-топографическая карта Российской империи 1846 – 1863 гг. (издавалась до 1919 г.), созданная под руководством Ф. Ф. Шуберта и П. А. Тучкова. Масштаб: три версты на дюйм; гл. вышэй у матэрыяле пра Аркадзію];
Чахі – “futor Czechy”, восень 1687г., названы сярод паселішчаў, пацярпелых ад пастою казакоў палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага; належаў Яну Канецпольскаму [АрхивЮЗР. Киев, 1868. Ч. III. Т. II. С. 155]; нягледзячы на прыведзеную польскую форму, людзі чэхі да назвы паселішча не маюць аніякага дачынення, бо ў яе агульная аснова, як і ў слова чахец; так здаўна называлі крывы, шурпаты, каравы хвойнік на пясчаных узгорках; роднасныя назвы ў паселішчаў Чахаўцы,Чаховічы, Чахоўшчына, уласна Чахец [Яшкін І. Я. Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў. Мінск, 2005. С. 696].

Чырвоная Зара – пасёлак савецкіх часоў; на месцы колішняга фальварку Карнеліянаў, пазначанага на карце-трохвярстоўцы Ф. Ф. Шуберта 1850 г. У метрычных кнігах Мікуліцкай царквы ў 1839 г. быў зроблены запіс пра нараджэнне 27 студзеня Канстанціна, сына Ігнацыя Ігнацыевага і Аляксандры (Елізаветы) Іванавай з роду брагінскіх Скараходаў Стравінскіх [НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 551. А. 765адв.]; ёсць звестка пра Карнеліянаў і ў метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла на 1849 г., калі тут ва ўзросце 68 гадоў 18 кастрычніка памёр шляхетны Ігнацы, сын Адама, Стравінскі, пахаваны праз два дні ксяндзом Францішкам Пазняком на парафіяльных могілках [НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 82адв.]. Нябожчык быў дзедам вышэйназваных Аляксандра, Вольгі, Канстанціна і Фёдара Стравінскіх;

 

 

 

Шацкоў (Сачкоў, Шачкоў) – засценак у Загальскім старастве на 1795 г. [Петреченко І. Є. “Камеральное описание… Речицкой округи”... С. 72; ёсць і на схематычным плане Рэчыцкага павету 1800 г.];

 

 

 

Што да астатніх вёсак і пасёлкаў Хойнікшчыны (Асінаўка, Аўраамаўская (Партызанская), Баравіца, Бераснёўка, Буда, Восаў, Востраў, Гнездзенка, Града, Гудаў, Данілаў Рог (Чырвоны Рог), Дуброва, Загальская Слабада, Іванаўка, Кажушкаўская Слабада, Каранёўка (былы Кунцаў Рог?), Карпілаўка, Кліндупаўка (Чырвонае Возера), Кунцаў Рог (будучая Каранёўка?), Кухнаўшчына, Ламачы, хутары Міхайлаўскі і Юр’еўскі (разам – Будаўнік), Новакухнаўшчына, Новапакроўск, Папоўшчына (Октябрь), Першамайск, Пікуліха, Пятраш, Рогінь, Сінцы, Смалоў (Леніна), Смірноў, Сокал, Хвашчоўка, Хвойная Паляна), дык тут або не ўдалося знайсці адпаведныя звесткі, або няма магчымасці рушыць далей, чым гэта зроблена ў энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі”. Разам з тым, у чарговы раз нагадаем, што карыстацца названым выданнем трэба з вялікай асцярожнасцю (гл.: Ненадзейная энцыклапедыя).

 

*У гэтым і наступных выпадках, калі звесткі запазычаныя з выдання “Źródła dziejowe” (“Гістарычныя крыніцы”), мы маем справу не з арыгінальным напісаннем і гучаннем назваў, а з іх перадачай лацінскай графікай польскім гісторыкам А. Ябланоўскім ды яшчэ і з шматлікімі памылкамі. Нічога не зробіш. Шмат якія з дакументаў Кароннай метрыкі або кнігі трыбунальскія, адкуль паходзіць прыведзеная аўтарам інфармацыя пра Хойнікшчыну другой паловы XVI – першай трэці XVII ст., знішчаныя ў гады Другой сусветнай вайны. Таму мусім дзякаваць  А. Ябланоўскаму за тое, што ён паспеў зрабіць.

**М. К. Любаўскі ў свой час зблытаў нашыя Навасёлкі, недарэчна змясціўшы іх на рацэ Віць (!), з аднаіменным сялом на рэчцы Іпа (сучасны Калінкавіцкі раён), нададзеным каралеўскім прывілеем 1514 г. пісару Ф. М. Святошу, мяркуючы, нібы Брагінская воласць калісьці належала да Мазырскага павету [Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. Исторические очерки. Москва, 1892. С. 238 – 239]. Гэтую недарэчнасць не мог не запазычыць аўтар тамоў, прысвечаных Гомельскай вобласці, энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі” С. В. Марцэлеў…

***На вялікі жаль, ізноў сутыкаемся з памылкамі перапісчыкаў або выдаўцоў, хоць тое, што размова ідзе пра Настолле, выглядае бясспрэчным.

 

С. Бельскі

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024