Пятница, 29.03.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

        Алеся Кучарава
                                                ДЗІЦЯ Ў ТРАДЫЦЫЙНАЙ КУЛЬТУРЫ ХОЙНІКШЧЫНЫ

       Спрадвеку было прынята на Хойнікшчыне мець многа дзяцей.Аб гэтым проста, маляўніча і па-майстэрску распавядае нам Барыс Сачанка ў сваім творы “Вечны кругазварот.”
      Дзіця было сэнсам жыцця, той кропкай, дзеля якой рухаецца наперад само жыццё: “Дзед мой расказваў. Раз ішоў позна вечарам, а тут раньша было балота, дак ідзе ён міма балота. Як прыцапіліся да яго якіясь, хто ета быў – невядома. Яны былі ў длінных адзежах ды давай плясаць… Той прасіўся пусціць дадому: “Пусціце, мяне дзеці там ждуць”” (Казьмярчук Галіна Аляксееўна, 1950 г. н., в. Вялікі Бор).
      Новае жыццё, як сведчаць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, яшчэ ў матчыным чэраве аберагалася, шанавалася. У першую чаргу гэта адлюстравана ў шматлікіх забаронах і перасцярогах для цяжарнай жанчыны, якія захаваліся і па сённяшні дзень: “Гэта, што людзі ткалі ў празнікі, лічылася вялікім грэхам. Асабліва нельга было нічога рабіць бярэменным жанчынам. Магло радзіцца дзіця без пальцаў або з якім-небудзь іншым дыфектам. Нельга ткаць у празнікі і зараз, таму што Бог можа вельмі моцна пакараць. Празнік ёсць празнік, усе павінны адпачываць” (Кушнер Любоў Іванаўна, 1922 г. н., в. Вялікі Бор). “Шоб лёгка радзіла, дак маліліся. Як трэ ісці раджаць, дак косы распускалі, шоб лягчэй радзіць. Бярэменнай усё нада было даваць, што яна папросіць, усё ёй пазычалі. І бярэменная нічога жалець не даўжна була, а то дзіця родзіцца жадным, гліну есці будзе” (Каральчук Любоў Іосіфаўна, 1937 г. н., в. Казялужжа, перасяленка з в. Небытаў). “Як бярэменная, нельзя брацца ні за што, калі пажар, бо дзіцёнак будзе весь у красных пятнах. Ведаю такі случай.. Як бярэменная, нельзя пераступываць і вяроўку, і аглоблю ў вазу, забор пералазіць, а то дзіцёнак будзе абматаны пупавінай. Эта такія случаі былі. Жанчыне бярэменнай трэба быць спакойнай, нікуды не нада хадзіць, што-та аддалжаць. А то пойдзеш аддалжаць, а людзі могуць і адказаць. І каб мышы нічога ў іх не паелі, яны могуць кінуць да бярэмменнай што-ліба. Харашо, як хлеб кінуць, так дзіцёнак будзе хлеб есць, а як вугаль, мел, пясок, зямлю, тады дзеці, як растуць, так яны гэта ядуць сільна. Было такое, што дзеці дажа сцены абгрызвалі” (Прышчэп Ніна Мікалаеўна, 1933 г. н., г. Хойнікі.)
      Традыцыйным светапоглядам палешукоў былі абумоўлены і паводзіны жанчыны ў асаблівы для яе час, калі павінна было нарадзіцца дзіця: “Я за сваё жыццё шэсць дзяцей радзiла i ўсе дома, сама, без нiякай помашчы, без доктара. Дык як вот мне трудна было, нiякога ўрача не вызывала. Дзiця большанькае бывала, дык мне так трудна бывала, дык я як нагнулася нешта рабiць, а мне як пугай нехта лясь па спiне. Я думаю, штось будзе. I я пад вечар радзiла дзiця. I лёгка радзiла. Дык гэта мне так дамавы прэдупрэдзiў, а хто ж яшчэ. А таксама я яго не бачыла. Але вось памагае” (Судзенка Ганна Іванаўна, 1928 г. н., в. Клівы).
      Хрысціць дзіця на Хойнікшчыне было прынята адразу пасля нараджэння: “Чэраз шэсць дней пасля раджэння дзіця выбіралі яму хросных бацькоў, якія аберагалі дзіця ўсё жыццё” (Сацура Аляксандра Усцінаўна, 1924 г.н., в. Стралічаў). Цікава, што “калі нараджалася дзіця, каб абараніць яго ад дурнога глаза, яго ўмывалі свянцонай вадой. Раніцай збіраліся ў цэркву” (Гардзейчык Ніна Ульянаўна, 1929 г. н., г. Хойнікі), “Ета ж зараз доўга не хрысцяць, а тады – сёння родзіцца, а назаўтра і хрысцяць” (Хадасок Марыя Адамаўна, 1914 г. н., г. Хойнікі). Такое хуткае імкненне пахрысціць дзіця, на наш погляд, абумоўліваецца жывой моцнай праваслаўнай традыцыяй, з аднаго боку, а з другога – міфалагічным светапоглядам, магічнай свядомасцю: “Маленькае дзіця баяліся паказваць, каб не зглазілі. Клалі спаць дзіця і казалі: “Куры на седале спяць, і ты спі”” (Рудчанка Алена Рыгораўна, 1930 г. н., в. Рудыя).
      Перш за ўсё дзіця – памочнік альбо памочніца бацькам па гаспадарцы: “Некалі калі нарадджалася дзіця, то яго надта не глядзелі. Нарадзіўся ў адной гаспадыні сыночак. Назвалі яго Амелькам. Вось прыйшоў час жніва, і пайшлі яны на сваю ніву. Жалі да палудня, пакуль Амелька не падаў голасу. Паелі, палажылі спаць Амельку зноў і пайшлі жаць далей… ” (Запісана ў краязнаўчым музеі г. Хойнікі).
     Дзеці рана далучаліся да працы, а разам з тым натуральна спасцігалі сусвет сваіх бацькоў, сваіх продкаў: “ А хаты ж былі маленькія, да вот у лесе. А ў каго сем’і вялікія, і на палу ж спалі дзеці. Дак вот, дзіцей паложаць спаць, праснуцца, а между імі вуж ляжыць. Не забівалі вужэй, наабарот, вот каторыя дажа малаком іх паілі,налівалі ім малако. Аж тады, гавораць, што нічога не рабілі ім, не трогалі” (Лагвінец Аляксандра Кузьмінічна, 1940 г. н., в. Судкоў )
     Цікава, што ў народнай традыцыі іншасвет таксама будаваўся па мадэлі сямейных адносінаў: “Гэта дочкі вадзянога” (русалкі) (Пальцава Аксана Мікалаеўна, 1956 г. н., г. Хойнікі), “Русалкі шчэ некія былі. Балота ў нас колісь было, дык яны там жылі. Гэта тыя жанчыны, якія ўтапіліся самі і сваіх дзяцей утапілі. Іх калісь мужыкі бачылі, што сена касілі. Казалі, учулі дзіцячы крык. Яны да яго, а яно далей. Шукалі ў траве, а дзіця ўжо каля ракі. Падкраліся, а там на паваленым дрэве дзеўка сядзіць і дзіця дзержыць на нагах, а сама косы чэша” (Харошка Яўгенія Адамаўна, 1928 г. н., в. Вялікі Бор).
     Сустракаюцца на Хойнікшчыне і міфалагічныя звесткі, запісаныя ад дарослых інфарматараў, якія апавядаюць аб сваём дзяцінстве: “Дамавік жыве ў хаце. Чую што стукае. Я толькі бачыла, як была дзіцём. Хлопец памёр. Што я ўбачыла – на фортачке высокі мужчына ў белым, падаходжу ды паздаровалася – ён маўчыць. Я ўзяла, ды пабегла” (Краўчанка Вольга Яўціхаўна, 1941 г. н., в. Судкоў, перасяленка з в. Пагоннае).
     Адзначым таксама, што дзіця на Хойнікшчыне ўспрымалася выключна чыстым, аб чым сведчыць тэкст замовы ад кашлю: “Трэба казаць яе па тры разы, раніцай, вечарам і раніцай наступнага дню. Пасля кожнага яе казання хворы павінен праглынуць сліну, а калі лечаць дзіцяці, трэба праглынуць за яго…” (Цярэшчанка Ева Мікалаеўна, 1925 г. н., в. Храпкаў). Менавіта такі стан выключнай чысціні, сакральнасці малога дзіцяці (“Ангел – гэта свяціцель. Гэта дзецкі, як кажуць, забаўляе дзіцяці” (Марчанка Юлія Панцелееўна, 1939 г. н., в. Кірава Жлобінскага р-на, перасяленка з в. Пагоннае Хойніцкага р-на)) дае падставу ўдзельнічаць яму ў самых важных момантах вясельнага абраду.
     Лакальнай асаблівасцю мясцовага вяселля з’яўляецца тое, што каравай маладым выносіць хлопчык альбо дзяўчынка з хлопчыкам: “А еслі разам гуляюць свадзьбу, то ўсё роўна пякуць два караваі. Выходзяць два хлопчыкі, нежанатыя, падростачкі, яны нясуць каравай на галаве на падносе, ставяць ужо той каравай, і ім даюць гасцінца на дарогу” (Краўчанка Ксенія Паўлаўна, 1936 г.н., в. Валокі, цяпер г. Хойнікі). “Каравай абязацельна нес мальчык і дзевачка, малыя ў смыслі, не такія ўжо саўсім маленькія. Не маглі яны несці, ну, там старшы хто-та ішоў, паддзержываў, памагаў” (Лагвінец Аляксандра Кузьмінічна, 1940 г.н., в. Судкоў, перасяленка з в. Дворышча), “Каравай учынялі ў дзяжы з вады і мукі, не салілі. На лапату клалі дубовае лісце і каравай садзілі. Хто рабіў балбушачкі, цыцачкі такія, дзелалі круглыя і даюць дзецям. Абычна хлопчыкі і дзевачкі сабіраюцца, дык даюць ім. Ета яшчэ як не ехалі вянчацца. Каравай вынімаў хлопчык, і калі ішлі яго дзяліць, то выносілі яго над галавой хлопчыка…” (Гардзіенка Марыя Пятроўна, 1919г. н., в. Клівы).
     Матывамі дзетанараджэння, прадаўжэння роду прасякнуты ўсе абрадавыя этапы вяселля: “За сталом тосты гаварылі: “Дару калыску і кручок, штоб было сем сыноў і пяць дачок” (Лагвінец Аляксандра Кузьмінічна, 1940 г.н., в. Судкоў, перасяленка з в. Дворышча), “Сколькі ў лесе пянькоў, штоб у маладых було столькі сынкоў!”, “Дарую каробку гліны, штоб пазвалі на хрысціны!” (Навуменка Ганна Мікалаеўна, 1937г. н., в. Вялікі Бор). “На втары дзень всегда кідаюць медзь, каб дзеці булі як мядзведзі. Грошы лажылі маладой за пазуху” (Харошка Галіна Аляксееўна, 1951 г. н., в. Вялікі Бор).
     Дзеці прысутнічалі разам з дарослымі таксама і ў самыя трагічныя, цяжкія моманты жыцця (напрыклад, падчас пахавання): “Партрэты мёртвага таксама закрываюць ці пераварочваюць. Там, дзе он ляжаў, калі яго снімуць, садзяць самага блізкага яму чалавека, ці матку, ці жонку, ці дзяцей, - каб яго быстрэй забыць” (Прышчэп Ніна Мікалаеўна, 1933 г. н., г. Хойнікі).
      На Хойнікшчыне існуе шмат уяўленняў, якія звязаны з русалкай, і якія датычаць непасрэдна дзяцей. Некаторыя звесткі дазваляюць нам зразумець, чаму так хутка хрысцілі дзяцей: “…Калісь казалі, дзіця памрэ – ідзе ў русалку. Дзіця было нехрышчонае, таму хутчэй хрысцілі дзяцей” (Дземідзенка Кацярына Іванаўна, в. Вялікі Бор); “Па павер’ях, русалкі – ета душы памершых дзетак. Яны булі нехрышчонымі” (Кавалёва Яўгенія Іванаўна, 1929 г. н., в. Глінішча); “Па народных павер’ях, русалкамі лічыліся дзяўчаты, якія памерлі на русальным тыдні або якіх матка пракляла, а таксама тапельніцы і маленькія нехрышчоныя дзяўчынкі. Пагроза, што русалка можа заказытаць таго, хто палезе ў жыта, асабліва палохала дзяцей” (Еўжанка Любоў Аляксандраўна, 1950 г. н., г. Хойнікі).
      Русалкай таксама пужалі: “Ідзі, ідзі, там цябе русалка з’есць!” (Івасюк Ганна Іванаўна, 1925 г. н., в. Алексічы); “Ну вот, мы з мамкай картошку акучваем, а жыта трасецца, ды мы малыя былі, баяліся, што русалка там, уцяне нас. І мамка гаворыць, калі што леніліся: “Будзеце неслухамі, дык аддам вас русалкам, зацянуць яны вас у балота”” (Андрэйчык Любоў Захараўна, 1953 г. н., в. Дворышча), “Бабкі страшылі дзяцей, каб у жыта не хадзілі, бо русалка заслакоча. Тыя баяліся рваць каласы. Рабілася гэта, каб захаваць пасад” (Краўчанка Васіль Марцінавіч, 1918 г. н., в. Старая Дуброва Акцябрскага р-на, нарадзіўся ў в. Веляцін Хойніцкага р-на), “Дзецям бацькі казалі, каб тыя не хадзілі ў гарод, бо там русалка жалезнаю цыцкаю накорміць” (Лашкевіч Надзея Адамаўна, 1925 г. н., в. Вялікі Бор), “Толькі вот Пікуліха і Пінішчы, дзе перасечана дарога, ходзіць там дзіця гадкоў пяці, коскі распушчаныя, і пераходзіць дарогу. Конь дыбака, і ўжо так спужаліся, і давай Богу маліцца, васкрэсную малітву чытаць. Яна як шла, так і пайшла ў жыта, а жэншчына дзёрнула каня, пайшоў, і даіхала дадому. Еслі дзіця родзіцца да нехрышчона ўмрэ – ета і ёсць русалка. Вот то яно няшчаснае і блукаецца, яно мо і нікому нічога, но ўсё-такі праціўна ўстрэціць такое, бояска” (Корбіт Вольга Адамаўна, 1914 г. н., в. Слабажанка).
      У той жа час дзеці ўдзельнічалі ў абрадзе ваджэння русалкі: “Яшчэ калі-та рабілі так. Нападобіі, як сажа, абмазывалі русалку. Дык як ідзе наперад, дак яна хоча каго-та ўкусіць. Дак уцякалі дзеці..” (Касюга Галіна Іванаўна, 1949 г. н., в. Стралічаў), “Ну вот, а уже в суботу бабкі ідуць за травкамі ў лес, яшчэ малых з сабою бралі, а женшчіны і дзеўкі не шлі” (Андрэйчык Любоў Захараўна, 1953 г. н., в. Дворышча), “Малыя бегалі каля русалкі, хваталі яе за рукі, за сарочку, за качаргу і крычалі: “Русалка, русалка, пашлакаці мяне!” (Васіленка Ганна Лявонаўна, 1919 г. н., в. Аравічы )
      Відавочна, без дзяцей рэдка калі адбывалася якое-небудзь вялікае свята, напрыклад: “Гэты празнік называлі – Іван Купала. У ім гулялі ўсе – і дарослыя, і дзеці” (Судзенка Вольга Васільеўна, 1952 г. н., в. Віць, нарадзілася ў г. Данецку).
     Удзел дзяцей у вяселлі, пахаванні, іншых разнастайных сямейных і каляндарных абрадах, якія арганізуюць, цэментуюць жыццёвы лад мясцовых жыхароў, сведчыць аб нязмушанасці, звычайнасці, і важнасці далучэння малодшых да традыцый, якія бытуюць спаконвеку.
      * Выкарыстаны матэрыялы з фальклорнага архіва кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024