Аляксандра Станкевіч,
д. ф. н., прафесар
ЛЕКСІКА НАРОДНАГА ЖЫЛЛЯ І БУДАЎНІЦТВА
Ў ГАВОРКАХ ХОЙНІЦКАГА РАЁНА
Традыцыйная народная культура ўсходніх славян рупліва стваралася на працягу доўгага часу, беражліва захоўвалася і ашчадна перадавалася з пакалення ў пакаленне. Важны абавязак нашага грамадства перад будучымі пакаленнямі – зберагчы і развіваць разнастайныя формы традыцыйнай культуры, якія адлюстроўваюць нашу самабытнасць і непаўторнасць, выражаюць нацыянальную свядомасць і менталітэт.
Усходняе Палессе, на тэрыторыі якога мы пражываем, – асаблівы рэгіён з адметнай гісторыяй, этнічнымі, культурнымі і моўнымі асаблівасцямі, які адыграў важную ролю ў фарміраванні славянскага этнасу.
Вялікую трывогу і заклапочанасць вучоных выклікае стан сучаснага ўсходнепалесскага рэгіёна як цэнтра ўсходнеўрапейскай прасторы. Неабходнасць неадкладнага і ўсебаковага даследавання яго, вызначаецца тым, што, па-першае, самабытная матэрыяльная і духоўная культура гэтага агульнага для трох славян рэгіёна яшчэ не вывучана ў поўным аб’ёме, па-другое, многія этнакультурныя элементы – помнікі гісторыі і архітэктуры, традыцыйныя народныя рамёствы і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фальклорны і дыялектны фонды, абрадавая культура – паступова знікаюць у сувязі з адсяленнем значнай колькасці жыхароў з Чарнобыльскай зоны Беларусі.
Знікненне на карце Гомельскай вобласці многіх вёсак пасля аварыі на ЧАЭС, міграцыя карэннага насельніцтва прывялі да рэзкага скарачэння колькасці носьбітаў традыцыйнай матэрыяльнай і духоўнай культуры. Працэс гэты працягваецца і можа ў хуткім часе стаць незваротным. У эпіцэнтры забруджанай радыёнуклідамі тэрыторыі знаходзіцца і Хойніцкі раён. Таму неабходна прымаць меры для максімальна поўнага вывучэння гэтай тэрыторыі з мэтай збору і даследавання этнаграфічнага, краязнаўчага, фальклорнага і дыялектнага матэрыялу.
Важным элементам духоўнай культуры народа з’яўляецца яго мова. Лексіка-семантычная сістэма народна-дыялектнай мовы ўключае разнастайныя паводле значэння, тэматычнай прыналежнасці, часу ўзнікнення, паходжання і тэрыторыі распаўсюджання словы. “Ядро” лексічнай сістэмы складаюць народнагаспадарчыя назвы, якія абазначаюць шматлікія рэаліі разнастайных народных рамёстваў і промыслаў, адлюстроўваюць асноўны занятак карэнных жыхароў Усходняга (Гомельскага) Палесся. Самую значную ў колькасных адносінах групу народнагаспадарчай лексікі складаюць назвы жылля і будаўніцтва. І гэта невыпадкова, таму што важнейшым кампанентам матэрыяльнай культуры славян было народнае дойлідства. Усходнепалескае дойлідства, арганічна звязанае з узроўнем вытворчых сіл і гаспадарча-бытавым укладам рэгіёна, мае багатую гісторыю і сталыя традыцыі. Менталітэт беларусаў быў, як вядома, выключна крэатыўны. Дзе б ні пасяліўся беларус, ён адразу пачынаў будавацца і апрацоўваць зямлю.
У гаворках Хойніцкага раёна ўжываюцца шматлікія назвы народнага жылля і будаўніцтва. Самую значную групу сярод іх складаюць назвы хаты, яе частак і інтэр’еру.
Агульнымі назвамі жылля чалавека ў даследуемым рэгіёне з’яўляюцца лексемы хата, дом: На жыллё чалавека казалі хата (г. Хойнікі). Хата з печчу без коміна, якія калісьці былі на Палессі, называлася покурнай хатай (в. Храпкаў), курыльнай хатай (в. Стралічаў).
Сукупнасць усіх жылых пабудоў называлася селішча, сяло, дзярэўня: У нас на сяле шмат людзей (в. Стралічаў).
Для палескай тэрыторыі, як вядома, характэрны ў асноўным два тыпы двара: вянковы (круглы) тып размяшчэння сялянскай сядзібы, які лічыцца больш старажытным, і пагонны (з забудовамі ў адзін, два, тры рады), больш позні [1, с. 74]. На вянковым двары, пашыраным на Усходнім Палессі, гаспадарчыя будынкі размяшчаліся вакол хаты ў форме літары П, утвараючы сядзібу замкнутай забудовы. Пагонныя двары – аднарадныя, двухрадныя і трохрадныя – былі больш характэрны для Заходняга Палесся [2, с. 169].
Планіроўка вёскі была ў вуліцу: Хаты стаялі ў вуліцу. Яны і цяпер так стаяць, бачыце? (в. Пудакоў).
Унутраная прастора хаты, яе структура ў даследуемым рэгіёне была тыповай. Унутры хаты вызначалася некалькі частак: пярэдняя хата ‘частка хаты, дзе размяшчалася зала, спальня’, яе называюць большай хатай, і задняя або меншая хата, дзе была кухня і кладоўка з прадуктамі. Пакоі ў хаце аддзяляліся дзвярамі. Былі як звычайныя, так і засцекляныя дзверы (у якія ўстаўлялася шкло), і філенчатыя ‘зробленыя з філёнак – пласцінак, устаўленых у рамку’. Адзін пакой ад другога маглі адгароджваць як глухой сцяной, так і шырмай ‘куском тканіны’ (Малішаў). Вугал хаты, дзе віселі абразы, называўся золоты кут (г. Хойнікі).
Дзве жэрдкі пад столлю ўздоўж сцен, дзе сушылі кудзелю, лучыну, нітку і пад., называліся вешалка: Вешалка, ета такая жэртка (Стралічаў) . У каго дак добрыя вешалкі віселі, круглыя. На іх зімою латкі дасушвалі (Храпкаў).
Праём у сцяне меў назву окно (г. Хойнікі).
Падлога ў хаце імянуецца мост (Малішаў), пол, подлога (Паселічы): Сёння далжны госці прыехаць, дак я ўжо мост памула. Глінабітная падлога называлася гліняны пол (Паселічы); Подлога ў нас так і называлася подлога, а была з достак (г.Хойнікі). Прастора пад падлогаю мае некалькі назваў: падмост (Паселічы), падпол (Віць), падполле, пограм (Стралічаў). З’ёмныя дошкі, якімі закрываюць падполле, называюцца масніцы (Пудакоў, Віць).
Верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання мае назву столь, (В.Бор), столя (Аравічы), потолок (г. Хойнікі): Столь стала абсыпацца, трэба пабяліць. Памяшканне паміж столлю і дахам называецца гара (Стралічаў, Малішаў, Віць, Паселічы), вышкі (Віць), чардак (Езапоў) пясошнік (В. Бор): У нас усё ўрэмя на пясошніку грушы сушылі.
Кампазіцыйным цэнтрам хаты была печ. Яна з’яўлялася поліфункцыянальнай. Ёю абагравалі хату, на ёй гатавалі ежу, выпякалі хлеб, сушылі мокрае адзенне, выграваліся і спалі.
Даволі значная колькасць лексем называе розныя структурныя элементы зруба хаты. Бервяно, з якога рабілі зруб, называюць таксама калодкай (Паселічы). Абчэсанае бервяно мае назву брусы (Стралічаў). Каб бярвенні не падалі, іх змацоўваюць калкамі. Першы вянок зруба, які накладваецца на фундамент, імянуецца падваліна. (Стралічаў). Брусы, на якія кладуць падлогу, маюць назву лагі, падмоснікі, драўляныя слупкі, што падкладваюцца для ўмацавання лаг, называюцца штандары: Лагі ў хаці пагнілі, то й мост асеў (В. Бор); Пад падмоснікамі раней стаялі штандары з дзерава, а цяпер з кірпіча (Судкоў).
Кароткае бервяно, якое кладзецца ў прасценак паміж вокнамі, мае назву прасценак (Стралічаў), сумак: Сумак – ета палена, каторае кладзецца паміж вокнамі (Паселічы), навес над дзвярамі – глоўня: Глоўня – ета калі два вушнякі саедзіняюцца паміж сабою (Малішаў), жэрдкі, якія трымаюць гэты навес – вушняк: Брусся абразаюцца, з іх робіцца вушняк (В. Бор).
Апошняе бервяно зруба, на якое ставіцца аснова для даха і на якім трымаецца столь, называецца балка (Стралічаў), балька, белька. (Храпкаў): Цяперака балькі ўсе абразныя, а пасля вайны былі цесаныя (В. Бор). Аснова, на якой будуецца дах, мае назву лежакі (Малішаў), апорай для страхі служаць жэрдкі – кроквы (Паселічы, Віць, Пудакоў, Стралічаў): Стрэхі былі на крокве (Хойнікі), страпіла (Малішаў): Абычна кроквы робяць з сасны, а могуць і з другіх мацер’ялаў (В. Бор).
Верхняя частка фасада дома імянуецца франтон (Храпкаў, Стралічаў, Пудакоў): Я ў гэтым годзе памяняла ў сябе франтон, бо пачаў гнісці (В. Бор). Абодва бакі даху – шчыты (Пудакоў). Страха з франтонам зверху называецца прычолка: Страха з франтонам у некаторых называецца прычолка, але ў нас так не робяць, іе ў некаторых (В. Бор).
Страху накрывалі раней саломай, чаротам (Храпкаў, Паселічы, Малішаў), а таксама дранкам, дранкай – вузкімі дошчачкамі, якія прыбівалі цвікамі: У нас пасля вайны сплашное крылі толькі дранкай (В. Бор). Пазней стрэхі сталі накрываць чарапіцай (Храпкаў). Жэрдкі, якія клалі паверх саломы на страсе, мелі назву паплеціны (Стралічаў); лаза, якой умацоўвалі салому, каб яна не разляталася, – пераплёціна (Паселічы). Дзве дошкі, што накрывалі страху, абазначаліся словам канёк (Храпкаў, Стралічаў, Паселічы, Малішаў): Канёк – ета калі на крышы зверху дзве доскі, якія збіваюцца паміж сабой (В. Бор), ветранік (Стралічаў).
Хата мае знадворныя прыбудовы. Прыбудова перад уваходнымі дзвярамі называецца ганак, ганок (Стралічаў, Храпкаў), ганкі (Паселічы, Пудакоў): У нас ета проста ганкі завуць, а толькі мая свякруха звала ганак (В. Бор), крыльцо (Віць), лёгкая адкрытая або замкнутая прыбудова ўздоўж сцяны – сенцы, веранда (Паселічы, Віць, Стралічаў). Уваход у хату з вуліцы звычайна называецца парадны ход, з двара – чорны ход (Малішаў).
Вакол хаты пры трох сценах ставілася прызба – земляны невысокі насып уздоўж знадворных сцен хаты. У некаторых выпадках прызбу будавалі з бярвенняў або калочкаў. Прызба не толькі засцерагала ад холаду, але і была месцам для адпачынку ў цёплую пару года.
У якасці будаўнічага матэрыялу для хаты выкарыстоўвалі найчасцей хвою (сасну), дуб, асіну (Малішаў, Паселічы). Як адзначаюць даследчыкі, асноўнай пародай для будаўніцтва была хвоя, з дубу звычайна рабілі аснову фундамента і ніжні вянок зруба, парогі, вушакі, падаконнікі. Нядобрым паводле магічных уяўленняў для будаўніцтва дрэвам лічылася асіна.
Для ўцяплення хаты выкарыстоўвалі мох (Паселічы, Пудакоў), дранку ‘сумесь гліны з пяском’ (Малішаў). Хату абшывалі таксама вузкімі дошкамі – шалёўкай: Шалёўка – тонкія доскі для абшыўкі, іх абразалі і чысцілі на пілараме (Паселічы).
Даволі разнастайнай была тэхніка пабудовы хаты, якая мела адпаведныя назвы. Спосабы замацавання вянкоў хаты называлі чысты вугал ’вугал без выступаў бярвенняў’, просты вугал ‘з выступамі канцоў бярвенняў за сцены зруба’ (Малішаў).
Працэс абшыўкі хаты дошкамі мае назву шаляванне, абшаляванне (Стралічаў): Тонкімі дошкамі абшывалі хату, ета і ёсць шаляванне (Малішаў, Паселічы). Узоры абшыўкі былі розныя: ёлкамі (у ёлачку) (Паселічы, Малішаў), удоль, папярок (Паселічы). Самы распаўсюджаны спосаб насцілання дошак столі – у прытык (Хойнікі, Стралічаў). Працэс уцяплення хаты глінай называецца тынкаванне: Тынкаванне – ета і е штукатурка. Гліну месяць і ўбіваюць яе ў сцену, тым самым сцену тынкуюць (Пудакоў).
У працэсе будаўніцтва выкарыстоўваюць розныя прылады, якія называюць тапор, сакера: Сакера ў мяне гойстрая, той добра дровы рубаць (В. Бор), свердзел, цэнтр, свярло ‘інструмент для свідравання дзірак’ (Стралічаў, Храпкаў, Паселічы), стругі ‘інструмент, пры дапамозе якога стругаюць дошкі’ (Паселічы), інструмент для габлявання дошак называецца фуганак (Паселічы, Храпкаў), гэблік (Стралічаў), для пілавання выкарыстоўваецца нажоўка (Храпкаў), шчотка, якою клалі дранку, называецца грабелка (Паселічы), шчотка (г. Хойнікі).
Паколькі цэнтрам сядзібных забудоў з’яўлялася жыллё, гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся вакол яго з улікам іх функцыянальнага прызначэння, утвараючы пэўны кампазіцыйна-архітэктурны комплекс.
Большая частка гаспадарчых пабудоў прызначалася для захавання прадуктаў сельскагаспадарчай працы, сабранага ўраджаю, інвентару, утрымання жывёлы і г.д. Пабудовы з такім функцыянальным прызначэннем называліся ў гаворках Хойніцкага раёна гумно, пуня, хлеў, сарай, клець і інш.:
Гумно ‘вялікая халодная будыніна для складвання і абмалоту зжатага збожжа, а таксама пляцоўка перад гэтай будынінай’: Тамака ў нас у агародзі гумно стаяла (Паселічы); У гумне молоцілі цэпам (г. Хойнікі). Гумно звычайна будавалі ў канцы сядзібнага ўчастка і нават выносілі яго за межы для проціпажарнай бяспекі. Знешняй формай і характарам пабудовы гумно адрознівалася ад іншых гаспадарчых будынкаў. Яно мела форму мнагагранніка, квадрата або падоўжанага прамавугольніка шырынёй 5,5 –18,5 м, даўжынёй 7–23 м. Нізкія сцены і апушчаная амаль да зямлі страха надавалі яму прысадзісты выгляд [3, с. 162].
Пасярэдзіне гумна размяшчалася пляцоўка (звычайна гліняная) для малацьбы – ток: На току зярно малолі, дзеці малыя з намі бегалі (Малішаў). Сушылі зерне ў павеці : Для сушкі зярна ў гумне рабілі павець (Стралічаў).
Адгароджанае месца ў гумне для складвання збожжа называлася засек: Пасля сушкі зерне ўжо зграбалі і засыпалі засекі (г. Хойнікі). Зерне таксама захоўвалі ў клеці: У клець зярно засыпалі і там хранілі (Стралічаў).
У гуменны комплекс уваходзіла таксама асобная пабудова, дзе захоўвалі сена. У даследуемым рэгіёне яна мела назву пуня: Сена мы ў пуні складвалі (Паселічы). Месца ў хляве, дзе захоўвалася сена, называлі сенавал, палаці, вышкі, вішкі: На сенавале добра спаць (г. Хойнікі); Палаці ўжэ трэба адрамантаваць, бо сена тырчыць з куткоў (Малішаў); Сенавалам называлі і навес для сена: Сена мы злажваем у сенавал (Малішаў); Сена складвалі на вышкі над каровамі (Малішаў); На вішках захоўвалі сена (г. Хойнікі).
Неад’емным элементам сядзібнага комплексу былі гаспадарчыя пабудовы для захавання ўраджаю, сельскагаспадарчых прылад, розных рэчаў, якія мелі назвы свірань, клуня, кладовая : Бульбу, моркву, качаны – усё зносілі ў свірань (Паселічы); У кладовай захоўвалі ўсё (г. Хойнікі); У клунях і бочкі стоялі з зерном, накрывалі, штоб мышы не елі (г. Хойнікі).
Гародніну, садавіну, малочныя і іншыя прадукты ў даследуемым рэгіёне захоўвалі таксама ў паграбах: Пограб – ета выкапаная яма, абкладзеная дошкамі або цэглай, у якой захоўвалі прадукты (Малішаў); Ну, а зімой, як захочаш яблыкаў мачоных, дык спусцішся ў пограб, набярэш, да так смачна (Паселічы).
Месца, дзе ўтрымлівалі хатнюю жывёлу, называлася хлеў, сарай: У хляве ў нас і свінні, і каровы (Стралічаў); Бывала, напрацуешся, прыбяжыш пасля тае работы і не знаеш, за што ўзяцца ў сараі: свінні крычаць, карова мукае (Паселічы).
Былі і спецыялізаваныя назвы памяшканняў для ўтрымання хатняй жывёлы і птушак: свінарнік, свінюшнік ‘месца, дзе ўтрымліваюцца свінні’ : У свінарніку ў мяне дзве свінні (Стралічаў); Яна панесла вёдры ў свінушнік (г. Хойнікі); кароўнік ‘хлеў для каровы’: Каля свінушніка ў нас стаіць кароўнік (Стралічаў); куратнік ‘месца для ўтрымання свойскіх птушак ’: Куратнік маленькі, але курам добра (Стралічаў); конюшня ‘месца, дзе ўтрымліваюцца коні’: Конюшня была прасторная (г. Хойнікі). Месца ў хляве, дзе клалі корм жывёле, называлася кармушка: Сена карове ў кармушку палажы (Малішаў).
У сядзібным комплексе знаходзіліся таксама пабудовы для захавання дроў: дрывотнік, дрывотня ‘пабудова або павець для захавання дроў’: Спачатку дровы хавалі ў сараі, а патом ужэ рашылі пастроіць дрывотню (г. Хойнікі); Дрывотнік за сараем знаходзіцца (Стралічаў).
У многіх дварах была і баня: Па суботам мы мыліся ў бані (Малішаў); У нашай бані ў парылцы быў палок, на ім і лежалі (Малішаў).
Такім чынам, назвы жылля і будаўніцтва яскрава адлюстроўваюць гісторыю, этнічныя асаблівасці і гаспадарча-бытавы ўклад жыхароў Хойніцкага раёна і з’яўляюцца цікавым матэрыялам для даследавання.
Літаратура:
1 Молчанова Л. А. Материальная культура белорусов / Л. А. Молчанова – Мн., 1969.
2 Лексіка Палесся ў прасторы і часе / Рэд. В. У. Мартынаў. – Мн.: Навука і тэхніка, 1971. – 216 с.
3 Этнаграфія Беларусі : Энцыклапедыя – (Беларус. сав. Энцыкл.) / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.] – Мн.: БелСЭ, 1989. – 575 с.